Надзя Бука: «Баюся Бога і матылькоў!»

Мастачка, вынаходніца буцінанкі (накірунак выцінанкі), пісьменніца-казачніца Надзя Бука пры сустрэчы адразу нагадала мне чароўнага персанажа. Яна, нібы мікс з Пэпі Доўгай Панчохі, Эллі з краіны Оз і мумі-троля, стварае свет фантазій у сваіх карцінах і кнігах. Як выжыць мастаку ў Беларусі і чаму важна быць дзіўным і шчаслівым — на прыкладзе Надзі Бука.

З карцінай «Крыніца святла»


— Вы баіцеся матылькоў. Але на апошняй выставе «Асабістая справа» з’явілася карціна «Крыніца святла» (на дзяўчыну злятаецца процьма матылькоў). Гэта ж проста начны жах…

— Вельмі баюся матылькоў: калі на лецішчы лётаюць побач са мной, не магу нават паварушыцца. Але муж добра гэта ведае і адганяе. Гэты страх называецца матэфобія, і ён даволі распаўсюджаны. Напрыклад, Ніколь Кідман таксама ад яго пакутуе. Калі я выразала матылькоў для буцінанкі «Крыніца святла», муж захацеў зрабіць кадр, дзе яны, з каляровай паперы, сядзяць на маёй руцэ. Але нават ад папяровых у мяне затрэслася рука і стала страшна: яны не жывыя (я гэта разумею), але раптам зараз паляцяць?! Калі стварала карціну, думала, што такім чынам перамагу гэтую фобію, але не.

«Крыніца святла» — не толькі пра страх матылькоў. Гэта аўтапартрэт. Дзяўчына, як лямпачка, свеціць іншым (не толькі пра мяне, але ўвогуле пра людзей, што дзеляцца цеплынёю са светам). І як важна не страціць тое святло, што гарыць у кожным з нас, распальваць яго добрымі ўчынкамі і словамі. Не ведаю дакладна, чаму баюся матылькоў, можа, гэта з дзяцінства: нагледзелася шматлікіх энцыклапедый пра насякомых. Памятаю, у адной кнізе быў цэлы разварот з малюнкам агромністага матыля. Я вельмі баялася гэтай ілюстрацыі.


— Вы нарадзіліся ў сям’і мастака Івана Смальякова, расказвалі, што ў вас быў незвычайны дом: замест шпалераў распісаныя сцены, вітражы. Якім было ваша дзяцінства?

— Дзяцінства было казачным. Мне заўсёды дазвалялі браць любыя кнігі з паліц: казкі, энцыклапедыі, альбомы па мастацтве. І гэта, вядома, паўплывала на маё культурнае развіццё. Я памятаю, што адной з першых маіх кніг былі коміксы пра Бога, намаляваныя Жанам Эфэлем. Цяпер яны стаяць у маім доме, і сыны таксама іх гартаюць, ім падабаецца. Шмат часу праводзіла з сяброўкамі ў двары. Любіла скакаць у гумку — і была адной з самых скакучых! Яшчэ адной любімай гульнёй былі хованкі сакрэцікаў: пад знойдзенае шкельца клалі бліскучую паперку і зарывалі ўсё гэтае багацце ў зямлю. А на наступны дзень шукалі сакрэцік. Хлопчыкі палявалі за імі, і калі знаходзілі, маглі разбурыць. Таму было вельмі важна пазначыць тое месцайка лісцікам ці зубачысткай так, каб ніхто акрамя цябе не здагадаўся. Часам там хавалі нешта сапраўды каштоўнае: я аднойчы паклала пад шкельца маміну завушніцу. Яна пра гэта не ведала, канешне (смяецца). Вельмі любіла ставіць лялечныя спектаклі сама для сябе.

Калі мне было гадоў адзінаццаць, захапілася п’есамі Шэкспіра і Мальера. Падбірала касцюмы лялькам (а іх было шмат, бо я малодшая з трох дачок, і мяне песцілі), ставіла дэкарацыі з дзіцячай мэблі… Атрымліваліся сапраўдныя спектаклі. А бацькі назіралі і думалі, што вырасце актрыса ці рэжысёрка, але з’явілася мастачка. Яшчэ марыла стаць касманаўтам і паляцець у космас. Але мама сказала, што ў мяне кепскі зрок, праз які не прайсці медкамісію.

— У многіх інтэрв’ю вы расказваеце пра бацьку, але пра маці амаль нічога. Якая яна?

— Мая маці вельмі клёвая! Яе творчасць — у вязанні. У савецкія часы было не так шмат адзення, але праз тое, што яна добра вязала (ад спадніц да сукенак), мы з сёстрамі хадзілі ў дзяцінстве як лялькі. У мяне была кофта з выявай балотнага пейзажу, з чаплямі. Яшчэ памятаю чорненькую — там маці выявіла вёсачку ў гарах. Сапраўдныя карціны! Мне падаецца, мая сіла характару — у маці. Яна вельмі прынцыповая, справядлівая, заўсёды кажа праўду. Я вельмі ёй удзячная за наша з сёстрамі выхаванне. Мяркую, магу сказаць, што я з разведзенай сям’і — бацькі разышліся, калі мне было 13 гадоў. Старэйшая сястра была замужам, а нас, дваіх дачок, гадавала адна маці. Мама ўсё роўна была вясёлая, яна і засталася аптымісткай па жыцці. Цяпер, калі сама маю дзяцей, разумею, што было няпроста выхоўваць дзвюх дачок. Тым больш у такім складаным падлеткавым узросце, але яна справілася. Мама моцная. Вельмі хачу быць падобнай да яе.

Буцінанка «Мадонна»


— А ад бацькі што дасталася?

— Творчасць! Успаміны пяці-шасцігадовай Надзі: бацька саджае мяне на веласіпедную раму — гэта мы едзем у майстэрню праз увесь горад; падымаемся на апошні паверх пяціпавярховіка, тата стаіць за мальбертам. Ён піша пастэллю і дае мне фарбы таксама, аркуш паперы. Я ў той час любіла маляваць пеўнікаў, куранят. У бацькавай майстэрні стаяў прайгравальнік для кружэлак, часта гралі The Beatles... Гэтыя ўспаміны застануцца на ўсё жыццё.

— У вас ёсць майстэрня?

— Не, усе карціны я ствараю дома. За звычайным сталом, дзе абедаем і вячэраем з сям’ёй. Але калі дзеці кладуцца спаць, я прыбіраю ўсё са стала, малюю, потым выразаю, ствараю ілюстрацыі для кніг таксама там. Майстэрня — гэта вельмі накладна, я ж не ў Саюзе мастакоў. Дый не пішу алеем, у мяне ўсё акуратненька — толькі каляровая папера. Праўда, пад нагамі яе збіраецца шмат, але гэтую праблему хутка вырашае пыласос.


— А чаму, дарэчы, вы не сябра Саюза мастакоў?

— Не ведаю (задуменна). Мне ніколі асабліва туды не хацелася. Не думала пра гэта, шчыра кажучы. Можа, праз некалькі месяцаў і ўступлю, ёсць такія прапановы. Дарасла! Бацька таксама ніколі не быў у Саюзе мастакоў. Усё казаў: «Нашто мне гэта патрэбна». Гэта ж трэба будзе збіраць, запаўняць нейкія паперы, надта ж я такое не люблю.

— Вы скончылі мастацка-прыкладное аддзяленне Маладзечанскага музыкальнага каледжа імя Агінскага. А пасля размеркавання апынуліся ў вёсцы Краснае. Як там было?

— У каледжы я і захапілася выцінанкамі. Мая выкладчыца, Вікторыя Мікітаўна Чырвонцава, была адной з адраджальніц выцінанак у Беларусі. Яна так зацікавіла мяне гэтым мастацтвам, што ў якасці дыпломнай працы я зрабіла шэраг ілюстрацый да кнігі ўласных вершаў. А па размеркаванні мяне накіравалі ў вёску Краснае. Я выкладала там тры гады — трэба было два, але я затрымалася, бо патрэбныя былі грошы. Ездзіла на электрычцы, да школы даводзілася ісці праз поле, часам нават сустракала кароў, якіх таксама баюся. Вясковыя дзеці іншыя: больш удзячныя, прасцейшыя за сталічных. Але я б не хацела туды вяртацца — мой клас не ацяпляўся, і я ўрэшце захварэла на двухбаковае запаленне лёгкіх. Не вельмі добрыя ўспаміны.


— Вы казачніца, выдалі дзве кнігі пра дзяўчынку Басю, але вы яшчэ і мама двух сыноў. Не хочаце нешта напісаць пра хлопчыкаў?

— У другой частцы («Бася і яе чароўны свет». — Заўв. аўт.) у Басі з’яўляецца малодшы брат, якога завуць, як і майго малодшага сына, Ян. Але галоўная гераіня — дзяўчынка, бо гэта мая гісторыя. Бася — гэта я ў дзяцінстве. Дзяўчынка-летуценніца, што любіла маляваць і не любіла расчэсваць валасы (і цяпер не люблю, бо яны ў мяне кучаравыя). Я толькі дадала трохі фэнтэзі.


— Я чытала, што калі ў вас творчы крызіс, вы стараецеся змяніць лакацыю. Прыгадаеце апошнюю?

— Толькі-толькі вярнулася з майстар-класаў у Горадні. Вельмі адпачыла! Цяпер часта праводжу выязныя заняткі па маляванні з дзеткамі, часцей за ўсё запрашаюць ксяндзы рэгіянальных парафій. Гэта для мяне не праца — адпачынак. Праца — калі на заказ трэба зрабіць ілюстрацыю ці распрацаваць лагатып. Я таксама займаюся дызайнам, прыдумваю прынты для цішотак. Але самая запамінальная вандроўка ў жыцці была ў Ізраіль. Мне 14 гадоў, я выйграла міжнародны конкурс («Дзеці свету малююць Іерусалім». — Заўв. аўт.) і ўпершыню адна паляцела ў іншую краіну. Тым больш на два тыдні! Адчула сябе такой самастойнай, дарослай... Цёплы клімат, блакітнае неба, чырвона-ружова-жоўтыя людзі, калі характарызаваць колерам іх менталітэт. А мы, беларусы, — бэжавыя, шэрыя, пудравыя. Ізраіль не падобны ні да адной краіны, дзе я была (а была шмат дзе). Мне 38, а я помню да дробязяў, якіх людзей я там сустрэла, мясціны, нават мэблю ў кавярнях.

Буцінанка «Навылет»

— А вы робіце накіды падчас вандровак ці задумы?

— Падарожжы — адпачынак ад мастацтва, гэта не пленэр. Але падчас вандровак прыходзіць шмат задумаў, якія я захоўваю на нявызначаны тэрмін. Так было з карцінай «Навылет» — там стаіць жанчына, і праз яе наскрозь пралятае чайка — я яе стварыла ў 2019 годзе, а задумала за шэсць гадоў да таго. Як слон выношвае сваё дзіця два гады, так і мая творчая цяжарнасць можа доўжыцца вельмі доўга — шмат думаю, дапрацоўваю. Лічу, што мастак у першую чаргу павінен быць шчырым — здараецца, на гэта патрэбны час. Можа, таму і назвала апошнюю выставу «Асабістая справа», бо ўсе карціны адлюстроўваюць патаемнае. Часам страшна, што пра мяне будуць зашмат ведаць.

У падарожжах заўсёды звяртаю ўвагу на архітэктуру, я ёй захапляюся. Таксама ніколі не прамінаю цікавых музеяў і мясцовых галерэй. Адпачынак усё ж павінен быць культурным. Але ў мяне два сыны: ім звычайна больш хочацца марозіва і на мора, таму атрымліваецца палова на палову. Але, калі хачу паехаць у вандроўку адна, выбіраю Скандынавію: пабыць сам-насам з прыродай, паглядзець на мора, на скалы. Гэта надзвычай натхняе. Вельмі падабаецца, калі вецер дзьме ў твар, ды так, каб аж збіваў з ног. Люблю мора не за ваду, а за вельмі моцны вецер. Я з дзяцінства размаўляю з ветрам. Аднойчы ішла ў школу, і ён у мяне з рук вырваў парасон. Бегла за ім і сварылася: «На што ты адабраў мой любімы парасон, вярні мне яго!» І ў гэты ж момант напрамак ветру змяніўся, і парасон амаль у рукі прыляцеў... Для мяне вецер — гэта жывая істота, ён бывае добрым, злым, цёплым, халодным. Не падумайце, што я ўжо з глузду з’ехаўшая (усміхаецца). Зразумела, у першую чаргу я веру ў Бога.

З вучнямі студыі «Крылы натхнення»

— Вы ведзяце гурток па маляванні «Крылы натхнення» пры касцёле, і некаторыя вашы карціны маюць рэлігійную тэматыку. Вас можна назваць верніцай?

— Пабожным чалавекам, як кажуць у нас у касцёле? Так, я верніца, каталічка, хаджу ў касцёл кожную нядзелю, веру ў Бога і хачу жыць па яго запаведзях. Невыпадкова, што мая асноўная мастацкая студыя пры касцёле Святога Роха існуе ўжо трэці год. Мы з дзеткамі там робім як звычайныя кампазіцыі, так і малюнкі на рэлігійную тэматыку. Калі ў мяне пытаюцца, чаго баюся, я адказваю: «Бога і матылькоў!» (смяецца). Быць вернікам вельмі важна ў наш час, гэта фундамент, на якім трымаецца сям’я. На жаль, не ўсе гэта разумеюць, можа, таму так шмат разводаў і «закінутых» дзяцей. Я не з дзяцінства выхоўвалася ў такой атмасферы. У 19 гадоў сама прыйшла ў касцёл і там засталася. Можа, для мяне рэлігія такая важная, бо разумею, што да яе дарасла сама.

— А чаму менавіта каталіцтва?

— Там вельмі дэмакратычна, шмат дапамогі адзін аднаму, ладзіцца многа мерапрыемстваў для дзяцей і моладзі. Шмат хто кажа: «Я ў касцёле, бо тут арган, можна сядзець на лаўцы і хадзіць у джынсах». Не, я не праз гэтыя прычыны — гэта такія дробязі. У каталіцтве галоўнае: увага надаецца табе як асобе, ты — не частка шэрай масы. Не магу нават растлумачыць, гэта неяк вышэй. Можа, нават не я выбірала каталіцтва, можа, Бог вырашыў накіраваць мяне ў касцёл.

— Колькі вучняў займаецца ў студыі «Крылы натхнення», якую вы ўжо згадалі?

— Цяпер каля 40 вучняў, яны падзеленыя на чатыры групы ў залежнасці ад узросту. Самая малодшая — дзеці ад сямі да адзінаццаці гадоў. Яны займаюцца, што вельмі цікава, разам з бацькамі: дачка малюе, і побач яе бацька нешта стварае, маці трымае пэндзлік, і сынок робіць тое ж самае... Яны выконваюць аднолькавыя хатнія заданні і прыносяць да мяне. Гэта вельмі яднае сям’ю. Самае цікавае, што так выйшла само сабою: дзеці малявалі, а бацькі самі папрасіліся, і потым дзякавалі, бо праз маляванне сталі бліжэй да сваіх дзяцей. Дзякуй Богу за такія заняткі! Яшчэ адна група — падлеткі. І апошняя — дарослыя (самай старэйшай навучэнцы каля 70-ці!). Узросты вельмі розныя: ад 18 да бясконцасці. Студыю наведваюць не толькі каталікі, праваслаўныя складаюць прыкладна палову маіх вучняў.

Буцінанка «Архангел»

Калі ў кагосьці нешта не атрымліваецца, кажу: «Я веру ў цябе, усё атрымаецца!» І атрымліваецца. Не так даўно даведалася, што некаторыя мае навучэнкі ўжо прадаюць свае творы, а яшчэ два гады таму яны нават не ведалі, як аловак у руках трымаць. Гэта мяне вельмі цешыць! Разумею, што ў гэтым ёсць і мая заслуга.

— Вы таксама выкладаеце ў студыі пры грэка-каталіцкай парафіі Святога Язэпа...

— Так, я туды езджу па панядзелках бясплатна. У гэтай студыі займаюцца псіхічна хворыя людзі, якія жывуць у інтэрнаце — адтуль іх прывозяць на заняткі па маляванні, арт-тэрапіі. Восем вучняў, дарослыя людзі, большасць мужчыны. Для іх гэта сапраўднае свята, бо інтэрнат закрыты. А як прыедуць у студыю, дык мы з імі размаўляем, п’ём каву-гарбату, падмацоўваемся салодкасцямі, я ўключаю музыку. Аднаго разу не прыехала на заняткі праз хваробу, а жонка святара потым казала, што мае навучэнцы тэлефанавалі і плакалі ў слухаўку… Тое, што яны ўсміхаюцца, на некаторы час становяцца шчаслівымі — гэта і ёсць мой заробак. Яны вельмі файна малююць, добра адчуваюць колер, не так, як звычайныя людзі. Летась студыю наведвала дзяўчынка Соня: зубамі трымала рукаў, каб рука магла маляваць, бо кісць не працуе. І такія складаныя малюнкі рабіла, што я проста дзіву давалася, які ў яе моцны характар і мэтанакіраванасць. Усё казала: «Я такая шчаслівая, што магу маляваць!» Таленавітая дзяўчынка, хоча стаць мастачкай.

— У Беларусі не надта прызнаюць творчыя прафесіі — успрымаюць іх хутчэй як хобі. Як думаеце, склалася ў нашым грамадстве ніша мастацтва, дзе творца мае магчымасць, хай не параўноўваючы з сусветнымі ганарарамі, прыстойна зарабляць?

— Не, на жаль, не. Як ні крыўдна казаць, але ў нашай краіне мастак пакуль не можа жыць толькі за кошт свайго мастацтва — маю на ўвазе продаж карцін. Беларусь — вельмі небагатая краіна. І калі ў звычайнага беларуса спытаць, што ён купіць: канапу ці карціну, — а яны каштуюць прыкладна аднолькава, — то выберуць першае. Можа, аднойчы людзі навучацца бачыць розніцу паміж змаляванай бярозай ці букетам півоняў і карцінай, якая нясе сэнс і праблематыку. Культуры ўспрымання мастацтва трэба вучыцца. Калі гэтыя веды пачнуць закладацца ў школах, будзе большая цікавасць да карцін сучасных мастакоў. Канешне, у мяне купляюць карціны, але часцей за ўсё гэта замежнікі (з Літвы, Эстоніі, ЗША, Расіі) і не так часта, як мне хацелася б.

Буцінанка «Сімвал веры»

Калі б жыла адна і толькі мастацтвам, я б галадала. Мой асноўны заробак — праца як настаўніцы, ілюстратаркі і дызайнеркі. І так — амаль ва ўсіх маладых беларускіх мастакоў. Калі ты ўжо выбраў такі шлях, то цярпі — калісьці прыйдзе і твой час! Я ўжо не збочу з гэтай дарогі, бо інакш падману сама сябе. Вельмі важна зразумець у жыцці, хто ты ёсць. Быў час, калі я лічыла, што журналістка, працавала на тэлебачанні дзесяць гадоў, і гэтага часу хапіла зразумець, што я мастачка.

— У вас было каля 50 выставаў, і, наколькі я чула, з першым выстаўніком вы пазнаёміліся акурат у час, калі былі яшчэ журналісткай. Як гэта адбылося?

— Мая першая выстава адбылася дзякуючы Дзянісу Барсукову. Я брала ў яго інтэрв’ю, у той час ён быў дырэктарам галерэі «Інстытут культуры». Даведаўшыся, што я мастачка, Дзяніс папрасіў даслаць паглядзець некалькі твораў. У мяне тады было толькі дзве карціны, выразаныя нажніцамі. Урэшце ён згадзіўся зрабіць маю асабістую выставу ў сваёй галерэі пры ўмове, што павінна быць не менш за 30 работ. А я тады працавала на тэлебачанні ў навінах — час заняты з дзевяці раніцы да дзевяці вечара, а ў хаце яшчэ муж і малы сын. Прыходзілася маляваць і выразаць карціны ўначы. Але праз колькі месяцаў, у 2011 годзе, адкрылася мая першая выстава.


— Вы часта кажаце, што вас вельмі падтрымлівае муж, вядзе сайт, фатаграфуе работы… Як вы пазнаёміліся?

— Мы з сяброўкай Наташай гулялі ў маладзечанскім двары і сустрэлі яе знаёмых, сярод якіх быў і Гена. Ён мне адразу спадабаўся, бо быў металістам — доўгія валасы, байка з рок-гуртом. Я ў той час таксама была металісткай, нефармалкай з доўгімі фіялетавымі валасамі, насіла рваныя джынсы, байку з чэрапам і некалькі ланцужкоў. Праз любоў да аднолькавай музыкі мы з Генам вельмі часта сустракаліся на розных рок-фестывалях і канцэртах. «Музыка нас звязала», — гэта, напэўна, трапнае выказванне. У яго была іншая дзяўчына, у мяне іншы кавалер, але мы сябравалі. Праз два гады, калі абодва сталі вольнымі, мы закахаліся адно ў аднаго, і гэтая гісторыя цягнецца дагэтуль.

З мужам Генам

Гена вельмі далікатны чалавек, вельмі добры. Такіх добрых людзей, як Гена, я ў жыцці не сустракала і, пэўна, не сустрэну. Ён, як Дзед Мароз у квадраце. Заўсёды кажа, што ў яго тры дзіця: я, Жэня і Ян. Гена — класны бацька, сыны яго проста любяць, ён для іх і тата, і сябар. А для мяне ён вельмі моцная падтрымка: амаль усе фотаздымкі, якія можна ўбачыць у маіх сацсетках, зрабіў ён. Гена — вельмі таленавіты фатограф, хаця эканаміст па адукацыі (але што тая адукацыя!), таму разумее і мяне як мастака. У мяне няпросты характар: мала таго, што я дзіўная, жыву ў сваім сусвеце (ну касманаўт!), дык яшчэ магу быць без настрою і з капрызамі.

Буцінанка «Пацалунак»

 Зараз будзе 17 гадоў, як мы жанатыя, а мне дагэтуль з ім вельмі лёгка. Ведаю, што ён заўсёды мяне зразумее і падтрымае. Добра, што да таго, як закахаліся, мы былі сябрамі, даведаліся, якія мы асобы насамрэч, без ідэалізацыі. Я вельмі ўдзячна Богу і лёсу, што сустрэла Гену тады ў маладзечанскім двары.

— Я даволі многа прачытала інтэрв’ю з вамі. Можа, ёсць нешта, што вы хацелі б расказаць, але ніхто пра гэта чамусьці не пытаецца?

— Ці шчаслівы я чалавек… Ніколі ніхто не запытаўся! (Усміхаецца.)

— Цудоўна! Ці шчаслівы вы чалавек?

— А вы напішаце, што я гэта сама ў сябе запытала? Так, я шчаслівы чалавек (усміхаецца). Не ведаю, чаму гэтае пытанне ніколі не гучыць, а мне здаецца, гэта вельмі важна. І шчасце маё ў тым, што я знайшла сваё прызначэнне на Зямлі. Шчаслівая тым, што я магу рабіць тое, што люблю, і нават зарабляць гэтым на жыццё. А яшчэ ў мяне вельмі файная сям’я, сябры і побач па жыцці вельмі цікавыя людзі. Сапраўды адчуваю, што пасля трыццаці гадоў у маім жыцці наступіла вясна.

Фота і ілюстрцыі з асабістага архіва Надзеі Бука 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: