Сёння 90 год з дня нараджэння Арлена Кашкурэвіча

Творцу, які зрабіў «бачнымі» творы Быкава, Караткевіча, Гусоўскага, узгадвае svaboda.org.
Арлен Кашкурэвіч. Фота Яўгена Коктыша

Арлен Кашкурэвіч. Фота Яўгена Коктыша



15 верасня cпоўнілася б 90 год Арлену Кашкурэвічу — выбітнаму беларускаму мастаку, аўтару графікі да кніг Васіля Быкава і Уладзіміра Караткевіча. Пра ягоны «паўночны» характар, любоў да більярду і Ніцшэ і нелюбоў да сучаснага гораду распавядае мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі.

Арлен Кашкурэвіч быў адным з найлепшых графікаў, якія афармлялі тагачасныя кнігі. Ён шчыльна працаваў з Васілём Быкавым і Уладзімірам Караткевічам, хоць да асобы апошняга ставіўся крыху іранічна, што не перашкаджала, аднак, шанаваць пісьменніцкі талент.

Але ж з літаратарамі даводзілася інтэлігентна спрачацца: яны не заўсёды разумелі ягоную мастацкую мову, чакалі ілюстратыўнасці. А Кашкурэвіч заўжды працаваў «па матывах», ствараючы на кніжных старонках уласны мастацкі твор: ён лічыў сябе су-аўтарам і абражаўся, калі хто называў яго ілюстратарам.

У ХХ стагоддзі Францішак Скарына стаў сымбалем беларушчыны, а беларусы пачалі ўяўляцца нацыяй, што стаіць ля вытокаў кніжніцтва і кніжнай графікі, — кажа Сяргей Харэўскі. Беларуская ж школа графікі здабыла адметнасць менавіта спробай рэінкарнаваць сярэднявечныя традыцыі. Кашкурэвічу тут належыць асаблівая роля.



«Паказальны зварот Кашкурэвіча да творчасці Міколы Гусоўскага, — кажа Харэўскі. — Ягоная экспрэсіўная, суровая графіка не проста апэлявала да сярэднявечных матываў. Яна зрабіла твор жывым, адаптавала яго да сучаснасці, зрабіла зразумелым, у тым ліку і ў візуальным шэрагу. Гэта і ёсць адна з прыкметаў беларускай нацыянальнай школы графікі ХХ стагоддзя. Гэта спроба, унікаючы палітычнай вульгарызацыі, якой вельмі цяжка было пазбегнуць, распавесці вечныя ісціны, якія па-за вузкім лакальным савецкім кантэкстам».

«Каб яму давялося яшчэ раз рабіць "Фаўста“, ён надаў бы яму падабенства з Андрэем Сахаравым»

Кашкурэвіч меў вялікую цікаўнасць да нямецкай культуры, любіў Ніцшэ. Ён захапляўся пластыкай, а ў нейкі момант амаль сышоў у прафесійную акрабатыку.

«Ён бачыў дасканаласць у пераадоленні, ва ўзвышэнні над болем, над бедамі, над слабасцямі, — тлумачыць Харэўскі. — Прарыванне скрозь цёмную матэрыю, праз тоўшчы бруду, каламуці некуды ў вечнасць. Так і ягоныя ваенныя вобразы не выклікалі непрымання з боку ветэранаў. Вайна — гэта бруд, гэта фізычныя пакуты, ланцуг змрочнай, цяжкай штодзённай працы».

Арлен Кашкурэвіч. Ілюстрацыя да рамана Івана Пташнікава «Найдорф» (1976)

Арлен Кашкурэвіч. Ілюстрацыя да рамана Івана Пташнікава «Найдорф» (1976)



«"Фаўст“, створаны ім у 70-я, у час ягонага творчага росквіту, — адзін з шэдэўраў еўрапейскай кніжнай графікі. А для любога мастацтва істотны кантэкст: гэтая графіка стваралася на зломе эпох, а гэта і аўганская вайна, і гонка ўзбраенняў, і такая ненавісная яму мілітаршчына. Нават у ягоных рыцарскіх вобразах няма нічога рамантычнага — усе яны нялюдскія, трымаюць у руках зброю для забойства, для крывапіўства», — кажа Харэўскі.

Арлен Кашкурэвіч. Генацыд. 1988 г.



«Ён доўга разважаў, што каб яму давялося яшчэ раз гэта рабіць (аздабляць "Фаўста“ Гётэ. — РС), ён надаў бы Фаўсту партрэтнае падабенства з Андрэем Сахаравым — чалавекам, які стварыў атамную бомбу».

Ілюстрацыя да «Фаўста» Гётэ (1991)

Ілюстрацыя да «Фаўста» Гётэ (1991)



«Ісландыя — амаль выдуманая краіна, дзе няма таго, што атачала тут: ваеншчыны, савеччыны, бравуршчыны»

Першай, дыпламнай працай Кашкурэвіча было аздабленне твору «Атамная станцыя» ісландскага пісьменніка Гальдаўра Лякснэса. Тэма твору і графічны малюнак адлюстроўвалі тагачасны сусветны жах і прадчуванне глабальнай катастрофы. Песімістычны, суворы інтраверт, нон-канфарміст Арлен Кашкурэвіч — а нарадзіўся ён яшчэ да вайны і перажыў сталінскія часы — марыў пра Ісландыю як пра звышкраіну, дзе няма месца слабасці і неэстэтычнасці.

«Ісландыя — гэта такая краіна, якую няма як памацаць, — разважае Сяргей Харэўскі. — З прычыны сваёй далёкасці, гісторыі, прыродных умоў — амаль выдуманая. Гэта была як Зямля абяцаная для яго, дзе няма таго, што атачала тут: ваеншчыны, савеччыны, бравуршчыны. Гэтага свербу з лепкай новага чалавека. Ён казаў: "З чаго яны яго там злепяць? З гумы? З пластыку? Дзе гэты новы чалавек?“»

Ілюстрацыя да рамана «Халдара Ласкнэса», 1959

Ілюстрацыя да рамана «Халдара Ласкнэса», 1959


Арлен Кашкурэвіч — карэнны мянчук, які моцна, ад усяго сэрца не любіў змены ў родным горадзе. Паскоранае знішчэньне старога і ўзвядзенне новага ён параўноўваў з акупацыяй — у першую чаргу таму, што забудову праводзілі, не дбаючы ані пра пачуцці жыхароў, ані нават пра здаровы архітэктурны сэнс.

«У яго ёсць вялікая тэма "Горад“, якую ён распрацоўваў усё жыццё, — кажа Харэўскі. — Ён спрабаваў розныя ў гэтай тэме шукаць вобразы нейкіх такіх наварочаных тэхнічных нялюдскіх элементаў, пад’ёмных кранаў, гіганцкіх пад’ёмных канструкцый, несумаштабных чалавеку. Там чалавечкі такія, як мурашкі, і ў гэтым няма аніякага зачаравання гэтай усёй негуманістычнай атмасферай, негуманным асяроддзем, якое паўставала».

Арлен Кашкурэвіч. Чалавек у ліфце. 1980-я гады

Арлен Кашкурэвіч. Чалавек у ліфце. 1980-я гады



«Ён мог быць мякка іранічны»

Ад вонкавага кашмару Кашкурэвіч ратаваўся ў більярднай. У тыя часы гэта была далёка не масавая забаўка, а буржуазны, элітарны занятак не для ўсіх, бо патрабаваў ён шмат тэхнічных нюансаў: більярдныя шары рабіліся са слановай косці, кіі — з пэўных гатункаў дрэва, а більярдныя сталы — з дубу; сам стол павінен быць наладжаны да ідэальнай роўнасці, настройвацца амаль як раяль. У Мінску ў тыя часы было 3–4 прафесійныя більярдныя сталы.


Арлен Кашкурэвіч быў чалавекам веруючым. Ён не хадзіў штонядзелі да споведзі, але ўсё жыццё чытаў кнігі Бібліі, мог на памяць прачытаць Эклезіяста. А напрыканцы жыцця аздобіў Саламонаву Песню песняў — па словах Харэўскага, гэта была спроба пабыць урэшце лірыкам, хоць лірыкам ён ніколі ў жыцці не быў.



Адметнай была нават знешнасьць Кашкурэвіча — высокі лоб, прамы нос, доўгія, як у піяніста, пальцы, доўгія валасы, — звяртае ўвагу Сяргей Харэўскі.

«Гэта ўзор манеры без манернасці стасункаў з калегамі, — упэўнены мастацтвазнаўца. — Ён мог быць крышачку мякка іранічны, але гэта не перадаецца, вы гэтага не прачытаеце. Ён мог гэта проста перадаць усмешкай, пагладзіць брыво, зрабіць нейкі жэст. І нідзе ніхто не засведчыць, што ён пра некага нешта кепскае сказаў. Нават пра людзей, якія яму былі глыбока і абсалютна чужыя, тых, хто рваўся за медалямі, за званнямі ў партыі, лезлі ў прэзідыюм. Яму гэты свет быў абсалютна чужы».

Мастак Арлен Кашкурэвіч і пісьменнік Алесь Адамовіч. Фота Яўгена Коктыша

Мастак Арлен Кашкурэвіч і пісьменнік Алесь Адамовіч. Фота Яўгена Коктыша



У Мінску няма асобнага музею Кашкурэвіча, хоць Сяргей Харэўскі ўпэўнены: такая экспазіцыя была б адной з самых наведвальных у нашым горадзе. Дзяцей зацікавіў бы станок, любы замежнік зразумеў бы мову экспрэсіўнага выяўленчага мастацтва, выпадковыя наведнікі маглі б азнаёміцца з графікай кніжнай і станковай (асобныя графічныя творы, якія не маюць сувязі з літаратурным тэкстам. — РС), а аматары зацікавіліся б эстампамі (адбітак на паперы з дапамогай друкарскай формы. — РС), разцамі, пэндзлямі і алоўкамі майстра, ягонымі малюнкамі вугалем, яго партрэтамі аўтарства найлепшых беларускіх фатографаў.

svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!