«Пашпарт серыі 1-ТЭ, № 604171...» (З турэмнага жыцця Адама Станкевіча)

Дох сядзеў за круглым сталом, які быў засланы белым абрусам і на якім ляжала чырвоная папка, і стаяла вялікая крыштальная ваза, поўная аранжавых апельсінаў, і сядзеў ён не пад звыклым партрэтам Сталіна, а пад карцінаю «Гракі прыляцелі».

Робячы ўсё з намерам, Дох загадаў прывесці падследчага (арыштаванага ксяндза) не ў кабінет, а ў пакой адпачынку.

«Ён што, яшчэ і аматар жывапісу?!» — атрымаўшы дазвол сесці і пакрысе авалодваючы сабою, падследчы з трывожным здзіўленнем апусціўся ў мяккае крэсла.

Зрэшты, ці не ўсё адно (аматар жывапісу ці не аматар!), галоўнае, што пачатковай мэты ён, падследчы, здаецца, дасягнуў, таму сёння (на Новы год!), мяркуючы па ўсім, будзе не допыт, а нешта блізкае да гаворкі, магчыма, нават з дамешкам дыпламатыі з абодвух бакоў.

Трэба думаць, Дох уважліва прачытаў ягоны праект беларускага каталіцкага біскупства, далажыў па камандзе, і там зрабілі памысныя высновы — словам, у апошні дзень 1944 года гутарка стане падобнай на абмеркаванне.

І гэта вельмі добра, што прачытаў менавіта ён, — з усіх іх найбольш адукаваны і з выгляду нешта чалавечае мае, хаця ў маладосці, пэўна, быў такім жа, як і ўсе яны...

Ці не пачынаў з таго, што каля цаглянага муру, перад тым, як ціснуць на курок, завязваў рот асуджаным на расстрэл, каб яны перад смерцю не крычалі, а калі пайшоў канвеер, то паблізу расстрэльнага муру, заглушаючы галасы няшчасных, запускаў рухавік, — бясконцым ахвярам завязваць раты — рукі адваляцца!

Здатнасць да катаўскай работы зазвычай і выводзіць у вялікія начальнікі, — ці не праўда?!

І здатнасць да правакацый — вялікіх і малых!

— Вашу дзейнасць фінансаваў і штаб Дзянікіна? — аднойчы, нібыта мімаходзь, Дох укалоў бязглуздым пытаннем.

— Ніякіх кантактаў са штабам Дзянікіна я ніколі не меў!

— А ў пратаколах Беларускага навуковага таварыства адзначана, што ў 1922 годзе ў вас і ў Браніслава Тарашкевіча было на руках 10000 рублёў дзянікінскіх папяровых грошай!

— Божа мой, якія гэта грошы?! Музейныя экспанаты! І тады, у 1922 годзе, мы з Тарашкевічам і перадалі іх у Беларускі музей, што і засведчана было ў адным з пратаколаў нашага навуковага таварыства!

— Аднак жа гэтыя экспанаты, — з яхіднасцю ўдакладняў Дох, — трапілі да вас у той час, калі Дзянікін наступаў на Маскву?! Дык як яны аказаліся ў вас?

— Я не магу прызнаць, што яны трапілі менавіта ў той час, бо не памятаю ўжо, калі дакладна трапілі, але сітуацыя даволі простая... Каталіцкія сем’і вярталіся з поўдня Расіі ў Вільню і ахвяравалі на касцёл дзянікінскія грошы, бо іншых не мелі...

Так ён, арыштаваны ксёндз, адказаў тады правакатару, які меў вялікія пагоны, аднак жа досыць...

Трэба сабрацца і з думкамі, і словамі, а галоўнае з духам, бо і гэты пакой, дзе на сцяне заместа выявы правадыра мастацкі твор, а на стале заместа пратакола чырвоная папка і спакусліва залацеюць апельсіны, таксама — пекла.

Але як супакоіцца, калі гняце адсутнасць заўсёды неабходнага спакою?!

Пад балотным позіркам Доха надзея выжыць не павялічвалася — наадварот, мізарнела, страх узмацняўся, і душу апаноўвала расчараванне.

Хрысціянін не павінен расчароўвацца, але з дня арышту, і нават раней, ахвота адпала жыць, бо ў галаве смылела: трапіў у пастку назаўсёды!

Так, зараз пойдуць не проста пытанні, якія ўжо былі (...імя ...калі і дзе нарадзіўся ...дзе жывеш ...хто бацька і маці ...колькі ў іх было зямлі ...дзе вучыўся ...да якой партыі належаў ...у якіх выданнях друкаваў антысавецкія артыкулы...), — зараз пачнецца торг, і, даючы адказы, трэба трапіць у тон.

А сіл амаль нестае, і сатана ж ніколі не спіць, таму, каб не сесці макам, хочаш не хочаш, а неабходна патрапіць пад густ...

Ты і палітык, і царкоўны дзеяч, але найперш ты — летуценнік, нацыянальны фантазёр: у роднай гісторыі па-ранейшаму хочаш бачыць, як павінна быць, а не як было, і нават у сённяшнім сваім горкім існаванні спадзяешся іншы раз на тое, на што нельга спадзявацца.

Дарэчы, доўгія гады меў надзею, што ўсё складзецца, ды не склалася, а калі й склалася, то не зусім так, як хацелася, таму й застаецца пакуль адно: калі трапіў у кіпцюры — будзь хітрэйшы за саму хітрасць...

Палякі хоць судзілі, гублялі час на выслухоўванне нейкіх там адвакатаў, а гэтыя знішчаюць без ніякага суда; праўда, могуць зазваць на апельсіны і вывесіць гракоў на сцяне...

На сумотным палатне, якое ў гэты момант з’яўлялася праўдзівым увасабленнем ягонага расчаравання, бліжэй былі паказаны непрыгожыя крывыя дрэвы (здаецца, бярозы), з невыразна-чорнымі несамавітымі на выгляд гнёздамі-кубламі і птушкамі (гракамі), якія таксама выглядалі несамавіта.

І тут падследчага ўсё адно як страпянула ўсяго:

«А гэта ж і ёсць яно, сапраўднае жыццё, і яно амаль заўсёды непрывабнае, таму на палатне й паказана бліжэй, набліжана да чалавечых вачэй! А што ад вачэй адсунута? Прычым знарок! Адсунута царква...»

Дох тут жа прачытаў зрух яго душы, угадаў ягоныя думкі:

— Вы і раз, і два сумна паглядзелі на рэпрадукцыю з саўрасаўскай карціны...

— Я паглядзеў на царкву, — як зачараваны, падследчы ўздыхнуў.

— Вось я і хачу сказаць пра царкву! — падхапіўшы патрэбнае яму слова, Дох пачаў нібыта лектар. — У царкве ўвесь час гавораць аб тым, чаго ў жыцці няма, і толькі таму, што яго няма, гавораць і гавораць... Просяць: не забі, бо забіваюць штодня і штоночы... Закліка­юць: не крадзі, бо зноў жа крадуць і штодня, і штоночы... Галосяць: не сведчы хлусліва, бо навокал усе набожныя і ненабожныя — манюкі, кожны праведнік і няправеднік — хлус... Царква заўсёды вучыць, як трэба жыць, але вось бачыце...

Паказаў на карціну:

— ...мастак адсунуў царкву, змясціў яе на заднім плане, каб тым самым, напэўна, выдзеліць сваю патаемную думку: царква мае другарадную ролю ў жыцці чалавека, а мо і наогул не патрэбна, бо чалавек не хоча вучыцца і слухацца, а хоча жыць так, як жывецца...


Дох быў задаволены тым, што выклаў, і скончыў сваю імгненную лекцыю, строга трымаючы яе, як жывую істоту, у такой струне:

— А чалавек... А чалавек наогул убогі, як убогія на карціне дрэвы, гнёзды і птушкі... Зрэшты, яны хоць намаляваны, а чалавека на карціне зусім няма, што вельмі сімвалічна... І гэта добра, што яго няма...

«Каб ты спрах, старанны дзеяч Лубянкі! Як жа ты хітра ўсё разабраў!» — арыштаваны ажно сцяўся ўвесь, і мяккае крэсла здалося яму цвёрдым.

Апусціў на хвіліну вочы, гэтак схаваў кароткую злосць: не, ніяк не скажаш, не падумаеш нават, што ён — ніжні пільшчык, звычайны прапагандыст, высновы ж свае догмамі не абмяжоўвае...

Варухнуўшы густымі зоркамі на плячах, начытаны Дох і далей паказваў дасведчанасць у царкоўным жыцці; з яго скупых разважанняў не адкрыта, прыхавана, аднак даволі выяўна чулася: няхай сабе мастакі й адсоўваюць царкву на задні план, але гэтая інстытуцыя ўсё ж патрэбна...

«О, мастакі вінаватыя... У іх заўсёды нехта вінаваты... А самі... Па ўсёй зямлі столькі храмаў пусцілі ў паветра, столькі святароў знішчылі, а тут раптам — царква патрэбна...» — падследчага ажно ў пот кінула.

Выціраючы лоб рукавом і трохі счакаўшы, мякка прамовіў:

— Людзям патрэбна вера ў Бога...

— Вы кажаце: людзям патрэбна вера? — голас Доха бліснуў, як соль. — Адна толькі вера?!

— Яна адна, але вялікая, як само жыццё! — арыштаваны разумна насцярожыўся і выйшаў за грань рэлігійнай тэмы. — Напрыклад, нашы песняры верылі ў народ, у свой край, і кожны верыў у самаго сябе, а таксама ж і сваім мазалям...

— Для пратакольнай паўнаты трэба верыць і яшчэ ў нешта! — абыякава зірнуўшы на чырвоную папку, Дох наўмысна зрабіў паўзу, па-гаспадарску пазяхнуў і плюснуў адсутным поглядам. — Трэба верыць, скажам... Ну, хоць бы ў рэлігію Эйнштэйна2!

Ён умеў здзіўляць, — на мінулым допыце нечакана зайшоў у кабінет і спытаў пра евангелічнага пастара Вэсэля, які разам з кайзераўскім войскам у верасні 1915 года прыбыў у Вільню.

Падследчы такога пастара не знаў і адказаў, што на могілках у Закрэце (парк у Вільні. — рэд.) нямецкія святары хавалі, праводзілі ў апошнюю дарогу сваіх забітых салдат, — магчыма, там чытаў малітвы і пастар Вэсэль.

«Магчыма...» — неяк зусім па-прасцецку згадзіўся Дох і тут жа выйшаў.

Калі дзверы зачыніліся, капітан, які вёў допыт, патлумачыў, што гэты пастар быў бацькам Хорста Вэсэля (нямецкі штурмавік, аўтар нацысцкага гімна. — рэд.) сябра Гімлера...

Так, Дох умеў здзіўляць, часам нават выклікаў прыхільнасць да сябе; мог, нібыта ўспамінаючы самае запаветнае, паведаміць, што яго хрысцілі ў папа, і змалку маці вадзіла яго маліцца ў царкву, у гімназіі ён вельмі добра вучыўся і па літаратуры, і па фізіцы, і што каб жыў у Польшчы, то не дарос бы да такіх чыноў, бо ведае: палякі не давалі праваслаўным працаваць на дзяржаўнай службе, а ў сталінскай Расіі ён прыхаваў сваю праваслаўнасць і займеў высокае званне.

А наогул жа, каб не рэвалюцыя, то яму ад бацькі ў спадчыну перайшла б фуражачная майстэрня...

І от жа, гэты ўдачлівы сын шапачніка зноў здзівіў, агаласіўшы вестку пра нейкую там рэлігію Эйнштэйна.

— А што, ёсць і такая рэлігія?!

— Ну, чаму ж няма, ёсць... Рэлігія ад якой разнявольваецца душа...

Трохі збіты з тропу, але не трацячы рэштку спакойнасці, падследчы памеркаваў, падумаў, ускінуў стомленае аблічча ўгару і ўдакладніў:

— Душа ўсё ж павінна супакойвацца, а не разнявольвацца...

— Так, няхай сабе й так! — па-дзіцячы проста такнуў Дох. — Тут галоўнае тое, што можна верыць у час і прастору!

— У якім сэнсе?!

— А ў тым, што яны паасобку не існуюць, бо час — гэта бачная прастора, а прастора — гэта нябачны, але адчувальны час!

«О-о, ды ты мяне заблытваеш...» — падследчы ніяк не чакаў пачуць такое з вуснаў сталінскага служкі.

Ягоная хітрасць, замешаная на слізкай гульні, палохала, таму трэба пільнавацца...

Зрэшты, ці варта настройвацца на нейкую яшчэ большую піль­насць, бо як толькі яны з’явіліся, — з таго часу ён і пільнаваўся, як умеў, ды, як бачна, кепска пільнаваўся.

Там, за гэтым снежаньскім акном, на якім няма жалезных кратаў, пільнуецца ўся Вільня, увесь край, увесь прыгнечаны люд; пільнуецца кожны — і ў каго ёсць ежа, і каму бракуе грошай на кавалак хлеба; там, за акном, у кожнага забіраюць гвалтам спакой, і ў любы момант могуць забраць жыццё.

Пільнуецца таксама зняважаная і скатаваная царква; яна яшчэ пакуль мае сілы шаптаць змучанаму кожнаму: «Будзь паслухмяны, і трапіш у рай...», а навокал у поўны голас з любога слупа вучаць яны: «Будзь паслухмяны, і трапіш у камунізм...»

А змучаны чалавек, хоць і паслухмяны, а не верыць ні ў рай, ні ў камунізм, а толькі ў сваю хату...

У пакоі ўсталявалася на момант вострая цішыня, і хоць арыштаваны быў гатовы да галоўнага ў гаворцы — яно, тое галоўнае, не проста прагучала, а жахнула, як бліскавіца.

— А вы хітры, пан-ойча!

— Хітры?!

— Ды яшчэ які хітры! Вы ж вельмі своечасова склалі свой праект! — Дох паказаў на чырвоную папку.

— Своечасова?! — падследчаму закалола пад сэрцам.

— У Маскве якраз вырашаюцца вялікія рэлігійныя пытанні...

— На жаль, не маю акрэсленай інфармацыі аб тым...

— Не маеце інфармацыі?! — Дох нібыта ўсумніўся. — А вы неблагі дыпламат... Але добра, я вам скажу... Праз месяц пройдзе памесны сабор рускай праваслаўнай царквы, на якім выберуць патрыярха маскоўскага і ўсяе Русі!

— Я рады за праваслаўных братоў!

— А праваслаўныя браты, магчыма, парадуюцца і за вас?! — няпэўна абнадзеіў Дох.

Зусім трохі памаўчалі.

— Тое каталіцтва, якое было, заняпала. Касцёл трэба пераўтварыць. Ён павінен стаць на народны падмурак, таму хачу ў новым часе па-новаму служыць народу, — падследчы вальней варухнуўся ў крэсле.

— Разам з намі хочаце, разам з уладай...

— Разам...

— Вы былі дэпутатам і ў польскім Сейме выступалі за тое, каб улада не ўмешвалася ў рэлігійнае жыццё! — Дох рагатнуў.

— Я не быў прыхільнікам той улады, а ў Сейме перш за ўсё адстойваў нацыянальныя правы свайго народа!

— Як палітык, вы ўхіляліся ад супрацоўніцтва з камуністамі... Чаму?

— Я сустракаўся з камуністамі, вёў з імі перамовы і ратаваў іх, калі тут былі немцы...

— Вы абачлівы, вы не верылі актывістам з КПЗБ і, дарэчы, правільна рабілі... Вялікі Сталін зразумеў, што яны — слугі дэфензівы і авантурысты!

— Іхняе жаданне падняць паўстанне, каб далучыць Заходнюю Беларусь да БССР, сапраўды з’яўлялася чыстай авантурай! — ажывіўся арыштаваны.

— У 1917 годзе вы часта выступалі перад сялянамі і заклікалі іх не ўдзельнічаць у сацыялістычнай рэвалюцыі! — Дох лёгка пераскочыў на іншую тэму.

— Я заклікаў сялян не збівацца з правільнай дарогі. Я ўгаворваў іх не чыніць разбой і вучыў правільна ўспрымаць свабоду, — такі быў адказ.

— Зрэшты, гэта ўжо гісторыя, — тон Доха заставаўся памяркоўны. — А вось ваш праект — дзень сённяшні. Паперу вы напісалі талкова. Так, вам патрэбна ўласная дыяцэзія. Але якая далей, на вашу думку, мае быць тактыка?

— Трэба выклапатаць згоду Рымскага пасада!

— Гэта згода непатрэбна!

— Я ж каталіцкі святар...

Спахмурнеўшы, Дох звыклым жэстам разгарнуў чырвоную папку, крыху пашукаў у ёй і дастаў пашпарт:

— Я прачытаю вам, што ў гэтым дакуменце напісана... Пашпарт серыі 1-ТЭ, № 604171, выдадзены Адаму Вікенцьевічу Станкевічу 22 траўня 1941 года 5-м Віленскім аддзяленнем міліцыі... Гэта ваш дакумент?

— Так, гэта мой пашпарт! Вашы людзі яго канфіскавалі, калі забіралі мяне! — падследчы недаўменна ўзвысіў голас.

— Усе гады нямецкай акупацыі вы захоўвалі яго, і гэта вельмі добра! — Дох паклаў дакумент у папку. — Дык вось, перш за ўсё вы савецкі грамадзянін, а пасля ўжо каталіцкі святар!

— Але...

— А раз так, то цяпер заместа Рыма ў вас Масква!

— Масква — трэці Рым, — міжвольна сухім голасам, нібыта самому сабе, асуджана прамовіў падследчы.

— Можаце пакуль і так жартаваць... Але не гэта галоўнае, а галоўнае тое, што ваш праект кіраўніцтву спадабаўся, кіраўніцтва прызнала вашу рацыю і мяркуе з часам закласці новы беларускі касцёл, але, зразумела, без удзелу Ватыкана... Гэта будзе народны касцёл!

«Касцёл незалежны ад Апостальскай сталіцы?! Нешта неверагоднае! Які ж гэта тады касцёл?! Усё адно, што званіца без звона! Не, такога не павінна быць! З’ява немагчымая... Касцёл мусіць быць незалежны, але незалежны ад Масквы і Варшавы...» — так няшчасны арыштаваны падумаў, а збалелым голасам акрэсліў, што людзі не прызна́юць такі «народны» касцёл.

— Людзі ўсё прызнаюць, калі ім загадаюць! — катэгарычна заявіў Дох. — І вы станеце для іх новым духоўным кіраўніком, і будзеце служыць у тым віленскім храме, у якім захочаце! І да вас пойдуць каталікі з усіх куткоў Беларусі, і служыць будзеце па-беларуску... Палякі ж не дазвалялі вашай мовы?

— Дазвалялі ў касцёле святога Мікалая...

— А немцы?

— Дазвалялі больш...

— І вы супрацоўнічалі з немцамі?! — Дох пачаў нібыта зацягваць пятлю.

— Мая пастырская дзейнасць далёкая была і ад такога супрацоўніцтва, і ад нацысцкай ідэалогіі!

— Добра. На сёння хопіць ужо, нагаварыліся... Аднак жа хай і глухі пачуе: народнаму касцёлу непатрэбна блаславенне рымскага пераемніка апостала Пятра...

Дох біў, як у бубен, і ад раптоўнай стомы ў падследчага з’явіліся матылі ў вачах, і на нейкі момант, як жаданне шчаслівага адпачынку, ва ўяўленні чамусьці паўстаў зімовы святочны кірмаш...

На гэтым ажыўленым стракатым базары коні, накрытыя каляровымі гунькамі, елі з торбаў авёс, а вясёлыя гандляркі ў белых цесных халатах, нацягнутых паверх паліто, прадавалі вянкі смачных абаранкаў.

А яшчэ тут можна было купіць і лубачныя карціны, і калыскі, і драўляных конікаў, і дзіцячыя вазкі на гумавым хаду; прадаваліся нават і нейкія галасістыя птушкі ў клетках...

Ён ачуўся, матылі з вачэй зніклі, гракі на сцяне зрабіліся нібыта большымі, а Дох, падводзячы ў гаворцы канчатковую рысу, схаваў у шуфляду чырвоную папку, а да яго пасунуў, камечачы белы абрус, вялікую крыштальную вазу, поўную апельсінаў — частуйся, арыштант!

З пакоя адпачынку стомлены вязень вынес вялізны круглы аранжавы апельсін, на хаду ў калідоры вымяркоўваючы: у іхні касцёл служыць не пойдзе, а там, у агульнай камеры, з гэтай рэдкай заморскай смакаты выйдзе сем хлябоў…


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!