Пайшоў з жыцця Васіль Якавенка

Не стала беларускага пісьменніка, грамадскага дзеяча, эколага Васіля Якавенкі. Пра гэта паведаміў яго ўнук Ян Мачульскі.
Васіль Якавенка, фота Радыё Свабода

Васіль Якавенка, фота Радыё Свабода

Васіль Якавенка нарадзіўся 5 мая 1936 года ў вёсцы Пажыхар былога Васілевіцкага, цяпер Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці, у сялянскай сям'і.

У 1980-я гады актыўна выступаў супраць вялікага меліярацыйнага праекта абвалавання і спрамлення рэчышча Прыпяці, асушэння яе шырокай поймы, што пагражала Беларусі пустыняй. У выніку праект меліярацыі поймы Прыпяці быў скасаваны, і адсюль пайшоў паварот да новай нацыянальнай палітыкі ў меліярацыі.

Васіль Якавенка заснаваў ГА Беларускі сацыяльна-экалагічны саюз «Чарнобыль» і актыўна ўдзельнічаў у раскрыцці наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. У 1991 годзе стварыў і рэдагаваў да 1996 года сацыяльна-экалагічную газету «НАБАТ», якая карысталася сталым поспехам і падтрымкай далёка за межамі Беларусі.

Быў каардынатарам грамадзянскай ініцыятывы «Інстытут нацыянальнай памяці». У 2007 годзе рэдагаваў грамадскі бюлетэнь «Рэха ГУЛАГу». Ён актыўна выступаў з эсэ і публіцыстычнымі артыкуламі па пытаннях нацыянальнай беларускай спадчыны. Прапагандаваў этнакультурнае і нацыянальнае развіццё ў палітычным жыцці краіны.

У 1994 годдзе Васіль Якавенка стаў лаўрэатам альтэрнатыўнай Міжнароднай літаратурнай прэміі імя Ф.Нансена, а ў 2016 быў узнагороджаны медалём Францыска Скарыны.

Яго пяру належыць такія кнігі як “Крушэнне на ростані”, “Надлом”, “Прывіды Шанхая над Свіслаччу”, гістарычны раман “Надлом”, трылогія “Пакутны век”.


«Новы час» смуткуе з нагоды смерці Васіля Якавенкі і выказывае шчырыя спачуванні яго родным і блізкім.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • А.Бубала
  • 2018-01-23 18:53:53
У Васіля Якавенкі варта б павучыцца грамадзянскай смеласці шмат каму з пісьменнікаў і палітыкаў. Ён паслядоўна адстойваў свае перакананні. Ягоны ўнёсак у скарбніцу беларускай прышласці неаспрэчны.