«Спісалі на мацярык»: куды знік рэпрэсаваны пастпрад БССР?

Міхаіл Мароз быў першым пастпрадам БССР у Маскве, узначальваў Белдзяржвыдавецтва, кіраваў справамі СНК БССР. Ажаніўся з актрысай Алесяй Александровіч, у якую быў закаханы Міхась Чарот. А потым Мароза абвінавацілі ва ўдзеле ў нацыянальна-фашысцкай арганізацыі, далі тэрмін, а неўзабаве пасля вызвалення былы пастпрад знік без звестак. Цяпер яго магілу шукае праўнук.

Алеся Александровіч і Міхась Мароз з сынамі Міхаілам і Андрэем. Фота з НАРБ прадастаўлена Таццянай Навасельскай

Для мяне гэтая гісторыя пачалася з Вайсковых могілак. Пазамінулым летам, калі там ва ўсю шчыраваў Спецкамбінат КБА — зносіў старыя надмагіллі і пляскаў замест іх тыпавыя надгалоўнікі, валанцёры кінуліся адстойваць некропаль і яго каштоўныя пахаванні. Сярод іх — магіла актрысы і педагога Алесі Александровіч, у якую быў закаханы паэт і пісьменнік Міхась Чарот. Менавіта Алесі ён прысвяціў сваю п’есу «На Купалле», дзе, сярод іншых спеваў, прагучала вядомая «Купалінка», і выканаўцай галоўнай ролі ў якой стала Алеся.

Алеся Александровіч. Фота з НАРБ прадастаўлена Таццянай Навасельскай

Аднак дзяўчына аддала сваё сэрца не летуценнаму Чароту, а кіраўніку Прадстаўніцтва БССР пры ўрадзе СССР Міхаілу Марозу, які арганізоўваў гастролі спектакля ў Маскве.

Сям’я жыла ў БССР, у Алесі і Міхаіла нарадзілася двое сыноў — Міхаіл і Андрэй. У 1935 годзе Міхаіл Іванавіч з’ехаў у Магадан і вярнуўся праведаць сям’ю ў 1937 годзе. Неўзабаве яго арыштавалі і далі 10 гадоў лагераў. Вядома, што там Міхаіл Мароз страціў здароўе і, верагодна, сканаў, але дзе, калі і пры якіх абставінах — невядома…

Алеся Александровіч і Міхаіл Мароз. Фота з НАРБ прадастаўленыя Таццянай Навасельскай

Алеся Александровіч і Міхаіл Мароз. Фота з НАРБ прадастаўленыя Таццянай Навасельскай


І тут валанцёры Вайсковых могілак паведамляюць, што ў Мінск прыехаў праўнук Міхася Мароза, які знайшоў шмат цікавай інфармацыі аб прадзеду ў расійскіх архівах і працягвае пошукі ў нас. Кліменцій Батароеў нарадзіўся і жыве ў Іркуцку. Яго дзед, Андрэй Міхайлавіч Мароз, быў фізікам, маці — доктар-кардыёлаг. Клім жа атрымаў спецыяльнасць «медыцынская фізіка», потым скончыў магістратуру па эканоміцы, піша дысертацыю па эканоміцы аховы здароўя, а таксама працуе ў сферы інфарматызацыі гэтай галіны. Апроч таго, ён выкладае, а ў вольны час займаецца даследаваннем лёсу свайго прадзеда.

Клім Батароеў. Фота Дзіяны Серадзюк

— Я з дзяцінства ведаў, што нейкі мой продак быў чалавекам высокага палёту, але ён знік, і ніхто не ведае, што з ім стала, — распавядае Клім Батароеў.

Пасталеўшы, хлопец стаў цікавіцца гэтай гісторыяй. У 2017 годзе разам з мінскімі сваякамі ён узяўся за пошукі слядоў прадзеда.

Узлёт і падзенне

Міхаіл Мароз паходзіў з сялянскай сям’і, якая жыла ў Капылі. У сям’і было дзевяць дзяцей, але адна з дачок памерла, і засталося восем. Міхась скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, настаўнічаў у сельскай школе. Хлопцу ўдалося выбіцца ў людзі: з 1922 ён — паўнамоцны прадстаўнік БССР у РСФСР, у 1924-25 — загадчык Белдзяржвыдавецтва ў Мінску. Часова быў прызначаны наркамам асветы. З 1926 года — кіраўнік спраў СНК БССР, старшыня камісіі Інбелкульта па ахове помнікаў старадаўнасці, мастацтва і прыроды, сябар гісторыка-археалагічнай секцыі Інбелкульта.

Міхаіл Мароз у 1923 годзе. Фота прадастаўлена Клімам Батароевым

Але на пасадзе кіраўніка спраў СНК у Міхаіла Мароза пачаліся праблемы: яго сталі штурхаць, тройчы выключалі з партыі.

— Калі ён быў па справах выдавецтва ў Германіі 10 месяцаў, ён не змог тут заплаціць сяброўскія ўнёскі. І яго за гэта ўшчувалі і выключылі з партыі. Але потым вынеслі вымову і аднавілі. Другі раз знайшлі разыходжанні ў даце нараджэння: паводле адных дакументаў, ён нарадзіўся ў 1893 годзе, паводле іншых — у 1895. Гэта расцанілі як прыпіску ўзросту для павелічэння партыйнага стажу, што стала падставай для новага выключэння з партыі, — распавядае Клім Батароеў.

Двойчы Міхаіл Мароз аднаўляўся ў партыі, але ў трэці раз не змог і вельмі перажываў праз гэта. Быў 1934 год, пачынала набіраць хаду рэпрэсіўная машына. Каб не падстаўляць пад яе сям’ю, Мароз з’ехаў у Магадан на прыіск «Разведчык» загадваць планава-эканамічнай часткай. Як пазней ён напісаў у аўтабіяграфіі, прычынамі ад’езду сталі вострае ўспрыняцце выключэння з партыі, а таксама «шчырае захапленне пафасам асваення Крайняй Поўначы».

Аўтабіяграфія Міхаіла Мароза

Аўтабіяграфія Міхаіла Мароза


Сляды губляюцца

Адпрацаваўшы тры гады на Калыме і засумаваўшы па сям’і, Міхаіл Іванавіч у 1937 годзе едзе ў адпачынак у Мінск. Пабыўшы з сям’ёй, праз месяц ён вяртаецца назад. І ўжо там, у Магадане, яго арыштоўваюць.

Міхаіл Мароз з сынамі Міхаілам і Андрэем у 1937 годзе. Фота прадастаўлена Клімам Батароевым


Два з паловай гады, пакуль ішло следства, Мароз сядзеў у магаданскай турме.

— Канешне, яго катавалі. У першыя ж суткі пасля арышту з яго выбілі прызнанне, што ён удзельнічаў у контррэвалюцыйнай беларускай нацыянальнай арганізацыі, вёў актыўную барацьбу з Савецкім Саюзам, — кажа Клім Батароеў.

Заява Міхаіла Мароза з прызнаннем віны. Фота прадастаўлена Клімам Батароевым


Праўнук распавядае, што Міхаіла Мароза білі, ставілі на «стойку» (некалькі дзён прымушалі стаяць, не даючы заснуць), але нават у такім становішчы ён пісаў скаргі на следчых.

Што адметна, па скаргах правялі праверку, устанавілі парушэнні, следчых арыштавалі. Але на справу Мароза гэта ніякім чынам не паўплывала. Яму прысудзілі пяць гадоў лагеру, з улікам зняволення падчас следства заставалася 2,5 года.

Прысуд Міхаілу Марозу. Фота прадастаўлена Клімам Батароевым


Міхаіл Мароз вызваліўся 3 лістапада 1942 года, але, паводле прысуду, у яго заставалася яшчэ два гады паразы ў правах. Былы дыпламат працаваў у лясным аддзеле Магаданскай чыгункі, якой цяпер не існуе — гэта была ўнутраная дарога лагера. Праз нечалавечыя лагерныя ўмовы Мароза разбіў паралюш — аднялася левая палова цела. Так праз два гады пасля вызвалення Міхаіл Мароз трапіў у дом інвалідаў у Магадане.

— Літаральна за два месяцы да заканчэння дзеяння паразы ў правах, разумеючы, што жыць яму засталося нядоўга, яго «спісалі на мацярык». Далёкі Усход, Калыма — гэта, фактычна, свая асобная дзяржава, таму нават у дакументах так пісалі — «адправіць на мацярык», — тлумачыць Клім Батароеў.

У жніўні 1944 года Мароза адправілі ў Яраслаўскую вобласць, у горад Тутаеў, дзе ён павінен быў стаць на ўлік. Але, відаць, туды ён не прыехаў, і далейшыя сляды Міхаіла Мароза губляюцца.

— Паводле інфармацыі, якая ёсць у сям’і, у 1946 ці ў 1947 годзе ў Мінск прыйшоў ліст, маўляў, ваш Міхаіл Іванавіч Мароз, вельмі добры чалавек, цяжка хварэў і памёр. Калі хочаце, прыедзьце да нас і забярыце яго, а калі не, мы пахаваем яго тут. Быў адрас, імя гэтага чалавека. Але паколькі гэта былі часы росквіту ўлады Сталіна, а ліст вёз рэпрэсаваны з ссылкі, яго хавалі. Ніхто па Міхаіла Іванавіча не паехаў, таму што проста не было каму. Алеся Іванаўна ў гэты час цяжка хварэла на рак кішэчніка і ў жніўні 1947 года памерла, да таго ж была галеча, грошай на квіток не было. А ліст у сям’і так схавалі, што знайсці яго цяпер не могуць нават нашчадкі, — кажа праўнук дыпламата.


«Окончить не позволили — стал на стойку»

Клім заняўся пошукам па архівах звестак пра прадзеда. Так, з архіва Магаданскай вобласці ўдалося атрымаць копію ўліковай карткі, запоўненай Міхасём Марозам, дзе былі звесткі пра яго, яго судзімасць, працу пасля вызвалення, склад сям’і і — ужо чужой рукой — ад’езд у Тутаеў з Магадана 26 жніўня 1944 года.  

— У Яраслаўскай вобласці — 28 раёнаў. У кожны з раённых аддзелаў ЗАГС я напісаў запыт, бо, калі чалавек памёр, павінен быць зафіксаваны факт смерці. Але нідзе такіх дакументаў няма. Толькі Магаданская пракуратура мне паведаміла, што справа Міхаіла Іванавіча Мароза ў іх была, але яе знішчылі вельмі хутка пасля смерці Сталіна — быў такі загад.

Але захавалася следчая справа Міхася Мароза, Клім Батароеў знайшоў яе ў Омскім архіве ФСБ. Справу даслалі не ўсю: без паказанняў даносчыкаў і з закрытымі імёнамі следчых, панятых, суддзяў. Але ёсць ордэр на арышт Мароза, вопіс яго рэчаў — некалькі часопісаў, вучэбная літаратура, дзве калоды карт, нататнікі, зберкніжка — усяго 26 прадметаў.

— Адзін напісаны ім дакумент без слёз чытаць немагчыма: ён пісаў, а потым думка рэзка абрываецца, і пасля коскі ідзе фраза: «окончить не позволили […] стал на стойку». А затым яму падклалі ўжо надрукаваны на машынцы пратакол допыту, дзе яго прымушалі распісвацца пад кожным абзацам: «прызнаю, што з’яўляўся актыўным удзельнікам антысавецкага падполля, членам нацыянал-фашысцкай арганізацыі Беларусі». Яму ставілі ў віну планы арганізаваць аб’яднанне Савецкай Беларусі з «фашысцкай Польшчай».

Урывак з ліста Міхаіла Мароза начальніку НКУС: «окончить не позволили […] стал на стойку».


Адметна, што ў абвінаваўчым прысудзе Міхасю Марозу для пракурора пазначана, што следчымі (іх імёны закрэсленыя) прымяняліся незаконныя метады вядзення следства. І яшчэ адзін здзек савецкай судовай сістэмы: прысуд можна было абскардзіць цягам 72 гадзін. Мароз паспеў гэта зрабіць, але Вярхоўны суд РСФСР пакінуў пастанову ў сіле.

Пазней, ужо ў доме інвалідаў, былы пастпрад напісаў падрабязную аўтабіяграфію, дзе распавёў, што ён ні ў чым не вінаваты і ніякіх злачынстваў не здзяйсняў. Ён даслаў яе жонцы, каб тая знайшла адваката і дамаглася перагляду справы і адмены прысуду ды рэабілітацыі. Пісаць пра гэта даводзілася завуалявана, паколькі ўсе лісты чытала цэнзура. Таму да жонкі ён звяртаецца «Дорогой товарищ Алеся!», а напрыканцы, не могучы пералічваць сваіх сяброў, піша: «Привет, кому надо».


«Настаўніца не верыла, што прадзед удзельнічаў у стварэнні СССР»

У сям’і Кліма Батароева нейкую містычную ролю адыграў горад Канск у Краснаярскім краі. Пачалося ўсё з брата Алесі Александровіч, паэта Андрэя Александровіча. У 1938 годзе яму далі 15 гадоў лагераў і адправілі ў бок Нарыльска на будоўлю нікелевага камбіната. Там Александровіч адбыў восем гадоў, пасля чаго яму скарацілі тэрмін да адбытага і дазволілі вярнуцца ў Мінск. Але ў 1949 годзе яго арыштавалі зноў і саслалі на вольнае пасяленне. Пасля заканчэння філфака МДУ, каб быць бліжэй да бацькі, сын Александровіча Радаслаў узяў размеркаванне на працу настаўнікам літаратуры ў гідролізны тэхнікум горада Канска.

У гэты час падрасталі сыны Алесі Александровіч і Міхаіла Мароза. Бацькоў няма (маці да гэтага часу памерла, верагодна, бацька таксама), старэйшы сын, Міхаіл, у арміі, малодшы, Андрэй, скончыў фізіка-матэматычны факультэт і шукае, куды падацца. Звяртаецца да стрыечнага брата Радаслава, і той запрашае яго да сябе ў Канск выкладаць фізіку і матэматыку. Андрэя селяць у трохпакаёўцы, дзе адзін пакой займае Радаслаў і яшчэ адзін — выкладчыца спецыяльнасці ў тэхнікуме. Пазней выкладчыца стане жонкай Андрэя Мароза, і ў іх народзіцца дачка Любоў — маці Кліма.

З сярэдзіны 1950-х у Савецкім Саюзе актыўна развіваецца касмічная праграма. У сувязі з гэтым у Іркуцку будуецца вялікі інстытут, куды запрашаюць спецыялістаў-фізікаў. Андрэй з жонкай і дачкой перабіраюцца туды.

— Калі я вучыўся ў трэцім класе, нам распавядалі пра нашу радзіму — Савецкі Саюз. І мне мама казала, што яе дзядуля — а мой прадзед — удзельнічаў у стварэнні СССР. Я распавёў пра гэта сваёй настаўніцы, але яна мне не паверыла. Бо дакумента не было, нават копіі. Ужо заканчваючы школу, я стаў шукаць, і знайшоў на адным нямецкім сайце дамову і дэкларацыю аб утварэнні Савецкага Саюза, дзе стаіць подпіс Міхаіла Мароза.

Клім Батароеў. Фота Дзіяны Серадзюк


Магілу Алесі ўратавалі. Ці знойдуць магілу Міхася?

Калі пачаўся знос помнікаў на Вайсковых могілках, маці Кліма Любоў Батароева прыехала туды, сказала, што яна — прамая ўнучка Алесі Александровіч і папрасіла нічога з яе пахаваннем не рабіць. Але ў яе былі дакументы на імя Аляксандры Іванаўны Мароз, а не Алесі Александровіч, таму прадстаўнікі Спецкамбіната не надта ёй паверылі. На шчасце, знайшоўся сын ужо згаданага Радаслава Александровіча Алег, сваяцтва ўдалося даказаць — і магілу не кранулі.

Сваякі дамовіліся, што паставяць новы помнік. І вось аднойчы яны прыйшлі на могілкі і ўбачылі новы прыгожы помнік на магіле Алесі, на якім яе сумеснае фота з мужам, а таксама звесткі пра абодвух. Якім было іх здзіўленне, калі высветлілася, што новае надмагілле паставіў не нехта з сям’і і нават не нейкая арганізацыя. А зрабіла гэта адна з валанцёраў некропаля, унучка пісьменніка Сяргея Знаёмага Таццяна Навасельская. Яна апякуецца многімі пахаваннямі на Вайсковых. Яе дзед таксама быў рэпрэсаваны, і яго слядоў Таццяне знайсці не ўдалося, таму, даглядаючы за магіламі іншых, яна такім чынам ушаноўвае і памяць свайго продка.

Магіла Алесі Александровіч на Вайсковых могілках. Фота Дзіяны Серадзюк

Магіла Алесі Александровіч на Вайсковых могілках. Фота Дзіяны Серадзюк

Раней магіла Алесі была абнесеная агароджай, на якой вісела таблічка з пазнакай імя і гадоў жыцця. Жанчына памерла ў 1947 годзе, калі краіна была ў галечы, і не было з чаго зрабіць шыльду на помнік. І яе зрабілі з пісьмовага прыбора брата Алесі Андрэя Александровіча, які застаўся ў яго з часоў яго творчага ўзлёту і прызнання. У сувязі з «добраўпарадкаваннем» агароджу давялося прыбраць, а вось памятная шыльда дагэтуль захоўваецца ў сваякоў.

Апроч жонкі Алесі на Вайсковых могілках пахаваны брат Міхаіла Мароза — Алесь Іванавіч Мароз.

У гісторыі гэтай сям’і яшчэ вельмі шмат белых плямаў, якія, здаецца, усё ж ёсць каму запаўняць. Бацька Кліма — бурат, у гэтага народа вельмі моцныя сямейныя традыцыі, продкі ў сем’ях вельмі шануюцца, таму мужчына настроены працяг­ваць пошукі.

— Для нас гэта вялікая трагедыя, што наш продак вось так згінуў, і да гэтага часу не вядома, дзе яго магіла, — кажа ён.

Апошняе фота Міхаіла Мароза, 1942 год. Здымак прадастаўлены Клімам Батароевым

Першы пастпрад БССР пры ўрадзе СССР быў рэабілітаваны ў 1992 годзе. Разам з даведкай аб рэабілітацыі ў Омскім архіве ФСБ Кліму Батароеву прадаставілі і апошняе фота прадзеда, дзе яму 51 год, а выглядае ён на ўсе 60. Гэтае фота, а таксама пастанову і даведку аб рэабілітацыі Міхаіла Мароза Клім перадаў у Нацыянальны архіў Беларусі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: