Сто гадоў таму нарадзіўся дзеяч Рады БНР Барыс Рагуля

1 студзеня 1920 года ў Наваградскім павеце нарадзіўся Барыс Рагуля, намеснік Старшыні Рады БНР, вайсковец, медык, выбітны дзеяч беларускай дыяспары ў Канадзе.
Яго бацька быў лекарам, але памёр падчас эпідэміі тыфусу, калі Барысу было толькі два гады. Маці з сынам пераехалі ў Любчу. Пасля заканчэння акушэрскіх курсаў у Варшаве маці атрымала працу ў наваградскім шпіталі ў 1930 годзе.

У тым жа годзе Барыс паступіў у беларускую гімназію. Польскія ўлады ў рамках палітыкі дыскрымінацыі беларусаў у Заходняй Беларусі закрылі яе ў 1935 годзе, Барыс быў вымушаны перайсці ў польскую гімназію імя Адама Міцкевіча, дзе атмасфера была вельмі неспрыяльная і дыскрымінацыйная ў адносінах да беларусаў. Ён скончыў гімназію ў 1938 годзе і здаў уступныя іспыты на медычны факультэт Універсітэту імя Стэфана Баторыя ў Вільні. Аднак польскія ўлады не далі яму магчымасці вучыцца і ў абыход закону забралі ў армію.

У чэрвені 1939 года Барыс Рагуля скончыў польскую афіцэрскую школу ў Зэмбраве, быў прызначаны камандзірам эскадрону ў 42-м палку польскага войска ў Беластоку. У верасні 1939 года ён ваяваў супраць нацыстаў у складзе польскага войска на мяжы Польшчы і Усходняй Прусіі. Барыс Рагуля трапіў у палон, адкуль у 1940 годзе ўцёк на радзіму ў Заходнюю Беларусь, якую ў той жа самы час акупаваў СССР. Працаваў настаўнікам у школе ў Любчы.

У студзені 1941 года Барыс Рагуля арыштаваны савецкім НКВД, абвінавачаны «ў нелегальным пераходзе мяжы, контррэвалюцыйнай дзейнасці, шпіянажы». Утрымліваўся ў мінскай «амерыканцы», у рэшце рэшт быў асуджаны на смерць. Здолеў вырвацца на волю напачатку нямецка-савецкай вайны. Маці Рагулі загінула ў бамбёжцы, ратуючы сваіх пацыентаў.

Падчас нямецкай акупацыі Барыс Рагуля працаваў перакладчыкам у Наваградку, выкладчыкам настаўніцкай семінарыі. Ён быў прыняты ў склад ЦК паўпадпольнай Беларускай Незалежніцкай Партыі. У ліпені 1942 Рагуля стаў камандзірам акруговага аддзела Беларускай самааховы ў Наваградку. З восені 1943 года ён узначальваў беларускі швадрон у Наваградку. Са жніўня 1944 года ён у дэсантным батальёне «Дальвіц».

Пасля вайны Рагуля апынуўся ў амерыканскай зоне акупацыі Нямеччыны. Ён скончыў Лювэнскі ўніверсітэт у Бельгіі, далучыўся да Рады БНР. Удзельнічаў у закідцы беларускіх дыверсантаў за «жалезную заслону».

У 1954 годзе Барыс Рагуля з сям’ёй пераехалі ў Канаду, дзе пасяліліся ў горадзе Лондане, правінцыя Антарыё.

Барыс Рагуля стаў адным з найбольш аўтарытэных у Канадзе спецыялістаў у галіне анкалогіі. Яму належаць шматлікія публікацыі ў прафесійных выданнях, ён займаў пасады ў многіх канадскіх і панамерыканскіх прафесійных аб’яднаннях лекараў-анколагаў, выкладаў у медычнай школе, выступаў на шматлікіх канферэнцыях.

Дасягнуўшы вялікіх прафесійных поспехаў, Барыс Рагуля таксама актыўна ўдзельнічае ў жыцці беларускай грамады Канады і ўсяго Вольнага свету: з 1971 года — заступнік Старшыні Рады БНР, старшыня Каардынацыйнага Камітэту Беларусаў Канады ад 1971 да 1989 года. У 1976 — 1978 гадах Рагуля працаваў з прадстаўнікамі латышоў, літоўцаў, эстонцаў і ўкраінцаў над дакументам аб дэкаланізацыі Савецкага Саюза. Дакумент быў уручаны Асамблеі ААН у Нью-Ёрку 20 лістапада 1978 года.

Пасля 1986 года Барыс Рагуля ўдзельнічаў у Камітэце дапамогі дзецям-ахвярам Чарнобылю. Ад 1990 Рагуля – медычны дырэктар дапамогі дзецям-ахвярам Чарнобылю.

У 1997 годзе Рагуля быў ініцыятарам актывізацыі і абнаўленьня складу Рады БНР.

Памёр у 2005 годзе. Па сабе пакінуў мемуары, якія можна паглядзець тут і набыць тут.

Паводле radabnr.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: