«Пасля затрымання стала дрэнна, а амапаўцы крычалі: «Паглядзіце, яна ж на дозе!»»

Людміла Паўлоўская працуе медсястрой. Палітыка заўсёды была для яе другаснай, у адрозненне ад любові да радзімы. Аднак сёлета патрыятызм сутыкнуўся з палітыкай, і Люда не змагла заставацца абыякавай у сітуацыі, калі зневажаюць тое, што ёй баліць. У выніку трапіла пад шматлікія затрыманні і агулам адседзела 40 сутак арышту, а падчас апошняга затрымання ў яе здарыўся прыступ эпілепсіі.


— У мяне з дзяцінства быў светапогляд чалавека, які любіць Беларусь. Мая маці заўсёды любіла беларускую мову, пісала на ёй вершы, калі сыходзіла на працу, пакідала нам запіскі па-беларуску. Для мяне гэта было натуральна, — распавядае Людміла Паўлоўская. — Калі я пайшла вучыцца, год у 18 — 20 для мяне гэта займела і палітычны смак, бо палітыкай цікавіўся мой бацька. Але для мяне важней усё ж нацыянальная ідэя, беларушчына.

Праз гэтую прызму Людміла глядзіць і на нацыянальныя сімвалы — бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». У той жа час яна прызнае, што цяпер немагчыма аддзяліць нацыянальную ідэю ад палітыкі.

— Я нават у судзе казала, што вучылася па падручніку ў мяккай вокладцы, на якім быў сцяг і «Пагоня», для мяне гэта — рэальнасць з дзяцінства, а не тое, што раптам прыйшло звонку.


«Бачыла шмат крыві на падлозе і сценах»

Першы раз Люду затрымалі 19 чэрвеня. У той дзень у Мінску людзі стаялі ў ланцугах салідарнасці з затрыманымі напярэдадні Віктарам і Эдуардам Бабарыкамі.

— Я ішла з працы, усе бліжэйшыя станцыі метро былі закрытыя. Убачыла хлопца, якога цягнулі ў аўтазак. У мяне спрацавала жаданне справядлівасці, і я пачала крычаць: «Што вы робіце?» Ну і мяне пацягнулі таксама. Затрымалі мяне каля цырка, а ў пратаколе напісалі, што я ўдзельнічала ў акцыі і была затрыманая на плошчы Якуба Коласа, хаця я там не была, — узгадвае жанчына.

Ноч Людміла правяла ў РУУСе, а раніцай яе адпусцілі. У тыя дні сілавікі яшчэ не паводзілі сябе так жорстка, як пасля выбараў, таму ўсё адбывалася досыць спакойна. Праз некаторы час адбыўся суд, на якім Людмілу прызналі вінаватай і прысудзілі 400 рублёў штрафу.

Увечары 9 жніўня Люда прыйшла да бліжэйшага да свайго дому выбарчага ўчастка, каб паглядзець, што там адбываецца. Як і паўсюль, на ўчастак не пускалі незалежных назіральнікаў, але позна ўвечары камісія абвясціла папярэднія вынікі галасавання, паводле якіх перамагла Святлана Ціханоўская.

— Усе сталі абдымацца, гучалі апладысменты. Мы думалі пайсці ў цэнтр святкаваць, але калі рушылі, нам сталі казаць, каб не хадзілі, бо там страшна. Дайшоўшы да плошчы Мяснікова, мы вырашылі далей не ісці, бо нам сталі сустракацца сілавікі, людзі былі напалоханыя.

Але спаць у таю ноч Люда амаль не магла. Увечары 10 жніўня яна выйшла на вуліцу.

— У мяне іншага варыянта не было, бо мне гэта баліць. Калі я не выйду, я проста буду сядзець дома і пра гэта думаць, і потым усё роўна пайду. Самая важная прычына — гэта людзі. Калі мы даведаліся пра смерці людзей, якія побач, я разумела, што была ў гэтых месцах, і замест гэтых людзей магла быць я ці нехта з маіх родных, — гэта страшна.


У той вечар Людміла аказалася каля Рыгі, дзе адбываліся самыя гарачыя падзеі, будаваліся барыкады. Калі ўсё ўжо амаль скончылася, Люда вырашыла ісці дадому. Ні транспарт, ні таксі тады не хадзілі, і яна рушыла пешшу. Па дарозе ўбачыла, як у кустах сілавікі б’юць чалавека.

— Іх было чалавек сем дакладна. Дубасілі так, што ён там роў дзікім ровам. Я думаю, што ў гэты момант любы зрэагаваў бы. Я закрычала: «Што вы робіце? Вы ж яго заб'еце!» І мяне затрымалі. Гэта было самае страшнае затрыманне ў маім жыцці. Сілавікі былі вельмі ўзбуджаныя, неадэкватныя. Яны мяне зацягнулі ў аўтазак, паклалі на падлогу, чамусьці вылілі на мяне ваду з бутэлькі — не ведаю, навошта. Але не білі, проста смяяліся з мяне. Пачалі здзеквацца і запытвацца: «Куды ты засунула свае 20 долараў?» Потым сталі падносіць хлапцоў, білі іх, крычалі некаму, што засунуць у рот тэлефон, цягалі за валасы і бароды, надзявалі на рукі і ногі сцяжкі. Сілавікі сядзелі, паставіўшы на нас ногі, а калі трэба было выбегчы за наступнай ахвярай, выбягалі прама па нас. Быццам не заўважалі, што мы пад іх нагамі. Разоў пяць перасаджвалі нас з аўтазакаў у аўтобусы, і я бачыла там шмат крыві на падлозе і на сценах. Калі я вярнулася дадому, маё адзенне было ў крыві, чужой.

Прывезлі ў РУУС, дзе пратрымалі да 12 гадзін наступнага дня, склалі пратакол. Затрыманых хлопцаў павезлі ў Жодзіна, а Люду адпусцілі. Потым адбыўся суд, але праз няправільна складзены пратакол справу адправілі на дапрацоўку, дзе яна і знікла ў архівах.


Суд у пакоі для сартавання бялізны

Але гэтае затрыманне не стала для Люды апошнім. Пасля маршу 6 верасня яна ішла па нябярэжнай Свіслачы. Побач ішлі нейкія дзяўчаты, якія не вельмі добра пажартавалі на адрас мужчын, што ішлі наперадзе. Суразмоўца мяркуе, што гэта былі супрацоўнікі ГУБАЗіКа.

— Тыя азірнуліся і ўбачылі мяне, я была ў нацыянальным касцюме — у спадніцы і кашулі. І так атрымалася, што мяне ўзялі.

Люду закінулі ў аўтазак, ноч яна правяла ў РУУСе, а пасля яе завезлі на тры дні ў Жодзіна, дзе і адбываўся суд.

— Я была ў нейкім жудасным старым корпусе, брудным і без рамонту. Тры дні я фактычна праляжала. Мне было вельмі дрэнна, я была адна ў камеры.

Пратакол на жанчыну зноў склалі з памылкай, і зноў адправілі яго на дапрацоўку, дзе ён і знік.

У адну з субот Люда гуляла па праспекце з кветкамі. На плошчы Перамогі яна зрабіла фотаздымак са сцягам і сыйшла. Па дарозе да яе пад’ехалі амапаўцы і затрымалі.

— У мяне забралі тэлефон, выцягнулі адтуль гэты фотаздымак, які потым далучылі да справы, і напісалі, што я зладзіла «аднаасобны пікет-масавае мерапрыемства». Гэта нешта накшталт штаноў, якія выказваюць грамадзянскую пазіцыю, — іранізуе суразмоўца.


Суд праходзіў на Акрэсціна ў пакоі для сартавання бруднай і чыстай бялізны.

— Я сядзела за сталом, перада мной быў вялікі стос бялізны і стаяў ноўтбук, а ззаду было двое дзвярэй: адны вялі ў пакой з бруднай бялізнай, другія — з чыстай. І ззаду пастаянна хадзіла жанчына. Я сядзела і думала: вось яна, беларуская судовая сістэма. Гэта было вельмі сімвалічна.

Гэтым разам Людміле прысудзілі 12 сутак арышту. Яна ўзгадвае, што не моцна перажывала з нагоды прысуду, адзінае, хвалявалася, што падводзіць калег на працы ды прымушае непакоіцца блізкіх. Пакаранне Люда адбывала спачатку на Акрэсціна, куды ёй нават паспелі прынесці перадачу, а потым у Жодзіна.

— Сядзець давялося з цікавымі разумнымі людзьмі. Мы гулялі, чыталі, размаўлялі. Калі ніхто цябе не чапае, арганізм мабілізуецца і знаходзіць у сабе сілы ўсё перанесці, таму 12 сутак прайшлі спакойна.

Але па-за сценамі ізалятара спакою не было. Калі Люда выйшла, у той жа вечар памёр Раман Бандарэнка.

— Усё было прасякнута гэтай тэмай, ва ўсіх быў дрэнны настрой. А я выйшла спакойная, нават вясёлая, і не магла зразумець, што здарылася. Як бомба на галаву звалілася гэтая навіна.

25 сутак за рукавічкі


Пасля гэтага пажыць у больш-менш спакойным рэжыме ў Люды атрымалася крыху больш за месяц. 20 снежня яна ішла па вуліцы Харкаўскай, людзей побач не было. Раптам нібыта зніадкуль з’явіўся звычайны пасажырскі аўтобус і спыніўся побач. Адтуль выбегла некалькі дзясяткаў сілавікоў у зялёнай форме і са шчытамі.

— Яны выгрузіліся, нібыта не разумеючы, што ім рабіць, паглядзелі па баках, убачылі мяне і пабеглі ў мой бок. Сказалі: «Зараз мы паглядзім запісы і адпусцім вас». Што там у іх былі за запісы, я не ведаю. Мяне завялі ў аўтобус, і ўнутры мне стала дрэнна. Тое, як яны абыходзіліся, мяне вельмі прыніжала. У мяне быў такі стан — нешта памятаю, нешта не памятаю. Мяне пачалі выцягваць з аўтобуса і зацягваць у аўтазак. А я не магла ісці, таму мяне проста сталі цягнуць па лесвіцы. Спрабавалі мяне ўсадзіць, а я аб’язджала. Яны сталі крычаць, што я наркаманка і абдзяўбаная. Сталі глядзець на мае зрэнкі — «Паглядзіце, яна ж на дозе!»

Потым амапаўцы, відаць, зразумелі, што адбываецца нешта не тое. Спрабавалі прывесці Люду ў пачуцці нашатыром, але не атрымлівалася. Тады выклікалі хуткую. Але тым часам затрыманая апрытомнела, і хуткую адмянілі.

— Павялі ў РУУС, пачынаюць у мяне нешта пытацца, а я не магу адказаць. Тады сталі крчаць: «Ты глуханямая?» А я спрабую нешта сказаць, але не магу. Адзін такі «красавец», я так разумею, начальнік змены, пачаў мяне дражніць і казаць, што ў мяне аргазм. А яго падначаленыя сядзяць і смяюцца.

Неўзабаве Людміла крыху акрыяла. Цяпер яна ўзгадвае, што РУУС быў для яе самым непрыемным месцам. Пасля яго жанчыну павезлі ў ізалятар на Акрэсціна, дзе адбываўся суд. Люду абвінавацілі ва ўдзеле ў мітынгу ў іншым месцы, яна нібыта ішла са сцягам і выкрыквала лозунгі.

— Мой сведка быў у балаклаве, а экран камп’ютара ў яго быў вышэй за ўзровень вачэй, я бачыла, фактычна, толькі лоб і столь. Я спытала ў яго, ува што была апранутая. Ён адказаў: «У бчб-рухавічках». А мае бчб-рукавічкі былі ў мяне ў сумцы, а не на руках. Яны былі проста ў вопісе рэчаў.

Відаць, за гэтыя рукавічкі суддзя ўляпіла Людзе рэкордны тэрмін — 25 сутак арышту.

«З масак зрабілі елачку, замест шампанскага — шыпучыя вітамінкі»


Спачатку Люда плакала, а потым прыйшла ў сябе, бо ў зняволенні трэба падтрымліваць адно аднаго. Пасля двух сутак на Акрэсціна яе перавялі ў Жодзіна, гэтым разам родныя не паспелі зрабіць ёй перадачу.

Суразмоўца распавядае, што дзяўчаты прыдумлялі шмат «лайфхакаў» для паляпшэння жыллёвых умоў. Дзвярэй у прыбіральню не было, таму сукамерніцы сплялі ланцужок, на які павесілі прасціну. Грэлі ваду на батарэі, надзявалі цэлафанавыя пакеты на ногі пры паходзе ў душ, дзяліліся адна з адной рэчамі і ежай з перадач.

Святы Людзе таксама давялося сустракаць у турме. Люда каталічка, і Каляды 25 снежня для яе прайшлі складана: яна прывыкла сустракаць гэтае свята з сям’ёй. Затое сустрэча Новага года была незабыўнай.

— З масак для твару зрабілі елачку, а замест шампанскага ў нас былі шыпучыя вітамінкі. Хлопцы ў суседніх камерах пачалі крычаць «Саша, ты звольнены!» і «Сыходзь!», спявалі песні — гэта так аб'ядноўвала. А яшчэ блізка-блізка пачалі пускаць салюты. Было крута, — узгадвае яна.

А 1 і 7 студзеня Людзе аддалі некаторыя лісты і паштоўкі, якія ёй дасылалі сябры — відаць, прытрымлівалі да святаў.

Яшчэ да яе ў камеру прыходзіў супрацоўнік крымінальнага вышуку, але размаўляць з ім Люда адмовілася, бо ён не патлумачыў, на якой падставе гэтая гаворка і чаму яна адбываецца без адваката.

Тыя 40 дзён, якія агулам Людміла Паўлоўская правяла за кратамі, яна не лічыць выкінутымі з жыцця, бо сустрэла шмат цікавых людзей, шмат пра што задумалася.

— Нават у бытавым сэнсе: я вырашыла, што буду асобна збіраць смецце. І ў кожнай сферы я даведалася пра нешта новае. А яшчэ нават мая мама сказала, што калі б затрымалі не мяне, то каго-небудзь іншага. То-бок гэта такая вымушаная мера, якую беларусы павінны прайсці.

Асобна Люда гаворыць пра салідарнасць, якая была літаральна паўсюль. Пачынаючы з содняў — калі людзі дзяліліся апошнім, каб і іншаму было што з'есці ці апрануць.

— Узгадваю пра пакет агульных рэчаў, дзе можна было нешта ўзяць, а нешта пакінуць. Ці як яшчэ на Акрэсціна, стоячы ля сцяны, дзялілі патрапаную кнігу, каб было хоць на два дні што пачытаць. Лісты і паштоўкі — увогуле асобная тэма. І канешне па вяртанні — родныя, сябры і проста незнаёмыя людзі — прапаноўваюць дапамогу, у тым ліку і матэрыяльную. Я ўдзячна ўсім!

«Гумар дае сілы перажыць усё!»


Мы папрасілі Люду даць некалькі парад тым, хто яшчэ не быў арыштаваны, каб, у выпадку чаго, перанесці зняволенне лягчэй.

— Шмат хто кажа, што ўяўляе гэта як квэст, тады лягчэй успрымаць. Тут важныя ўзаемадапамога, саступкі, проста добрыя словы. Ты робіш нейкую дробязь, нехта дапамагае табе — вы аб'яднаныя адной мэтай, вы становіцеся блізкімі. І так прывыкаеш да людзей, што, калі выходзіш з сутак, здаецца, пакідаеш сям'ю. І гумар — ён дае сілы перажыць усё! А яшчэ — там файна заходзіць Горват, шмат хто казаў.

Родным, сябрам магу сказаць па сваім вопыце. На дзіва тым, хто за кратамі, лягчэй у нечым. Родныя ж хвалююцца, прыдумляюць сцэнары, бегаюць, вырашаюць пытанні. Таму галоўная парада родным — падтрымаць чалавека менавіта па вяртанні, бо тады становіцца цяжка. Так было ў мяне, але гэта мой асабісты погляд.

Людміла прызнаецца, што ў яе дасюль бываюць флэшбэкі. Яна ўсё яшчэ не можа размаўляць пра жнівеньскія падзеі спакойна. Калі нядаўна пачула расповед адной дзяўчыны пра 10 жніўня, узгадала свой вопыт, яе закалаціла і яна расплакалася. На міліцыянтаў глядзіць з асцярогай — адразу з’яўляецца пачуццё небяспекі, недавер.

Цяпер бы не стала на калені перад АМАПам

Архіўнае фота. Уладзіслаў Рубанаў

Архіўнае фота. Уладзіслаў Рубанаў

Многія памятаюць, што ў 2017 годзе падчас разгону АМАПам акцыі на Дзень Волі перад сілавікамі на каленях стаяла жанчына. Гэта была Людміла Паўлоўская. Тады яе многія абвінавацілі ў паказушнасці. Але Люда — чалавек вельмі сціплы і саромеецца быць навідавоку. Яна вагалася, ці варта даваць гэтае інтэрв’ю, але вырашыла, што гэта будзе яе ўнёсак у агульную гісторыю рэпрэсій у Беларусі.

— Тады, магчыма, адчувалася больш безвыходнасці, не было такога духоўнага нацыянальнага ўздыму, як цяпер, — узгадвае суразмоўца падзеі амаль чатырохгадовай даўніны. — На той момант я рабіла гэта шчыра, і я не звярталася да АМАПу, я размаўляла з Богам, малілася. А цяпер я думаю, што я б гэтага не зрабіла. Магчыма, я б гэта зрабіла, стоячы ў касцёле, але не перад вачыма гэтых людзей. Магчыма, гэта няправільна, бо я ўсё роўна даю ім шанец і веру, што ў сілавікоў ёсць нешта людскае.

Людміла гаворыць, што яна — аптыміст па жыцці. І верыць, што вада камень точыць.

— Нават самыя маленькія дзеянні і словы ўплываюць на агульную сітуацыю. Як сказаў адзін разумны чалавек: трэба рабіць тое, да чаго дацягнецца рука. Цяпер разумееш, што мы, беларусы, не ведалі і не заўважалі адзін аднаго. Але, хоць і дарагой цаной, мы пабачылі побач сябра, суседа. Аказалася, адносіны людзей важнейшыя за любыя ўмоўнасці, любыя насаджаныя каштоўнасці. Ганаруся беларусамі!


  Фота Яны Трусіла

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: