«Нарадзіўся праграмістам» і «чалавек-легенда». Судзяць мінчука, на якога наехаў міліцэйскі бус

У Фрунзенскім судзе Мінска 3 лютага пачаўся працэс над 34-гадовым айцішнікам Сцяпанам Чыкілёвым, які трапіў пад колы міліцэйскага аўтамабіля, што рухаўся па сустрэчнай паласе. Сцяпан апынуўся ў шпіталі з сур’ёзнымі траўмамі. Цяпер яго абвінавачваюць у хуліганстве — паводле артыкула 339 КК.


Паводле матэрыялаў следства, Чыкілёў «наўмысна, з мэтай пашкоджання аўтамабіля, здзейсніў прыцэльны кідок у кірунку службовага аўтамабіля МУС, аднак не давёў свой злачынны намер да канца — камень трапіў у металічную агароджу праезных частак». Аднак следства падлічыла матэрыяльную шкоду, якую Сцяпан нанёс агароджы — 1180 рублёў, перадае Радыё Свабода.


Што адбылося на праспекце Пушкіна 15 лістапада

15 лістапада ў Мінску праходзіў Марш памяці Рамана Бандарэнкі. Сілавікі перашкаджалі пратэстоўцам сабрацца, на праспекце Пушкіна і Прытыцкага аўтамабільны рух быў спынены. Пратэстоўцы стаялі ўздоўж дарогі, кагосьці пачалі зацягваць у сінія бусы. З праезнай часткі малады чалавек кінуў штосьці ў бок буса. І ў момант на яго наехаў другі бус, які рухаўся з боку Прытыцкага.

Збітага пешахода закінулі ў бус, на дарозе засталіся яго красоўкі. Як высветлілася пазней, спачатку яго прывезлі ў Фрунзенскае РУУС. Здарэнне адбылося ў 12.27, увечары 34-гадовага айцішніка Сцяпана Чыкілёва даставілі ў шпіталь хуткай дапамогі.

Згодна з медычнымі дакументамі, абследаванні былі праведзеныя каля 21-й гадзіны. Медыкі дыягнаставалі спалучаную траўму, страсенне мозгу, шматлікія ўшыбы, драпіны, пашкоджанне ныркі. Пацярпеламу наклалі швы, на шыю надзелі фіксуючы каўнер.

У шпіталі хлопца трымалі пад канвоем, праз тры дні перавялі на Акрэсціна, а потым у Жодзіна.

На Чыкілёва завялі крымінальную справу — міліцыянты сцвярджаюць, што малады чалавек нібыта кідаў камяні ў іх бус. Цяпер яму пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі.

Пра тое, што Сцяпана затрымалі, яго сям’я даведалася ад дзяжурнага адваката — увечары ў нядзелю ў інтэрнэце ўжо з’явіліся відэаролікі здарэння. Калі ўбачылі кадр з красоўкамі на дарозе, сумневы зніклі: гэта былі красоўкі Сцяпана.

«Натуральна, спачатку ў нас быў проста шок — Сцяпан вельмі спакойны, стрыманы чалавек. Па выходных ездзіў у той раён рабіць рамонт у сваёй кватэры, тэарэтычна мог аказацца на Пушкінскай. Мабыць, не ўтрымаўся. Але ён моцна пацярпеў, у шпіталі ўсталявалі адмысловы фіксуючы каўнер на шыі — з ім яго і вярнулі на Акрэсціна, — кажа сястра Таццяна.


Выдатна вучыўся, дасканала ведае англійскую і нямецкую мовы

Сцяпан Чыкілёў працуе ў буйной ІТ-кампаніі. Яго старэйшая сястра Таццяна расказвае, што брат заўсёды вучыўся вельмі добра.

«Пасля школы адразу паступіў на бюджэт у прэстыжны Радыётэхнічны інстытут (цяперашні БДУІР). Калі вучыўся на трэцім курсе, яго ўзялі на працу адразу ў сур’ёзную ІТ-кампанію ЕРАМ. Ён займаўся яшчэ і на дадатковых кампутарных курсах. У ЕРАМ яго і размеркавалі. Ён даволі доўга там адпрацаваў, але цяпер працуе ў іншай ІТ-кампаніі», — узгадвае Таццяна.


Сцяпан дасканала ведае англійскую і нямецкую мовы, заўсёды любіць спрабаваць нешта новае, і ў яго ўсё выдатна атрымліваецца, расказвае сястра.

«Брат самастойна навучыўся граць на гітары, на сінтэзатары. Ён добра малюе. Вельмі шмат чытае — ён заўсёды з кнігамі. Я ніколі не чула, каб ён павышаў голас, — усе пытанні вырашае спакойна і мірна. На яго заўсёды можна разлічваць — і на матэрыяльную дапамогу, і на мудрую параду. Ніколі не скардзіўся ў лістах з турмы на цяжкасці, умовы ўтрымання. Піша, што кампанія ў Жодзіне добрая і цікавая, а супрацоўнікі адэкватныя.

Ён вельмі перажывае за нас, у кожным лісце просіць прабачэння, што прымусіў хвалявацца. Сцяпан нас з татам пастаянна супакойвае (мамы даўно ўжо няма з намі), падбадзёрвае», — кажа сястра Таццяна.


«Сцёпа — звышмегаўраўнаважаны і добразычлівы хлопец»

Пра Сцёпу можна гаварыць толькі ў пазытыўным ключы — і як пра адмыслоўца, і як пра чалавека, перакананая яго калега Нона Кішко.

«Для мяне гэта звышмегаўраўнаважаны і добразычлівы хлопец, а гэта рэдкасць — захаваць такія якасці ва ўмовах вельмі напружанай працы на нашых праектах. Ён ніколі не адмаўляў у дапамозе і кансультацыях, нават калі соты раз падыходзіш да яго з аднымі і тымі ж пытаннямі.

Часцяком мне падавалася, што для яго вырашаць складаныя архітэктурныя задачы, генераваць ідэі па распрацоўцы — гэта так жа проста, як і пабалбатаць пра жыццё з сябрам.

Я шчыра захапляюся прастатой і дабрынёй Сцёпы, і ў той жа час яго неверагодным розумам. А яшчэ, аказваецца, такі сур’ёзны адмысловец можа быць вясёлым і прышпільным хлопцам, з якімі можна цікава і ненапружана паразмаўляць на розныя тэмы», — кажа Нона Кішко.

Вольга Петрапаўлаўская расказвае, што ў кампаніі Сцяпану давяраюць самыя адказныя і складаныя задачы, і ўсе ўпэўненыя, што ён усё зробіць выдатна.

«Сцёпа нарадзіўся праграмістам, гэта яго сапраўднае вышэйшае пакліканне. У гэтым сэнсе ён — “чалавек-легенда”. Яго цяперашняя адсутнасць літаральна перавярнула планы кампаніі, многія рэчы мы проста адклалі да ягонага хуткага вяртання. Ён заўсёды спакойны, стрыманы, цярплівы, чулы — заўсёды выслухае, патлумачыць, параіць, на ўсіх у яго знаходзіцца час.

Жыць і зразумець, што такія людзі проста вырваныя з жыцця — і дзеля чаго? Мы ўсе вельмі спадзяёмся на яго найхутчэйшае вяртанне», — кажа Вольга Петрапаўлаўская.

Ніна Каракіна, якая працуе разам са Сцяпанам больш за 4 гады, адзначае яго надзвычай тонкае пачуццё гумару і ўменне цаніць простыя рэчы.

«Сцёпа сапраўдны прафесіянал, цудоўны чалавек, вельмі чуллівы, тактоўны і добры, з тонкім пачуццём гумару. Сцяпан вельмі спакойны, ляяльны і адказны, на яго заўсёды можна разлічваць. Ён вельмі паважліва ставіцца да калегаў, цэніць жыццё і простыя рэчы. Мы вельмі сумуем па нашым сябру і калегу і з нецярпеннем чакаем яго», — кажа Ніна Каракіна.

«Сцяпан 5 гадоў працуе ў нашай кампаніі на пазіцыі вядучага інжынера-праграміста, зарэкамэндаваў сябе як прафесіянал найвышэйшага ўзроўню. Ён сапраўдны сябар, заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу», — кажа пра Сцяпана Чыкілёва калега Саша Цімашэнка.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: