Ніл Гілевіч: Калі хочам жыць, павінны ратаваць мову

Сёння Народнаму паэту Беларусі Нілу Гілевічу споўнілася б 88 гадоў. Мы вырашылі ўзгадаць яго інтэрв'ю, зробленае за паўгода да смерці ў 2016-м. Ужо тады Ніл Сымонавіч некалькі гадоў не выходзіў са сваёй кватэры на вуліцы Карла Маркса, але па-ранейшаму сачыў за навінамі, шчыра цікавіўся беларускай літаратурай і палітыкай. І тыя яго думкі ўсё яшчэ актуальныя сёння.
За сваю пенсію былога прафесара БДУ, дэпутата беларускага парламента ён выдаў 23 тамы ўласнага Збору твораў. Аднак праца над спадчынай не была скончаная.

Цягам некалькіх гадоў Ніл Сымонавіч адмаўляў журналістам у інтэрв’ю. Але для прэс-службы Саюза беларускіх пісьменнікаў зрабіў выключэнне.

— Ніл Сымонавіч, вы адзіны Народны паэт Беларусі, старэйшы нацыянальны творца, дзяржаўны дзеяч і палітык. Якою вам бачыцца Беларусь 2015 года, ці адчуваюцца пэўныя змены да лепшага альбо да горшага?

— На вялікі жаль, вясёлага на сённяшні дзень нічога не бачу. Як і раней — і год, і два, і пяць, і дзесяць назад — наша грамадства ці нават, скажам, народ наш, насельніцтва Беларусі далёка не ўсё паднялося да разумення галоўнай задачы, якая стаіць перад намі, перад нашай дзяржавай. Галоўная задача — не дапусціць, каб наша мова і далей гінула так, як яна гіне цяпер. Без усведамлення, што такое мова ў жыцці народа, што такое нацыянальная культура, нацыянальная гісторыя, у народа не можа быць будучыні. Дык вось, на вялікі жаль, гэту ісціну, апрабаваную дзясяткамі народаў на працягу стагоддзяў, у нас разумеюць далёка не ўсе. І таму падымаюць пытанні, патрабуюць вырашаць эканамічныя праблемы, сацыяльныя, экалагічныя і іншыя. Не ўсведамляючы, што паперадзе ўсіх праблем павінна ісці праблема мовы. Сказаў жа некалі першы вялікі, першы народны беларускі паэт Францішак Багушэвіч: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!». Усё! Што ж незразумелага? Калі не хочам памерці, а хочам жыць, значыць, павінны перш за ўсё ратаваць мову. Гэтым не адмаўляючы важнасць рашэння іншых вышэйпералічаных задач. На вялікі жаль, і сёлетняя сітуацыя, і пяць гадоў назад, і дзесяць… Прэтэндэнты на самую высокую пасаду ў нас вось на гэта самае галоўнае забываюцца. Не лічаць самым галоўным. Мяне гэта бязмерна засмучае. Інтэлігенцыя гэта павінна разумець. Канечне, некаторыя з прэтэндэнтаў на правадыра краіны забываюцца па іншых прычынах. Але яны і не з’яўляюцца патрыётамі Беларусі. Іх мала цікавіць лёс Беларусі менавіта як «беларускай Беларусі». Таму лічу, што сёння найпершы абавязак усіх свядомых беларускіх грамадзян — патрыётаў бацькаўшчыны — думаць пра гэта, турбавацца пра гэта. Ну і па меры магчымасцяў дабівацца карэнных пераменаў у гэтых адносінах.

— Апошнія некалькі гадоў назіраецца пэўнае ажыўленне цікавасці да мовы. Адкрываюцца добраахвотніцкія бясплатныя курсы беларускай мовы. І яны ніяк не звязаны з дзяржаўнай адукацыяй. Як вы думаеце, мажліва ў нашых варунках будучыня беларускай мовы за недзяржаўнымі адукацыйнымі праектамі?

— Дык гэта і ёсць сапраўдная прапаганда беларускай мовы. Больш за тое, выхаванне павагі і любові да беларускай мовы, але менавіта не з ласкі дзяржавы. Гэта выдатная падзея, выдатная наша рэалія, што ўтвараюцца такія асяродкі, дзе кожны, хто жадае, можа палепшыць сваё веданне мовы. Гэта архіважна. Я вітаю, як кажуць, у абедзьве рукі тое, што ў нас ёсць такое. Праўда, не ў курсе, ці ёсць падобнае па-за Мінскам?

— Так-так. Ёсць у абласных гарадах і ў некаторых раённых цэнтрах.

— Дык гэтаму толькі радавацца трэба. І пашыра́ць: хай яшчэ больш будзе такіх курсаў, школаў, гурткоў, як ні назавіце. Вось гэта і будзе рост нацыянальнай самасвядомасці. Вось праз гэта мы ўсім народам і дойдзем да разумення таго запавету Багушэвіча. Я вітаю, падтрымліваю, зычу і здароўя і поспехаў у гэтай працы.

— Скажыце, наколькі ўдаецца вам сачыць за новымі кнігамі, за літаратурнай перыёдыкай, наогул за станам сучаснай беларускай літаратуры?

— Я ўжо некалькі разоў сказаў «на вялікі жаль» і яшчэ раз скажу: на вялікі жаль, вельмі мала. Па стане здароўя. У мяне ўвогуле глядзіць толькі адно вока, і тое ўсё слабей і слабей. Мне чытаць вельмі цяжка, сам амаль не чытаю. Вось прыходзіць часам пляменніца, сястра малодшая, чытае. Ну яшчэ прэсу сяк-так перакідаю, хоць загалоўкі, набраныя буйнейшымі літарамі. Таму стараюся больш слухаць радыё. Бывае, што ўвесь вечар і да позняй ночы каля радыё — і нашага афіцыйнага дзяржаўнага, і Радыё Свабода, і іншыя станцыі — каб усё-такі быць у курсе, дзе, што і як адбываецца. Выручаюць і сябры, прыйдуць, раскажуць, абмяняемся думкамі па тым ці іншым пытанні. Я вельмі неабыякавы да таго, што адбываецца ў нашай краіне і ў блізкім свеце. За падзеямі ва Украіне з першага дня выхаду на Майдан я сачыў і сачу, як толькі можна. І вельмі хачу і спадзяюся, што паразумнеюць нарэшце тыя, хто сёння займае не тое што небратэрскую, але недружалюбную пазіцыю ў дачыненні да нашай братняй Украіны. Так нельга, катэгарычна так нельга.

— Цяпер стаўленне беларусаў да Украіны праз расійскія СМІ падзеленае на дзве часткі, два лагеры. Ёсць тыя, хто верыць расійскім навінам і тыя, хто не верыць.

— Натуральна. Мне цяжка сказаць, але я ведаю, што мы падзеленыя на дзве палавіны і, зноў жа «на вялікі жаль», нашмат больш тых, хто падтрымлівае Расію і не перажывае, не хварэе за лёс Украіны. Што хацець, калі наша насельніцтва, у вялікай сваёй частцы, за Беларусь не змагаецца і не перажывае — дык дзе ж ужо там за Украіну! І аднак жа, думаю, я не памыляюся, калі мяркую, што з ліку нашай моладзі ўсё больш і больш тых, хто разумее наш абавязак крэўных братоў, суседзяў украінскага народа суперажываць і, па магчымасці, дапамагаць. Мяне вельмі кранула, што нямала нашых хлопцаў удзельнічала і на Майдане, і ў баях на баку ўкраінскай арміі за незалежную і непадзельную Украіну. З вялікім хваляваннем чытаў пра смерць і пахаванне берасцейскага хлопца Алеся Чаркашына. Вельмі кранула мяне, што столькі людзей сабралася на пахаванне. Узрадавала вестка пра ўрадавую ўзнагароду, дадзеную пасмяротна Міхасю Жызнеўскаму. Гэта і сапраўдныя беларусы, і сапраўдныя сябры братняй Украіны.

— Вы кажаце, што праз радыё і газеты сочыце за грамадска-палітычнай сітуацыяй. Якое ў вас склалася меркаванне наконт чарговых прэзідэнцкіх выбараў, калі можна ўжываць тут гэтае гучнае слова.

— Апошні раз я ўдзельнічаў у выбарах у 1994 годзе. Пасля вельмі хутка зразумеў, што з намі здарылася, з нашай Беларуссю. Выбараў сапраўдных, належных, як ва ўсіх дэмакратычных краінах, не можа быць, пакуль не памяняецца сітуацыя. З павагі да сябе, да свайго разумення, што такое дэмакратыя і абавязкі кіраўнікоў дэмакратычнай краіны, я не хачу прыніжаць сябе і ўдзельнічаць нават намінальна. І на гэты раз, што б ні гаварылі, што б ні абяцалі, усё застанецца як было. Мы павінны былі ісці шляхам, як у найбольш перадавых еўрапейскіх краінах: тэрмін прэзідэнцтва — максімум дзве кадэнцыі. Не больш. А ў нас, бачыце, дваццаць адзін год — адзін і той жа правадыр. Калі гаварыць пра кандыдатаў з апазіцыі…

Я быў перакананы, што сапраўдная апазіцыянерка — Таццяна Караткевіч, але цяпер атрымліваю такія навіны, што не ведаеш, каму верыць. Хочаш не хочаш, атрымліваецца, тыя, хто будзе ўдзельнічаць у выбарах, гэтым самым сваім удзелам працуюць на каўзу аднаго кандыдата. У Еўропе скажуць: балатаваліся ж вы, але не прайшлі, і народ выбраў іншага. А як ён выбера, калі ў яго даўно ніхто не пытае. За дваццаць гадоў хіба не пераканаліся, што сапраўдных выбараў няма?..

— Ніл Сымонавіч, але як змяніць гэтую сітуацыю?

— Адна партыя ці група не зменіць нічога. Толькі Майдан зменіць. Як ва Украіне: быў Януковіч — і няма Януковіча. Выйшаў народ. Таму ўсе свядомыя змагары за беларускую Беларусь павінны рыхтаваць народ. А ён выйдзе тады, калі будзе гэтак жа нацыянальна выхаваны і патрыятычна настроены, як украінскі народ. Нам яшчэ далекавата да гэтага. Бо інакш як выйдзе народ увесь, не дзясяткі нават тысяч, а сотні, калі не разумеюць галоўнай задачы? І думаюць, што я прагаласую за таго, каго я хачу, і ўсё на гэтым. Ну і што? Даўно было сказана: выйграе не той, хто галасуе, а той, хто падлічвае галасы.

Але складаць рукі ў бяздзейнасці і маўчаць нельга. Трэба як мага больш актыўна тлумачыць народу, у чым наша слабасць. Простыя людзі і сёлета спа­дзяюцца, што пасля выбараў зажывуць лепш, багацей. Трэба ж разумець, калі гэта можа адбыцца. Няма іншага шляху, як асветніцтва ў народзе. Помніце, чыталі, як пры цары яшчэ дэмакратычная інтэлігенцыя ставіла задачу асветніцтва сярод масаў. Цёмныя масы могуць узарвацца, але чаго гэтым дасягнуць? Таго, што на змену аднаму дыктатару прыйдзе другі, на змену другому — трэці. Таму колькі ёсць магчымасцяў, хоць яны не такія вялікія, колькі ёсць сілаў, трэба гаварыць з людзьмі, тлумачыць, якім чынам мы можам павярнуць у іншы бок усю сітуацыю. Так як людзі рабілі. Не мы першыя, не мы апошнія.

Глядзіце, найбольш даступны нам прыклад. Возьмем Польшчу. Дзвесце з гакам гадоў назад царская Расія на пару з Прусіяй і Аўстрыяй разарвалі Польшчу. Нават сталіца Польшчы апынулася ў складзе Расійскай імперыі, там быў заснаваны рускі ўніверсітэт, і ўсе найважнейшыя, галоўныя парадкі былі ўсталяваныя гэткія, як і ў Расіі. Але ёсць адно вялікае «але»: польская інтэлігенцыя, а следам за ёю і польскі народ, не адракліся ад польскай мовы. Наадварот, узяліся яшчэ з большым натхненнем выхоўваць нацыянальны польскі патрыятызм. Геніяльны польскі паэт Адам Міцкевіч нарадзіўся, калі Польшча ўжо была ў складзе Расіі. Але ён і яго сучаснікі — і пісьменнікі і навукоўцы — сталі вялікімі патрыётамі, адчуўшы сур’ёзную небяспеку. А таксама зрабілі некалькі спробаў вызваліцца ад прыгнёту. І што? Як толькі наступіў гістарычны момант, 1918 год, уваскрэсла Польшча, атрымала дапамогу ад іншых дзяржаў і настолькі адчула ўнутраныя сілы, што ў наступным годзе пайшла вайной на савецкую Расію. Вось што значыць — не страцілі нацыянальны дух, нацыянальную годнасць, пашану да сваёй польскай культуры і мовы. Цяпер, пасля апошняй вайны, навязаў Іосіф Вісарыёнавіч Польшчы такія ж парадкі, як і для ўсяго сацыялістычнага лагеру. Цярпелі, так, але і пры сацыялістычных парадках як расквітнела польская культура, літаратура, мастацтва. І як падышоў час — і ніякай крамлёўскай апекі. Вазьміце Прыбалтыку: здавалася, так прыдушылі, што далей няма куды. А што мы бачым цяпер? Нам ёсць з каго браць прыклад — з нашых суседзяў.

— Пытанне на астачу: што б вы маглі пажадаць новым пакаленням беларускіх літаратараў і наогул беларускай моладзі? Якою бачыцца вам іх сучаснасць і іх будучыня?

— Нядаўна Барыс Пятровіч прынёс аж шэсць новых кніжачак. З бальшынёю іх аўтараў я не знаёмы. Што выходзіць велічэзная колькасць кніжак маладых, мяне вельмі цешыць. Не важна, што яны ўсе не на тым узроўні, на якім хацелася б бачыць. Так было ва ўсе часы. Ёсць таленавітыя, ёсць вельмі таленавітыя, ёсць, дай Божа, геніі. І ёсць слабейшыя, але не безнадзейныя. Нешта карыснае могуць рабіць — хай робяць! Калі трапляецца зусім пустое графаманства — што ж з таго, гэтак і сто гадоў таму было. Ну, добра, вось шэсць, дзесяць, сто кніжак. Але нават калі палавіна будзе вартая ўвагі — і тое дзякуй Богу. Так што памажы Божа. Канечне, вельмі мала магу я чытаць, а па радыё з той кагорты маладых, якую я хачу пачуць, дзяржрадыё нікога не перадае, а пускае якраз тых, якія мала даюць падстаў ганарыцца. Я вельмі ўзрадаваўся, калі пачуў, што пачалі вяртацца ў наш Саюз беларускіх пісьменнікаў некаторыя таленавітыя людзі. Што яны былі ў праўладным, я не асуджаю. У кожнага малыя дзеці, сям’я, а чым карміць, калі прыгразілі, што паляціш з працы? Што ж, можна змірыцца, але часова. Можна змірыцца, але нельга рабіць подласць, як некаторыя. Падтрымліваць, як Купала казаў, «ворагаў беларушчыны», тым больш заўзятых, лютых ворагаў. У мяне на маладых вялікая-вялікая надзея. Я некалі і верш напісаў «Кліч да беларускай моладзі» і заклікаў не падаць духам. «Не падайце духам, хлопцы, і гнеў не тапіце ў стопцы». Толькі так. Я пры гэтым разважаю, што не можа ўсё насельніцтва, увесь народ да такой ступені страціць розум, каб адмовіцца ад абароны сваёй Бацькаўшчыны. З ліку моладзі ўсё больш і больш тых, хто ўсё разумее. Таму і ходзяць і на курсы беларускай мовы, пішуць на роднай мове, і выдаюць, і чытаюць. Ну, і на мітынгі ідуць. Я надзей не трачу. Я веру. Калі я заклікаў «не падаць духам», дык ясна, што і сам не падаю. Вельмі бывае цяжкі настрой ад усёй брыдоты, якую бачыш, чуеш. Але, як у народзе кажуць, перажылі зіму, перажывём і лета…

Глядзіце таксама: Ніл Гілевіч чытае паэму «Сходка нячысцікаў»

Мяне заўсёды падтрымлівае веданне, як выстаялі народы еўрапейскія, не проста меншыя колькасна за Беларусь, а ў некалькі разоў меншыя. Славенцы квітнеюць. Чарнагорцы, македонцы, славакі, фіны. Нават чэхаў і балгараў менш, чым беларусаў. І трымаюцца, не скардзяцца Богу на свой лёс. Тут можна задушыцца ад крыўды: чаму беларусы нічога не бачаць і не разумеюць? Дзякуй Богу, моладзь пачала разумець, асабліва як стала ездзіць за мяжу.

Будзем аптымістамі, іншага не дадзена. Будзем верыць у нашу праўду, у нашу перамогу.

Гутарыў Ціхан Чарнякевіч


       


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!