«Пайшоў вал кліентаў»: у Смаргонях асуджанага на «хімію» прадпрымальніка завалілі замовамі

Індывідуальнага прадпрымальніка са Смаргоняў Рамуальда Улана на мінулым тыдні асудзілі на 2,5 года так званай «хіміі». Пазоў на падставе артыкула 188 Крымінальнага кодэксу (паклёп) падала група мясцовых міліцыянтаў. Вырак агучыў суддзя Сяргей Боландзь.


Пракурор Андрэй Клышэвіч прасіў тэрмін на паўгода большы. Акрамя таго, абвінавачаны мусіць сплаціць буйныя сумы пацярпелым за «маральныя пакуты» і значную судовую пошліну. Пра Рамуальда Улана расказвае Радыё Свабода.


«Гэта помста за актыўную грамадзянскую пазіцыю»

55-гадовы Рамуальд Улан — фігура для Смаргоншчыны знакавая. У сярэдзіне 1990-х ён быў сярод першапраходцаў, якія пачалі развіваць у рэгіёнах незалежную прэсу. Яго «Новая газета Смаргоні» хутка набрала папулярнасць і ўтрая абышла па накладзе дзяржаўную раёнку «Светлы шлях». На хвалі пазнавальнасці яго абралі ў мясцовы савет народных дэпутатаў.

У 2005 годзе незалежнае выданне задушылі эканамічна, а новаспечанага дэпутата неўзабаве пазбавілі паўнамоцтваў. Пра лепшыя часы цяпер нагадвае толькі абабіты сайдынгам дамок на пачатку прыватнага сектару — з лагатыпам знішчанай газеты. На сценах — беларускія і міжнародныя дыпломы за колішнія заслугі ў распаўсюдзе вольнага слова.

Пасля вымушанай змены спецыялізацыі Рамуальд Улан арганізаваў тут друкарска-тэхнічны цэнтр: зараджае картрыджы, раздрукоўвае фотаздымкі, наносіць прынты на майкі і посуд, рэалізуе канцылярскія прылады і сувеніры з нацыянальнай сімволікай. На адсутнасць кліентаў не наракае: некаторымі паслугамі, як дызайн і выраб візітовак, у горадзе займаецца толькі ён.

На пачатку мінулай восені дзейнасць прадпрымальніка аказалася паралізаванай. У офіс з ператрусам прыйшлі сілавікі, якія ў якасці рэчавых доказаў забралі блізу паўтара дзясятка адзінак тэхнікі. Падставай стала крымінальная справа за «паклёп» супраць мясцовых праваахоўнікаў.


Пасля драматычных падзеяў жніўня ў Смаргонях з’явіліся ўлёткі з асабістымі дадзенымі міліцыянтаў, якія, сцвярджаў невядомы, ілжэсведчаць на судах супраць актывістаў. Рамуальд сфатаграфаваў тыя паперкі і размясціў фота «ВКантакце» пад каментарамі ў гарадской суполцы «Чуткі Смаргоняў».

Сямёра міліцыянтаў, якія там фігуравалі, падалі ў суд. Тое, што ён займаецца паслугамі друку, стала асноўным абгрунтаваннем датычнасці да тыражавання «паклёпніцкіх звестак».

Пракуратура, якая месціцца літаральна вакно ў вакно з офісам Улана, запатрабавала для абвінавачанага 3 гады «хіміі» (не хатняй). Суддзя скараціў тэрмін на паўгода. Акрамя таго, асуджаны мусіць сплаціць па 300 рублёў міліцыянтам Уласенку, Замару, Кавязу, Ражко. І яшчэ па 500 — Ткачову, Караваю, Малчанаву. А таксама пошліну 609 рублёў.

«Гэта жах, — рэагуе суразмоўца на вырак. — На пачатку справы ўсе казалі: “Рамуальд, не турбуйся, больш як на штраф не цягне”. Я і сам сябе так суцяшаў, бо ў якасці асноўнага пакарання прапісанае якраз грашовае спагнанне. Вядома, заплаціш немалую суму, але ўсё ж можна выкруціцца, маючы крыніцу прыбытку. Дый людзі дапамагаюць, у бядзе не кідаюць. Але калі пракурор запрасіў максімальную санкцыю — тры гады абмежавання з накіраваннем у папраўчую ўстанову — быў шок. Несумненна, гэта помста за маю актыўную грамадзянскую пазіцыю, якой я ніколі не хаваў».

Пакуль прадпрымальнік адбіваў атакі ў судзе, неабыякавыя смаргонцы неслі ў будынак на адрас Танкавая, 8 тэхніку, кампутары, паперу, каб фірма Ўлана магла працягваць дзейнасць.


«Міліцыянты перадавалі, што яны закладнікі сістэмы»

У Смаргонях жывуць блізу 40 тысяч чалавек. Згубіцца амаль немагчыма, асабліва калі служыш у праваахоўных органах або прыкметны прадпрымальнік. Як кажа Рамуальд Улан, да мінулага году сілавікі былі частымі наведнікамі яго канторы — балазе і пракуратура, і міліцыя ў крокавай даступнасці. Але як суіснаваць цяпер?

«Картрыджы запраўлялі, з інспекцыі непаўналетніх неслі раздрукоўкі, нават бэйджыкі замаўлялі на выдачу табельнай зброі. А як глядзець у вочы сёння?.. На пасяджэннях сілавікі сядзелі моўчкі, з апушчанымі галовамі. Больш шчыравалі начальнікі, маглі па 3–4 сказы звязаць, не толькі “так” ці “не”. Ну, і праз знаёмых тых міліцыянтаў мне потым перадавалі, што іх прымушаюць, яны закладнікі сістэмы... Я спачатку рэагаваў эмацыйна: дык, можа, варта памяняць прафесію, каб пачаць сябе паважаць? Але калі 10-15 гадоў адпрацаваў у аддзяленні і больш нічога не ўмееш, чаго яшчэ чакаць?»


Паводле Рамуальда Улана, тым часам жарсці разгарэліся ў чаце «Чуткі Смаргоняў», які і даў нагоду да крымінальнай справы: ідэйныя «ябацькі» запатрабавалі выключыць яго з суполкі.

«Гэта самая буйная суполка пра жыццё Смаргоняў, я таксама актыўны яе ўдзельнік. Там сапраўдная віртуальная сеча, бо на мясцовыя тэмы посцяць і так званыя “ябацькі”. Натуральна, шмат хто выказваецца пра палітыку, а ў лукашыстаў любая крытыка выклікае прыступ шаленства. Калі завялі крымінальную справу, “рашэннем групы” нават спрабавалі мяне адтуль выдаліць. Наладзілі галасаванне, аднак толькі 17% тую прапанову падтрымалі. Астатнія 83% паўтарылі тэзіс, што ў дыскусіі нараджаецца ісціна. Каму гэта не пасуе, уключайце БТ, вось дзе рай для “застабілаў”», — кажа Рамуальд Улан.

Згодна з пратаколам вобшуку, у офісе прадпрымальніка забралі 13 «таварных пазіцый»: прынтары, сістэмныя блокі, тэлефоны, флэшкі… Нягледзячы на вынесены прысуд, некаторыя рэчавыя доказы вярнуць ужо не ўдасца. Напрыклад, галоўную «зброю злачынства» — кампутар з носьбітамі інфармацыі. Таксама пад гарантыі сплаты прысуджаных сумаў арыштавалі аўтамабіль.

 «Судовым рашэннем ПЭВМ канфіскуецца ў даход дзяржавы — гаворка пра персанальны кампутар і манітор. Хоць з такой логікай хутка і мэблю пачнуць забіраць, на якой абсталяванне стаяла, і дом, дзе ўчынялася “злачынства”. А ў мяне там усе напрацоўкі за апошнія 15 гадоў — як зачынілі газету, і мы ад 2006-га распачалі новую дзейнасць. З архіву можна было ўсё хутка падняць — тыя ж візітоўкі — толькі адкарэктаваць дадзеныя. Плюс айцішнік, які пазычыў кампутар яшчэ ў верасні, пасля ператрусу і канфіскацыі, намякнуў, што ў яго таксама стаіць праца. Трэба вяртаць, і так моцна дапамог».


«Ва ўмовах беззаконня рыхтуюся да горшага»

Абарона Рамуальда Улана рыхтуецца абскардзіць прысуд. Але з улікам арыентаванасці сістэмы на тое, каб паказальна пакараць усіх «парушальнікаў спакою», у поспех апеляцыі ён не верыць. Паралельна думае, як захаваць справу на выпадак вымушанай адсутнасці. «Безумоўна, рашэнне абскардзім. Але ж ведаеце, якая сітуацыя з правасуддзем у краіне, абсалютна мізерная імавернасць, што зменяць прысуд або накіруюць справу на новы разгляд. Таму рыхтуемся да горшага сцэнару, то бок да рэальнай “хіміі”. Паўстала яшчэ задача перадаць справу ў надзейныя рукі, бо шмат нюансаў нават на ўзроўні таго, каб не страціць пастаўшчыкоў кубкаў, календароў, маек. Зноў жа, тэхнічныя тонкасці з друкам, рамонтам абсталявання і г.д. Жонка будзе працаваць на паўстаўкі, каб працэс не спыняўся. Пастараюся закрыць яшчэ некалькі пазіцый».

Рамуальд Улан не бярэцца прадказаць, куды яго размяркуе пенітэнцыярная сістэма. Адно ведае, што бліжэйшыя ад Смаргоні месцы абмежавання волі скасаваныя.

«Паколькі з дзясятак такіх месцаў па Беларусі, можна апынуцца дзе заўгодна. Бліжэйшыя былі ў Мароськах пад Маладзечнам і каля Ашмянаў — праўда, кажуць, ужо пазачыняліся. Ведаю, што адпраўляюць у Мінск, цэлыя каманды “хімікаў” на МАЗе працуюць, адна ўстанова якраз насупраць, на вуліцы Сацыялістычнай... У любым выпадку складана ўсвядоміць, што ў 55 гадоў можна пацярпець за тое, чаго не ўчыняў. Асабіста я ўспрымаю гэта як непрыхаваны палітычны ціск. Узялі на кручок і цяпер раскручваюць, каб максімальна выціснуць з гэтай справы».


Паводле суразмоўцы, пра замоўны характар сведчыць хуткасць, з якой яго асудзілі, і фактычна максімальнае з магчымых пакаранняў. Нездарма дзясяткі людзей, якія сабраліся 5 студзеня ў судовай залі, сустрэлі вырак гучным скандаваннем: «Ганьба!».

«Прынеслі ў ахвяру, бо так і не знайшлі, хто тыя ўлёткі вырабляў, клеіў. Справа заведзеная, але, мяркую, яна патоне ў следчых кабінетах. Аказаўся вінаваты толькі ў тым, што адлюстраваў факт на старонках пабліка “Чуткі Смаргоняў” — падліў алею ў агонь. Трэба прызнаць, рэзананс быў вельмі моцны, у дзень з’яўлення ўлётак горад літаральна гудзеў. Надзвычай смелы ўчынак мясцовых партызанаў, якія апублікавалі дадзеныя міліцыянтаў. Прынамсі на тым этапе інфармацыйнай вайны супраць ахоўнікаў рэжыму ўдар быў нанесены балючы. У невялікім горадзе, дзе ўсе на віду, гэта сапраўды мела эфект бомбы».


«Наўмысна выціскаюць, каб не ўплываў на настроі людзей»

Тым часам паплечнікі Рамуальда Улана распачалі збор подпісаў у падтрымку чалавека, які, на іх перакананне, за тры дзясяткі гадоў плённай працы на карысць гораду варты месца на дошцы гонару — яна якраз за паўсотні метраў, пад райвыканкамам. Замест гэтага яму абмяжоўваюць волю.

«Я ўдзячны нашым людзям за салідарнасць, спадзяюся, такі добры шлейф памяці пра “Новую газету Смаргоні”. У маштабах рэгіёну гэта было, без перабольшвання, уплывовае выданне, мы давалі выказацца ўсім бакам, каб была аб’ектыўная інфармацыя. А паколькі я стаяў ля вытокаў праекту, мяне з ім асацыююць, лагічная і падтрымка. Бо бачаць, што мая пазіцыя не змянілася: і публічна, і ў сацсетках я адкрыта выказваю нязгоду з фальсіфікацыямі, гвалтам сілавікоў. Адпаведна, улады робяць усё, каб не было незалежнага, праўдзівага голасу. Ну, і вось такімі карнымі метадамі выціскаюць мяне, каб не ўплываў на настроі гараджанаў».


Нягледзячы на працяглыя выходныя, у офісе Рамуальда Улана шматлюдна — ён працуе штодня. Наведнікі ў размовах прызнаюцца, што маглі б зрабіць ксеракопію на пошце ці ў бібліятэцы, дзе паслуга на капейку таннейшая, але адмыслова ідуць, каб дапамагчы земляку ў складаны перыяд.

«І гэта расчульвае да слёз. Наваліліся значныя выдаткі: пад 3 тысячы за «маральныя пакуты» адным толькі міліцыянтам, больш за 600 рублёў судовая пошліна. Цяпер ужо зразумела, што не вернуць кампутар, неабходна купляць новы. Дзякуй богу, калі кінуў кліч дапамагчы з загрузкай і замаўляць паслугі, пайшоў вал кліентаў. Неймаверна ўзрушаны неабыякавасцю і дапамогай. Шчыра скажу: пасля суду не чуў ніводнага крытычнага водгуку на свой адрас. Хоць не: як закруцілася гісторыя з улёткамі, прыходзіла пажылая жанчына, лаялася, абараняла міліцыянтаў. А больш нікога, хто б заявіў: «Раман, ты не маеш рацыі». Наадварот: «Мы за цябе, разумеем, за што змагаесся і чаму саджаюць».

Зрэшты, з афармленнем статусу фігуранта крымінальнай справы актывізаваліся і рознага кшталту кантралёры — падаткоўцы, пажарныя, санэпідэмстанцыя. «Супадзенне? Не думаю», — жартам цытуе суразмоўца расійскага тэлепрапагандыста.

«Падатковая запатрабавала тлумачэння крыніцы даходу за 2010–2013 гады, — паказвае ён “ліст шчасьця”. — Мушу згадаць, якую 10 гадоў таму машыну прадаў, які атрымаў прыбытак. Як і з пажарнымі: у канцы таго году даслалі прадпісанне аж з 16 пунктаў. Так, стаяў вогнетушыцель 2003 году выпуску. Гэта якраз пік супрацьстаяння па газеце, калі нас пачалі кашмарыць і ў 2005-м даціснулі. Але 17 гадоў не прыходзілі! А пачалося следства, тут жа з’явіліся. Ну, і санэпідэмслужба, куды без іх. Балазе, адчапіліся, як паставілі дазатары, вывесілі аб’явы пра маскі. Таму скажу так: першая хваля рэпрэсій накрыла мяне ў першай палове нулявых, а 2020-ы азнаменаваў сабой другую».

***

Рамуальд Улан нарадзіўся ў 1965 годзе ў вёсцы Гелюны на Астравеччыне. Скончыў механіка-матэматычны факультэт Белдзяржунівэрсітэту, працаваў сістэмным праграмістам у смаргонскай філіі «Прыёрбанку». У 1996-м заснаваў незалежную «Новую газэту Смаргоні».

Пасля ліквідацыі ўладамі выдання ў 2005 годзе пераарыентаваўся на друкарскія паслугі. Сёлета 5 студзеня суд Смаргонскага раёну пакараў прадпрымальніка 2,5 гадамі абмежавання волі за нібыта «паклёп» на супрацоўнікаў міліцыі. У абвінавачанага ёсць месяц, каб абскардзіць вырак.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: