Вайна рэжыму супраць памерлых гартуе грамадства для вырашальнай бітвы за жывых

Мы пачынаем цыкл інтэрв’ю з удзельнікамі Варты абароны Курапатаў. Дзеля таго, каб захаваць для беларускай гістарычнай памяці непасрэдныя сведчанні, думкі, меркаванні і ўражанні наўпроставых удзельнікаў Варты. Першая размова з палітыкам, пісьменнікам і публіцыстам, адным з заснавальнікаў «Маладога Фронту» і лідарам «Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі» Паўлам Севярынцам.
Павел Севярынец пасля 10 сутак арышту за заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаванай акцыі каля ўрочышча Курапаты. ФотаАрцёма Лявы

Павел Севярынец пасля 10 сутак арышту за заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаванай акцыі каля ўрочышча Курапаты. ФотаАрцёма Лявы

Насычаны на разнастайныя грамадска-палітычныя падзеі быў 2018 год. Перадусім дзякуючы 100-гадоваму юбілею БНР. Вельмі значным застаецца грамадскі пратэст супраць пабудовы акумулятарнага заводу ў Брэсце, валанцёрская абарона Вайсковых могілак у Мінску. Не менш рэзананснай паводле драматызму і працягласці, агульнанацыянальнага маштабу з’яўляецца Варта абароны Курапатаў — найбольшага мемарыялізаванага сведчання масавых рэпрэсій сталінскага рэжыму ў Беларусі. Больш за паўгода актывісты патрабуюць закрыць ганебны рэстарацыйна-забаўляльны комплекс «Поедем поедим» (колішні «Бульбашъ-хол»), збудаваны ў ахоўнай зоне Курапатаў.

— Якое значэнне Народны Мемарыял Курапаты мае для вас асабіста, і якое, на ваш погляд, для беларускага народу?

— Курапаты — гэта беларускі нацыянальны некропаль. У кожнай краіне ёсць такія могілкі, на якіх хаваюць самых выбітных грамадзянаў, народных герояў, геніяў, святых. Арлінгтон у ЗША, Пэр-Лашэз у Францыі, Яд ва-Шэм у Ізраілі. Там можна хадзіць днямі і разглядаць помнікі з датамі, шыльдамі, абліччамі, надпісамі, скульптурамі. А вось у Беларусі нацыянальны некропаль такі — безыменныя брацкія магілы і крыжы. Месца масавага забойства невінаватых.

Таму курапацкі крыж — гэта сістэма каардынатаў беларускай нацыянальнай ідэі. Пакаянне. Ахвярнасць. Вера. Памяць. Курапаты вось ужо трыццаць гадоў — крыніца беларускага руху. БНФ, Малады Фронт, цэлыя пакаленні ў плане свядомасці нараджаюцца ў хвалях абароны Курапатаў — бо мы бачым бясконцыя спробы забіць народную памяць.

— Варта абароны Курапатаў трывае ўжо больш за шэсць месяцаў і зараз ёсць падставы меркаваць, што яна стане самай працяглай грамадскай кампаніяй абароны за ўвесь 30-гадовы летапіс Народнага Мемарыялу. Праз што, на вашую думку, гэтая Варта патрапіць у найноўшую гісторыю Беларусі?

— Сёлетняя варта — чацвёртая хваля руху вакол Курапатаў, следам за 1988, 2001-2002 і 2017-м. Людзі ўжо сёмы месяц штодня выходзяць з бел-чырвона-белымі сцягамі да брамы рэстарацыйна-забаўляльнага комплексу, пабудаванага ў ахоўнай зоне мемарыялу насуперак закону і абурэнню грамадства, стаяць па 8-12 гадзінаў у любое надвор’е, даюць наведнікам буклеты, фіксуюць машыны і складаюць адкрытую базу звестак. На гэты момант агульная колькасць удзельнікаў Варты перавысіла 500 чалавек. Вынікам Варты стаў народны байкот «Бульбашъ-холу» — штодня там бывае хіба з дзясятак наведнікаў. Адносна рэстарацыі склаўся практычна поўны нацыянальны кансэнсус: гэта ганьба.

Вялікая інфармацыйная хваля па Курапатах падштурхнула да пошуку і ўшанавання іншых месцаў сталінскага тэрору па ўсёй Беларусі: Хайсы пад Віцебскам, Кабыляцкая гара ля Воршы, Шчакатоўскі лес пад Гомелем, Лошыца ў Мінску ды іншых. Тут з’ядналіся сябры практычна з усіх дэмакратычных рухаў і партый — і тыя, хто не належыць да апазіцыі.
Удзельнікі Курапацкай варты, фота Алены Ляшкевіч

Удзельнікі Курапацкай варты, фота Алены Ляшкевіч

Немалаважны вынік Варты — змены і ў саміх Курапатах. Мы памятаем, што пасля Варты 2001-2002 гадоў Курапаты атрымалі афіцыйны статус гісторыка-культурнай каштоўнасці першай катэгорыі, былі зробленыя тунэлі пад Мінскай кальцавой, пачаліся рэгулярныя талокі і сіламі КХП-БНФ ды неабыякавых грамадзянаў пачаў стварацца народны мемарыял крыжоў. Падчас гэтай Варты з ініцыятывы Змітра Дашкевіча былі ўсталяваныя вялікія, бачныя здалёк, крыжы па перыметры Курапатаў, стала традыцыяй «Ноч расстраляных паэтаў», улады добраўпарадкавалі дарогу праз Курапаты і нарэшце паставілі памятны знак з шыльдай «Ахвярам палітычных рэпрэсіяў 1930-40 гадоў». Усяго гэтага не было б, калі б не было Варты. Праўда, знак паставілі без узгаднення з грамадскасцю, архівы НКВД не адкрылі, рэстарацыю не зачынілі. Спрабуюць на тэме Курапатаў «паставіць кропку». Але кропкі няма — толькі безліч пытальнікаў. Вось чаму Варта стаіць дагэтуль.


— Актывісты Варты абароны Курапатаў зазналі на гэты момант 115 сутак арышту, 30 з якіх былі прысуджаныя менавіта вам. Агулам больш за 23000 рублёў штрафаў. Ці гэта дзеянне выкшталцаванай машыны рэпрэсіяў ці ўсё ж нешта кардынальна іншае?

— Думаю, рэжым разлічваў запалохаць удзельнікаў Варты штрафамі ды «суткамі», і прымусіць іх сысці з Курапатаў. Тут праглядаецца агульная машына ціску, але са сваімі асаблівасцямі. Паколькі народ супраць кабака ў Курапатах, а еўрапейцы не хацелі б бачыць маштабных рэпрэсіяў на месцы масавых расстрэлаў, міліцыя мусіць хаця б дзеля выгляду стрымлівацца. Застаецца адкрытым пытанне ўплыву на рашэнні лукашэнкаўскай вярхушкі расійскіх спецслужб. Калі «Бульбашъ-хол» іх праект, то відавочна, што тут праекцыя маскоўскіх гібрыдных метадаў.

— Пануючы рэжым у Беларусі адной рукой спрабуе ўшанаваць памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяй, аднак разбурае манументальную кампазіцыю на Галгофе. Другой рукою спрыяе дыскрэдытацыі і дэсакралізацыі Народнага Мемарыялу праз легалізацыю дзейнасці рэстарацыйна-забаўляльнага комплексу «Поедем поедим». На вашае меркаванне, які сэнс усіх гэтых целазрухаў?

— Мы за 25 гадоў выдатна вывучылі цынічны мазаічны метад: калі ставіцца помнік ахвярам у Курапатах, тут жа пачынаецца рамонт помніку Калініну, які тыя расстрэльныя спісы падпісваў. Каб было чым «супакоіць» Маскву і нашчадкаў тых, хто страляў. Робіш добрую справу — і тут жа бяжыш улагоджваць д’ябла, каб ён не пакрыўдзіўся. Ды хто яны такія, тыя людзі, што важаць баланс паміж дабром і злом?! Паслухайце правіцеля: зараз ён адным сказам пасылае ўзаемавыключныя сігналы Расеі, Еўропе, Кітаю — а сам робіць толькі тое, што ўмацоўвае яго асабістую ўладу. Усім нахлусіць — гэта і ёсць яго праўда. Такія целазрухі — паршывы гандаль на тэме памяці, нявінна пралітай крыві, палітычнага пераследу, які кепска скончыцца для самога гандляра.

— Якія крокі павінна зрабіць дзяржава дзеля рэальнага ўшанавання памяці забітых у выніку сталінскіх рэпрэсіяў?

— Першае — адкрыць архівы НКВД. У мільёнаў забітых — мільёны сваякоў, якія не ведаюць, дзе загінулі іх дзяды. Пакуль не будзе пакаяння за злачынствы камуністычнай сістэмы — у Беларусі не будзе будучыні. Гэта духоўныя законы, і яны дзейнічаюць гэтак жа няўмольна, як і фізічныя. Другое — правесці дэкамунізацыю: ад назваў вуліц да помнікаў і падручнікаў. Нельга жыць па-еўрапейску на вуліцы Леніна, Калініна, Валадарскага ці Войкава, гэта несумяшчальна. Трэцяе — ушанаваць памяць забітых у сотнях месцаў расстрэлаў па ўсёй Беларусі. А ў Курапатах — на полі, па якім везлі асуджаных на расстрэл — паводле прапановы Зянона Пазьняка варта паставіць сцяну з імёнамі і адчыніць музей ахвяраў камуністычных рэпрэсій.

— У Расіі зараз актыўна адраджаецца культ Сталіна, ужо некалькі год запар знішчаюць архіўныя карткі рэпрэсаваных, што прайшлі праз ГУЛАГ. Ці ёсць гэта і спроба дэсакралізаваць Курапаты звёнамі аднаго ланцугу? Ці не намагаецца Расія занурыць Беларусь у сваю ментальную прастору?

— Вельмі падобна, што Беларусь па-ранейшаму выконвае ролю палігона для выпрабавання метадаў аднаўлення імперыі ў самой Расіі. І, безумоўна, Беларусь — ключавая кропка для крамлёўскай ментальнасці: за апошнія сто з невялікім гадоў лёс Расійскай імперыі ўжо некалькі разоў вырашаўся менавіта тут. Тысячы «байцоў нябачнага фронту», ад супрацоўнікаў спецслужбаў да інтэрнэт-троляў працуюць над тым, каб пераканаць беларусаў: вы не народ, вы толькі частка імперыі, у вас няма мовы, у вас няма веры, у вас няма годнасці, ну а вашы забітыя продкі — гэта проста трэскі, якія разлятаюцца, калі вялікія дзядзі валяць лес.
Не атрымаецца. Перамагчы народ немагчыма.

— Акрэсліце тры галоўныя станоўчыя дасягненні бягучай Курапацкай Варты.

— Па-першае, народны байкот «Бульбашъ-хола». Беларусы прайшлі тэст нумар адзін на нацыянальную сталасць: баляваць, піць і танчыць у месцы, дзе забівалі іх продкаў, яны адмаўляюцца. Едуць туды толькі маральныя вылюдкі і чужыя без сумлення, іх адзінкі.

Па-другое, інфармацыйны розгалас і асвета. За шэсць месяцаў колькасць публікацый пра Курапаты вымяраецца ў тысячах, ахоп — у сотнях тысячаў чытачоў, гледачоў і слухачоў. Думаю, Госпад дапусціў гэтую сітуацыю з «Бульбашъ-холам» якраз да трыццацігоддзя адкрыцця Курапатаў дзеля таго, каб беларусы яшчэ раз згадалі страшную праўду пра масавыя забойствы. Зараз, калі еду 53-м тралейбусам на Варту, людзі ціснуць рукі і кажуць: «А я кніжку пра Курапаты прачытаў». «А я схадзіў». «А знаеце, мы былі чорнымі капацелямі, і ў 1980-я ў Курапатах дзіцячыя боцікі адкапалі...». І зноў падымаецца хваля праўды пра бясконцыя беларускія Галгофы: Паляі, Трасцянец, Парк Чалюскінцаў, Лошыцу... Дзякуй журналістам, навукоўцам, аўтарам расследаванняў! Без памяці, без пакаяння няма адраджэння. Такога розгаласу не было б, калі не было б Курапацкай Варты.

Па-трэцяе — людзі, якія ўдзельнічаюць у абароне. За шэсць месяцаў абароны толькі ў БХД з’явілася некалькі новых сябраў — і якіх! Гатовых у спёку і сцюжу стаяць са сцягам, каб абараніць памяць і годнасць, гатовых ісці і пад пратаколы, і пад арышты. Фактычна ў Курапатах, дзякуючы Дзянісу Урбановічу, аднавіўся «Малады Фронт». Удзячны Богу, што зараз у Курапатах стаіць сапраўдная каманда байцоў, здольных абараняць сваю краіну. Ганаруся, што раблю адну справу з такімі людзьмі.

— Якія адмоўныя чыннікі выявіла Варта абароны?

— Курапаты сталі тэстам для ўсіх. Не адно для мужных людзей, што стаяць ля брамы, але і для прайдзісветаў, гатовых прадаць годнасць і памяць, дапусцім, за тысячаў дваццаць. Курапаты выявілі слабасці дзеючых апазіцыйных структур — часам тая ці іншая партыя альбо арганізацыя, публічна прымаючы рашэнне ўдзельнічаць у Варце, не магла знайсці і двух-трох чалавек на тыдзень на змену абаронцам, і праз колькі тыдняў сыходзіла наогул. І проста паскуднае, іншага слова не падбярэш, стаўленне дзяржаўных органаў перад абліччам відавочных злачынстваў. Робяць выгляд, што не бачаць здзекаў, хабараў, наездаў на абаронцаў машынамі. Улетку на Курапаты прыязджаў штрафаваць абаронцаў адзін маёр — аказалася, яго сваяку стаіць крыж на Галгофе! Што ж вы робіце, тут жа і вашы продкі расстраляныя?!

— Дзейны чын Варты абароны Курапатаў, грамадская кампанія абароны Вайсковых могілак, пратэстны рух супроць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Брэсце, іншыя ініцыятывы. Пра што гэта сведчыць? Ці працягвае, нягледзячы на рэпрэсіі, кшталтавацца грамадзянская супольнасць Беларусі?

— Так, насамрэч, вайна рэжыму супраць памерлых, якая разгарнулася ў гэтым годзе ў Беларусі, гартуе грамадства для вырашальнай бітвы за жывых. Курапаты, Вайсковыя, Лошыца, Хайсы, Брэст, Светлагорск — кропкі кіпення, з якіх пачынаецца новая хваля абуджэння Беларусі.

Вялікі, ад сэрца, дзякуй усім неабыякавым, хто хоча, каб іх краіна была лепшай! Людзі, дарагія — калі не мы, то хто?

— Што трэба рабіць, каб перамаглі абаронцы Курапат, а разам з імі і Беларусь?

— Трэба прыходзіць на Варту — штодня ўсім, хто можа.

Мы раздаем буклеты супрацоўнікам рэстарана і наведнікам, тлумачым, чаму нельга баляваць у Курапатах. Многія ставяцца з разуменнем і з’язджаюць. Некаторыя пастаўшчыкі адмаўляюцца прывозіць прадукты ў «Бульбашъ-хол». У будні ў рэстарацыі па некалькі наведнікаў у дзень, у выходныя — па пары дзясяткаў. Як бізнес-праект рэстаран прагарае.

Мы працуем праз сеціва, каб абудзіць беларусаў да пошуку месцаў расстрэлаў і ўшанавання памяці забітых. Каб весці народную дэкамунізацыю. Станавіцеся побач!
Фота Алены Ляшкевіч

Фота Алены Ляшкевіч

— Зараз вы маеце мажлівасць звярнуцца да чытачоў «Новага Часу»…

— Дарагія людзі! Прах Курапатаў грукае ў сэрца кожнага, хто жыве на гэтай зямлі. Мы лічым, што дарагі кабак з бутэлькамі гарэлкі ў выглядзе куляў ды пісталетаў, батуты, інтымныя дамкі, феерверкі, святочныя карагоды і вяселлі ў ахоўнай зоне Нацыянальнага некропалю Курапаты, за пяцьдзясят метраў ад магілаў расстраляных, з відам на крыжы — гэта плявок у твар кожнаму беларусу.

Падтрымлівайце ініцыятывы памяці, пакаяння, выкрыцця злачынстваў камунізму. Падыходзьце хаця б на пару гадзінаў у Курапаты. Падтрымаць. Пабыць. Памаліцца. Гэта цудоўная магчымасць простай салідарнасці.
Далучайцеся — кожны дзень з 12.00 і да позняга вечара!

Калі мы разам будзем выходзіць да брамы «Бульбашъ-хол», калі нас будуць дзясяткі і сотні штодня, калі ўлады будуць адчуваць сталы ціск тысячаў праз СМІ і сацсеткі, звароты і кампаніі, яны доўга ня вытрымаюць. Курапаты пакінуць у спакоі. Архівы будуць адкрытыя. Вуліцы Леніна і лініі Сталіна знікнуць з Беларусі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!