«Рабіць шкоду свайму народу — подласць і нізасць. Сапраўдныя афіцэры такіх учынкаў не здзяйсняюць»

 Былы ўчастковы звольніўся пасля выбараў і з'ехаў за мяжу. З ім пагутарыў Алег Груздзіловіч з Радыё Свабода.


Старшы лейтэнант міліцыі, участковы інспектар Ленінскага РУУС Менску Яўген Асінскі пасля выбараў напісаў рапарт на звальненне і 14 жніўня проста не выйшаў на службу.

«Людзі не хочуць войнаў і рэвалюцыяў. Людзі хочуць праўды»

У Інстаграме Яўген зрабіў наступны пост:

«Я не абяцаў. Я кляўся перад вамі! Я кляўся абараняць вас, не шкадуючы свайго жыцця. Вы — мой народ. А я — ваш абаронца. Рабіць шкоду свайму народу — подласць і нізасць. Выконваць злачынныя загады — ганебна. Сапраўдныя афіцэры такіх учынкаў не здзяйсняюць».

Цяпер Яўген за мяжой. Ён кажа, што гэта не ўцёкі, ён проста паехаў вучыцца на іншую спецыяльнасць. А перад ад’ездам развітаўся з начальнікамі. Абышлося без канфлікту. І з калегамі ў працы развітаўся па-сяброўску, хоць не з усімі. Некаторым пры сустрэчы ўжо не варта падаваць рукі, кажа ён. Пра тое, што адбывалася пасля выбараў, падчас затрыманняў пратэстоўцаў, у ізалятарах на Акрэсціна і ў раённых аддзелах міліцыі, у тым ліку ў сваім Ленінскім, ён даведаўся не толькі з інтэрнэту, але і на свае вочы.

«Цяпер пераканаўся, што слушна зрабіў, бо глядзіце, як яны спрабуюць схаваць гэтыя факты гвалту, якія адбываліся на Акрэсціна і ў РУУС. Усе людзі выдатна гэта ведаюць, усе ўсё бачылі, а яны адмаўляюць. Гэта ж ужо кагнітыўны дысананс узнікае пасля тых камэнтароў МУС, што быццам нічога не было, і прагляду навінавых парталаў. Але людзі не хочуць гвалту і агрэсіі, войнаў і рэвалюцыяў, людзі хочуць праўды», — кажа Яўген Асінскі.

Былы міліцыянт дзеліцца асцярогамі, што з яміны, у якую беларуская міліцыя сама сябе загнала, выбрацца ёй будзе вельмі складана. Бо трэба тэрмінова разбірацца з фактамі бесчалавечнага абыходжання з грамадзянамі, караць вінаватых, а такога намеру ў кіраўнікоў ён не бачыць.

«Караеў разумны чалавек, было бачна, што ён умее кіраваць, але з той прычыны, што ўлада належыць іншаму, яму не далі зрабіць таго, што ён планаваў для падвышэння прэстыжу міліцыі. Баюся, ужо і не дадуць», — кажа Яўген Асінскі пра міністра ўнутраных справаў Юрыя Караева. Але заўчасна Яўген Асінскі асуджаць сваіх былых кіраўнікоў не бярэцца: «Ня ўсё ад іх залежыць».

«Перад сябрамі і сваякамі ўжо было сорамна, што я там»

З міліцыяй Яўген Асінскі звязаны 8 гадоў, з іх 5 гадоў вучыўся ў Акадэміі міліцыі на вочным бясплатным аддзяленні. Па кантракце яму трэба столькі ж часу адпрацаваць у міліцыі. Служыў участковым у Серабранцы. З пяці год паспеў адслужыць толькі тры, а значыць, парушыў кантракт, за неадпрацаваныя 2 гады прыйдзецца вярнуць грошы. Яўген да гэтага гатовы, але кажа, што інакш паступіць не мог.

«Зразумейце, як я далей буду часткаю сістэмы, якая творыць такія жахлівыя рэчы? Перад сябрамі і сваякамі ўжо было сорамна, што я там».

Раніцай 9 жніўня Яўген прагаласаваў у сябе на месцы жыхарства. Не пытаюся, за каго, а ён сам не кажа, толькі заўважае, што афіцыйнаму выніку выбараў не даў веры адразу, як толькі яго пачуў. Бо бачыў актыўнасць людзей перад выбарамі і на ўчастку і бачыў тое, што рабіла ўлада, каб гэтай актыўнасці перашкодзіць.

«Вядома, людзі мелі падставы абурыцца. Спачатку частку прэтэндэнтаў пасадзілі, потым не пусцілі незалежных назіральнікаў, потым гэтыя дзіўныя афіцыйныя лічбы — я ім таксама адразу не паверыў», — кажа Яўген.

Яўген згадвае, як пасля абеду 9 жніўня падчас дзяжурства ў РУУС да яго прывялі затрыманых грамадзян, з якімі трэба было праводзіць разбор і складаць на іх адміністрацыйныя пратаколы. Але, разабраўшыся ў справах некаторых, пратаколы складаць ён адмовіўся.

Гэтак адбылося з Вольгай Л., якую затрымалі ў мікрараёне Лошыца на выбарчым участку. Нарад міліцыі на маладую жанчыну выклікала старшыня выбарчай камісіі — маўляў, яна перашкаджала сваімі заўвагамі. Але ў момант затрымання жанчына проста стаяла на школьным двары, нікому не замінала. Як высветліў старшы лейтэнант, раней таксама хуліганства ў яе дзеяннях заўважана не было.

«Адмовіўся складаць на яе пратакол, але яе з РУУС усё роўна не выпусцілі. Калі зразумеў, што больш зрабіць нічога не магу, хоць пазваніў яе мужу, той прынёс рэчы і ежу для ізалятару, а я іх ёй перадаў», — згадвае Яўген.

Вольга Л. у размове з карэспандэнтам Свабоды пацвердзіла гэта і дадала, што Яўген быў не адзіны міліцыянт у Ленінскім РУУС, хто не пабаяўся пайсці насуперак загаду начальства фабрыкаваць на яе адміністрацыйную справу. Але гэта не дапамагло.

«У выніку мяне проста завезлі на Акрэсціна, а там ужо ўляпілі 5 содняў нібыта за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі — што я была каля стэлы. Можаце ўявіць, якая розніца? Мяне затрымалі ў 15.00 у Лошыцы, але, аказваецца, я была ў 21.00 каля стэлы!» — абураецца Вольга.

«Правасудздзе пераможа»

Размаўляем з былым старшым лейтэнантам пра сумленне і гонар, без якіх, як і без прафэсіяналізму, не можа быць міліцэйскай службы. Пытаюся ў Яўгена Асінскага, які 5 гадоў адвучыўся ў Акадэміі МУС: ці чуў ён падчас вучобы пра былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранку? З усіх беларускіх міністраў-сілавікоў ён адзіны, хто бясследна знік і, паводле закону, дагэтуль знаходзіцца ў вышуку. Дык ці згадваюць хоць ягонае імя курсантам акадэміі?

Яўген адказвае, што ведае гісторыю Юрыя Захаранкі, але вучоба ў міліцэйскай акадэміі да тых ведаў не мае дачынення.

«Ведаю пра яго з відэасюжэтаў ды тэкстаў у інтэрнэце. Мяркую, гэта быў сумленны і справядлівы чалавек, які не баяўся казаць праўду. Мне, праўда, невядома, якім ён быў кіраўніком, хаця калі стаў міністрам, дык, відаць, недарэмна прызначылі. Але за 8 гадоў службы ў міліцыі пра Захаранку не чуў ніколі, у тым ліку ў акадэміі нам пра яго ані слова не казалі», — расказвае былы ўчастковы Яўген Асінскі.

Што думае Яўген пра сваіх калегаў, якія бралі ўдзел у катаваннях і здзеках з затрыманых? Ці рэальна будзе некалі ўсіх прыцягнуць да адказнасці і асудзіць?

«Калі яны могуць з гэтым жыць, хай жывуць. Я не суд, судзіць іх не бяруся. Хтосьці ставіцца да ўлады разумна, а хтосьці гэтак. Яму зносіць дах, што нібыта яму ўсё дазволена. Тое, што я бачыў у навінах, — гэта былі сапраўдныя катаванні. Але згадаем час да выбараў. Усё ж у большасці выпадкаў міліцыянты рабілі і цяпер робяць сваю справу сумленна, таму не скажу, што гэта ў нас такая сістэма, якая прымушае ўсіх быць садыстамі. Не. Гэта асобныя людзі, з якімі прыйдзецца разбірацца незалежна ад таго, якія яны маюць пасады і калі да гэтага прыйдзе час. І, думаю, што да іх, правасудздзе пераможа».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: