«Прашу, не варта вінаваціць Рому». Маці Софʼі Сапега атрымала першыя лісты ад дачкі

Сямʼя затрыманай у Мінску грамадзянкі Расіі Софʼі Сапега атрымала першыя два лісты ад дачкі з СІЗА КДБ. Софʼя просіць не вінаваціць у здарэнні свайго сябра Рамана Пратасевіча. 23 траўня Сапега і Пратасевіча затрымалі ў аэрапорце Мінска пасля таго, як беларускія ўлады пасадзілі самалёт «Ryanair», на якім яны ляцелі з Афінаў у Вільню. Лісты былі напісаныя 1 і 3 чэрвеня.


Расійская служба «Бі-бі-сі» апублікавала іх фрагменты з дазволу маці Софʼі Ганны Дудзіч, піша «Радыё Свабода».

«Адзіны страх, які мучыў мяне, — гэта страх адстаць. Адстаць ад жыцця, бо яно такое нестатычнае. Баюся выйсці нікім і абсалютна не патрэбнай грамадству. Страшна, што так і не абараніла дысертацыю. Сёння трэцяга чэрвеня, дзень, калі я павінна была раніцай абараніць магістэрскую дысертацыю, а ўвечары адправіцца з Ромам у рэстаран, піць шампанскае, есці пасту, сустракаць лета, цалавацца і кахаць. Аднак выйшла ўсё крыху інакш. Замест гэтага раніцай я паснедала кашай, патрэніравалася, а ўвечары выпіла гарбату з печывам. Адна. Не было абароны, не было Ромы, рэстарана і халоднага шампанскага. Не было свята і кахання. Але затое была гарбата. Пра гэта вельмі горка думаць, але здаецца, у жыцці яшчэ шмат усяго здарыцца, а гэта я прапушчу. Мне не хацелася пра гэта пісаць, але падзяліцца мне няма з кім і я не ўтрымалася. Даруйце».

«Я ніколі не верыла ў прарочыя сны ды іншае. Але… Уначы перад вылетам з Афінаў Рома прысніў сон, што мы прызямляемся ў Мінску. Ён раней казаў, што яму сняцца прарочыя сны. Шкада толькі, што гэта быў адзін з іх. Прашу, не варта вінаваціць Рому ў тым, што ўсё гэтак сталася. Ён бярог і клапаціўся пра мяне, як умеў. Гэта можна назваць каханнем. Далей усё будзе развівацца нялёгка, але спадзяюся, пройдзе гэты шлях годна».

«Сёння ўвечары я атрымала два вашыя лісты. Шчыра кажучы, гэта быў першы раз за ўвесь час, калі я заплакала. Я не плачу тут. У першы дзень я пазнаёмілася з дзяўчынай, яна тады ў простым сэнсе не дала мне замерзнуць. Таксама яна мне сказала, што я на ўсё жыццё запомню першы ліст. І мела рацыю — я запомню кожны радок, кожны сказ. Я запомню гэтае пачуццё».

«Што да мяне, то я трымаюся, вельмі шмат чытаю, увесь час чытаю. Толькі што дачытала “Трывожнае шчасце” Івана Шамякіна. 600 старонак за тры дні. Прысядаю сто разоў раніцай, спачатку прэс і іншае. Пішу дзённік. Цяпер нарэшце на такія рэчы часу ў мяне даволі. Я даю рады».

«Я пачала арыентавацца па званах! Як што, я жыву пакуль без дакладнага часу, гадзінніка ў мяне тут няма, затое ёсць званы! За акном кожную гадзіну яны бʼюць пэўную і роўную дакладнаму часу колькасць разоў. Так я арыентуюся.

У люстэрка сябе не бачыла з 25 [траўня], таму стан скуры вызначаю рукамі, гэта нават забаўна. Дарэчы, люстэрка не прымалі, бо яно было не такіх параметраў. Трэба маленькае кішэннае і ў пластмасавай рамцы».

«Хачу сказаць, дакладней напісаць, што я не здаюся. Я трымаюся. Пачала ўсміхацца. Упершыню ў жыцці радуюся такім дробязям, як спевам птушак, сонейку, цікавай кнізе. Сапраўды радуюся. Не звяртаю ўвагі на некаторыя дробязі. Нават адрослыя пазногці, бровы і г. д. мяне не бянтэжаць больш :)».

«Я ем, добра ем, праўда! Вашы слодычы і іншае заканчваюцца даволі хутка :).

Не перадаць, як прыемна, што табе тэлефануюць і пішуць сябры з універсітэта. Праўда, вельмі. Перадайце ім, калі ласка, вялікае прывітанне, скажыце, што я вельмі гэта цаню. Я ганаруся тым, што ў мяне ёсць такія людзі, як яны. Перадайце ім гэта!»

«Паводле чутак і вашых лістоў (навін у мяне тут няма), я разумею, што стала крыху знакамітай. Ніколі б не падумала, што такое станецца. Тым больш са мной. Гэта таксама цешыць. Як і казала, хай мне пішуць лісты».

Софʼя Сапега — студэнтка пятага курса ЕГУ, вучылася на праграме «Міжнароднае права і права ЕС». Яна — грамадзянка Расіі, але большасць свайго жыцця пражыла ў Беларусі, скончыла школу ў Лідзе.

Сапега выставілі падазрэнне ў распальванні варожасці (ч. 3 арт. 130 КК). Ёй пагражае да 12 гадоў турмы.

Консул наведаў яе толькі адзін раз, 25 траўня, праз два дні пасля затрымання. З таго часу ніхто з расійскіх дыпламатаў да яе не прыходзіў.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: