Памяці нашага Караля

Чатыры гады Аляксей глядзіць на нас з Нябёсаў. Глядзіць і, спадзяюся, радуецца ды ганарыцца.

Чатыры гады таму, 12 верасня 2015-га, ён адышоў у лепшы свет — той, дзе няма болю, роспачы і нянавісці. А мы засталіся і паспрабавалі працягнуць справу яго жыцця — як бы тое ні было, рабіць нашу газету, наш «Новы Час».

За чатыры гады ў нашай каманды былі незваротныя страты — назаўсёды сыходзілі тыя, з кім «Новы Час» пачынаў сваё развіццё. Але былі і, спадзяюся, будуць найкаштоўныя здабыткі — новыя імёны, таленавітыя маладыя журналісты. Гэта з імі мы працягнем наша развіццё, каб кожны раз наш і ваш «Новы Час» прыносіў асалоду чытання і мыслення.

А Аляксей… Мы дасюль адчуваем яго прысутнасць. Мне здаецца, ён глядзіць на нас адтуль… і пасміхаецца, так як умеў толькі ён. Усё, пра што мы калісьці з ім разам марылі, паступова здзяйсняецца. «Новы Час» можа набыць у шапіках і падпісацца на яго на пошце. Трывала расце наведвальнасць нашага сайта. Газета выходзіць, і мы ўсімі сіламі імкнёмся наблізіць яшчэ адну нашу мару, самую запаветную, — убачыць нарэшце Беларусь дэмакратычнай і свабоднай.

Магчыма, не ўсё ў нас атрымліваецца, магчыма, часам мы памыляемся. Але, як кажуць, не памыляюцца толькі тыя, хто нічога не робіць. Мы імкнёмся рабіць нашу справу добра і сумленна. Дзякуй за гэта нашаму Каралю, бо навучыў працаваць так, каб не было сорамна. Дзякуй за гэта нашым чытачам, бо гэта іх аўтарытэтнае меркаванне дае сілы ўдасканальвацца і ісці далей, нягледзячы ні на што.

Аляксей вельмі любіў нас — усіх тых, хто рабіў «Новы час», і тых, хто чакаў кожнага нумару і сачыў за ўсімі навінамі. І вельмі ўсімі намі ганарыўся. Спадзяюся, ганарыцца дасюль.

Мы цябе памятаем! Мы адчуваем тваю падтрымку! Хоць і яшчэ адзін год мы пражылі без цябе.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!