Пайшоў з жыцця змагар з русіфікацыяй беларускай мовы Павел Сцяцко

Нядаўна, 5 сакавіка, Павел Уладзіміравіч адзначыў сваё 90-годдзе. Апошнім часам ён цяжка хварэў, перанёс складаную аперацыю, піша Радыё Свабода.
Пайшоў з жыцця доктар філалагічных навук, прафесар Павел Сцяцко.

Пра смець выбітнага мовазнаўцы Свабодзе паведаміў кіраўнік Гродзенскай філіі Саюзу беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка.

Развітанне, паводле папярэдніх планаў, пройдзе 26 сакавіка ў рытуальнай зале ў Гродне на вуліцы Касманаўтаў аб 11-й гадзіне. Чакаюць дачку, якая жыве ў Вільні і з прычыны закрытых межаў мае выканаць шэраг адміністрацыйных працэдураў.

5 сакавіка Павел Уладзіміравіч адзначыў сваё 90-годдзе. Апошнім часам ён цяжка хварэў, перанёс складаную аперацыю.

Да смерці знаходзіўся ў аддзяленні сястрынскага догляду пры лякарні аграгарадка Азёры пад Гродна.

Павел Сцяцко нарадзіўся ў 1930 годзе ў вёсцы Грабава Зэльвенскага раёна. Скончыў літаратурны факультэт, аддзяленне беларускай мовы і літаратуры Гродзенскага педагагічнага інстытуту. Абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму лексікі гаворак Зэльвенскага раёна. Выкладаў у Мінскім педагагічным інстытуце на кафедры беларускай мовы. Загадваў кафедрай расійскага, агульнага і славянскага мовазнаўства Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэту. Пазней зноў у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце, на кафедры польскай філалогіі, з ліпеня 1990 года ўзначаліў кафедру беларускай культуры. Удзельнічаў у стварэнні першага ў Беларусі факультэту беларускай філалогіі і культуры, пазней узначаліў кафедру беларускага і тэарэтычнага мовазнаўства.

Мае больш за 600 апублікаваных працаў, у тым ліку больш за 30 кніг.

Рэдакцыя «Новага Часу» смуткуе і выказвае шчырыя спачуванні блізкім Паўла Уладзіміравіча.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: