Паўлюк Трус: паэт, які адправіў піянера на Марс і раззлаваў Маякоўскага

Шостага траўня спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння Паўлюка Труса — аднаго з самых папулярных беларускіх паэтаў другой паловы 20-х гадоў, піша Радыё Свабода
Паўлюк Трус

Паўлюк Трус


Песню на яго вершаваны шэдэўр «Падаюць сняжынкі...» (уступ да паэмы «Дзявяты падмурак») выконвалі «Песняры», сам паэт меў выдатны голас і ўсіх дзівіў шыкоўным выкананнем народных песень.

Пры жыцці да яго ставіліся па-рознаму: называлі і слабахарактарным, і эпігонскім у творчасці, але ніхто не мог замаўчаць таго праўдзівага факту, што вершы Паўлюка Труса бязмерна любіў і завучваў на памяць просты народ — беларускія сяляне.

 

1. Матэрыяльна падтрымліваў сям’ю, якая вечна была ў пазыках

 

Паўлюк Трус, 1925 год

«...можа, у цябе выпадзе, скора будуць грошы, дык прышлі... мы пазычалі за гумно заплаціць, дык яшчэ не аддалі, і пастуху яшчэ не аддалі. Пастуху трэба 7 руб., дык трэба ўжо аддаць гэтыя грошы, а іх няма...»[2]; «Адпішы нам скора, можа, ты можаш цяпер прыслаць руб. хаця 15. Ты ведаеш, што мы яшчэ пастуху не аддавалі. Патом у дзядзькі Петрусёвых руб. 8. Так што прыходзіцца пасьледняга парсюка прадаць. Дык вот, што хоць, можа зазлуеш, але ня злуй, але адпішы нам скора, ці можаш ты гэта зрабіць, ці не. Дык калі ня можаш, дык прыйдзецца парсюка прадаць» [2]. Паводле Пятра Глебкі: «Казалі, што „бацька Труса з дапамогай сына пачаў багацець“» [1].

 

2. Прычына смутку ў некаторых вершах Труса — заўчасная смерць маці

«...адкуль узяўся смутак, які адчуваецца ў некаторых вершах Труса?.. яшчэ пры жыцці паэта яго маці памерла ад сухотаў... Пра гэты смутак... і піша Трус».[1]

Сам паэт так пісаў пра свае смутнаглядныя настроі: «Бываюць моманты... хвіліны, калі сэрца спавіваецца смуткам. Тады наплываюць думы-летуценьні. Успамінаеш далёкае і разам з тым блізкае сэрцу. Праходзяць цягучыя хвіліны, і смутак паволі зьнікае на хвалях вялікага, вечна-маладога жыцьця... Тады садзісься за стол і пачынаеш „вверять грусть своих слов бумаге“, як казаў Ясенін. Гэта настрой, настрой, безумоўна, ня ўпадніцкі. Гэта настрой, пад якім хаваецца нешта больш глыбокае» [2].

 

3. Калі Трусу зусім было сумна — ратаваўся творамі Кнута Гамсуна

«Жыву як гарох пры дарозе: хто ідзе, то ўшчыпне, а то ўсьміхнецца. Бывае часамі весела, а іншы раз дык хоць плач горкімі сьлязьмі. У такія хвіліны я суцяшаю сябе творчасьцю. Пішу шмат, а яшчэ больш чытаю. За гэты час прачытаў амаль усяго Кнута Гамсуна...» [2].

 

4. Меў вялікую папулярнасць сярод сялян

 

Вокладка першай кнігі Паўлюка Труса. Вершы. 1925 год

«Вясковая беларуская мова моцна трымалася ў яго на грунце... сялянскага кругагляду... Ува ўсім гэтым... і быў сакрэт вялікай папулярнасьці Труса ў сялянскіх масах, якая асабліва ўзрасла пасьля выхаду першага ягонага зборнічка і амаль што не дасягнула папулярнасьці... сатырыка Крапівы. Памятаю, як расказвалі пра гэта й нашы тэхнікумаўцы, якія... завозілі яе падчас вакацый на вёску сваім бацькам — сялянам. Памятаю, як адзін з гэтых бацькоў, заехаўшы неяк у інтэрнат да сына, дужа шкадаваў, што яму позна сказалі, «што гэны малы, кучаравы — гэта Трус... „Гэта-ж так піша, так піша, браце мой“, — казаў ён мне» [3].


5. Яго надзвычай гучны смех раздражняў гаспадара кватэры і Маякоўскага

«Паўлюк Трус любіў размаўляць уголас, паўтараць доўга напісаны радок. Вось так ён раптам знаходзіў нейкае літаратурнае спалучэньне і пачынаў моцна ўголас смяяцца. Смех і гучная размова чутны былі аж за сценамі драўлянага дома, і гаспадар-прыватнік быў незадаволены такімі суседзямі» [4].

Паэт Уладзімер Дубоўка згадваў, што калі Маякоўскі прыязджаў з творчым вечарам у Мінск, то скептычны Паўлюк Трус амаль увесь яго выступ перарываў сваім гучным смехам, чым прынёс нямала прыкрасці рускаму класіку.

 

6. Меў вострыя перапады настрою

«То засьмяецца, зарагоча так, як умеў сьмяяцца, рагатаць адзін Трус, часта нават безь відочнай прычыны... А то зазлуе так чаго-небудзь і на кожнае тваё слова гатоў адказаць вядомым, так камічным у сваёй сур’ёзнасьці — „От як дам зараз“... Адказаць, каб праз хвіліну ізноў зарагатаць здаровым сялянскім сьмехам жыцьця і маладосьці...»[3].

 

7. Яго абвінавачвалі ў другаснасці ды эпігонстве

 

Партрэт Паўлюка Труса

Крытык Антон Адамовіч, схаваўшыся пад псеўданімам, пісаў: «...варта пагартаць... „Творы“ Труса, каб нарэчыцца і гэтта і гэнам на радкі й цэлыя кавалкі, часта прост, што называецца жыўцом узядзеныя з твораў тых паэтаў, якіх чытаў і тут-жа паддаваўся іхнаму ўплыву малады паэта: і Максіма Багдановіча, і Янкі Купалы, і Якуба Коласа, і Тараса Шаўчэнкі (ці не найбольш улюбёнага), і Пушкіна, і Лермантава, і Ясеніна, а далей і Дубоўкі, і Пушчы, і Чарота, ды аж навет Трусавых-жа паэтыцкіх равесьнікаў — Глебкі, Лужаніна, Дарожнага, ня кажучы ўжо пра народную паэзію, нашу і ўкраінскую...» [5].

 

8. Быў у разгубленасці ад хараства гомельскіх дзяўчат і не ведаў, з каторай пусціцца ў залёты

«Пакуль што кралі я яшчэ ня маю. Але думаю ў хуткім часе падшукаць „оную“. Каб ты, братка, ведаў, якія прыгожыя дзяўчаты ў гомельскім Белпэдтэхнікуме!.. Адна такая крамяная, чарнявая (а чарнявых... я люблю)...»; «...Першы раз, як я выступаў у Белпэдтэхнікуме, мне адна дзяўчына... дае згоду дзеля знаёмства. Дзяўчына надзвычайна прыгожая, але ж ты ведаеш маю натуру, што я знаёмлюся толькі пад настроем. /.../ дзяўчына сама па сабе... прыгожая, але разам зь ёю стаіць яшчэ прыгажэйшая, і вочы разьбягаюцца. Так і не пазнаёміўся я з гэтай дзяўчынкай...» [2].

 

9. Здзіўляў калег сваёй вялікай паэтычнай папулярнасцю і творчымі поспехамі

 

Вокладка другога паэтычнага зборніка Паўлюка Труса. Ветры буйныя. 1927 год

«Посьпехі й рост яго сапраўды зьдзіўлялі ўсіх. /.../ як гэта за такі кароткі час Паўлюк пасьпеў выпусьціць асобны зборнічак вершаў і нават заслужыць на зьмяшчэньне ў таўстых „Выпісах“ Ул. Дзяржынскага, тым часам як ягоныя поэтычныя аднагодкі маглі аб гэтым толькі лятуцець... Крытыка адгукнулася аб ім жыва й больш чым прыхільна. З асаблівым захапленьнем пісаў... Адам Бабарэка... Нават З. Жылуновіч, які ніколі ня мог быць заўважаным у асаблівай прыхільнасьці да маладых талентаў... ня мог абыйсьці Паўлюковых дэбютаў...» [3]


10. Хацеў стаць сябрам суполкі «Ўзвышша», але паддаўся ціску маладнякоўцаў ды партыйных чыноў і мусіў падпарадкавацца

Вымушаны быў напісаць заяву ў газету «Савецкая Беларусь», аб якой вельмі потым шкадаваў: «Выпадкова я даведаўся, што ў рэдакцыі газэты «Савецкая Беларусь» і «Зьвязда» паступіў ліст вышаўшых з «Маладняка» таварышаў, пад якім стаіць маё прозьвішча. Лічу патрэбным заявіць, што ліста гэтага я ня бачыў, не падпісваў і выходзіў я з «Маладняка» зусім не па тых прычынах, якія ўказаны ў лісьце. Пасьля некаторых разважаньняў я лічу свой выхад памылкаю і дзеля гэтага зноў уступаю ў шэрагі аб’яднаньня «Маладняк» [2].

У сваё апраўданне пісаў Пятру Глебку: «Ты сам добра ведаеш, што я стаю зусім не на плятформе „Маладняка“. Цяпер я ня ведаю, што мне рабіць. Што я выйду з „Маладняка“ — гэта факт. Але ня ведаю аднаго, ці прымуць мяне цяпер у „Ўзвышша“ пасьля таго, як я вярнуўся тады ў „Маладняк“. Ты пагавары там з Бабарэкам аб гэтым... І, безумоўна, калі я цяпер выйду з „Маладняка“, то больш туды я ніколі не вярнуся. Гэтая думка была ў мяне і тады, калі мы разам з табою выходзілі. Але мяне прымусілі гэта зрабіць...» [2]

 

Літаратурнае аб’яднанне «Маладняк». Злева направа, сядзяць: Язэп Падабед, Алесь Якімовіч, Міхась Чарот, Алесь Дудар, Язэп Пушча. Стаяць: Адам Бабарэка, Нічыпар Чарнушэвіч, Паўлюк Трус, Анатоль Вольны, Андрэй Александровіч, Кузьма Чорны. 1924 — 1925 гг. 

11. «Узвышэнцы» прызнавалі вялікі талент Труса, але нават калі ён памёр, не забывалі нагадваць пра хісткасць ягонага характару

«...можна было заўважыць і адпаведную асаблівасьць у Паўлюковым характары — гэта тое, як лёгка мог паддавацца ён розным староньнім уплывам самых розных асобаў... І гэтая „падуплыўнасьць“, калі так можна сказаць, якая выклікала частыя хістаньні то ў той, то ў другі бок, таксама сталася... характэрнай і ўсім вядомай рысай Трусовае натуры» [2]

 

12. Архіўныя вершы Паўлюка Труса выкарыстоўваў дзеля сваіх чорных спраў Лукаш Бэндэ

Паўлюк Трус, пакрыўджаны на Дубоўку, не захацеў яго падтрымаць, склаў адпаведны горкі верш, які затым трапіў у рукі Бэндэ. Крытык надрукаваў яго ў пасмяротным выданні паэта з мэтай выкарыстаць гэты твор супраць зняволенага ўжо «ворага народа» Дубоўкі.

 

Вось некаторыя радкі з гэтага верша:

 

Атрутны сьмех,

Як нож балючы.

Як лісьце восені ў крыві.

Сягоньня ты

Вянком калючым

Мае усьмешкі апавіў.

Дакорам генія і славы

Ты кінуў з гордасьцю у твар.

Я чуў твой голас «велічавы»:

«Ў жыцьці нічога ён... ня варт»... [6]

 

13. Не хацеў узначальваць паэтычную арганізацыю, сябрамі якой былі гандляры

«...я ніяк не магу пагадзіцца з тым, што я зьяўляюся старшынёй Гомельскае асацыяцыі пралетарскіх пісьменьнікаў. Адно тое, што ў гэтай асацыяцыі ёсьць паэты-гандляры, застаўляе мяне глядзець пэсымістычна і на ўсю асацыяцыю»[2].

 

Беларускія пісьменнікі ў вайсковым лагеры. Паўлюк Трус шосты злева ў другім радзе, 1926 год

 

14. На русіфікаванай Гомельшчыне будзіў у людзях нацыянальную самасвядомасць

«Калі я стаў сустракацца зь людзьмі, якія ня ведаюць і нават ня хочуць прызнаць, што існуе нейкая Беларусь, не гаворачы ўжо аб яе багатым гістарычным мінулым, то гэта яшчэ больш надавала мне ахвоты абудзіць у людзей забытую сьвядомасьць, абудзіць сярод іх любасьць да Беларусі, у прыватнасьці да беларускае мовы і літаратуры. З гэтага якраз часу і пачаліся мае выезды ў раёны Гомельшчыны» [2].

 

15. Здзіўляў Антона Адамовіча сваёй акуратнасцю падчас службы ў войску

«Усе, хто жыў у казарме разам з Паўлюком, добра памятаюць, якім сумленным, акуратным, сапраўдным чырвонаармейцам быў ён. А некаторыя нават любілі называць яго «службістым» [3].

 

16. Складаў фантастычныя вершы, у якіх беларускія піянеры палохалі марсіян

Заснуў, і сьніцца піонэру:

Паўзе далінаю туман,

А у тумане цёмна-шэрым

На Марс імчыцца яраплян.

І вось насустрач піонэру —

Дзікар плянэтнае красы,

Спужаўся хлопца, не паверыў...

Аж дыбам сталі валасы.

Пропэльлер рогатам рагоча,

Мотор раве драпежным зьверам,

А вецер, вецер плюшчыць вочы, —

На землю мчыцца піонэр.[7]

 

17. Адам Бабарэка настолькі натхняўся ягонымі творамі, што пачынаў пісаць не крытычны разгляд творчасці Труса, а сапраўдную паэму

 

Пасляваенны зборнік Паўлюка Труса. 1949 год

«Яго творчасьць можна толькі параўнаць з бурнай веснаплыньню прабіўшайся зь беларускіх нетраў крыніцы, якая імкліва нясецца наперад і наперад, ломячы ўсякія перашкоды і ўбіраючы ў сябе ручайкі і рачулкі, якія булькочуць на мастацкіх далінах. Крыніца гэта з кожным днём пашыраецца і набывае ўсё новыя і новыя адценьні колераў ад таго, што ўбірае ў сябе новыя воды, і ад таго, што выбіваецца на новай прасторы. І цяпер яшчэ рана казаць, што прынясе з сабою гэта крыніца. Можна толькі казаць, што яна ў сабе зьмяшчае поруч з нейкім музычным лірызмам і акавіту беларускай гумарыстыкі».[8]

 

18. Памёр у поўным занядбанні

«...узьнесены на ўзвышша афіцыйнае славы... Паўлюк Трус памёр у поўным занядбаньні, брудзе й смуродзе людзкое звалкі заразнага тыфуснага бараку... І адно па сьмерці, пры спраўджаньні асобы нябожчыка, нейкі, больш начытаны... бальнічны служака, прасьлібізаваўшы ў дакумэнтах няхітрае прозьвішча, здаўмеўся: ці ня той гэта Трус, якога кагадзе так уславіў сам сакратар ЦК? І прышпілілі да труны картку: «Пётра Трус», бо нат імя з ініцыялу П. не маглі вывесьці добра... А на пышных паховінах, наладжаных ужо «ў выпраўленьні памылкі», прадстаўнік таго самага ЦК суцешыў: «Гэта дарма, што памёр Трус — яго заступяць тысячы новых Трусаў». [9]

 

19. Яго хавалі ў закрытай труне. Максім Гарэцкі дзівіўся, што на развітанне прыйшло так шмат сялян

 

Магіла Труса на Вайсковых могілках

«Панядзелак 2-га верасьня 1929 г. Яшчэ ніколі ня бачыў Беларускі Дом пісьменьніка ў Менску гэтулькі гасьцей. Адкуль, чаго панайшло іх сюды столькі і нават зь вёскі панаехала? Яшчэ ж ніколі, здаецца, ня бачна было тут гэтых дзядзькоў у сялянскіх сьвітках, з такімі сьпечанымі сонцам тварамі, з такімі загрубелымі ад працы рукамі. /.../ Калі ўжо той аўтамабіль прыедзе? Прывязе Паўлюка? Кажуць, ужо паехалі. І музыкі, нарэшце прыйшлі. /.../ Загрымела, застучэла... Павязьлі, узьнясьлі, паставілі. Труны не адчынілі... Ніхто твару яго апошні раз не паглядзеў /.../. Тыфус пацалаваў яго ўсяўладна. /.../ Выносяць... Вялізным натоўпам занялі ўсю вуліцу...».[10]

 

20. Незадоўга да смерці Труса Адамовіч некалькі разоў сніў яго, з-за чаго займеў «містычны настрой»

«Сьмерць Паўлюка Труса 30 жніўня 1929 году зрабіла на Адамовіча глыбокае ўражаньне. Параўнайце яго ліст ад 5 верасьня 1929 да Пятра Глебкі: „Сягоньні ж атрымаў з дому ліст... што нашага Паўлюка ня стала... Так цяжка, так цяжка мне стала ад гэтай весткі... Нейкі містычны настрой у мяне апошнім часам — Паўлюк віною...“ Адамовіч піша пра містычны настрой, бо, як сьведчыць яго ліст да Глебкі ад 14 жніўня 1929, г.зн. за два тыдні да сьмерці Труса...: „аж два разы сьніў Труса — адзін раз — ідзе па дарозе, другі — Трус і калгас“».[9]

Аўтар выказвае вялікую падзяку Тацяне Сапезе за дапамогу ў працы.

Cпіс выкарыстанай літаратуры 

1.      Пятро Глебка. Ён быў маім сябрам / Голас вясны далёкай: Паўлюк Трус ва ўспамінах, лістах, артыкулах, вершах. Менск, 1994.

2.      Паўлюк Трус. Выбраныя творы. Менск, 2000.

3.      Антон Адамовіч. Паўлюк Трус // Узвышша, 1929, № 7.

4.      Мікола Хведаровіч. Неўміручае слова паэта // Мінская праўда, 6 мая 1964.

5.      Н. Нізоцкі. Паўлюк Трус (Да 25-х угодкаў сьмерці і 50-х угодкаў нарадзінаў) // Бацькаўшчына, 1954, № 34.

6.      Ганна Запартыка. Два вершы са спадчыны П. Труса // Скарыніч. Вып. 4.

7.      Паўлюк Трус. Здарэньне зь піонэрам у лягэрах / Збор твораў. Менск, 1934.

8.      Адам Бабарэка. Творчы шлях «Маладняка» / Бюлетэнь 1-га Ўсебеларускага зьезду «Маладняка». Менск, 1926.

9.      Антон Адамовіч. Да гісторыі беларускае літаратуры. Менск, 2005.

10. Максім Гарэцкі. Збор твораў у 4-х тамах, т. 1. Менск, 1984–1986.

www.svaboda.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!