«Складаней за ўсё прымаць беззаконне»

«У жыцця няма ўмоўнага ладу. І гэта добра. Пра гэта важна памятаць кожны дзень і кожны раз, калі трэба рабіць выбар, — упэўненая Святлана. Яна ўпэўненая, што калі мы ўсе зразумеем, што адказныя за нашу будучыню, то абавязкова зможам нарэшце выйсці з багны «стабільнасці» і перамагчы.
Яшчэ год таму жыццё гэтай жанчыны мала чым адрознівалася ад жыцця тысяч іншых беларусак. Дом, муж, дзеці. Не было ні болю, ні адчаю, ні страху за жыцці родных людзей, ні суму па радзіме. Але аглядаючыся назад, яна ні пра што не шкадуе і верыць, што ўсё абавязкова будзе добра.

Наша размова са Святланай Ціханоўскай на першы погляд не пра палітыку, а пра жыццё, пра каханне і пачуцці. І ўсё ж пра палітыку, бо, на жаль, палітыка стала ўвайшла ў жыццё кожнага сумленнага беларуса.

Ужо восем месяцаў мінула з таго дня, як Святлану выштурхнулі з Беларусі. Восем месяцаў у вымушанай эміграцыі, бесперапыннай працы для краіны, перажыванняў за мужа, які застаецца за кратамі, і яшчэ шмат чаго, што складана вытрымаць нават падрыхтаванаму чалавеку.

— Я вельмі сумую па сваім доме. Дзеці сумуюць, хочуць дахаты. Сумую па сябрах, родных. Хочацца прытуліцца да мужа, адчуць яго спакой і моц. Мне вельмі не хапае таго адчування спакою, якое было калісьці…

Святлана спрабуе расказаць, чаго ёй больш за ўсё не хапае на чужыне, а я спрабую ўявіць, як гэта, калі цябе выкідаюць з краіны. Краіны, дзе прайшло ўсё твае жыццё, а ты не можаш вярнуцца, бо адразу трапіш за краты толькі за тое, што хацеў годнага жыцця.

— Мне так хочацца нарэшце расслабіцца, але я разумею, што не маю на гэта права, — кажа Святлана. — Бываюць моманты, калі вельмі цяжка, і хочацца ўсё кінуць, але я адразу ўзгадваю тых, хто сёння ў Беларусі, хто за кратамі. Я ўяўляю, як ім цяжка, але яны не здаюцца. Гэта проста за шкірку цябе выцягвае — і ты пачынаеш працаваць далей. Рабіць усё, каб гэтыя людзі маглі хутчэй выйсці на волю. Каб я і ўсе тыя, хто вымушаны быў з’ехаць з Беларусі, маглі вярнуцца на радзіму. Сэрца баліць за ўсіх тых, хто пацярпеў ад рэжыму. Але разам з тым я неймаверна ганаруся беларусамі. У 2020-м адбыўся такі аграмадны зрух у свядомасці, у адчуванні ўласнай годнасці. Таму нягледзячы на ўсе рэпрэсіі, людзі адчуваюць, што гэты шлях мы павінны былі прайсці, каб нарэшце прыйсці да новай лепшай Беларусі. І гэта тое, што дае сілы працаваць далей.


Я магу вытрываць шмат што. І тое, што мяне пазбавілі роднага дому, магчымасці бачыцца з мужам, а маіх дзяцей — бацькі. Што я не магу сустракацца з сябрамі і ў любы момант прытуліцца да мамы. Што мяне называюць тэрарысткай і яшчэ шмат кім. Але ведаеце, што складаней за ўсе прыняць? Складаней за ўсё прыняць тое беззаконне, якое сёння адбываецца ў Беларусі. Асабліва баліць, калі ты не можаш з гэтым пакуль нічога зрабіць. І, магчыма, менавіта гэта дае мне сілы кожны дзень па кроплі рабіць сваю справу. Крок за крокам набліжаць той момант, калі нарэшце ўсе нявінна закратаваныя змогуць абняць сваіх родных.

Мне здаецца, гэта будзе проста нейкі святочны тыдзень! Спачатку мы ўсе разам сустрэнем зняволеных. Пасля людзі выйдуць на вуліцы, каб разам адсвяткаваць наша вызваленне. Будуць абдымацца, дарыць адзін аднаму кветкі. Будуць збірацца ў сваіх дварах… Такое вось усеагульнае свята.

А я нарэшце змагу абняць каханага, дзеці кінуцца яму на шыю… Нядаўна малодшая дачка ў мяне спыталася: «Мама, а чаму Лукашэнка пасадзіў нашага тату?» Я троху разгубілася, бо мы не казалі ёй, што здарылася, расказвалі, што з-за каронавіруса тата не можа да нас прыехаць. Але, аказваецца, ёй пра ўсё паведаміў старэйшы сын. І гэта проста рэжа сэрца, адбіваецца такім болем… Тое, што нашы дзеці вымушаныя праз гэта праходзіць. Я вельмі спадзяюся, што для дзяцей гэты перыяд, гэты стрэс пройдзе не вельмі заўважна. Прычым не толькі для маіх, а для ўсіх тых, хто сёння ў Беларусі бачыць, як затрымліваюць іх бацькоў, прысутнічае на ператрусах. Хто па-за межамі Беларусі не можа ўбачыць тату ці маму, бо іх закратавалі.

— Ці змянілі б вы штосьці ў вашым жыцці, каб была такая магчымасць? — запыталася я ў Святланы, бо апошнім часам я сама задаю сабе гэта пытанне.

— У жыцця няма ўмоўнага ладу. І гэта добра. Пра гэта важна памятаць кожны дзень і кожны раз, калі трэба рабіць выбар. Таму нічога не стала б мяняць. І я прайду той шлях, які выбрала. Які ўсе мы выбралі. Мы ўсе вымушаныя быць моцнымі. Мы знаходзім сілы трываць і змагацца кожны ў розным. Але галоўнае — тое, што мы верым у нашу перамогу і ведаем, што праўда на нашым баку.

Кожны дзень набліжае нашу перамогу. Таму я хачу зараз сказаць усім тым, хто чакае гэтага за кратамі: мы ўсе, хто застаўся па гэты бок вязніцы, ні на хвіліну не перастаем думаць пра вас. Асэнсаванне таго, што вы там за нас, што вы ахвяравалі сабой, сваёй свабодай і здароўем, дае нам энергію змагацца далей, не апускаць рукі ні на хвіліну. Беражыце там сябе, старайцеся захоўваць спакой. Вы нам вельмі патрэбныя.

Тым, хто працягвае змагацца, хачу падзякаваць і сказаць: усё не дарэмна, разам мы можам шмат. Не здавайцеся, памятайце пра тых, хто ахвяраваў сваім жыццём. Мы адказныя за сваю будучыню і нашу краіну. Перад нашымі дзецьмі. Забараніце сабе словы: «А што я магу?» Кожны можа шмат. Ад кожнага залежыць усё. Калі вам становіцца цяжка, падумайце пра тых, хто не можа, як вы, выпіць ранкам гарбаты ці прагуляць увечары па парку. Ад таго, што вы сёння робіце, залежыць тое, як хутка яны змогуць выйсці на волю.

Тым, хто хоча жыць у новай краіне, але яшчэ не гатовы нешта для гэтага зрабіць, хачу сказаць: ад вас таксама шмат залежыць, гэта і ваша краіна. Вы можаце пісаць лісты зняволеным, падпісаць петыцыю, не пагаджацца са знявагай.

Калі ўсе зразумеем, што мы адказныя за нашу будучыню, то абавязкова зможам нарэшце выйсці з багны «стабільнасці» і зможам развівацца, ісці далей. Стаць ці не найлепшай у свеце краінай для жыцця. Бо ў Беларусі жывуць найлепшыя людзі, якія вартыя найлепшай будучыні. Кожны дзень, калі я гляджу навіны з Беларусі, адчуваю боль, такі моцны і шчымлівы ад беззаконня і рэпрэсій да мірных людзей, што цяжка стрымліваць слёзы. Але разам з тым, я адчуваю вялікі гонар за беларусаў, за тое, якія яны моцныя, смелыя, шчырыя і салідарныя.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: