Не вытрымаў. Муж Наталлі Хершэ напісаў, што разрывае з ёй адносіны

Швейцарка, палітзняволеная Наталля Хершэ паведаміла ў лісце, які атрымаў яе брат, што яе муж Роберт вырашыў разарваць з ёю адносіны.


Ён паведаміў Наталлі, што «не можа вытрымаць разлукі і разрывае нашы адносіны», перадае Радыё Свабода.

«Канешне, мне патрэбен час, каб прывесці свае пачуцці ў стан спакою, але вялікай трагедыі стараюся з гэтага не рабіць. Яго можна зразумець, і асуджаць яго я не збіраюся, — піша Наталля. — Іншым разам мы не можам паўплываць на абставіны жыцця, застаецца толькі прыняць іх з удзячнасцю. Так, гэта ўсё звязана з духоўнай працай над сабой. Дык, а для чаго тады турма, калі не менавіта для гэтага».

У лісце Наталля паведамляе, што яе пераводзяць у магілёўскую турму.

Таксама яна піша пра сваю праблему: у зняволенні ў яе пачалі выпадаць валасы. Яна просіць, каб брат даслаў прэпарат «Амега-3», які трэба прымаць пастаянна. Яна піша, што ў гэтай праблемы ёсць дзве прычыны: недахоп жалеза, якое Наталля не прымала са студзеня, і гарманальнае парушэнне. Яна спадзяецца трапіць да лекара.

«Усё гэта так марудна і з такімі цяжкасцямі. Мае валасы сталі такімі тонкімі за адзін год, што іншым разам іх цяжка нават заўважыць. А яшчэ і выпадаюць», — піша Наталля.

Наталля просіць брата даслаць ёй вітаміны і «Амега-3» на новае месца яе ўтрымання — у магілёўскую турму: «Я думаю, варта падрыхтаваць сябе да наступнага году знаходжання ў турме (маральна), наогул, я і гатовая, іншага выйсця няма».

Цікава, што магілёўская турма №4 лічыцца мужчынскай.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Асоба: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: