Памёр журналіст выдання «Медыя-Палессе» Васіль Мацкевіч

Гэта здарылася сёння рана раніцай, 11 красавіка, у рэанімацыйным аддзяленні Пінскай цэнтральнай бальніцы. Сайт «Медыя-Палессе» напісаў пра апошнія дні жыцця і працы журналіста.

Васіль Мацкевіч

Васіль Мацкевіч

Мы не можам у гэта паверыць. Сёння ў 4.32 Васіль, заўсёды адказны і дысцыплінаваны, напісаў у рэдакцыйны чат, што ён у бальніцы.

Аб тым, што дрэнна сябе адчувае, паведаміў 9 красавіка. Ён перажываў, як спраўляецца рэдакцыя, прапанаваў, звярнуцца да людзей пісаць свае гісторыі. Пра сябе сказаў, быццам бы няўзнак.

Напярэдадні вечарам ён здаў рэдактару інтэрв'ю з Палескага дзяржуніверсітэта. Як аказалася, апошняе.

Былая жонка Ірына распавяла пра падзеі гэтай ночы.

— Васіль патэлефанаваў мне ў 4.33 і сказаў, што яго забірае хуткая дапамога. Ён вельмі цяжка дыхаў, ня мог гаварыць. І папрасіў: «Беражы Адама» (сына).

Па словах Ірыны, тэст Васілю зрабілі 7 ці 8 красавіка.

Ірына стала шукаць пад раніцу, куды паклалі Васіля. Патэлефанавала ў Малоткавіцкую і Брэсцкую абласную інфекцыйныя бальніцы. Нідзе яго не было. Устанавіла праз хуткую, што ён у Пінскай цэнтральнай бальніцы. «Чаму? У яго ж каронавірус». Ёй адказалі, што яна прыдумляе, у яго пнеўманія. «І яшчэ накрычалі на мяне: навошта вы распаўсюджваеце няслушную інфармацыю?».

Пра тое, што Васіль памёр у рэанімацыі, Ірыне паведаміла сястра мужа, Яўгенія.

Рэдактару сайта Святлане Гарда пацвердзілі факт смерці ў рэанімацыі. На пытанне аб прычынах смерці адказалі, што гэта ўрачэбная таямніца

Таксама рэдактару патэлефанавалі з Пінскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі і пацікавіліся арганізацыяй працы ў апошні час. І хоць журналісты працавалі аддалена, сказалі, што ўсё роўна будуць праводзіць дэзінфекцыю пінскага офіса.

Таксама прадстаўнік санэпідстанцыі пракаментавала, што ў журналіста узяты тэст на каронавірус, адпраўлены ў Брэст.

Сын Васіля, 18-гадовы Адам, які кантактаваў з бацькам 3 дні таму, змешчаны ў інфекцыйную бальніцу ў Малатковічы. Тут, па словах маці, яго вызначылі ў асобную палату.

Не стала дзіўнага чалавека, неверагодна таленавітага журналіста, які ніколі ні перад кім не поўзаў. Ён быў бясконца адданы сайту, дзе працаваў з моманту яго адкрыцця. Майстар слова, лаўрэат шматлікіх прафесійных прэмій, ён быў сціплым, простым, шчырым ... Ён быў лепшым з нас ... І яму было ўсяго 46 гадоў ...

Са смуткам, каманда сайта «Медыя-Палессе»

«Новы Час» выказвае шчырыя спачуванні родным і калегам Васіля Мацкевіча.

P.S. У Пінску на сённяшні дзень няма пацверджаных выпадкаў каронавіруса. Сайт «Медыя-Палессе» атрымаў папярэджанне ад Міністэрства інфармацыі за публікацыю «Пацвердзіўся тэст на каронавірус у жыхаркі Лунінецкага раёна».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: