«Нацыянальная ідэя будзе безгаловай без беларускай мовы». Успамін пра Кастуся Тарасава

10 кастрычніка 2020 года аднаму з лепшых празаікаў Беларусі, Кастусю Тарасаву, споўнілася б 80 гадоў.

На фота – Кастусь Тарасаў з Алесем Бяляцкім на 5-годдзі Праваабарончага Цэнтру „Вясна”.

Творы Кастуся Тарасава – жывы свет, у які трапляеш і пачынаеш жыць. Верыш ва ўсё і адчуваеш усё, як у рэальным часе. Нават, калі гэта часы Міндоўга ці іншы далёкі час. І сам Кастусь Тарасаў быў падобны на сярэднявечнага рыцара.

У 2005 годзе Кастусь Тарасаў пісаў аповесць “Скарбы князёў Радзiвiлаў, альбо обер-аўдытарская праверка ў Нясвiжы”. Для дакладнасці дэталяў выязджаў у мясціны, дзе адбывалася дзеянне, у Талачынскі раён, дзе жыў герой. Для ўдакладнення дэталяў.  

Кастусь Тарасаў даваў мне чытаць аповесць ў надрукаваным на кампутары выглядзе. Тэкст захапіў мяне. У красавіку 2006 года мы дамовіліся на вялікае інтэрв’ю пра гістарычную прозу. На той час Кастусь Тарасаў працаваў у памяшканні Таварыства Беларускай Мовы на вуліцы Румянцава ў Менску. Калі я прыйшла на ТБМ, у вялікім пакоі адбывалася культурніцкая імпрэза, у сярэднім працавалі Алег Трусаў і Ірына Марачкіна (жонка мастака Алеся Марачкіна), а Кастусь Тарасаў быў у самым маленькім пакоі з вокнамі ў двор, ён сядзеў за кампутарам, вадзіў “мышкай” па паверхні стала, але маўчаў, не адказваў на пытанні. І я спачатку падумала, што выклікала гнеў спазненнем на 15 хвілін, але зразумела, што нешта іншае адбываецца.

Паклікала Ірыну Марачкіну, яна патэлефонавала ў “хуткую”. Інсульт. Бальніца “Хуткай дапамогі”. Адтуль патэлефанавала дачцэ Ганне ў Маскву. Лячэнне, рэабілітацыя.

Кастусь Тарасаў і Сяржук Вітушка. 20 сакавіка 1988, Менск, мітынг у абарону Верхняга Горада, падчас пракладкі 2-ой лініі мэтрапалітэна. Аўтар здымка: археолаг Мікола Крывальцэвіч.

Да самых апошніх дзён Кастусь Тарасаў працягваў пісаць тэксты пра нацыянальную ідэю, пра гісторыю Беларусі, супрацоўнічаў з незалежнымі СМІ.

Тэкст “Эрзац” быў прысвечаны прэзідэнцкім выбарам напачатку 2010 года для сайта  Euramost.org  (цяпер не існуе), у ім Кастусь Тарасаў піша: “Нацыянальная ідэя будзе безгаловай без беларускай мовы, без школы і інстытутаў, у якіх бы вучылі па-беларуску. З вяртаннем да рускай мове мы сталі ў апошні шэраг за Расеяй, і гэта не дае нам магчымасці паглядзець наперад”.

Адзін з апошніх тэкстаў Кастуся Тарасава  быў пра людзей, якія пасля інсульту вярнуліся да беларускай мовы, якая была роднай, і  цалкам забылі рускую мову.

Апошні ліст ад Кастуся Тарасава я атрымала 19 сакавіка 2010 года ў 20.16: “Паліна! Сёння ў мяне не выходзіць перадаць файл. Перадам заўтра. К”. “Заўтра” было 20 сакавіка, якое пазначана днём смерці.

Паліна Сцепаненка, Беларускае Радыё Рацыя

Артыкулы Касутся Тарасава,

што друкаваліся ў Новым Часе модна пачытаць тут



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: