Прызначаны суд над украінскім журналістам Шаройкам, якому шыюць «шпіянаж»

«Так, суд прызначаны», — сказала адвакат Ларыса Быкава па тэлефоне раніцай 12 лютага. Калі пачнецца працэс і ці будзе ён адкрыты, абаронца не ўдакладніла, спаслаўшыся на занятасць. 
Павел Шаройка, архіўнае фота)

Павел Шаройка, архіўнае фота)

У Вярхоўным судзе і КДБ, які вёў справу Паўла Шаройкі, звесткі пра суд над журналістам не каментуюць.

Карэспандэнт Грамадзкай нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Украіны Павел Шаройка быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ Беларусі 25 кастрычніка 2017 году ў Мінску і абвінавачаны ў стварэнні ў Беларусі шпіёнскай сеткі з ліку грамадзян краіны, «якія за грашовую ўзнагароду выконвалі ягоныя заданні па збору звестак выведнага характару ў ваенна-палітычнай сферы».

У дачыненні Шаройкі была заведзеная крымінальная справа паводле 358-га артыкулу Крымінальнага кодэксу — за шпіянаж. Таксама, паводле КДБ, быў затрыманы грамадзянін Беларусі, які нібыта выконваў шпіёнскія заданні Паўла Шаройкі на карысць Украіны. Гэты чалавек, чыё прозвішча ў КДБ не называюць, быў абвінавачаны ў здрадзе радзіме.

Тым часам 12 лютага ў Чарнігаве Чарнігаўскі раённы суд правядзе папярэдняе слуханне справы грамадзяніна Беларусі Юрыя Палітыкі, затрыманага летась у чэрвені ў гэтым абласным цэнтры Украіны праз падазрэнне ў зборы сакрэтнай інфармацыі на карысьць замежнай дзяржавы.

23 студзеня Палітыка атрымаў абвінаваўчы акт — яму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў з або без канфіскацыі маёмасці.

Украінскія экспэрты выказвалі думкі, што справа затрыманага ў Беларусі Шаройкі — адказ на затрыманне беларускага грамадзяніна ў Чарнігаве.


Паводле Радыё Свабода


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць