Нечырвоны чалавек Зянон Пазьняк

Яго імя вядомае кожнаму беларусу, у тым ліку і тым, хто не быў сведкам слынных 1990-х гадоў, а нарадзіўся ў «нулявыя». Улады палохалі ім маленькіх дзяцей, а ён хацеў бачыць Беларусь моцнай і незалежнай. Ён адкрыў свету Курапаты, якія і да гэтага часу з’яўляюцца незагойнай ранай Беларусі. 
Фота bramaby.com

Фота bramaby.com

Здабыўшы незалежнасць для краіны, ён мусіў пакінуць Бацькаўшчыну. Пры яго прэзідэнцтве Беларусь была б зусім іншай. Пра яго не пішуць у школьных падручніках, хаця ён варты дзясяткаў кнігаў. 24 красавіка сваё 75-годдзе адзначае Зянон Станіслававіч Пазьняк.



Крамольны артыкул

Першы сакратар ЦК КПБ Пётр Машэраў быў літаральна ў шаленстве. Ён раз-пораз нярвова браў у рукі нумар «Правды» за 13 красавіка 1969 года. Увагу ўсёмагутнага беларускага партыйнага боса прыцягнула не прамова таварыша Брэжнева, а сціплы артыкул пад назвай «Заботясь о будущем». Аўтарамі значыліся Зянон Пазьняк і Лявон Баразна. Артыкул у «Правде» — сур’ёзная заява, гэта кіраўніцтва да дзеяння. Як яны змаглі прарвацца туды?

Пётр Міронавіч дзівіўся і соты раз перачытваў артыкул, які фактычна мог паставіць крыж на планах па забудове Мінска. Машэраў ужо даўно нацэліўся на тое, каб надаць беларускай сталіцы камуністычны дух. З гэтай мэтай планавалася знішчыць будынак тэатра імя Янкі Купалы, а таксама шэраг старажытных пабудоў у раёне сталічнай Нямігі.

І хаця «добраўпарадкаванне» Мінска працягнулася, тым не менш, артыкул, без перабольшвання, выратаваў шмат гістарычных помнікаў сталіцы.

З тых часоў у Пазьняка і Баразны пачаліся праблемы. Лёс Лявона Баразны склаўся трагічна: летам 1972 года ён быў забіты ў Мінску вулічнымі хуліганамі. Зянон Пазьняк заўсёды сцвярджаў, што смерць Лявона — справа рук КДБ.

Лявон Баразна

Лявон Баразна

Сам Пазьняк за сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю цкаваўся ўладамі, неаднаразова пазбаўляўся працы. Ён страціў магчымасць абараніць кандыдацкую дысертацыю ў БССР — дысертацыя на працягу пяці гадзін абаранялася ў Ленінградзе. Беднасць, побытавая неўладкаванасць і іншыя фактары, як ён сам прызнаваўся, паспрыялі фармаванню ў Зянона Пазьняка антысавецкіх поглядаў.

Нейкая стабільнасць у жыцці Пазьняка наступіла, калі яму было ўжо за сорак. Ён працаваў старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі АН БССР, ладзіў археалагічныя раскопкі, у «Літаратуры і мастацтве» пісаў пра фатаграфічную працу. Дарэчы, гэта аказала неспрыяльны ўплыў падчас першых прэзідэнцкіх выбараў. Людзі задавалі пытанне: як намі будзе кіраваць «фатограф»? Маўляў, Лукашэнка хаця б саўгасам кіраваў.

Шлях у палітыку

З прыходам перабудовы Гарбачова такі чалавек, як Пазьняк, канешне, не мог застацца ўбаку. Ён наладзіў сувязь з так званымі «нефармаламі». Спачатку дзейнасць «нефармальных» арганізацый («Талака», «Тутэйшыя», «Паходня» і іншых) не выходзіла за межы ўдзелу ў рэканструкцыі помнікаў даўніны, папулярызацыі беларускай мовы і культуры, экалагічных мерапрыемстваў. Таму афіцыйныя ўлады не толькі не перашкаджалі «неферам», але і нават падтрымлівалі іх, спрабуючы задобрыць, прадухіліць магчымую незадаволенасць моладзі, дэманстравалі салідарнасць з ёй.

Напрыклад, у адным з красавіцкіх нумароў «Вячэрняга Мінска» за 1986 год на адрас «Талакі» быў апублікаваны хвалебны нарыс. З мэтай прыцягнення моладзі ўлады ладзілі рознага кшталту масавыя мерапрыемствы: «Выстава аднаго дня» (Мінск, 20 красавіка 1986 года), з’езд нефармальных арганізацый, так званы першы «вальны сойм» (вёска Палачанка, Мінскі раён, 26–27 снежня 1987 года), на якім, дарэчы, выступіў і Пазьняк.

Больш-менш прымальныя адносіны паміж «нефармаламі» і афіцыйнымі коламі маглі быць толькі да таго часу, пакуль першыя не заступалі за пэўную рысу, якая тычыліся крытычнага асэнсавання прыроды савецкага грамадска-палітычнага і сацыяльна-эканамічнага рэжыму, яго недасканаласці, недахопаў. А такое асэнсаванне было толькі пытаннем часу.

Фармальнай прычынай супрацьстаяння сталічных «нефармалаў» і рэспубліканскіх уладаў стала будаўніцтва новай лініі метро ў раёне Нямігі, што пагражала захаванасці аднаго са знакамітых помнікаў Мінска — Кафедральнага сабору. Праціўнікаў метро падтрымаў Васіль Быкаў. У газеце «Известия» ў сакавіку 1988 года было апублікавана інтэрв’ю народнага пісьменніка, які выказаў сумнеў у мэтазгоднасці «падземкі» ў гістарычным цэнтры сталіцы.

Мітынг супраць будаўніцтва станцыі метро “Няміга” на месцы Менскага замчышча, vytoki.net

Мітынг супраць будаўніцтва станцыі метро “Няміга” на месцы Менскага замчышча, vytoki.net

Пазьняк выступіў на мітынгу супраць будаўніцтва метро, арганізаваным актывістамі «Талакі», 20 сакавіка 1988 года. Удзельнікі мітынгу ахарактарызавалі выступоўцу як «шматпакутнага мастацтвазнаўцу і глыбокага знаўцу гісторыі свайго народа». Пасля гэтага афіцыйныя выданні, у прыватнасці, газета «Вечерний Минск», пачалі кампанію дыскрэдытацыі Зянона Пазьняка. У адной з публікацый кандыдата мастацтвазнаўства абвінавацілі ў экзальтаваных закліках, беспадстаўным «критиканстве» ўчынкаў савецкай бюракратыі, якая нібыта разбурыла ў Беларусі больш помнікаў, чым нямецка-фашысцкія захопнікі.

Да крытыкі Пазьняка далучыўся партыйны камітэт па месцы яго працы ў Інстытуце гісторыі АН БССР. Мастацтвазнаўцу закідаліся не толькі эмацыйнасць і катэгарычнасць у меркаваннях, але і «отход от классовых оценок некоторых общественно-политических явлений», што, паводле парткама, з’яўлялася «недопустимым в институте идеологического профиля».

Але часы былі ўжо не тыя. У абарону Пазьняка выступіла ліберальная газета «Літаратура і мастацтва». Пазіцыю парткама выданне ацаніла як прыклад бюракратычнай падстрахоўкі і чарговай «разбіралаўкі».

Да восені 1988 года Зянон Пазьняк стаў даволі вядомай грамадскай асобай не толькі ў Беларусі, але і ў СССР. Бо ў чэрвені таго года ў той жа газеце «Літаратура і мастацтва» быў апублікаваны знакаміты артыкул «Курапаты — дарога смерці», у якім ішла гаворка пра масавыя расстрэлы на Беларусі ў 1930-я гады.
Дарма, што суаўтарам Пазьняка выступіў інжынер Яўген Шмыгалёў, — менавіта першы ў грамадскай думцы ўвасобіў барацьбу супраць сталінскай мінуўшчыны. Артыкул меў настолькі вялікі рэзананс, што рэдакцыя газеты была заваленая лістамі.


Артыкул Пазьняка і Шмыгалёва (з уступным словам Васіля Быкава) быў нечаканасцю для пераважнай большасці беларускіх грамадзян. Больш за тое, артыкул меў канкрэтныя прававыя наступствы: 14 чэрвеня 1988 года была створана ўрадавая камісія, якая сумесна з Пракуратурай БССР распачала расследаванне падзей у Курапатах.

Услед за Пазьняком здабыць сабе вядомасць на тэме сталінскіх рэпрэсій імкнуліся іншыя аўтары. «Советская Белоруссия» надрукавала шэраг артыкулаў былога намесніка дырэктара Інстытута гісторыі Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ) Сяргея Пачаніна. Аднак ніводная з наступных публікацый на гэтую тэму не атрымала ў рэспубліцы рэзанансу, параўнальнага з рэзанансам ад артыкула «Курапаты — дарога смерці».

Беларускія камуністычныя ўлады гэтага не даравалі. Сталічны мітынг у дзень памяці продкаў («Дзяды») 30 кастрычніка 1988 года быў жорстка разагнаны праваахоўнікамі.
Чытайце таксама:

Вандэя ў дзеянні: Дзяды-1988



Аднак на адчай часу не было. Поўнаю хадою ішла падрыхтоўка да ўстаноўчага сходу Беларускага народнага фронту за перабудову «Адраджэнне». Праз супраціўленне беларускіх уладаў устаноўчы сход адбыўся за межамі Беларусі, «в столице братской Литвы и дорогом белорусскому сердцу городе Вильнюсе» ў канцы чэрвеня 1989 года. Галоўная задача, якая паўстала перад новым рухам, палягала ў тым, каб перамагчы на выбарах у Вярхоўны Савет Беларусі 12-га склікання. Тым больш, што ў БНФ быў вопыт палітычнай барацьбы: вясной 1989 года ў СССР у цэлым прайшлі выбары народных дэпутатаў.
Чытайце таксама:

Подых пераменаў: выбары–1989



БНФ ішоў на выбары пад лозунгам «Галасую за Беларусь!», а сам Пазьняк балатаваўся па сталічнай Ангарскай выбарчай акрузе №9. Акрамя Пазьняка на запаветны дэпутацкі мандат прэтэндавалі яшчэ пяць чалавек, аднак сціплы старшы навуковы супрацоўнік перамог усіх ужо ў першым туры 4 сакавіка 1990 года.
Чытайце таксама:


Выбары-90: pro et contra



«С вами, товарищ Позняк, можно и нужно работать!»

Гэтыя словы належаць дэпутату Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання Аляксандру Лукашэнку. А здарылася гэта 20 чэрвеня 1990 года пры абмеркаванні кандыдатуры Зянона Пазьняка на пасаду старшыні камісіі пры Вярхоўным Савеце Беларускай ССР па аказанні садзейнічання ў забеспячэнні правоў і інтарэсаў рэабілітаваных і ўвекавечанні памяці ахвяр рэпрэсій у перыяд 30-х — 40-х і пачатку 50-х гадоў. Тады Лукашэнка прамовіў цэлы панегірык лідару БНФ: «С вами, товарищ Позняк, не только можно, но и нужно работать, учитывая сегодняшнюю обстановку в нашем обществе. Я уже, кстати, о вас говорил ранее в своем выступлении, как о грамотном и, видимо, талантливом человеке. Я уважаю вас за веру в вашу идею, хотя, в общем, её и не разделяю. Но я уважаю вас за это и должен сказать как коммунист: если бы мы все верили в свою идею так, как верит Позняк, у нас бы проблемы решались проще».

Заява Зянона Пазьняка аб рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

Камуністычная большасць у Вярхоўным Савеце тады не пусціла Пазьняка на пасаду старшыні камісіі, аднак кожны другі дэпутат быў гатовы падпісацца пад словамі Лукашэнкі.

Спроба кіраўніка парламенцкай апазіцыі заняць пасаду старшыні камісіі не была пазбаўлена логікі: Пазьняк меркаваў, што, распавёўшы свету пра месца масавых забойстваў у Курапатах, ён мае і юрыдычнае, і маральнае права кіраваць такой камісіяй. На той час яе статус быў значна ніжэйшы за статус пастаянных, дый нават часовых камісій Вярхоўнага Савета: яе старшыня не ўваходзіў у Прэзідыум ВС і не атрымліваў фіксаванай заработнай платы. Сама камісія не валодала кантрольнымі функцыямі і не мела права заканадаўчай ініцыятывы: фактычна, гэта быў дарадчы орган без істотных паўнамоцтваў. Аднак пад канец 1980-х гадоў пытанне рэабілітацыі незаконна асуджаных стала адной з папулярных у савецкім грамадстве, і яго ўмелая падача дапамагала палітычным сілам павысіць пазнавальнасць, узняць уласны рэйтынг. Відавочна, у выпадку абрання Пазьняка парламенцкая апазіцыя паспрабавала б падвысіць прававы статус той камісіі.

Зянон Пазняк у Вярхоўным Савеце 12-га склікання 1991 год, фота: Уладзімір Сапагоў (1952-2012)

Зянон Пазняк у Вярхоўным Савеце 12-га склікання 1991 год, фота: Уладзімір Сапагоў (1952-2012)


У Вярхоўным Савеце Зянону Пазьняку ўдалося сфармаваць дэпутацкую групу аднадумцаў, якія былі заўсёды разам да канца. Амаль на трыста чалавек у парламенце іх было толькі 28, аднак карыснага яны зрабілі больш, чым усе астатнія. Дастаткова праглядзець архіўныя матэрыялы: на кожны законапраект апазіцыя БНФ прапаноўвала свой. На нечарговай другой сесіі Вярхоўнага Савета ў кастрычніку 1990 года Віктар Ганчар назваў «депутатским подвигом» законапраект апазіцыі БНФ аб уласнасці.
Агітацыйны плакат Зянона Пазьняка, 1994 год. Крыніца: Нацыянальная бібліятэка Рэспублікі Беларусь.

Агітацыйны плакат Зянона Пазьняка, 1994 год. Крыніца: Нацыянальная бібліятэка Рэспублікі Беларусь.

Галоўным ідэолагам БНФ, распрацоўнікам асноўных канцэпцый Беларускага народнага фронту, бясспрэчна, з’яўляўся Пазьняк. У першую чаргу, гэта — бескампрамісны антыкамунізм, варожасць да камуністычнай партыі, непрыманне СССР як нацыянальна-дзяржаўнага ўтварэння, адмова ад марксізму-ленінізму, нарэшце, жорсткая крытыка на адрас заснавальнікаў савецкага ладу, у прыватнасці, Леніна і Сталіна.
 
На працягу 1990–1991 гадоў дэпутацкая група БНФ у Вярхоўным Савеце Беларусі 12-га склікання аформілася як рэальная палітычная сіла. Яе характарызавалі ўласная ідэйная платформа, адмысловыя формы і метады парламенцкай дзейнасці, у тым ліку і заканатворчай. Усё гэта дае падставу трактаваць яе як парламенцкую апазіцыю ў класічным разуменні гэтага тэрміна.

Даследуючы працэсы ў парламенцкай апазіцыі, можна пераканацца, што яна займалася разнапланавай дзейнасцю, спрабуючы паўплываць на большасць у Вярхоўным Савеце. Дэпутацкая група БНФ пад кіраўніцтвам Пазьняка заўсёды «трымала руку на пульсе», аналізавала падзеі, іх прычыны і наступствы. Група брала чынны ўдзел у абмеркаванні ваенных, сацыяльна-эканамічных, інстытуцыйных, кадравых, маладзёжных праблем, як і раней, працавала над Канстытуцыяй, надавала ўвагу барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй…

Перамогі і паразы

І тое, і другое было на жыццёвым і палітычным шляху Пазьняка. Канешне, гэта здабыццё Беларуссю незалежнасці (наданне Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статуса канстытуцыйнага закона 25 жніўня 1991 года і распад СССР). Канешне, гэта зацвярджэнне бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня» ў якасці дзяржаўных сімвалаў — сімвалаў, з якімі сённяшнія беларускія ўлады беспаспяхова змагаюцца 25 гадоў.

Змяніць ход палітычнай гісторыі ўжо незалежнай Беларусі БНФ мог у 1992 годзе. Свае палітычныя і асабістыя надзеі Пазьняк звязваў з рэферэндумам аб датэрміновым роспуску Вярхоўнага Савета 12 склікання і прызначэнні новых выбараў. Прыхільнікі Пазьняка сабралі звыш 350 тысяч подпісаў на карысць рэферэндуму. Аднак 29 кастрычніка 1992 года парламенцкая большасць, што абаперлася на даклад старшыні пастаяннай камісіі па заканадаўстве Дзмітрыя Булахава, адмовілася ад правядзення рэферэндуму.

Адна з неад’емных рысаў Пазьняка — не лавіць кан’юнктуршчыну, казаць толькі тое, што думаеш. Рыса, добрая для чалавека, але дрэнная для палітыка. Напрыклад: няўжо Пазьняк не мог не разумець, што публікацыя яго артыкула «О русском империализме и его опасности» ў студзені 1994 года адштурхне ад БНФ патэнцыяльных выбаршчыкаў? Канешне, разумеў, аднак знайшоў мажлівым выкласці свой пункт погляду, які праз чвэрць стагоддзя цалкам пацвердзіўся. Расія ледзь не разарвала Украіну, а зараз нацэлілася і на Беларусь.

Пазьняк адным з першых угледзеў палітычны папулізм Аляксандра Лукашэнкі і ўсяляк заклікаў не галасаваць за дырэктара саўгаса, лічачы, што гэты чалавек завядзе краіну ў тупік і яшчэ больш прымацуе да Расіі. Прайшлі дзясяцігоддзі — і зараз сам Лукашэнка вымушаны прагаворваць тыя рэчы, якія калісьці казаў Пазьняк: незалежнасць, суверэнітэт, дыверсіфікацыя і іншае.
 Агітацыйная лістоўка Зянона Пазьняка на выбарах у Вярхоўны Савет Беларусі 12 склікання. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

 Агітацыйная лістоўка Зянона Пазьняка на выбарах у Вярхоўны Савет Беларусі 12 склікання. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

Магчыма, лідару БНФ часам не хапала гнуткасці і дыпламатычнасці. Аднак ніхто не сумняваўся ў крыштальнай сумленнасці Зянона Пазьняка, адсутнасці ўсялякіх матэрыяльных мэтаў, калі гаворка ішла пра Беларусь. У далёкім 1992 годзе некаторыя гарачыя галовы (ветэраны і камуністы ў Вярхоўным Савеце) спрабавалі абвінаваціць БНФ у атрыманні амерыканскіх грантаў, аднак гэта было літаральна высмактана з пальца.

Што найбольш за ўсё закідаецца Пазьняку, дык гэта яго эміграцыя ў 1996 годзе. Не трэба, праўда, забывацца, што жыццё — галоўнае ў чалавека. Магчыма, Пазьняк, як чалавек з добрай інтуіцыяй, адчуў для сябе сапраўдную небяспеку. Віктар Ганчар, Юрый Захаранка, Генадзь Карпенка і іншыя, відаць, гэтага не ўсвядомілі, кінулі выклік рэжыму і расплаціліся за гэта жыццём.


Рэдакцыя «Новага Часу» віншуе Зянона Станіслававіча з Днём народзінаў!

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!