Ступень свабоды. Памяці Уладзімера Станкевіча

На 70-м годзе жыцця памёр былы дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га склікання Уладзімер Станкевіч. Ён зрабіў усё, што магло ад яго залежаць, каб незалежнасць Беларусі адбылася, піша Сяргей Навумчык на «Свабодзе».


Прафесійная кар’ера Станкевіча-юрыста зрабіла імклівы рывок у 1990 годзе, калі ў сакавіку ён, старшы юрысконсульт калгасу «Беларусь» Мядзельскага раёна, быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савету, а ў ліпені — намеснікам старшыні галоўнай парламенцкай камісіі — камісіі па заканадаўстве; пасада прыраўноўвалася да міністарскай. Пры жаданні «правільна» будаваць адносіны з найвышэйшым кіраўніцтвам — спачатку з Кебічам, потым з Лукашэнкам — Уладзімер, я ўпэўнены, мог бы з цягам часу быць, да прыкладу, старшынёй Вярхоўнага Суду.

Але ў яго быў іншы характар: ён не жадаў падыгрываць начальству і выконваць тое, што супярэчыла ягоным уласным перакананням. У яго была высокая планка ўласнай годнасці і ступені асабістай свабоды (што ўвогуле было нечакана для чалавека, звязанага з савецкай юрыспрудэнцыяй).

Старшынёй парламенцкай камісіі па заканадаўстве быў Дзмітры Булахаў. Праз два гады працы ў камісіі Статкевіч сышоў з пасады ягонага намесніка і прыняў прапанову Генадзя Карпенкі — стаў начальнікам маладзечанскай міліцыі. Карпенка працаваў мэрам Маладзечна, а намеснікам яго быў Віктар Ганчар. Не ўсе іх планы рэалізаваліся, але шмат якія рэформы ажыццявіць удалося. На пэўны час Маладзечна зрабілася ці не самым свабодным беларускім горадам, месцам з найбольш спрыяльным кліматам для бізнесу (там рэгістраваліся нават фірмы з офісамі ў сталіцы). Цяпер гэтага няма, але вуліцы, перайменаваныя ў гонар нацыянальных дзеячоў, засталіся.

З пераходам на працу ў Маладзечна Уладзімер Станкевіч зменшыў актыўнасць у апазіцыі і ўрэшце звёў яе да нуля (гэта супала і з адмовай Вярхоўнага Савету прызначыць рэферэндум аб датэрміновых выбарах; да ідэі БНФ правесці такі рэферэндум Станкевіч паставіўся крытычна). Ён увогуле значна радзей выказваўся на сесіях, магчыма, расчараваўшыся ў эфектыўнасці палітычнай дзейнасці.

Але ў часы, калі Уладзімер максімальна ўдзельнічаў у парламенцкай працы (1990-91 гг.), ягоны ўдзел у апазіцыі быў вельмі эфектыўным.

Подпіс Уладзімера Станкевіча стаіць пад усімі асноўнымі дакументамі Апазіцыі БНФ таго часу, пачынаючы ад заяваў пра стварэнне парламенцкай групы БНФ і Апазіцыі БНФ у ліпені 1990-га.

Сапраўдным шокам для пракамуністычных дэпутатаў на другой сесіі Вярхоўнага Савету ўвосень 1990-га было прадстаўленне пакета эканамічных законапраектаў, якія распрацавала Апазіцыя. Яны думалі, што «им бы только флажки да мова», а тут — канцэпцыя пераходу эканомікі да рынку, падмацаваная праектамі законаў.

Станкевіч удзельнічаў у распрацоўцы «зямельнага блоку», бо не ўяўляў свабоднага чалавека без права быць поўным гаспадаром на сваёй зямлі. І менавіта Станкевіч прадстаўляў на сесіі альтэрнатыўны Кодэкс аб зямлі. Менавіта яму давялося адбіваць папрокі і з’едлівыя рэплікі праціўнікаў увядзення права прыватнай уласнасці на зямлю — таго падмурку, без якога чалавек не можа адчуваць сябе сапраўдным гаспадаром на зямлі. Наш закон набраў толькі 76 галасоў, і Коласаўскае «Купіць зямлю, прыдбаць свой кут, каб з панскіх выпутацца пут...» на дзесяцігоддзі застанецца толькі марай. Тады нашыя апаненты прыводзілі ў прыклад Польшчу, якая перажывала натуральны для перыяду рынкавых рэформаў крызіс; што ж, сёння можна параўнаць эфектыўнасць сельскай гаспадаркі ў Польшчы і ў Беларусі. Можна параўнаць і ступені свабоды — як гаспадарчай, эканамічнай, гэтак і грамадскай, асабістай.

Вясной 1992-га Станкевіч разам з іншымі дэпутатамі Апазіцыі БНФ выступіў супраць парушэнняў пры даабранні новых членаў Цэнтральнай выбарчай камісіі (тады ў склад ЦВК упершыню ўвайшла і Лідзія Ярмошына).

А сапраўдным палітычным «зорным імгненнем» для Уладзімера Станкевіча, як і для іншых дэпутатаў БНФ, быў жнівень 1991-га. Уладзімер выходзіў на Плошчу і падпісваў заяву супраць ГКЧП у дні, калі ніхто не ведаў, чым можа скончыцца такая актыўнасць для яе ўдзельнікаў. Ягоны подпіс — і пад патрабаваннем аб скліканні нечарговай сесіі Вярхоўнага Савету, якой было наканавана ўвайсці ў гісторыю як Сесія Незалежнасці.

Ён запатрабаваў пайменнага галасавання па ўсіх пытаннях, якія разглядаліся на сесіі, і абнародавання вынікаў у прэсе, уносіў істотныя ўдакладненні па працэдурных момантах (для недасведчанага чалавека нібыта і неістотных, але вельмі важных для прыняцця галоўных рашэнняў, якіх мы дамагаліся — спынення дзейнасці КПБ і КПСС і абвяшчэння Незалежнасці).

Вось фрагмент выступу Уладзімера Станкевіча 25 жніўня 1991 году, калі стала вядома, што ў Маскве Гарбачоў і Ельцын спынілі дзейнасць КПСС на тэрыторыі Расіі:

«Сілаеў (кіраўнік ураду Расіі. — С.Н.) адназначна сказаў, што Беларусь нам здрадзіла. Гэта чулі многія. Ім здрадзіла не Беларусь. Не варта атаясамліваць Малафеева і Дземянцея з Беларуссю. Але калі сёння мы не зробім тое, што зрабіла Расія ў адносінах да камуністычнай партыі, мы пацвердзім словы Сілаева і тым самым падставім беларускі народ, які не здраджваў ні дэмакратыі, ні Расіі. Таму тут двух меркаванняў быць не можа. Бо адназначна павінна быць прыпыненая дзейнасць гэтай партыі. І потым, нават калі суд дакажа яе невінаватасць, павінна адбыцца не аднаўленне яе дзейнасці, а рэгістрацыя, як і ўсіх іншых партыяў, пры дапамозе свайго статуту і гэтак далей. Іншая справа, і вы цудоўна разумееце, — пасля таго, што адбылося, пасля прыпынення, які б суд ні даказваў правату гэтай партыі, у яе не пойдзе народ. Не пойдзе».

У момант, калі Дэкларацыі надаваўся статус канстытуцыйнай сілы (што юрыдычна і было абвяшчэннем Незалежнасці), Статкевіч прапанаваў выключыць з тэксту артыкул 12-ты, які прадугледжваў распрацоўку і падпісанне новай Саюзнай дамовы (супраць гэтага артыкулу 27 ліпеня 1990 году выступаў Народны Фронт).

Паводле стэнаграмы, 25 жніўня 1991 году, Уладзімер Станкевіч галасаваў «за» на ўсіх этапах прыняцця дакументаў, якія дэ-юрэ рабілі Беларусь незалежнай краінай.

А праз некалькі дзён ён падпісаў зварот дэпутатаў Апазіцыі БНФ да ўсіх жыхароў Беларусі з заклікам уключыцца «ў дэмакратычны працэс, у рух адраджэння вольнай суверэннай Беларусі». «У нашай культурнай, памяркоўнай дэмакратычнай Бацькаўшчыне ніхто не павінен і не будзе пераследаваць чалавека толькі за членства ў камуністычнай партыі ці камсамоле», — гаварылася ў звароце.

Гэты зварот быў пачуты далёка не ўсімі — і, як паказалі наступныя падзеі, значная частка насельніцтва яшчэ доўга не ўсведамляла (а некаторыя не асэнсавалі і сёння) каштоўнасць суверэннай дзяржавы для лёсу іх і нашчадкаў.

Але каб гэтая незалежнасць адбылася, Уладзімер Станкевіч зрабіў усё, што магло ад яго залежаць.

www.svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: