Працягваецца збор сродкаў на помнік выбітнаму гісторыку Георгію Штыхаву

Патрыярх беларускай археалогіі і гісторыі Георгій Штыхаў пайшоў у лепшы свет год таму, 2 сакавіка. Гэта быў выбітны навуковец, аўтар першых айчынных падручнікаў новага часу, аўтар канцэпцыі дзяржаўнасці Полацкай Зямлі і пачатку дзяржаўнасці Беларусі, а таксама гісторыі Мінска.
Георгій Штыхаў, фота Радыё Свабода

Георгій Штыхаў, фота Радыё Свабода

Цяпер ідзе праца над стварэннем намагільнага помніка Георгію Штыхаву, які быў пахаваны на Усходніх могілках Мінска, непадалёк ад Генадзя Бураўкіна, Генадзя Карпенкі ды іншых слаўных суайчыннікаў. Археолаг Сяргей Тарасаў абвясціў збор сродкаў на помнік, усяго трэба сабраць каля 5000 рублёў. Частка грошай ужо сабраная, але далучыцца можа кожны, хто шанаваў і любіў гэтага выбітнага чалавека, вучыўся ў яго, а таксама шануе шматлікія дасягенні яго жыцця на карысць гісторыі нашай краіны. 

«Георгій Штыхаў — не толькі гісторык-археолаг. Ён заснавальнік "Мартыралогу Беларусі", сын ахвяраў тых самых сталінскіх рэпрэсіяў. Мала хто ведае: каб не Георгій Васільевіч, — не было б раскопак у Курапатах», — зазначае Сяргей Тарасаў. 

Калі ў вас ёсць жаданне захаваць памяць пра выбітнага навукоўца і ахвяраваць грошы на помнік, лістуйце на пошту s.v.tarasov@gmail.com.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!