Памёр кампазітар Ігар Лучанок

Памёр беларускі кампазітар, народны артыст Беларусі і СССР Ігар Лучанок. Пра гэта паведаміў у Facebook літаратуразнаўца і палітолаг Аляксандр Фядута са спасылкай на Георгія Сураўнёва. Ігару Лучанку 6 жніўня споўнілася 80 гадоў.

Аб смерці кампазітара таксама паведаміў народны артыст і кіраўнік ансамбля "Сябры" Анатоль Ярмоленка.

Напярэдадні Ігар Лучанок быў шпіталізаваны з інсультам у Гарадскую клінічную бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі. Некалькі дзён ён знаходзіўся ў цяжкім стане.

Ігар Міхайлавіч Лучанок нарадзіўся 6 жніўня 1938 года. Маці Лучанка была настаўніцай хіміі і біялогіі, а потым і дырэктарам вячэрняй школы. Бацька кампазітара працаваў лекарам.

Вучыўся Ігар Лучанок у музычнай школе пры кансерваторыі адразу на двух інструментах — цымбалы і піяніна. У 1961 годзе ён скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю імя Луначарскага, пасля чаго доўга і шмат выкладаў у музычных школах і вучылішчах, а таксама ў педінстытуце. У 1982 году Лучанок стаў рэктарам кансерваторыі — цяперашняй Акадэміі музыкі.

Ігар Лучанок пісаў музыку ў розных жанрах — вольна-сімфанічным, камерна-інструментальным, камерна-вакальным, але найбольш плённа — у песенным.

Песні на музыку Ігара Лучанка выконвалі "Песняры", "Сябры", "Верасы", Іосіф Кабзон, Сафія Ратару, Валянціна Талкунова, Леў Лешчанка, Эдуард Хіль і многія іншыя.

Ён напісаў музыку да вершаў Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Рыгора Барадуліна, Яўгена Еўтушэнка, Роберта Раждзественскага, Аркадзя Куляшова, Пімена Панчанкі, Генадзя Бураўкіна.

Ігар Лучанок — аўтар такіх хітоў свайго часу, як "Алеся", "Полька беларуская", "Майскі вальс", "Жураўлі на Палессе ляцяць", "Мой родны кут", "Калі б камяні маглі гаварыць", "Ліст з 45-га","Песня пра Мінск". Матыў з апошняй, дарэчы, кожную гадзіну адбіваюць куранты мінскай ратушы.

Паводле news.tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-11-13 01:11:31
Не скажу, што шмат яго твораў мне падабаліся, але вельмі шкада маэстра. Беларуская зямля яму пухам.