Прафесар Глафіра Савіцкая: Хочацца праўды, свабоды слова

У гэтым годзе прафесару Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Глафіры Вікенцьеўне Савіцкай споўнілася 80 гадоў. Навукоўца, педагога з 57-гадовым стажам, ведаюць не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Але сэрца Глафіры Вікенцьеўны належыць Беларусі, і яна верыць, што рана ці позна змены ў нашай краіне адбудуцца.
Сёлета Глафіра Вікенцьеўна пакінула педагагічную працу ў БДЭУ і выйшла на пенсію, адпрацаваўшы ў пенсійным узросце 25 гадоў.

— Як Вы сябе пачуваеце ў статусе поўнай пенсіянеркі?

— Шчыра кажучы, не зусім звыкла. Сітуацыю можна параўнаць з рабочым канём, які прывык цягнуць воз па пракладзенай каляіне і якога пасля шматгадовай працы адпусцілі на волю. Зараз пачынаецца новы этап жыцця — без званкоў, без раскладу. Я пакінула педагагічную працу, але навуковую, спадзяюся, буду працягваць, калі дазволіць здароўе. Ёсць час больш капітальна пачытаць адкладзеныя кніжкі, навуковыя артыкулы айчынных і замежных аўтараў, больш глыбока асэнсаваць навуковыя праблемы. Планую напісаць яшчэ не адзін падручнік.

— Як адзначылі ў БДЭУ Ваша 80-годдзе?

— Яно, як і астатнія мае юбілеі, прайшло амаль незаўважаным. Па-першае, я нарадзілася летам, 26 жніўня. У гэты час усе мае калегі ў адпачынку. Па-другое, я гэтым датам не надаю належнай увагі і сама не праяўляю ніякай ініцыятывы. Для мяне 2020 год асаблівы толькі тым, што завяршыўся этап маёй працы ва ўніверсітэце адрэзкам з 18 да 80 гадоў. У сувязі з выхадам на пенсію і юбілейнай датай кіраўніцтва ўніверсітэта ўзнагародзіла мяне дадатковым кампенсаваным 6-дзённым адпачынкам і ганаровай граматай. З калегамі па кафедры мы адзначылі гэтую дату ўжо ў верасні.

Глафіра Савіцкая

Глафіра Савіцкая


— Калі Вы зразумелі, што педагогіка — Ваша пакліканне?

— Мяне з самага ранняга дзяцінства прываблівала кніжка, якая адкрывала сялянскай дзяўчынцы новыя гарызонты. І да гэтага часу кніжка — мой самы лепшы сябра, а праца за пісьмовым сталом — самы любімы занятак.

Я нарадзілася у беднай сялянскай сям’і. Ваенныя, пасляваенныя гады, калгас, галеча, голад, холад, нястачы — усё гэта прымушала наша пакаленне выжываць, працаваць і неяк прабівацца ў жыцці. Пасля заканчэння сямігодкі вучылася ў Новапольскім сельскагаспадарчым тэхнікуме, дзе атрымала прафесію бухгалтара-эканаміста. З 18 гадоў пачала працаваць па спецыяльнасці і адначасова вучылася завочна ў інстытуце народнай гаспадаркі. Пазней мне прапанавалі аспірантуру. Паспяхова абараніла кандыдацкую дысертацыю і з 1966 па 2020 год працавала асістэнтам, затым дацэнтам, а з 1994 г. на пасадзе прафесара кафедры бухгалтарскага ўліку, аналізу і аўдыту ў АПК БДЭУ. Вось так склалася мая кар’ера. Магчыма, калі б я выпадкова не паступіла ў Новапольскі тэхнікум (там вучылася мая сяброўка), а паступіла ў іншую навучальную ўстанову, мая кар’ера склалася б інакш.

— Чаму Вы не абаранілі доктарскую дысертацыю?

— На вялікі жаль, у маладым узросце не было такой магчымасці. Сям’я, педагагічная, грамадская праца забіралі ўвесь час. Акрамя таго, савецкі лад жыцця, калі не трэць часу трэба было прастойваць у чэргах па самае неабходнае, таксама не садзейнічаў творчай працы. Больш таго, у часы савецкага застою адбываўся застой і ў навуцы. Вынікі працы ацэньваліся не па навуковых дасягненнях, а па грамадскай працы. 10 гадоў выбіралася старшынёй прафсаюзнай арганізацыі і страціла гэты час на арганізацыю так званага сацыялістычнага спаборніцтва, размеркаваннем тавараў бытавога попыту, якія заўсёды былі ў дэфіцыце.
Трагедыя нашага пакалення і ў тым, што ў гады савецкага часу мы былі закрытым грамадствам, за жалезнай заслонай, адлучаныя ад сусветнай навукі. Без ведання яе дасягненняў ў любой галіне нельга быць паўнавартасным вучоным. Творчы свой патэнцыял змагла рэалізаваць толькі у гады перабудовы, калі прыйшло абуджэнне ва ўсе сферы грамадскага жыцця. За апошнія 25 гадоў мною выдадзена 7 падручнікаў, 3 навучальныя дапаможнікі, 2 манаграфіі, апублікавана больш сотні навуковых артыкулаў.
Па сукупнасці апублікаваных прац у 2003 годзе атрымала званне прафесара, была абрана акадэмікам Міжнароднай Акадэміі навукі і практыкі арганізацыі вытворчасці.

Безумоўна, можна было падрыхтаваць і абараніць доктарскую дысертацыю, навуковых распрацовак на той час было дастаткова, былі выдадзены манаграфія, шмат навуковых артыкулаў, аднак пашкадавала здароўя. У нашай краіне склалася такая сітуацыя, што не так цяжка падрыхтаваць навуковую працу, як цяжка яе абараніць. Працэс абароны забюракрачаны, многа ставіцца рагатак, існуюць, на жаль, карпаратыўныя кланы. Абарона доктарскай дысертацыі скарачае жыццё як мінімум на 5-10 гадоў. А ў сталым веку, калі яго засталося не так шмат, шкада яго траціць, каб задаволіць свае амбіцыі. Тут таксама трэба ўлічваць і такую рысу майго характару, што я заўсёды сумняваюся ў сваіх навуковых напрацоўках, хочацца яшчэ раз іх праверыць, удасканаліць, а гэты творчы працэс бясконцы, у якім цяжка паставіць кропку. У мяне ніколі не было мэты дабівацца новых званняў, новых пасад, проста старалася поўнасцю выкладвацца ў любой справе. Я прытрымліваюся такога прынцыпу: няхай лепш спытаюць, чаму яе тут няма, чым — чаму яна тут?

— Хто Вашы настаўнікі па жыцці?

— У першую чаргу гэта мае бацькі — Вікенці Фадзеевіч і Антаніна Міхайлаўна, сціплыя, працавітыя, сумленныя людзі. Нягледзячы на цяжкае сялянскае жыццё, яны шмат увагі надавалі выхаванню і адукацыі дзяцей, якіх было чацвёра. Далей па жыцці ў мяне было шмат настаўнікаў, з якіх можна было браць добры прыклад. І наогул, кожны чалавек, які з’яўляецца ў нашым жыцці, — настаўнік. Хтосьці вучыць нас быць больш моцным, хтосьці больш мудрым, хтосьці — больш добрым, цярплівым.

Асабліва хочацца памянуць майго навуковага настаўніка — прафесара Мікалая Уладзіслававіча Дэмбінскага. Гэта быў вялікі вучоны, існы інтэлігент, сціплы, мудры і добры чалавек. Менавіта ён адкрыў і паказаў мне шлях у навуку. Па яго рэкамендацыі я паступіла ў аспірантуру. Многа дапамог майму станаўленню як выкладчыка.

— Напрыканцы 1990-х — пачатку 2000-х Вашы падручнікі займалі першыя месцы па аб’ёмах продажу на кніжных рынках Расіі. У чым прычына Вашых поспехаў?

— Па-першае, гэтыя падручнікі напісаны мною ўжо ў сталым узросце, калі быў напрацаваны навукова-доследны і педагагічны вопыт, дасканала адпрацаваны лекцыйны матэрыял на метадычным і навуковым узроўні.

Па-другое, у час перабудовы з’явілася магчымасць выкладаць і пісаць, не прытрымліваючыся зацверджаных праграм. Таму ў маіх падручніках знайшлі адлюстраванне мае ўласныя навуковыя напрацоўкі і напрацоўкі айчынных і замежных аўтараў у галіне метадычнага забеспячэння эканамічнага аналізу.

І па-трэцяе, матэрыял добра структураваны, складаныя па сваім змесце пытанні выкладзены папулярна, у даступнай для разумення форме.

— Як ставяцца да Вашай вядомасці ў навуковым ассяроддзі?

— Шчыра прызнацца, я гэтаму не надаю асаблівай увагі. Адносіны маіх калег да мяне заўсёды былі і застаюцца добразычлівымі. У Расіі мая папулярнасць у навуковым асяроддзі больш высокая, чым у Беларусі. Наогул, мы, беларусы, не цэнім сваё. Калі мой падручнік у 2016 годзе у Першым міжнародным конкурсе на лепшую навуковую і вучэбную публікацыю "Акадэмус" заняў першае месца, кіраўніцтва нашага ўніверсітэта мяне нават не павіншавала, хаця віншаванні прыйшлі ад маіх калег з Расіі, Украіны, Малдовы.

— Вы можаце параўнаць савецкую і сучасную адукацыю?

— Складанае пытанне. І там, і там ёсць і станоўчыя, і адмоўныя рысы. З аднаго боку, савецкая сістэма адукацыі давала не такія шырокія, але больш грунтоўныя веды. Цяпер, дзякуючы сучасным тэхналогіям, студэнты атрымліваюць больш інфармацыі, але больш павярхоўна. Яны не мазоляць свае мазгі па здабыванні і асэнсаванні інфармацыі, калі яе лёгка знайсці ў інтэрнэце. Але як лёгка яна прыходзіць, так лёгка і выходзіць. Потым, сістэма тэставання, пісьмовых іспытаў таксама накіраваны на запамінанне інфармацыі, а не на яе асэнсаванне. Сучасная сістэма пісьмовых экзаменаў падабаецца і студэнтам, і выкладчыкам. Студэнтам — таму, што можна перапісаць, не рыхтуючыся да іспытаў, а выкладчыкам — што здымае псіхалагічную нагрузку. Увесь працэс навучання зведзены на фармальны ўзровень. А гэта не садзейнічае павышэнню якасці адукацыі, развіццю творчай асобы.

— Як Вы перажылі адкат ад дзяржаўнай палітыкі беларусізацыі да татальнай русіфікацыі беларускага грамадства?

— 1990-я гады — час нацыянальнага адраджэння, але такі кароткі! Які гэта быў пад’ём ва ўсіх сферах жыцця! Як ажывілася грамадства, асабліва студэнтства! Да мяне на беларускамоўную плынь запісвалася 7 груп студэнтаў, на рускамоўную — 1 група, каля 30 чалавек. Мы разам са студэнтамі асвойвалі і развівалі прафесійную беларускамоўную тэрміналогію. За 3-4 гады мы разам з маім сябрам дацэнтам Алесем Місуна поўнасцю распрацавалі навучальна-метадычныя комплексы па ўсіх выкладаных намі дысцыплінах. Падрыхтавалі і выдалі падручнікі і навучальныя дапаможнікі па дысцыплінах “Тэорыя аналізу гаспадарання”, “Аналіз гаспадарчай дзейнасці прадпрыемстваў АПК”. Аднак пасля ўвядзення двухмоўя працэс адраджэння беларускай мовы, як і іншых сфер грамадскага жыцця, пачаў затухаць. Студэнты сталі нейкімі іншымі, абыякавымі, сталі патрабаваць, каб лекцыі і семінарскія заняткі праводзіліся на рускай мове, бо беларуская ім незразумелая і непатрэбная. І паступова прыйшлося здацца. Я гэты працэс цяжка перажыла. Вельмі цяжка адказацца ад свайго роднага, як ад сваіх маці і бацькі. Калі мяне крыўдзяць асабіста, я перажываю не так моцна, але калі крыўдзяць і зневажаюць родных мне людзей, родную мову, маю радзіму, нашы спрадвечныя сімвалы — гэта вельмі балюча.

Аднак я шчыра веру, што з цягам часу моўная сітуацыя зменіцца. Кожны народ раней ці пазней вяртаецца да сваіх вытокаў. Аб гэтым сведчаць і падзеі апошніх дзён. Людзі адчулі сябе беларусамі, нацыяй, згуртаваліся, адначасна загаварылі па-беларуску. Я бачу сваёй мэтай выдаць асноўныя мае кніжкі на беларускай мове, або размясціць у інтэрнэце для бясплатнага карыстання. Адну я ўжо падрыхтавала, гэта “Тэарэтычныя асновы эканамічнага аналізу”. Думаю, што з цягам часу беларускамоўныя выданні будуць вельмі запатрабаваныя.

— Ці хацелася б вярнуцца ў гады вашага юнацтва?

— А каму б не хацелася? Натуральна хацелася б, не гледзячы на ўсе цяжкасці таго пасляваеннага жыцця. Мы былі шчаслівыя, бо былі маладыя, верылі ў лепшую будучыню. Хацелася б паправіць дапушчаныя памылкі, марна страчаныя нейкія адрэзкі жыцця, карацей кажучы, “сабраць з дарог каменні тыя, што губяць сілы маладыя”. Але на жаль, час незваротны, “як тая хваля, што з быстрай рэчкай уплывае”. Лепш, чым Якуб Колас, не скажаш.

— Як Вы ставіцеся да сучаснай сітуацыі ў краіне?

— Хочацца праўды, свабоды слова, надакучыла нахабная хлусня, якая нясконцым патокам ліецца з экранаў беларускага і расійскага телебачання, як і ў былыя савецкія часы “будаўніцтва камунізму”. А цяпер наогул нясецца нейкая бязглуздзіца. Усё гэта агоркла за многія гады, страціла значнасць, ператварылася ў фонавы шум, пустую балбатню, нават прыблізна не адпаведную сапраўднаму жыццю, прыпудранаму праўладнымі сродкамі інфармацыі. Таму народ і пратэстуе. І ён мае на гэта канстытуцыйнае права.

Веру, што змены адбудуцца рана ці позна. Вечнага нічога не бывае. Настане час, калі наша радзіма скіне путы, стане вольнай, незалежнай, дэмакратычнай, дзе не чыноўнік, а народ стане гаспадаром на сваёй зямлі.

Навуковыя працы і падручнікі Глафіры Савіцкай карыстаюцца вялікім попытам ва ўсіх краінах постсавецкай прасторы. Па індэксу цытавання яе прац, які на сёння складае 37, яна займае першае месца ў Рэспубліцы Беларусь. Калі ў цэлым на працы беларускіх навукоўцаў на сёння маецца 20120 спасылак (па дадзеных РІНЦ), то на працы Г.В.Савіцкай — 13925. Падручнік “Эканамічны аналіз” для студэнтаў ВНУ вытрымаў 15 выданняў у Расіі і 2 выданні на ўкраінскай мове ва Украіне. Манаграфія “Аналіз эфектыўнасці і рызык прадпрымальніцкай дзейнасці” таксама запатрабавана навукоўцамі і практычнымі работнікамі прадпрыемстваў і перавыдаецца штогод, пачынаючы з 2003 года. Астатнія яе падручнікі па аналізе гаспадарчай дзейнасці для студэнтаў ВНУ і тэхнікумаў таксама шматразова перавыдаваліся і зараз займаюць актыўную пазіцыю на кніжным рынку Расіі.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: