Ірына Фрэнкель: “Усе жанчыны вымушаныя быць мужнымі”

Удзельніца сёлетняга 5-га нацыянальнага конкурсу “Жанчына года” Ірына Фрэнкель са Смаргоні, онкапацыентка і маці онкапацыента, распавяла “Твайму стылю” пра жаночую мужнасць.



Ірына Фрэнкель


Ірына, чым для вас з’яўляецца намінацыя “За жаночую мужнасць”, у якой вас намінавалі?

— Перамогай над сабой. Я з’яўляюся онкапацыенткай ужо 25 год. Сын таксама трапіў у анкалогію. Гэта сур’ёзная жыццёвая сітуацыя, у якой шмат прыйшлося перажыць. Удзел у конкурсе — гэта магчымасць гаварыць адкрыта аб хваробе, глядзець у вочы страху.

Цырымонія ўзнагароджання ў конкурсе “Жанчына году” сёлета ладзілася акурат падчас “Хаўеру” ў “Мінск-Арэне”. Мяне ў гэтай намінацыі адразу накіравалі на рэспубліканскі конкурс, я пісала рэзюмэ па справах грамадскай дзейнасці.

У маёй намінацыі было пяць чалавек: Саша Герасіменя — алімпійская чэмпіёнка, Валянціна Бакун — невідушчая паэтка, Вольга Мікалаева — мама дзяўчынкі, што грае цяпер Паўлінку, кіраўнік аддзялення дзённага побыту інвалідаў, ды 25-гадовая Алена Ладзеева — следчая, што ганяецца за злачынцамі, якая і перамагла.

У адной намінацыі аб’яднаныя настолькі розныя ўяўленні аб жаночай мужнасці, што калі ўзяць любую жанчыну з яе лёсам, то можна ўсіх жанчын прадставіць у намінацыю “За жаночую мужнасць”. Мы, усе жанчыны, вымушаны быць мужнымі.

— Вы ведзяце сёння актыўнае жыццё, дапамагаеце іншым... Можаце больш распавесці аб сваёй дзейнасці?


— Ужо 15 год я знаходжуся ў Беларускай асацыяцыі маладых хрысціянскіх жанчын. Яна рэалізоўвае праект псіхалагічнай дапамогі жанчынам-онкапацыенткам Смаргоні, які атрымаў рэзананс у горадзе.

Сутнасць праекту ў тым, што жанчыны аб’ядноўваюцца для ўзаемападтрымкі. Гэта сталае кола жанчын, але кожны можа да нас далучыцца. Мы ўсталявалі сістэму ўзаемадзеяння з анколагамі, псіхіятрам, псіхолагамі сацыяльнага цэнтру. Праца па стварэнні і развіцці груп узаемападтрымкі працягваецца — мы плануем сабраць такія групы ў Гродне.

Яшчэ адным з накірункаў нашай дзейнасці з’яўляецца прафілактыка рака малочнай залозы. Мы праводзім сустрэчы для жанчын, дзе тлумачым, як у якім узросце даследаваць грудзі, навошта рабіць мамаграфію. Часта на такіх лекцыях прысутнічаюць жанчыны, якія ўжо перажылі анкалогію. Калі кажу, што і я онкапацыентка, адразу ўзнікае давер і тое, што аб’ядноўвае.

Мэта нашых дзеянняў — стварыць арганізацыю пацыентаў, якая б мела прававую аснову.

— Навошта вам гэтая дзейнасць?


— Пачалося з трэнінгу Ланы і Вітаўта Руднікаў, дзе я атрымала шанец знайсці і рэалізаваць сябе. Яны сталі першымі трэнерамі ў маім жыцці, якія далі мне наймацнейшую матывацыю да грамадскай дзейнасці. Я вельмі ім удзячная. Заўсёды адчуваю іх падтрымку, нават калі зрэдку бачымся ды размаўляем.

Калі ты апынешся “за мяжой” і глядзіш на свет адтуль, разумееш, што выратаванне тапельцаў — справа рук самых тапельцаў. І тады, як Барон Мюнхгаўзен, бярэш сябе за валасы і цягнеш з багны з усёй моцай... І калі ты вяртаешся адтуль не адзін — гэта перамога, гэта дае сілы.

Ёсць жанчына, якая тэлефануе мне з Гродна. У яе захварэў муж. Яна пытаецца, чым карміць мужа, якія сокі, ёй проста важна паразмаўляць са мной, мы сталі блізкімі людзьмі, хаця я яе яшчэ ні разу не бачыла.

Калі я захварэла ў 28 год, ніхто не тлумачыў мне, як жыць. І цяпер я назіраю шмат наступстаў, якіх можна было б пазбегнуць, калі б я ведала. Але зараз магу падзяліцца гэтымі ведамі з іншымі, папярэдзіць іх.


— Што самае цяжкае ў анкалагічнай хваробе?


— Стан дэпрэсіі. Згодна з дадзенымі амерыканскіх даследаванняў, калі не вывесці онкапацыента з дэпрэсіі ў першыя 19 месяцаў, рызыка смяротнасці павышаецца ў 2,6 разоў. У нас няма такой сістэмы падтрымкі. Анкалогія стаецца прыгаворам. Такі стэрэатып існуе ў грамадстве, і пазбавіцца яго вельмі цяжка.

Варта проста адзін з адным паразмаўляць. Бо самае цяжкае — маўчаць аб гэтай хваробе. Урачы не ўмеюць гаварыць  з пацыентамі, часам кажуць праўду толькі родным, але не хвораму. Родныя не ведаюць, як сябе паводзіць, ды робяць выгляд, што ўсё добра. Але калі чалавек ведае праўду і бачыць акторства — гэта невыносна цяжка.

Мне у 28 год доктар загадаў маўчаць, ні ў якім выпадку не казаць мужу пра хваробу. Маўляў, мужчынам патрэбныя здаровыя жанчыны. Адгэтуль пачаліся праблемы ў стасунках.

Самае цяжкае — неразуменне мужа, блізкага чалавека. Для нашай сям’і амаль год, які я правяла з сынам у шпіталі, стаў сур’ёзным выпрабаваннем. Я развялася з мужам яшчэ да выпіскі. Ён не змог зразумець і застацца ў гэтай сітуацыі.

Мой сын у 15 год меў пухліну ныркі — пухліну дарослага чалавека. “Адкуль з’яўляецца і куды знікае анкалогія, ведае адзін толькі Гасподзь Бог, — адказаў на маё пытанне ўрач. — Адзін пражыве 10 год, а іншы з такім жа дыягназам — адзін месяц. Таму проста рабіце ўсё, што можаце”.

Мы з сынам перачыталі мноства літаратуры і выпрацавалі сваю сістэму харчавання, фізічных практыкаванняў. Ёсць сайт onkopatient.by, дзе можна знайсці шмат карыснай інфармацыі аб хваробе, пацыентах, групах узаемападтрымкі.

Сын мужна пераносіў цяжкае лячэнне. У шпіталі, дзякуючы арт-тэрапіі, пачаў маляваць. Пасля выпіскі заняўся музыкай. Цяпер яму 29 год, ён скончыў акадэмію музыкі ў Кёльне.

— Адкуль вы знайшлі сілы змагацца з хваробай?

— Я проста аптыміст па жыцці, творчы чалавек. У нас быў тэатр ліцадзеяў. Яго кіраўнікі — мае сябры Саша і Ларыса Івановы. Саша зламаў пазваночнік і ўжо 23 гады ляжыць паралізаваны. Істэрыка, страх, слёзы... Проста адцягваеш сваю ўвагу на нешта іншае. Я, напрыклад, люблю вязаць...

— Якія словы вы б хацелі накіраваць да нашых чытачоў, якія, магчыма, таксама сутыкнуліся з анкалагічнай хваробай?

— У кожным чалавеку ёсць сіла, але не кожны аб гэтым ведае, пакуль не надыдзе момант выпрабавання. Тады трэба не панікаваць, не адчайвацца, але схапіцца за той стрыжань, які ёсць унутры і ісці. І звяртацца да тых, хто ідзе такім жа шляхам. Вельмі важна не затрымлівацца ў стане панікі, страху. Трапіш у іх абавязкова, але не варта ў гэтым заставацца.

Вера заўсёды мацней за страх. Калі ёсць вера ў сваю сям’ю, у Бога, у сяброў, тады яна будзе трымаць. Калісьці мая сяброўка сказала: “Уяві, што ты трымаеш над прорвай нешта самае дарагое. Трымаць ужо так цяжка, што здаецца, адарве пальцы. Дык вось, няхай лепш адарве пальцы, чым ты адпусціш самае каштоўнае”.

І калі вось так трымаешся, дапамога прыходзіць, можа ў астатні момант, але яна не можа не прыйсці. І я гэта зразумела.

Скантактавацца з Ірынай Фрэнкель, задаць пытанні, даведацца больш аб дзейнасці групы ўзаемападтрымкі можна па тэлефонах:

+375298800402 (мтс), 

+375293496331 (вэлком)

ці па электроннай пошце frenkelira@mail.ru

і праз Skype irinna43.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!