Пайшоў з жыцця кампазітар Алег Молчан

Сёння на 55-м годзе жыцця пасля працяглай хваробы памёр выдатны беларускі кампазітар-песеннік Алег Молчан. Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве культуры.
Алег Молчан

Алег Молчан

Алег Молчан скончыў сярэднюю спецыяльную музычную школу пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, вучыўся ў кансерваторыі па класе кампазіцыі.

З 1987 году ён працаваў у Беларускай дзяржаўнай філармоніі, складаў песні і песенныя цыклы для салістаў Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі, харавых калектываў і вакальных ансамбляў. Міжнароднае прызнанне здабыў у перыяд супрацоўніцтва з ансамблем «Песняры» і яго мастацкім кіраўніком, народным артыстам Беларусі Уладзімірам Мулявіным, які высока цаніў талент кампазітара і адмыслова для яго ўвёў пасаду музычнага кіраўніка ансамбля.

Для «Песняроў» Алег Молчан напісаў песенныя цыклы «Вянок», «Ave Solе, Або Словы Скарыны» і мноства папулярных песень: «Стася», «Маргарыта», «Мілая жанчына», «Падмані мяне», «Кума», «Юнацтва» і іншыя.

Сапраўдным духоўным гімнам Беларусі стала песня Алега Моўчана на вершы Янкі Купалы «Малітва», якая ўпершыню прагучала ў выкананні Уладзіміра Мулявіна, а затым неаднаразова выконвалася на самых ўрачыстых і важных дзяржаўных мерапрыемствах, у тым ліку падчас акцыі «Малітва за Беларусь» у 2015 годзе.

zviazda.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!