Пяць гадоў без Генадзя Грушавога

Роўна пяць гадоў таму, 28 студзеня 2014 года, пайшоў з жыцця Генадзь Уладзіміравіч Грушавы — доктар філасофскіх навук, прафесар. Але ў Беларусі і далёка за яе межамі ён быў вядомы як заснавальнік і нязменны кіраўнік Беларускага дабрачыннага фонду «Дзецям Чарнобыля», які дапамог больш як мільёну жыхароў нашае краіны, што пацярпелі ў выніку самай жахлівай тэхнагеннай катастрофы ХХ стагоддзя.

Фота Марата Гаравога, 2015 год

У 1990 годзе Генадзь Грушавы быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання (потым увайшоў і ў склад ВС 13-га склікання). Быў чальцом фракціі Апазіцыі БНФ у ВС-12, узначаліў камітэт Беларускага народнага фронту “Дзеці Чарнобыля”, які праз колькі часу ператварыўся ў найбуйнешы ў свеце дабрчынны фонд, што займаўся дапамогай ахвярам катастрофы на ЧАЭС.

Без дапамогі ўлады, а часта нават і насуперак ёй, БДФ “Дзецям Чарнобыля” атрымалася накіраваць на аздараўленне ў дзясяткі краінаў свету больш за 600 тысяч беларускіх дзетак.

Сотні малых беларусаў, хворых пераважна на анкалогію, былі прааперыраваныя ў лепшых замежных клініках, абсалютная большасць паспяхова.

Дзякуючы фонду і асабіста Грушавому на пачатку цяжкіх у эканамічным плане 90-х гадоў мінулага стагоддзя ў Беларусь паступілі многія тысячы тон гуманітарнае дапамогі, лекаў, экалагічна чыстых прадуктаў харчавання. Унутры краіны, у забруджаных радёнуклідамі раёнах, з’явіліся дзясяткі арганізацыяў самадапамогі, стварэнне якіх ініцыяваў і аб’ядноўваў Фонд Грушавога.

Сюды прыязджалі сотні замежных валанцёраў — маладых людзей пераважна з Германіі, якія працавалі ў беларускіх клініках, на будоўлі экалагічных дамоў на поўначы Беларусі, прызначаных для перасяленцаў з забруджаных радыяцыяй рэгіёнаў.

Апроч таго, былі яшчэ дзясяткі экалагічных праектаў для моладзі, міжнародня адукацыйныя і культурніцкія праграмы. Усё, што за больш як два дзясяткі гадоў зрабілі Генадзь Грушавы і ягоны фонд, пералічыць вельмі цяжка.

Фота Марата Гаравога, Сад надзеі, 2015 год

Сам Генадзь Уладзіміравіч захварэў на лейкемію — хваробу (як ён сам казаў), супраць якой змагаўся ўвесь час існавання фонду. Многіх выратаваў, а сам выратавацца не змог.

Імя Генадзя Грушавога ўжо ўпісана ў гісторыю. На торыторыі царкоўнага праваслаўнага комплексу на вуліцы Прытыцкага ў Мінску знаходзіцца Сад надзеі імя Генадзя Грушавога. Сам кіраўнік фонду разам з паплечнікамі калісьці высаджваў першыя дрэўцы. Сёння гэты сад — сапраўдны помнік слыннаму дабрачынніку, палітыку, навукоўцу, проста вельмі добраму чалавеку Генадзю Уладзіміравічу Грушавому, якому лёс адвёў толькі 64 гады такога насычанага жыцця. Светлая памяць Вам, шаноўны Генадзь Уладзіміравіч.  

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!