Неверагодна! Дзмітрый Кахно апублікаваў сэлфі з… ІЧУ на Акрэсціна!

Тэлевядучы Дзмітрый Кахно апублікаваў сэлфі, якія былі зробленыя ў ІЧУ на Акрэсціна, дзе ён у верасні адбываў адміністрацыйны арышт. Тэлевядоўца назваў здымак сваёй самай экстрэмальнай фатаграфіяй у 2020 годзе.


Сэлфі зроблена праз адтуліну для мацавання файла, у якім ляжалі яго асабістыя рэчы — пярсцёнак, гадзіннік і тэлефон. Дзмітрый сфатаграфаваўся ў момант, калі іх пераводзілі ў камеру іншага блока, перадае REFORM.by.

«Каля 30 чалавек вывелі з камер і паставілі тварам да сцяны. Далі ўсім у рукі асабістыя рэчы і сказалі стаяць, пакуль не аформяць. Уяві, ты без сувязі са светам ўжо 5 сутак і вось у руках у цябе тэлефон, хай і ў файліку, хай за спіною двое канваіраў ходзяць налева-направа, але вось ён — мост, па якім можна прайсці і даць ведаць родным, што ў цябе ўсё ОК. Батарэя ў маім тэлефоне праз 5 дзён яшчэ трымала, празрысты файл дазволіў ўвесці пароль і адкрыць Telegram. А там Надзя. І яна анлайн. Двое хлопцаў (ніколі не забуду вашу дапамогу), што стаялі побач з рукамі за спінамі, стулілі плечы, каб я змог адправіць дадому паведамленне. Ужо не памятаю дакладна, што паспеў напісаць. Нешта накшталт у мяне ўсё ок, люблю, калі ласка, перастань перадаваць цукеркі і печыва — я іх і дома не еў, лепш арэхі і гародніна. А яшчэ абавязкова перадай маску для сну — круглыя суткі гарыць святло», — напісаў ён на сваёй старонцы ў Facebook.

Па словах Дзмітрыя, ён знаходзіўся анлайн каля трох хвілін, у той час як у паўтара метрах ад яго стаяў канваір.

«Але самае цікавае — у гэты момант прыярытэты іншыя. Галоўнае-супакоіць цяжарную жонку, астатняе — пыл», — кажа ён.

Зміцер піша, што зняволеныя ў ізалятары не маюць магчымасці атрымліваць лісты, даходзяць толькі тэлеграмы. Фота такога паслання ён таксама апублікаваў.


Нагадаем, тэлевядучы Дзмітрый Кахно ў чэрвені асудзіў затрыманні людзей каля крамы symbal.by. Праз два тыдні яго знялі з эфіру АНТ, дзе Дзмітрый вёў перадачу «Поспех у прыдачу». У верасні яго і шоўмена Дзяніса Дудзінскага затрымалі і асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту. 15 кастрычніка Дзмітрыя Кахно судзілі другі раз. Ён атрымаў штраф у 25 базавых велічынь (675 рублёў).



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: