Памяці Юрыя Тэпера — шахматыста і лепшага бібліятэкара

Пасля ўпартай барацьбы з COVID-19 пайшоў з жыцця Юрый Якаўлевіч Тэпер. Больш за 40 гадоў адпрацаваў ён у бібліятэцы, а пенсіі так і не ўбачыў... «Затое» ў 2018-м быў прызнаны лепшым бібліятэкарам педуніверсітэта.
Юрый Тэпер.2019 г. Фота з https://belisrael.info


Яго сапраўды цанілі і ва ўніверсітэце, дзе ён трэніраваў студэнтаў-шахматыстаў, і ў іудзейскай абшчыне на вул. Даўмана, якую Юрый Тэпер шмат гадоў наведваў.

ЮрыйТэпер не быў гросмайстрам, але гуляў даволі моцна (кандыдат у майстры, віцэ-чэмпіён Мінска 2001-га па звычайных шахматах; майстар спорту па гексаганальных — «польскіх» — шахматах) і праявіў сябе як знаўца шахматнай мінуўшчыны Беларусі, аўтар дзясяткаў цікавых матэрыялаў. Многія з іх даступныя ў сеціве.

Даследчык супрацоўнічаў з газетамі «Настаўнік», «Во славу Родины», часопісамі «Мишпоха», «Шахматы-плюс» і інш. Артыкул пра Гары Каспарава Юрый Тэпер падрыхтаваў у 2003 годзе па просьбе рэдактара часопіса «Шахматы» (Мінск), а потым крыху дапрацаваў.

Асабістае першынство супрацоўнікаў педагагічнага інстытута, Мінск, снежань 1979 г. Ю. Тэпер стаіць другі справа. Фота з https://belisrael.info

Асабістае першынство супрацоўнікаў педагагічнага інстытута, Мінск, снежань 1979 г. Ю. Тэпер стаіць другі справа. Фота з https://belisrael.info


Гары Каспараў у Мінску

Юрый ТЭПЕР

Цяжка знайсці ў сучасным свеце чалавека, які б нічога не ведаў пра Гары Каспарава. Адны аматары шахмат захапляюцца яго фенаменальнымі спартыўнымі дасягненнямі на працягу чвэрці стагоддзя, для другіх Каспараў — спалучэнне «Алехіна і Таля», а яго партыі – эталон бліскучай камбінацыйнай гульні, трэція, аддаючы належнае яго генію, папракаюць трынаццатага чэмпіёна свету за цяперашні хаос у шахматным свеце, да якога спрычыніўся Гары. Пры гэтым абыякавых да Каспарава папросту няма. Тым болей дзіўна, што 40-гадовы юбілей Гары Кімавіча ў красавіку 2003 г. апынуўся па-за ўвагай нашай прэсы. Ці не значыць гэта, што Каспараў не цікавы для публікі? А можа, пра яго ўжо ўсё напісана? Не думаю. Мне хацелася б нагадаць пра візіты Г. Каспарава ў беларускую сталіцу.

Першы прыезд 14-гадовага Гарыка ў Мінск у студзені-лютым 1978 г. быў звязаны з яго ўдзелам у Мемарыяле Сакольскага. Атрымаць права гуляць у гэтым турніры бакінцу было няпроста. Мемарыялы Аляксея Паўлавіча Сакольскага – вядомага майстра, трэнера і тэарэтыка – ладзіліся ў Мінску з 1970 г. і мелі дзве асноўныя мэты: 1) даць беларускім майстрам магчымасць папрактыкавацца перад усесаюзнымі спаборніцтвамі; 2) дазволіць беларускім кандыдатам у майстры выканаць майстарскую норму. Зыходзячы з гэтага, на Мемарыял запрашаліся майстры альбо гросмайстры з іншых саюзных рэспублік. Каспараў, хоць і стаў ужо двойчы чэмпіёнам СССР сярод юнакоў (у 1976 і 1977 гг.), звання майстра фармальна яшчэ не меў, а таму, з гледзішча арганізатараў – беларускага спартыўнага таварыства «Спартак» і рэспубліканскай шахматнай федэрацыі – не ўяўляў цікавасці. Сапраўды, якая карысць ад прыцягнення «чужых» кандыдатаў у майстры – «што ў нас, сваіх не хапае?» (гэтую рэпліку цытуюць складальнікі зборніка «Мемориалы Сокольского»). У той жа час Каспараву неабходна было як мага хутчэй стаць майстрам спорту для паскарэння сваёй шахматнай кар'еры. Нямала намаганняў спатрэбілася М. М. Батвінніку, каб яго выхаванец усё ж такі быў уключаны ў турнір – на правах майстра.

Мемарыял Сакольскага 1978 года сабраў даволі моцны склад: акрамя беларускай «шахматнай гвардыі» – В. Купрэйчыка, А. Капенгута, В. Дыдышкі, Я. Мачалава, С. Юферава, М. Шарашэўскага і інш., у турніры гулялі малдаўскі гросмайстар А. Луцікаў і моцныя майстры Я. Клован (Рыга) і А. Захараў (Растоў-на-Доне). Здавалася, у 14-гадовага падлетка няма шанцаў на поспех сярод гэтага суквецця майстроў. Аб стаўленні гульцоў да «хлапчука» напярэдадні турніру можна судзіць з аповеду мінскага аматара шахмат, які размаўляў з Міхаілам Шарашэўскім. Гэты майстар не без долі снабізму гаварыў аб Каспараве: «Нам яго навязвае Масква, не сварыцца ж з ёй з-за хлопчыка. Няхай едзе, павучым яго гуляць. Магчыма, набярэ ачкі 3, а мо 3,5 – наступным разам згуляе лепей». Не ведаю, ці ўсе майстры так разважалі, але выйшла якраз наадварот. Пасля таго як у трэцім туры Шарашэўскі, адмовіўшыся ад нічыі, прайграў маладому бакінцу, ён сказаў літаральна наступнае: «Гэта будучы чэмпіён свету!». А параўноўваць слыннаму мінскаму трэнеру было з кім: у канцы 60-х гг. ён, у складзе юнацкай зборнай БССР, гуляў з А. Карпавым…

Гары Каспараў у Мінску, снежань 1979 г. Фота з https://belisrael.info

Гары Каспараў у Мінску, снежань 1979 г. Фота з https://belisrael.info

Анатоль Карпаў


Пасля трох тураў Каспараў меў 3 ачкі. На старце ён перамог чэмпіёна Узброеных сіл Сяргея Юферава, у другім туры – майстра Абрама Ройзмана. Гонар беларускіх шахмат здолелі абараніць Вячаслаў Дыдышка, які перамог «непачцівага» госця ў 4-м туры, і Яўген Мачалаў, які перапыніў Гары перад фінішам. Калі ўдзельнікі турніру хутка зразумелі, з кім маюць справу, то заўзятары гэтак хутка «перабудавацца» не маглі. Пачаліся нават скаргі: «напэўна, беларусы зусім развучыліся гуляць, калі майстры не даюць рады хлопчыку». Міжнародны майстар Яніс Клован крыху супакоіў «скаржнікаў»: «Гэты хлопчык яшчэ сябе пакажа».

У кнізе «Безлімітны паядынак» Каспараў піша: «Удалося перамагчы некалькіх вядомых майстроў, але адной нічыі з кандыдатам у майстры дараваць сабе дагэтуль не магу. У мяне была начыста выйграная пазіцыя, але тут да мяне падышоў Альберт Капенгут, знаны беларускі трэнер, і сказаў, што ў гатэлі мяне чакае кніга "Граф Монтэ-Крыста". Я так узрадаваўся, што адразу ж памыліўся». Такім чынам, Каспараў упусціў выйгрыш і партыя скончылася ўнічыю. У «гістарычнай партыі» Каспараву супрацьстаяў Валерый Смірноў, пазней – міжнародны майстар.

Нічога дзіўнага, што майстарскую норму Каспараў урэшце выканаў і перавыканаў. Пытанне было ў тым, ці пераможа ён у турніры. Адзіным удзельнікам, што кінуў пальчатку каўказскаму госцю, стаў шматгадовы лідэр беларускіх шахматыстаў, гросмайстар Віктар Купрэйчык, які адставаў ад Каспарава толькі на паўачка перад апошнім турам. Да таго ж апанентам Купрэйчыка быў аўтсайдэр А. Любошыц (урэшце ён і прайграў), а Каспараву супрацьстаяў гросмайстар Луцікаў. Працытуем яшчэ раз Гары: «Каб стаць аднаасобным лідарам, я мусіў перамагчы Анатоля Луцікава. Лёгка сказаць – “перамагчы". А калі гэта першая ў жыцці сустрэча з гросмайстарам (сеансы не залічваюцца)? Аднак, як кажуць, навічкам шанцуе».

Выйграўшы ў Луцікава, Каспараў выйграў і першы ў сваім жыцці дарослы турнір. Як пісаў М. Батвіннік: «Гэта быў найвялікшы поспех, якога калі-небудзь дабіваўся юны шахматыст у Савецкім Саюзе». Мне добра запомніўся эпізод па завяршэнні турніру. Шчаслівы пераможца накіраваўся са сцэны старога шахматнага клуба па вул. З. Бядулі ў залу. Мама абняла героя, як мне падалося, добра адрэпеціраваным жэстам, пацалавала яго і яны ўдвух пайшлі да выхаду.

Хутка мінулі паўтара года, і вось ужо Гары выступае ў Мінску другім разам – на 47-м чэмпіянаце СССР у снежні 1979 г. За гэты час былы кандыдат у майстры перамог ва ўсесаюзным адборачным турніры (Даўгаўпілс, лета 1978 г.), заняў 9-е месца ў чэмпіянаце СССР 1978 г. (Тбілісі, снежань 1978 г.), выйшаў першым у міжнародным турніры ў Югаславіі (Баня-Лука), дзе набраў 11,5 ачкоў у 15 партыях, выканаўшы норму міжнароднага майстра, а «заадно» і гросмайстарскага бала. З усяго было відаць, што таленавіты і працаздольны юнак з Баку не толькі блізкі да гросмайстарскага звання, але неўзабаве распачне барацьбу за сусветную карону. Так што, у адрозненне ад першага візіту ў Мінск, калі Гары Каспараў быў «таямнічым незнаёмцам», у 1979 г. ад яго чакалі многага.

Старт Каспарава спраўдзіў прагнозы. Паўтарылася гісторыя з Мемарыялу Сакольскага, калі Гары перамог у трох партыях запар. У 1979 г. яго «ахвярамі» сталі гросмайстры Т. Геаргадзэ, Я. Свешнікаў і А. Юсупаў.
Вось як апісаў гульню Гарыка на старце чэмпіянату галоўны суддзя – бліскучы журналіст Сала Флор: «Гары пастаянна гуляе ў жоўтым пуловеры, нібы ў майцы лідара, як гэта прынята ва ўдзельнікаў сусветнай велагонкі. На сцэне ён сур'ёзны, сканцэнтраваны, адчуваецца, што сяго-таго ён навучыўся ў Батвінніка. Толькі калі пазіцыя прасвятляецца, ён робіць хуткія кругі па сцэне. Ён хвалюецца і нават не спрабуе гэтага хаваць. Пасля дзвюх гадзін гульні ён "па Батвінніку" злёгку падсілкоўваецца. У глядзельнай залі сваё сталае месца займае чалавек, які больш за ўсіх хварэе за Гарыка, – яго мама. Ад мамы ў пэўны час і прыходзіць "перадача". Напэўна, любячая мама пасылае сыну штосьці смачнае».

Пасля бліскучага старту тэмп руху Каспарава крыху запаволіўся. Ён зрабіў запар 6 нічыіх і пасля 9 тураў дзяліў 1-3-е месцы з В. Купрэйчыкам і масквічом Ю. Балашовым. У 10-м туры (15 снежня) у партыі Г. Каспараў – К. Лернер здарыўся казус, які значна паўплываў на далейшае выступленне Каспарава. Напярэдадні, 14 снежня, у дзень дайгравання бакінец быў вольным ад гульняў. У гэты дзень мела месца своеасаблівая сустрэча «Карпаў – Каспараў»– па-за шахматнай дошкай. Пакуль 12-ы чэмпіён свету, які прыбыў у Мінск толькі на пару дзён, выступаў перад аматарамі шахмат у клубе імя Дзяржынскага (клуб КДБ), яго будучы пераможца быў запрошаны ў шахклуб Беларускага палітэхнічнага інстытута (цяперашні БНТУ).

 Камсамольская арганізацыя «палітэха» разам з шахматыстамі ВНУ зладзілі для школьніка – Гарык тады вучыўся ў 10-м класе – вялізную экскурсію, каб паказаць усе аспекты студэнцкага жыцця. Экскурсія госцю дужа спадабалася. Увечары было прызначана выступленне Каспарава перад аўдыторыяй. Паколькі назаўтра мусіў гуляцца 10-ы тур чэмпіянату, дамовіліся, што замест Гары сеанс адначасовай гульні правядзе яго трэнер А. Нікіцін. Нечакана, улічыўшы настрой публікі, якая слухала маладога шахматыста з вялізнай цікавасцю, а мажліва, пажадаўшы аддзячыць гаспадарам за цёплы прыём, Гары вырашыў сам правесці сеанс. У адказ на напамін трэнера аб неабходнасці берагчы сілы перад турам, Гары самаўпэўнена заявіў: «Нічога, я іх за паўгадзіны разграмлю».

Сеанс, аднак, зацягнуўся да позняга вечара. З 20 удзельнікаў сеансёр перайграў 19. Адзіным пераможцам Гары стаў студэнт палітэха Бельфер. На наступны дзень, упэўнена дасягнуўшы перавагі ў дэбюце, бакінец выйграў тры пешкі ў міжнароднага майстра з Адэсы, прычым апошні знаходзіўся ў моцным цэйтноце. Пажадаўшы прыгожа завяршыць партыю, Каспараў пачаў ахвяраваць адну фігуру за другой. Белыя аддалі якасць, потым дзве пешкі і ўрэшце – каня. Перамогі не аказалася, і жыхар чарнаморскага горада выплыў са шторму з лішняй ладдзёй. Як сказаў у газеце «Фізкультурнік Беларусі» С. Флор: «Каспараў надта ўжо спяшаўся запісаць на свой рахунак заслужаную адзінку, і ў выніку пралічыўся. Дзіўна, нават Каспараў зявае! Шкада ў цэлым выдатна праведзенай партыі, аднак – здараецца».

Гэты драматычны выпадак меў камічны фінал: калі ўвечары маці Каспарава, Клара Шагенаўна, якая выконвала ролю яго прэс-аташэ, перадавала ў бакінскія газеты інфармацыю аб выніку тура, яна дала прыкладна такое тлумачэнне паразе: «Наконадні Гарыку літаральна выкруцілі рукі, прымусіўшы даць сеанс. З-за гэтага сеанса ён не здолеў як след адпачыць». Каментары залішнія. Крыўдная параза ўнесла разлад у гульню юнака — пасля перамогі над Р. Ваганянам у 11-м туры (бліскучая абарона ў цяжкай пазіцыі) паследавалі два пройгрышы запар — у партыях з Ю. Анікаевым і А. Бяляўскім. Дзве перамогі на фінішы — над В. Купрэйчыкам і С. Далматавым – дазволілі «без пяці хвілін гросмайстру» (гэтае званне ён заваяваў на турніры ў Баку ў красавіку 1980 г.) падзяліць 3-4-е месцы з Юрыем Балашовым…

Беларускамоўны ролік пра чэмпіянат СССР-1979 (гл. з 1:25)

Прыпамінаю: у адным з тураў чэмпіянату-1979 Гары зрабіў хуткую нічыю і выйшаў у глядзельную залу. Побач са мной было вольнае месца, ён заняў яго мінут на 20. Я нічога ў яго не пытаўся, іншыя заўзятары – таксама. Потым да Каспарава падышоў яго трэнер Аляксандр Нікіцін і сказаў, што па тэлевізары ідзе шматсерыйны фільм «Тры мушкецёры». Каспараў пайшоў глядзець…

Скончу аповед пра падзеі, што сталі гісторыяй, такім выказваннем 13-га чэмпіёна свету: «Мінск стаў для мяне шчаслівым горадам». Праўда, яго папярэдніка — Анатоля Карпава — мы бачылі тут часцей, чым Гары Кімавіча. Але гэта ўжо асобная тэма.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: