Прыгажуня супраць пачвары

Ад 8 лістапада «Міс Беларусі» Вольгу Хіжынкову трымаюць на Акрэсціна.


«Міс Беларусі–2008», былая прэс-сакратарка брэсцкага «Дынама», мужная дзяўчына і — цяпер ужо дакладна — адзін з сімвалаў беларускага пратэсту–2020.

8.11.2020

Яе затрымалі акурат у дзень нядзельнага маршу. Тады пратэстоўцы збіраліся яшчэ ў цэнтры Мінска, хоць сілавікі прыкладалі ўсё больш намаганняў, рэсурсаў і жорсткасці, каб выціснуць дзясяткі тысяч беларусаў з сэрца сталіцы, ад Стэлы, з Нямігі і праспекта Пераможцаў.

Ужо тады гэтую лакацыю загадзя, амаль ад ранку, бралі ў аблогу характэрныя бусікі ды аўтазакі з закратаванымі вокнамі-байніцамі, а людзі ў балаклавах маглі затрымаць на пустэльных вуліцах любога, за каго чапляўся позірк. За Вольгу з яе мадэльнай знешнасцю не зачапіцца было цяжка.

Расказваюць, яе не збянтэжыла чорнае мноства невядомых паблізу плошчы Свабоды. Яна спакойна ішла, кіруючыся ў бок Палаца спорту, і несла ў руках букет. Тлумачэнне, што кветкі прызначаныя сяброўцы з нагоды дня нараджэння, не зрабілі належнага ўражання на амапаўцаў, і дадому ў той дзень Вольга не вярнулася.

На судзе яна віну не прызнала. Таямнічы сведка з закрытым тварам — і з пратакольным прозвішчам Вадалазаў — блытаўся ў паказаннях, імкнучыся распавесці пра падрабязнасці затрымання. Казаў пра абвінавачаную, што добра яе запомніў, бо «прыгожая дзяўчына». Канвеер рыпнуў, але збою не даў. Пасля дапрацоўкі суддзя абвясціў — 12 сутак адміністрацыйнага арышту па «народным» артыкуле 23.34.

У адрозненне ад многіх, яна ніколі не хавала, што ўдзельнічае ў акцыях пратэсту. Ледзьве не кожную нядзелю, вечарам, у яе сацсетках з’яўляліся характэрныя фота. Тут яна на праспекце з бел-чырвона-белым сцягам, тут крочыць у шэсці з бел-чырвона-белымі кветкамі, тут стаіць побач з ланцугом салідарнасці ў мікрараёне Лебядзіны. Яна мусіла разумець, што гэтыя візуальныя сведчанні могуць мець кепскія наступствы, бо з кожным новым тыднем рэпрэсіі няўхільна нарасталі. Але і інакш рабіць не магла.

Так урэшце і адбылося. Сістэма не змагла дараваць зняволенай яе рашучасці і прыгожага, дэманстрацыйнага пратэсту. Да пачатковых 12 сутак цягам часу дадаліся яшчэ 15 сутак, затым яшчэ… Новыя тэрміны Вольга Хіжынкова атрымлівала «без адрыву ад вытворчасці» — бязвылазна седзячы там, куды яе звезлі ў першы ж дзень пасля арышту. На славутым Акрэсціна — тым самым пенітэнцыярным «пансіёне», што так сумна праславіў Беларусь на ўвесь белы свет.


15.09.2020

Яшчэ зусім нядаўна яе жыццё было ўладкаванае на ўсе сто. Сям’я, кватэра, цікавая праца. Шмат працы. Прэс-сакратарка брэсцкага «Дынама», педагог у Нацыянальнай школе прыгажосці, рэкламныя кантракты з вядомымі брэндамі. Каб яшчэ мандат дэпутаткі, як у некаторых іншых «Міс Беларусі», то пазайздросціць такой запатрабаванасці магла ці не кожная беларуска, якую не спакушае роля хатняй гаспадыні.

Пра дэпутацтва, зразумела, жарт. Гэткай дэкаратыўнай функцыі Вольга б яўна цуралася, і цяпер мы ведаем, чаму. Ёй даспадобы грамадская актыўнасць іншага кшталту — і ў сваім векавечным цэйтноце яна знаходзіла час і на яе. Шануючы здаровы лад жыцця, бесперапынна бегала свае марафоны ў розных гарадах Беларусі і Еўропы. Маючы тонкую натуру, дапамагала бяздомным жывёлам — сабакам ды катам, — якім давала прытулак і для якіх знаходзіла новых гаспадароў. Спагадлівая ва ўсім і да ўсяго, удзельнічала ў шматлікіх дабрачынных праектах, падтрымліваючы то абнядоленых дзяцей, то безабаронных інвалідаў.

Здавалася, што так будзе заўсёды, бо ў тым, папярэднім, сусвеце дарогу асільваў актыўны, надзейны і сумленны. Аднак затым дэкарацыі змяніліся — прыйшоў час не надзейных, а добранадзейных. Краіну апанавала рэальнасць, месца ў якой рэзервуецца нібыта па спецпрапусках.

Сваю апошнюю працу Вольга страціла 15 верасня. Сышла з Нацыянальнай школы прыгажосці. Пракаментавала прадказальна: «Мне далі зразумець: альбо я маўчу і нічога не публікую ў сацсетках, альбо прыйдзецца развітацца». І дадала: «Мой выбар быў відавочны».

З брэсцкага «Дынама» яна сышла раней — на пачатку сакавіка, калі большасці беларусаў яшчэ спрытна ўдавалася заставацца па-за палітыкай. Тое «футбольнае» звальненне не выглядала форс-мажорам, бо Брэсту прэс-сакратар Хіжынкова і так аддала тры з паловай сезоны, цягам якіх каманда выйграла ў краіне ўсё, што можна. Вольга бясконца маталася туды-сюды па даўжэзнай магістралі М1 за 350 кіламетраў — не кожнаму хопіць моцы вось так з года ў год.

Той свой сыход яна ніяк не каментавала, не маючы моды кідаць камяні хоць у чыйсьці агарод. Аднак нешта падказвае, што грамадзянскі падтэкст у таго рашэння калі не быў, то мог быць. Бо наўрад ці яе ўзрадавала і надало імпэту лістападаўскае трыумфаванне клуба з нагоды чэмпіёнства, калі футбалістаў з тытулам віншаваў Віктар Лукашэнка, дорачы адмысловую «прэзідэнцкую гарэлку», якая «нідзе не прадаецца».

Так ці інакш, выснова простая: праз год на «суткі» Вольга Хіжынкова сядзе ў тыповым статусе «беспрацоўнай дармаедкі». Як і тысячы іншых беларусаў.

25.10.2016

З Вольгай мы пазнаёміліся менавіта праз футбол. Яна была вельмі прыкметнай у саслоўі прэс-сакратароў вышэйшай лігі — як прыкметным было і яе «Дынама», што ўжо тады, чатыры гады таму, напіхвалі грашыма бізнесоўца Зайцава дзеля высокіх мэтаў. Рэдактару «Прэсбола» трэба было мець шчыльны кантакт з такімі ньюсмейкерамі, і выхад на «Міс Беларусь» выглядаў непазбежным.

Вольга аказалася на дзіва простым і адкрытым суразмоўцам, і ўжо даволі хутка мы з ёй ехалі ў Брэст з важнай інфармацыйнай нагоды — адкрыцця дзіцяча-юнацкай акадэміі «Дынама». На той час клубу было ўласціва ладзіць такія імпрэзы з шыкам, таму прэстыжны гатэль «Эрмітаж» поўніўся пазнавальнай маскоўскай гаворкай.
І неўзабаве мы ўжо сядзелі на скураной канапе з зорным футбалістам-трэнерам Валерыем Карпіным і ладзілі вялікае інтэрв’ю. Ішоў кастрычнік 2016-га — і тыя крокі былі ці не першымі для Вольгі ў беларускім футболе.

Яна ўмела дамаўляцца, звязваць вузлы і зводзіць масты — важная якасць пры няпростай пасярэдніцкай камунікацыі. Артадаксальная футбольная супольнасць на пачатку сустрэла яе насцярожана — жанчына, дый такая багемная, з іншай планеты, яна ж і мяч ад морквы не адрозніць. Аднак вельмі хутка акцэнты змясціліся, і журналісты нарадавацца не маглі на прэс-сакратарку самага заможнага і, як следства, ганарлівага клуба краіны.

Калі ты прасіў інтэрв’ю з якімсьці гульцом, то адразу ведаў — Хіжынкова зробіць. Ды так, што нават паспееш адчуць — яна ўвогуле нібыта на тваім баку. І дастане любога, нават самага занятага ці фанабэрыстага футбаліста, бо на тым канцы прэса, якую трэба паважаць. А калі не дастане, што зрэдку ўсё ж здаралася, то абавязкова выбачыцца з непадробным жалем у голасе. Выпускніца журфака і ўраджэнка вёскі Забароўе Лепельскага раёна, яна не адарвалася ад зямлі, калі аднойчы аказалася ў прамянях славы.

У тым жа «Дынама» гэта таксама цанілі — і гульцы, і трэнеры. Калі напаўзуць хмары і ляснуць жалезныя дзверы, да высокіх акрэсцінскіх сцен, каб падтрымаць сваю былую прэс-сакратарку, прыйдуць і Васіль Хамутоўскі, і Павел Няхайчык, і Алег Вераціла. Скрозь экс-футбалісты зборнай, а для яе — колішнія падапечныя, з якімі некалі прыйшлося няньчыцца ў пыхлівым Брэсце.


11.12.2020

Тыдзень таму каля ізалятара на Акрэсціна сабралася шмат людзей — журналісты, родныя і блізкія, простыя неабыякавыя беларусы. Былі кветкі, падарункі і адчуванне еднасці. Чакалася, што ў гэты дзень Вольгу нарэшце вызваляць. Не вызвалілі. Выйшлі людзі ў пагонах і сказалі, як адрэзалі: «Яна сёння не выйдзе. Можаце разыходзіцца».

Што? Чаму? Адказы на ўдакладняючыя пытанні беларусам ведаць не абавязкова.

Муж Вольгі Іван засмуціўся і не хаваў расчаравання. Казаў, што вельмі хацеў сустрэць жонку, абняць і нарэшце адвесці дадому. Думаў: колькі ёй яшчэ сядзець там, у тых жудасных умовах?

Пра ўмовы журналістам ужо даўно распавялі былыя сукамерніцы знакамітай акрэсцінскай арыштанткі. Ну што, гэта Беларусь, дзетка. Суседзі без пэўнага месцажыхарства з вашыма, непрацуючы зліў ва ўнітазе, скразнякі праз дзіравае акно, рэгулярныя і прыніжальныя «шмоны» ў камеры.

Еўрапейскія стандарты такі «сэрвіс» трактуюць адназначна — катаванні. Але ў Беларусі гэта норма стабільнага і квітнеючага жыцця. Скажы яшчэ дзякуй, што перадачу не завярнулі. Альбо не канфіскавалі паліто, якім ты накрываешся, каб ноччу не здубянець.

20.12.2020

Менавіта гэтую дату называюць у тэлеграм-каналах, абмяркоўваючы дзень, калі Вольга ўсё ж выйдзе на волю. Але гэта, як модна казаць, недакладна.

Магчыма, усё здарыцца раней. Магчыма, адбудзецца пазней — ад тых, хто сёння пачкамі кідае беларусаў у камеры, чакаць можна ўсялякага. Уключаючы тое, што прыгажуня Хіжынкова ўслед за сваім днём нараджэння сустрэне на Акрэсціна і Новы год.

На момант, калі пішуцца гэтыя радкі, канчатковай інфармацыі няма, што таксама з’яўляецца красамоўнай прыкметай сённяшняй беларускай рэчаіснасці. Той самай, ад якой пяты месяц шалее навакольны свет і якая — такі наш дыялектычны аптымізм — проста не можа існаваць доўга.

Не можа — бо не павінны такія, як Вольга, сядзець за кратамі, а прыгажосць выратуе Беларусь і абавязкова пераможа.

Фота: Instagram Вольгі Хіжынковай

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: