Што вядома пра Сцяпана Латыпава абаронцу Плошчы перамен

"Свабода" даведалася, што вядома пра жыхара менскай «плошчы Перамен» (двара па Сморгаўскім тракце, 1) Сцяпана Латыпава. На яго завялі крымінальную справу за тое, што невядомых у масках, якія зьнішчалі мурал, ён ветліва прасіў прадставіцца.

Сцяпан Латыпаў, архіўнае фота


Сцяпана Латыпава затрымалі 15 верасня ў ягоным двары каля знакамітага мурала з «дыджэямі перамен». Пасля дзверы ў кватэру ўзламалі, учынілі ператрус, забралі флэш-карты, мабільныя тэлефоны, ноўтбукі, ключы ад аўтамабіля, банкаўскія карты і наяўныя грошы.

Калі Сцяпана выводзілі з пад’езду, суседзі крычалі «Ганьба». Паводле адваката Ільлі Пярхальскага, на Латыпава завялі справу паводле артыкула 293 Крымінальнага кодэксу — удзел у масавых беспарадках.

У Сцяпана Латыпава два адвакаты: Кацярына Жаўтанога і Ільля Пярхальскі. Яны пад падпіскай аб неразгалошванні, таму падрабязнасцяў расказаць ня могуць.

Кацярына Жаўтанога ў сераду паведаміла Свабодзе, што са Сцяпанам усё ў парадку, ён у ізалятары на Акрэсціна. Суседзям удалося вырашыць праблему зь перадачай (сваякоў у Сцяпана ў Менску няма). Перадалі ў ЦІП усё неабходнае. 

Сцяпану Латыпаву 40 гадоў. Родам ён з Берасцейскай вобласці, вучыўся ў беларускай школе. Бацькі — біёлагі. Па прафесіі Сцяпан арбарыст, а таксама прамысловы альпініст 5 разраду.

Арбарыст — вельмі рэдкая для Беларусі прафесія, такіх адмыслоўцаў у краіне каля 50 чалавек. У Еўропе арбарыстаў называюць яшчэ «дрэўнымі хірургамі». Іх задача — не спілаваць дрэва, а выратаваць яго. Веды пра дрэвы далі Сцяпану бацькі-біёлагі і падручнікі.

Сцяпан прайшоў прафесійную падрыхтоўку і сертыфікацыю ў Вялікбрытаніі, мае сертыфікат IRATA (для тых, хто выконвае працы на вышыні).

Сцяпан Латыпаў мае сваё ІП, ён дырэктар «Беларба». Ён прыводзіў у парадак, «лячыў» дрэвы ў рэзідэнцыі Лукашэнкі, у VIP-кліентаў, супрацоўнічае з «Дыпсервісам». Чытае лекцыі ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце. У Менску ў кватэры на Сморгаўскім жыве адзін, без сям’і.

Суседзі падтрымліваюць Сцяпана. Мастак Андрэй Дубінін жыве побач са знакамітым дваром, дзе з'явіўся мурал «Перамен!» Ён сказаў Свабодзе, што ў сераду ўвечары жыхары суседніх дамоў выйдуць у двор у падтрымку Сцяпана Латыпава, які цяпер на Акрэсціна.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: