Надзея Дземідовіч: жанчына нязломнага духу і спакутаванага сэрца

Сёння 92 гады адзначае Надзея Дземідовіч — сяброўка Саюзу Беларускай Моладзі, вязніца ГУЛАГу, удзельніца Кенгірскага паўстання вязняў у 1954-м. Гэтая размова з Надзеяй Раманаўнай адбылася ў 2015 годзе.
Фота Радыё Свабода

Фота Радыё Свабода

Калі пачалася вайна, разам з разбурэннямі з’явіўся спадзеў, што пасля яе Беларусь стане вольнай і шчаслівай. Прынамсі так думала васьмікласніца Надзя і яе сябры, якія ўваходзілі ў Саюз Беларускай Моладзі.

Аднак у 1944 годзе пачаліся арышты сяброў СБМ. У той час Надзея, якая жыла на кватэры з бацькамі, гасцявала ў сваёй сяброўкі і паплечніцы Ніны Карач.

 — Яна хутка клалася спаць, а я любіла пасядзець. І на табе: стукаюць у дзверы. Бацька пайшоў адчыняць. Пытаюцца: “Ці тут Карач Ніна жыве?” — “Тут...” І яе арыштоўваюць...

Неўзабаве да Надзеі прыйшла цётка і расказала, што на кватэру ўжо тройчы прыходзілі шукаць дзяўчыну. У хаце сяброўкі ёй не было чаго рабіць і яна пайшла да родных. Аднак заставацца дома таксама было небяспечна. І Надзею выправілі на Палессе да сваякоў. Там яна хавалася па розных хатах да 1948 года.

Калі Надзя вярнулася дадому, бацьку арыштавалі за няплату падаткаў, а маці адправіла яе па дакументах малодшай сястры да дзядзькі ў Петрапаўлаўск (Паўночны Казахстан). Спачатку Надзея Дземідовіч дапамагала сваякам па гаспадарцы, а пасля ўладкавалася на курсы бухгалтараў. Аднак неўзабаве дзядзька ці то з беднасці, ці то хвалюючыся за ўласны лёс, выгнаў дзяўчыну з хаты.

У роспачы напачатку зімы сярод ночы яна пайшла на вакзал, спадзеючыся пераночыць хоць пад якім дахам. А там правяралі квіткі: калі чалавек мае квіток на цягнік, яго не чапалі, а калі не — выганялі на вуліцу. Квітка ў Надзеі не было, але нейкім цудам яе не выкінулі на холад.

Раніцай выйшла на вуліцу, прытулілася да слупа ля вакзалу і думаю: “Што мне рабіць?” І да мяне падыходзіць жанчынка невысокага росту, худзенькая, і пытаецца: “А вы не з Беларусі?” Кажу: “З Беларусі”. — “То, можа, гэта Грыпкіна дачка?” А мая мама — Агрыпіна.

Жанчына аказалася сяброўкай маці Надзеі і прывяла дзяўчыну жыць у сваю сям’ю. Жылі бедна. Хата стаяла блізу чыгункі. Калі з Сібіры ішлі цягнікі з вуглём, маладая і спрытная Надзейка заскоквала і скідвала яго з вагонаў, а ўнізе жанчыны падбіралі — тапілі ім печы.

Надзея Раманаўна скончыла курсы і яе накіравалі працаваць у бухгалтэрыю чыгункі. Аднак хутка агледзеліся: беларусцы-заходніцы на чыгунцы не месца. Але ёй пашчасціла, і ў галодныя пасляваенныя гады Надзея здолела ўладкавацца на хлебакамбінат.

— Кожны месяц трэба было здаваць авансавую справаздачу. Тут прыходзіць нейкі мужык малады і падыходзіць да мяне: “Хадземце са мной”. Я кажу, што нікуды не пайду, мне трэба здаваць справаздачу. А галоўны бухгалтар кажа: “Нічога, ідзіце”. А той, што прыйшоў да мяне, сказаў браць з сабой усе рэчы, што ў мяне ёсць…

Надзея Раманаўна прызнаецца: не звярнула адразу ўвагі, што на вялікім будынку, у які яны ўвайшлі, стаяць вышкі — як пасля даведалася, там трымалі вязняў… Як увайшлі ўсярэдзіну, убачыла за сталом хлопца, які калісьці заляцаўся да яе. “Саша, што ты тут робіш?” — здзівілася. А ён у адказ: “Я вам ужо не Саша, а па імені і імені па бацьку…”

Павялі па калідоры, давялі да тупіка, а там — краты. Абшуквалі, прымусілі прысядаць, канфіскавалі ўсе гузікі, грабенчык і іншую драбязу і толькі пасля завялі ў пакой: пры сценцы — лаўка, маленькі столік, акно ўверсе і бочка ў якасці прыбіральні. Выводзілі на следства, дапытвалі, угаворвалі выдаць сяброў па Саюзу Беларускай Моладзі, заганялі пад пазногці іголкі. Але Надзея ўпарта адказвала, што нічога не ведае. Самлелую выносілі з допытаў, пасля, як вярталася да прытомнасці, вялі зноў. Выкарыстоўвалі нават электрычнае крэсла.

Пасля па этапу дзяўчыну павязлі ў Беларусь, у Баранавічы. Там ужо была гатовая справа — 72 старонкі. Павязлі на суд, дзе ўжо чакала маці.  

— Я думала, што мяне апраўдаюць, я ж нідзе не была, і вучылася, і працавала. Мяне засаджваюць у клетку, выходзіць пракурор і іншыя, абвінавачваюць мяне ў здрадзе Радзіме. І выклікаюць сведку — суседку маю Алену Дзядзюшка. А тая сказала, што нічога не ведае.

Але нягледзячы на адсутнасць доказаў і падстаў для абвінавачвання Надзею Дземідовіч асудзілі на 25 гадоў. Дзяўчыну павялі ў закрыты аўтобус і нават не пусцілі да яе маці. Надзея плакала, а маці супакойвала здалёк: “Не плач, Надзечка, век так не будзе”.

Спачатку Надзея трапіла ў знакаміты лагер у Казахстане Кенгір. Сустрэла там многіх паплечнікаў, сярод іншых была правадніца СБМ Вераніка Катковіч. Надзея Раманаўна ўспамінае цяжкія лагерныя працы. Заспела яна і знакамітае Кенгірскае паўстанне вязняў 16 мая-26 чэрвеня 1954 года. Людзі адмаўляліся ісці на працу, і ў арыштаваных пачалі страляць.

 — Аднойчы вывелі нас і асуджаных як малалетніх адпускалі на свабоду. Але як я пайду, калі ўсе мае застаюцца? Не пайшла я на тую свабоду.

Праз некаторы час Надзея ўсё ж паспрабавала была дамагчыся вызвалення, але тады ўжо ёй адмовілі — за ўдзел у паўстанні.

Надзея Дземідовіч успамінае, як зімой пракладалі чыгунку на Калыму. Мароз 40 градусаў, а трэба было валіць лес і рабіць насып.

 — Цяпер у кіно паказвалі, як дарогу будавалі камсамолкі. Паказалі жанчын маладых у белых хустачках. А мы ж былі ў бушлатах, хоць і маладыя, але выглядалі не як маладыя.

Цяжкая праца і нечалавечыя ўмовы не маглі не адбіцца на здароўі дзяўчыны, яна моцна захварэла. На той час Надзея Дземідовіч важыла ўсяго 42 кілаграмы. Сталі лячыць, а пасля перавезлі ў іншы лагер у бальніцу. Як выявілася, цяжкая хвароба стала для Надзеі шляхам на свабоду: у бальніцы ёй раптоўна паведамілі, што яе павязуць дадому. Неўзабаве дзяўчыне аддалі рэчы, а таксама далі грошы на дарогу, прадукты, медсястру і канвой, каб давез яе дахаты. Дасюль Жанчына з вялікім уражаннем распавядае, што везлі яе ўжо не ў “зэкаўскім” вагоне, а ў звычайным, для “сапраўдных” людзей… Дарогай думала, што праязджаюць праз сёлы, а насамрэч усё гэта былі лагеры. Калі прыехалі ў Мінск, Надзею ўжо чакала сястра. Быў 1956 год. Надзея Дземідовіч, асуджаная на чвэрць стагоддзя зняволення, правяла ў лагерох больш за 6 гадоў.

 — Мне ўжо 88 гадоў, але тое-сёе яшчэ памятаю. Яшчэ крэпкая. І дужа шчаслівая, што бачу маладых у сваёй хаце, — гаворыць спадарыня Надзея, якая шчыра радуецца гасцям. І з сумам дадае: хацелася жыць для сваёй Беларусі, але не даў Бог.

Надзея Раманаўна кажа, што пра жыццё ў лагеры можна цэлую кніжку напісаць. Зрэшты, яна і напісала — тры кнігі вершаў і кнігу ўспамінаў. У яе хаце ў Калодзішчах пабывалі многія вядомыя беларусы — паэты Сяргей Грахоўскі, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, перад ад’ездам завітваў Зянон Пазняк. Жанчына нязломнага духу і спакутаванага сэрца не губляе надзеі, што Беларусь яшчэ будзе вольнай і па-сапраўднаму незалежнай.

eurobelarus.info

«Новы Час» шчыра віншуе Надзею Раманаўну з днём народзінаў, зычым моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця!

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!