Святлану Волчак, каардынатарку страйкама БДУ, звольнілі, але яна ні пра што не шкадуе

Як вядома, Святлану і Міхаіла Волчакаў затрымалі 28 жніўня ў вёсцы Застружжа Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці ва ўласным прыватным доме, дзе яны рабілі рамонт. 31 жніўня суд Іванаўскага раёна адправіў іх на 15 сутак. 18 верасня Святлана даведалася, што яе звольнілі.
Фота з фэйсбук Святланы Волчак

Фота з фэйсбук Святланы Волчак

Для Святланы навіна пра звальненне была нечаканай і прыкрай. Перш за ўсё таму, што яна вельмі любіць сваю працу. Але жанчына не губляе аптымізму і верыць: усё будзе добра.

— Святлана, вас сапраўды звольнілі? Вы ўжо бачылі загад, якая прычына?

Так. Мне перадалі калегі. У суботу мая калега з прафкама ад нашага факультэта РФ і КТ (радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій) напісала ў чаце нашай кафедры фізікі і аэракасмічных тэхналогій пра тое, што мяне звальняюць. У пятніцу, 18-га верасня, яна была на сходзе прафкама БДУ і там зачытваліся загад пра маё звальненне і мая тлумачальная запіска, чаму я адсутнічала на працы 14 верасня. Я сапраўды адсутнічала ў гэты дзень. 12 верасня мяне вызвалілі з ізалятара Іванава. 13-га я прыходзіла ў сябе пасля ўсяго. А 14-га паехала ў Мінск. На гэты дзень я папрасіла калегу мяне падмяніць на лабараторных работах. Гэта звычайная практыка. Можна дамовіцца з іншым выкладчыкам пра падмену, а потым падмяніць яго.

Але калі я прыйшла на працу 15 верасня, ад мяне запатрабавалі дзве тлумачальныя запіскі: дзе я была 2 тыдні і чаму адсутнічала 14-га. На два тыдні ў мяне была даведка з ізалятара. Я падрабязна апісала, што 14-га ехала на машыне, хуткасць якой 70 км у гадзіну, адлегласць у 350 км, што заняла каля 5 гадзін разам з прыпынкамі на адпачынак. Тым не менш, 18 верасня перад прафкамам ставілася пытанне: ці дастатковая гэта прычына для маёй адсутнасці на погляд чальцоў арганізацыі. Большасць, кажуць, прагаласавала, што не дастатковая. І гэтым прафкам пацвердзіў маё звальненне.

Загада ніхто не бачыў, так жа, як і пратаколу сходу прафкама. Сёння раніцай а 8.00 мае калегі (загадчык кафедры, дэкан і старшыня прафкама факультэта) напісалі хадайніцтва ў маю падтрымку і аднеслі кіраўніцтву, але па іх словах, яно ужо не мела вагі. І рашэнне пра маё звальненне нібыта прынятае. Мне прапанавалі, як варыянт — звольніцца самой па згодзе бакоў. Але я вырашыла, што не буду гэтага рабіць.

Святлана на RADA FORUM '19. Фота з фэйсбуку Святланы Волчак

— Што вы адчулі, калі даведаліся пра такое звальненне? Чым збіраецеся займацца?

Перажывала шмат эмоцый. Спачатку, калі пачула пра звальненне, думала, што ўжо болей не змагу зусім аніяк працаваць. Потым, калі пабачыла падтрымку ад калегаў і іх жаданне напісаць хадайніцтва, што я каштоўны супрацоўнік, — гэта мяне падбадзёрыла, і падумала, што, калі яно будзе прынятае, то застануся. У выніку, канечне, уся гэта гісторыя вымагала досыць часу і нерваў, і таму зараз хацелася б адпачыць крыху. Паспрабую знайсці іншую працу. Я люблю фізіку, і жадаю папулярызаваць навуку, працаваць у фізічных лабараторыях і, можа, аднойчы атрымаю Нобелеўскую прэмію. Жартую, хаця чаму б і не (смяецца).

Відаць, камусьці ў БДУ вельмі не хочацца, каб страйкам дзейнічаў. А ці былі для вас нечаканасцю затрыманне і тым больш адміністрацыйны арышт?

Пасля таго, як я бачыла навіны пра затрыманні актыўных удзельнікаў страйкамаў на заводах, я ўжо разумела, што мяне могуць таксама затрымаць. Але ўсе мае дзеянні былі адкрытымі і празрыстымі ў тэлеграм-групе. Усе дзеянні былі сумленнымі і шчырымі, і таму я спадзявалася на тое, што ўсё будзе добра. І мая адкрытая дзейнасць і камунікацыя з выкладчыкамі і студэнтамі будуць добрым прыкладам для сумеснай працы і калектыўнага прыняцця рашэнняў ва ўніверсітэтах. Аднак атрымалася інакш.

Але я ні пра што не шкадую. Я дзейнічала згодна з імператывам Канта: паступай згодна з такім матывам, які б мог стаць усеагульным законам. Я бачу беларускае грамадства адкрытым, сумленным, справядлівым. Ну, і гэта толькі частка гісторыі. Я веру, што грамадзянская пазіцыя ў выніку прывядзе да больш усвядомленай грамадзянскай супольнасці.

— Вядома, што мясцовыя жыхары вас з мужам вельмі падтрымлівалі. А што зараз?

Так, сапраўды, нас вельмі падтрымлівалі. Нам перадавалі ежу і кнігі. Жыхары Іванава былі на судзе, а таксама сустракалі нас пасля сутак. Мы распавялі ім, гэтак жа як і сябрам, пра нашыя справы, пра тое, што адбываецца ў ізалятары. Гэта было вельмі прыемна і вельмі каштоўна. З некаторымі мясцовымі жыхарамі мы пазнаёміліся, і я буду рада падтрымліваць з імі кантакт.

— Распавядзіце пра ўмовы ўтрымання ў Іванава. Ці яны адрозніваюцца ад мінскіх ізалятараў?

У ізалятары Іванава, здаецца, 5 камер. Я была у 4-й. Спачатку была адна. Даволі цяжка было першыя суткі адной ды без кнігаў. Прыходзілася ўключаць фантазію. Ежа была добрая, на мой погляд, і мне яе было досыць, хацелася болей садавіны, вітамінчыкаў (смяецца). У нейкі момант да мяне пачалі падсаджваць іншых жанчынак. І суседкі былі вельмі цікавыя. Некалькі жанчынак былі пазбаўленыя бацькоўскіх правоў. Згодна з нейкім 18-м дэкрэтам, яны мусяць працаваць на дзяржаўнай працы і 70% іх зарплаты ідзе на ўтрыманне дзяцей. У дадатак, калі яны прапускаюць працу без паважлівай прычыны, на погляд іх кіраўніцтва, ці заўважаны ў нецвярозым стане на працы, то іх забіраюць на суткі. Я пра такое не ведала.

Калі не глядзець на алкагольную залежнасць, то жанчынкі — прыемныя суразмоўцы, мне спадабалася з імі камунікаваць. І вельмі нечакана для мяне было тое, што яны ў вельмі добрых зносінах са сваімі дзецьмі, нягледзячы на тое, што пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Напрыканцы тэрміну ўтрымання нас было пяць у камеры.

Было цяжкавата дыхаць, бо ўсе чацвёра палілі ўвесь час. Мне прапаноўвалі прагулкі і я была вельмі рада гэтаму, а жанчынкі нават не хацелі выходзіць, ім прыемней было сядзець паліць.

Было цікава іх слухаць, бо яны ведалі ўсіх супрацоўнікаў па імёнах, і маглі пра іх распавесці розныя гісторыі. Іванава — невялікі горад, шмат хто адзін аднага ведае.

Святлана і Міхаіл Волчак. Фота з фб Міхаіла

— Ці было вам страшна?

Было страшна спачатку, калі нічога не вядома. Таксама было незразумела, ці вернуць тэхніку, таму што забралі тэлефон, ноўтбук, дрон і аўтамабіль, які ніякага дачыненне да справы не меў. У першы дзень увечары мяне таксама запрасілі ў нейкі кабінет, ужо пасля складання пратакола па адміністрацыйнаму правапарушэнню (1 п 23.34 КоАП). І у гэтым кабінеце запатрабавалі, каб я дала паролі ад тэхнікі, бо, маўляў, з яе маглі дасылацца пагрозы забіць супрацоўнікаў міліцыі. Я адмовілася даваць паролі і сказала, што ўсе мае дзеянні былі ў адкрытым чаце.

Канешне, за Міхася я таксама перажывала, бо не ведала і не бачыла, што з ім і як. Верыла і спадзявалася, што ўсё будзе добра.

— Пра што думалася-марылася гэтыя 15 сутак?

Канечне, марылася пра свежае паветра, пра вецер, пра дождж і сонейка. Верылася ў лепшае. Я імкнулася быць у добрым настроі і вучыцца новаму ад усіх людзей, з якімі так ці інакш пазнаёмілася. Бо кожны на тваім шляху дае табе нешта новае, кожны ўчынак і кожнае выпрабаванне дадае табе вартасці як асобе.

— Што можна зрабіць сёння кожнаму з нас каб наблізіць змены, каб нарэшце паўстала новая Беларусь?

Трэба вывучаць прынцыпы пабудовы супольнасцяў, самакіравання, нефармальнага лідарства, прынцыпы адкрытага і празрыстага прыняцця рашэнняў у калектыве. Ведаючы ўсё гэта, людзі змогуць лепей разумець, як будуюцца і супольнасці двароў, і супольнасць цэлай краіны, а ў далейшым актыўна прымаць ўдзел у кіраванні сваёй краінай.


Чытайце таксама:

«Прыйшлі з ператрусам, нібыта яны гоняць самагонку і прадаюць» 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: