Святар Уладзімір Драбышэўскі: «Цяпер ведаю пра што пісаць палітвязням»

Вядомы цяпер ужо на ўсю краіну гомельскі святар Уладзімір Драбышэўскі адбыў пакаранне ў 25 сутак за мірны пратэст. Ён распавёў "Моцным навінам", як правёў амаль месяц у ІЧУ

Уладзіміра Драбышэўскага ў пятніцу, 18 верасня, выклікалі ў Савецкі РАУС "для гутаркі". Адтуль пад канвоем яго адвезлі на суд, а далей — у ІЧУ.

— У РАУС я пайшоў з адвакатам, прапусцілі і майго бацьку. Вельмі маладыя супрацоўнікі, усё ў масках, адзін вельмі негатыўна рэагаваў. У гэтага неабыякавага супрацоўніка на сцяне ў рамачцы вісіць тэкст прысягі рускага афіцэра 1804 года, пры тым, што ён адкрыта хлусіў у твар, хаміў адвакату. Мы вельмі доўга чакалі. Адвакатка папрасіла назваць імя начальніка, каб падаць скаргу. І вось гэты супрацоўнік заяўляе, што не ведае, хто яго начальнік, як яго завуць, дзе яго кабінет.

Склалі пратакол за акцыю каля ГДТУ ім. Сухога. Я не пагадзіўся з напісаным і адмовіўся ад дачы тлумачэнняў. Потым аформілі другі пратакол — за акцыю на Савецкай (за яго потым я атрымаў 15 сутак).

У канцы 30-х раскулачылі мужа сястры майго дзеда Апанаса, той быў кулаком — гаспадарчым дамавітым селянінам. Жылі пад Гомелем, бедна, 8 дзяцей. Дзеда арыштаваў НКУС, ён некалькі месяцаў адседзеў у Гомельскай турме. З яго ляпілі польскага шпіёна. Асобна дапытвалі бабулю. Дзед з бабуляй трымаліся (лішняга не набалталі), і справа не зляпілася. Дзякуй Богу!

І вось-горкая іронія. Унук, праз 90 гадоў, таксама "польскі шпіён": кіруецца праз космас з цэнтра ў Варшаве. Дакуль жа будзем цярпець?!

У ІЧУ шмат маладых супрацоўнікаў. Пару чалавек былі з нармальнымі вачыма — мне іх шкада.
 
У мяне не было асабістага кантакту з турэмшчыкамі, але ўсе ведалі, што я святар. Сказаць, што яны баяцца, як чорт ладану, майго падрасніка — могуць мяне западозрыць у нейкі нездаровай містыцы. Я на судзе быў у форме, у ІЧУ я прыехаў у падрасніку з крыжам. Я быў у прывілеяваным становішчы: пры паступленні, калі абшукваюць і распранаюць, мяне не прымусілі здымаць бялізну. Адзін хлопец мне прапанаваў [зняць бялізну], я спытаў: калі ён калі-небудзь зойдзе ў царкву на Вялікдзень ці на Каляды, ці не сапсуе ён сабе свята відам святара, які прысядае? Ён з такой цікавай інтанацыяй сказаў, што, калі гэта мяне зневажае, я магу не здымаць. Стварылася ўражанне, што ён не разумее, што гэта прыніжае любога чалавека.

Пасля трох шмонаў (я апранаў подрясник) яны падманным шляхам у мяне яго сталі адбіраць, патрабавалі. Кажу: гэта мая вопратка, у жанчын вы таксама адбіраеце доўгія спадніцы, нязручна абшукваць ногі? Але вырашыў не ісці на канфлікт, каб яны здымалі з мяне яго сілай. Аддаў.

Калі везлі на суд другі раз, я настойліва дамагаўся надзець падраснік. Яны пайшлі насустрач, але сказалі, што крыж не аддадуць у любым выпадку. Калі назад прывезлі ў ІЧУ, адразу ж забралі ўсё зноў.

Наогул, усё залежыць ад іх настрою. На першых сутках я папрасіў другую коўдру — прынеслі з першага разу.

Ад родных да мяне даходзіла менш прадуктаў, чым перадавалася. Я бачыў па спісе, напрыклад, сала, каўбаса, яшчэ нешта, але без вагі. Думаў, што, напэўна, шмат не дазваляюць — 150-200 г, жменька-дзве. Родныя потым здзіўлена распавядалі, што сала перадавалася па паўкілаграма, сухой калбасы палку. Хто з'ядаў ці куды выкідвалася астатняе, я не ведаю.

— 25 дзён у камеры цяжка знаходзіцца?

— Так, хацелася бачыць гарызонт. Нават гарадскі (смяецца). Думаў, прыйду дадому і адключу электрычнасць. Але мне было лягчэй: дзякуючы свайму росту, хоць я не змяшчаўся ў шконку, мог глядзець у акно. Калі я хацеў на шпацыр — у мяне ён была: я стаяў і глядзеў на вуліцу, на дрэвы, надвор'е. Прыходзілі валанцёры, адну нядзелю на губным гармоніку гралі, яшчэ нехта крычаў, нехта махаў рукамі.

Кожную нядзелю мы бачылі, як сілавікі рыхтуюцца да разгону-гадзін у 11-12 прыязджаюць аўтазакі, бусікі, усе з'язджаюцца, у масках. Яны ўсміхаюцца адзін аднаму, абдымаюцца, рыхтуюцца ехаць разганяць жанчын, пенсіянераў. Вельмі бадзёра заўсёды выглядаюць.

Лічу, што трэба кардынальна перагледзіць умовы ўтрымання. Мне часам кажуць: ну, гэта ж не ў Нарвегіі, там Брэйвік у трохзоркавым гатэлі яшчэ і адукацыю атрымлівае па інтэрнэце. Вось нават так і павінна быць! Гэта тое, што неабходна любому чалавеку. Тое, што кажа Леўчанка: забіралі матрац, бялізну — я не ўяўляю ступень садызму, бесчалавечнасці людзей, якія аддавалі і выконвалі гэтыя загады. Не даваць ваду, каб змыць туалет, давесці чалавека, каб вошы з'явіліся, мне цяжка ўявіць ступень маральнага падзення гэтых людзей.

Таму, калі мы будзем будаваць новую краіну, Утрыманне ў такіх месцах трэба змяніць.

Калі выпускалі, быў цырк: прыйшлі загадзя, настойвалі, каб я быў у спартыўных штанах. У спіну дзяжурны спытаў, у якой царкве служу — відавочна, каб выпадкова туды не прыйсці і не сустрэць бацюшку, якога тут распраналі.

Сказалі, што павязуць у Савецкі РАУС для прафілактычнай гутаркі. Пасадзілі ў шклянку, не хапала паветра, дзверы адкрыць адмовіліся. Доўга вазілі па раёне, нейкі адрэзак шляху (доўга), нават рухаліся заднім ходам. Давозілі да таго, што мне стала блага. Калі выйшаў, я не ведаў, чаго чакаць: у турму КДБ прывезлі ці куды?

Я выйшаў на дарогу, прысеў на траву: перад вачыма цёмна, ногі зацяклі. «Мы вас да дому прывезлі, тут недалёка», — кажуць. Я бачу нейкія прыватныя дамы, але не мой. Пастаялі нейкі час, паглядзелі, каб я не ўпаў, і з'ехалі. Ну, а я ў гэтых штанах, у кофце пайшоў. Яны вельмі настойвалі, каб я не быў у гэтай святарскай форме.

Як дома? Сустрэлі, паабнімаліся. Апошні час хочацца з усімі абдымацца. Не толькі з роднымі.

— З кім з умоўна вядомых гамельчукоў, актывістаў вы сядзелі?

— З вядомых быў я (смяецца). Усе заходзілі: "О, мы вас ведаем!" Даводзілася прымушаць гаварыць на "ты": адну баланду сёрбаем — якое "вы"? Калі прайшла сходка з інаўгурацыяй, дзесьці ў 4-5 раніцы да нас завялі двух студэнтаў з ГДУ і з ГГТУ, у аднаго быў разбіты твар. На ранішнім шмоне "медсястра" пацікавілася, ці ёсць ранкі на целе. Калі ён адказаў "Не", яна супакоілася і адышла, не было прапанавана ніякай меддапамогі. Здароўе яе не цікавіла. Трэба было, каб потым не ўзнікла пытанне, што ён гэта атрымаў у ІЧУ. Пасля абеду прыехаў яшчэ адзін студэнт, юрыст-міжнароднік. Я чалавек 14 пабачыў за ўвесь час, каля паловы — палітычныя.

Я масу паштовак, лістоў атрымаў: з Брэста, Полацка, Гродна, Мінска — не толькі Гомельшчына. Вялікі ўсім дзякуй, што падтрымлівалі мяне! Пісаць. Вось я думаў і не ведаў, аб чым пісаць палітвязням. Цяпер ведаю: можна паспрабаваць пагутарыць з чалавекам, навіны якія-небудзь расказаць, акрамя «трымайцеся, мы разам». Мне здаецца, гэта вельмі важна. І пра надвор'е. Я вось вельмі турбаваўся, што пачне халадаць, а я пачынаў захворваць, у мяне хранічны бранхіт.

Яшчэ гэта важна, таму што яны [супрацоўнікі ІЧУ] чытаюць, бачаць адрасы, што гэтыя лісты не ад родных. Разумеюць, што не маргіналы сядзяць — што гэта яны ў меншасці.

Адна дзяўчына вельмі пісьменна пісала, навіны спрабавала складаць, даслала размалёўку і распавяла, як у спецыяльнай тэхніцы ручкай паўтонамі [маляваць]. Вось чалавек спрабаваў нешта мне прапанаваць, каб прабавіць час. Тыя, хто вызваліўся, пісалі, паказвалі нумар камеры, перадавалі прывітанне.

Дзеці пісалі выдатныя лісты: "Тата, мы праходзім Пушкіна "вязень", а па гісторыі — паўстанне дзекабрыстаў». Думаю: О як! Трэба потым у падручніку паглядзець, што там Міністэрства адукацыі, піша пра паўстанне дзекабрыстаў — можа, трэба нешта паралельна расказаць (смяецца).

— Як сям'я перажывала вашыя 25 сутак?

— Дзеці вельмі цікавіліся, ці выводзяць мяне з іншымі зняволенымі пагуляць (смяецца), пра ложак пыталіся. Міліцыя вельмі моцна напалохала маіх дзяцей, асабліва малодшых — і голас Уладзіміра становіцца цяжкім. — Цяпер нам з жонкай даводзіцца гэта ўлічваць. Я вельмі ўдзячны некаторым настаўнікам (маўчыць). У школе дапамогу прапаноўвалі, і ў сына ў ліцэі вельмі выдатныя настаўнікі (плача).

Калі лічыце, што я выйшаў на волю ці вы цяпер на волі — розніца толькі ў даўжыні ланцуга і ва ўмовах утрымання. Мы ў Беларусі не свабодныя людзі. Там камера дзесьці 3,5×3,5 і яшчэ ж стаяць гэтыя шконкі, рукамыйніца, тое, што яны называюць прыбіральняй, і столік. І бясконцае святло. Таму даўжыня ланцуга ў камеры — 2 метры. А цяпер я выйшаў, тут проста ланцуг троху даўжэшы? Але ён жа ўсё роўна ланцуг.

— Дзеці цяпер не кажуць: тата, больш не хадзі?

— Не. Яны мне малявалі БЧБ-сцягі "Кусь за Беларусь", пісалі, што мы пераможам. Гэтыя дзеці ўжо не захочуць жыць ні пры новай канстытуцыі лукашэнкаўскай, ні пры гэтым рэжыме. Думаю, мае дзеці не адны такія.

Паводле gomel.today


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: