Пад вечар на Акрэсціна завозяць новых людзей. Яны прыносяць навіны з волі

Прапануем вам трэццюю частку раповяду Ягора Марціновіча пра яго трое сутак на Акрэсціна.

"Самы галоўны прадмет, якога катастрафічна не хапае на сутках — гадзіннік. На свабодзе пра гэта не надта задумваешся, але без часавай арыентацыі сапраўды складана. Аднак за дзень-два ты выпрацоўваеш устойлівыя рэфлексы.

6.00 — Ціпа пад’ём, у камеры ўключаецца дзённае святло. Натуральна, падскокваць а 6-й ніхто не збіраецца, можна спаць на сняданка. Паколькі з чатырох-пяці чалавек адшукаецца хоць адзін катастрафічны храпун, уначы выспацца складана. Таму стараешся паспаць, пакуль гэты храпун на нагах.


Ураніцы і ўвечары праходзіць праверка.

Пільная — калі ты выходзіш з камеры і стаіш з рукамі за спінай у калідоры, пакуль у камеры ідзе шмон. Я патрапіў толькі на адну такую. Арыштанты стараюцца хуценька раскласці свае рэчы на матрасе, каб іх не вытрасалі з сумак.

Простая — калі ты стаіш у камеры, называюць тваё прозвішча, і трэба адказаць: «Ягор Аляксандравіч, артыкул 188».

Мінімальная — у акенца пытаюцца: «Колькі вас, пяцёра? Ладна, мужыкі, сядзіце роўна».

8.00 — На калідоры загрымеў посуд, значыцца, сняданак ужо блізка. У гэты момант прачынаюцца ўжо ўсе. У акенца выдаюць кашу (звычайна аўсянка без аніякага смаку, палова арыштантаў адразу выкідаюць яе ў дзірку ў падлозе ў туалеце), гіганцкі нясмачны кавалак хлеба (хлеб выкідаць як бы нельга, таму яго складваюць у пакеты, каб пакрываўся цвіллю там) і кубак школьнай салодкай гарбаты (самае карыснае, бо гэта адзіная магчымасць атрымаць за дзень цёплы напой). Усё гэта ў алюмініевым посудзе.

Калі ў каго ёсць што з перадачаў — печыва, шакаладкі, нармальны нарэзаны хлеб з крамы — то яны якраз і ідуць пад гэту гарбату.

Недзе праз хвілін 20-30 забіраюць посуд. Ты павінен памыць яго і вярнуць у акенца.

Паелі — можна яшчэ паспаць альбо пачытаць кнігу. Нармальнага чытва катастрафічна не хапае. У нумары «Нашай Гісторыі» быў артыкул пра гета ў Венецыі, дык панарамны здымак Венецыі я разглядваў, можа, з гадзіну. Каб яшчэ нейкія яркія часопісы кшталту «Geo» ці «Вакол свету», дык цаны б ім не было. Усё, што дазваляе перанесці ў думках з камеры ў экзатычны свет, выклікае захапленне. А вось філасофскія кнігі чытаць не хочацца, настрой зусім не такі.

Кажуць, камусьці перадаюць сканворды, але асадку і аловак не прапускаюць. То і сэнсу няма.


На працягу дня цябе могуць разок паклікаць на допыт на ніжні паверх, а можаш і праляжаць увесь дзень без мэты.

Часам кагосьці вывозяць на следчыя дзеянні ў горад, чалавек можа ўжо і не вярнуцца ў камеру. Калі выводзяць «з рэчамі», то на вызваленае месца можа перасяліцца хтосьці з менш камфотных нараў.
Тэарэтычна павінна быць прагулка, але я ніводнага выхаду на свежае паветра не дабіўся. «Няма магчымасці».

15.00-15.30 — Зноў грыміць посуд, а значыцца, пацаны, мы адседзелі яшчэ палову дня!
На абед даюць паскудны суп пад кодавай назвай «рассольнік». У ім можа быць накідана ўсё што хочаш — хоць пярлоўка, хоць макароны, хоць бульба. Бульбу можна і вылавіць, дарэчы. На другое — нармальны набор з рыса ці макаронаў і курынай ці рыбнай катлеты, можна есці. У дадатак ідзе халодны кампот альбо кісель і зноў шматок хлеба.

У прынцыпе, на абед наедак нармальны, ніхто не скардзіцца.

18.00-19.30 — З вячэрай бяда такая, што яе нясуць занадта хутка пасля абеда, ніхто не паспявае прагаладацца. І гэта тая самая ежа, што на абед, толькі без вадкасцяў — ні супа, ні кампота. Затое зноў хлеб! Рэальна за дзень набягае грамаў 500 хлеба на чалавека. Не бачыў ніводнага чалавека, хто з’ядаў бы хоць палову.

Пад вечар звычайна завозяць новых людзей. Некаторыя з іх прасядзелі галоднымі палову дня ў аддзяленні міліцыі, на вячэру ў Акрэсціна яны ўжо не паспелі. Таму ім прапануюць што-небудзь пад’есці. Як мінімум хлеб ёсць заўсёды. Людзі прыносяць навіны са свабоды — колькі чалавек выйшла на пратэсты, у якіх раёнах адбываліся сутычкі. Усе слухаюць захоплена, бо іншай магчымасці атрымаць інфармацыю няма.

22.00 — Адбой. Дзённае святло выключаецца, а ўзамен урубаюць пражэктар на сцяне. Ён не перашкаджае тым, хто спіць на ніжніх нарах, але ўверсе ад яго ўратавацца немагчыма. У ход ідуць маскі, капюшоны — хоць што, каб нармальна закрыць вочы ад святла. Задача — заснуць раней за галоўнага храпуна.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: