Таццяна Процька: «У беларусаў вельмі добрая будучыня»

«Сістэма ачысціцца», — сцвярджае грамадская дзяячка, даследчыца таталітарызму Таццяна Процька. Яна ведае, што гаворыць, бо на ўласныя вочы бачыла сакрэтныя дакументы архіва КДБ. 
Гэта яна спрабавала ў 1995 годзе прыцягнуць да адказнасці Івана Ціцянкова, які разарваў дзяржаўны бел-чырвона-белы сцяг, стварыла і шмат гадоў узначальвала Беларускі Хельсінкскі камітэт, вярнула з небыцця імя мітрапаліта Мелхіседэка, які дабіваўся аўтакефаліі Беларускай праваслаўнай царквы.

Усіх іпастасей Таццяны Сяргееўны, якая ў гэтым месяцы адзначыла юбілей, бадай, не пералічыць. Але сёння перад вамі — шчаслівая жанчына, з якой мы гутарым у гасцёўні яе ўласнага дома, дзе сцены ўпрыгожваюць працы слыннага беларускага мастака і сябра сям’і Алеся Мары.


— Я люблю прыгажосць, і я стварыла сабе прыгажосць, — з усмешкай гаворыць суразмоўца.
Але гутарым мы не толькі пра прыгажосць, а і пра пакручасты шлях з «фізікаў» у «лірыкі», шанцункі і расчараванні, пра цяперашнія падзеі ў Беларусі і будучыню, што чакае ўсіх нас.

Пра камсамол, скандал са штанамі і маральны выбар

У сям’і светапогляд маленькай Тані фарміраваўся пад уплывам таты, які працаваў журналістам у буйных выданнях, і бабулі, якая не любіла савецкую ўладу, але ніколі асабліва не казала пра гэта. Але аўтарытэтам, безумоўна, быў бацька.

Дзіцячыя і юнацкія гады Таццяны прайшлі па закладзеных савецкай сістэмай рэйках. Каштоўнасці, трансляваныя школай, яна ўспрымала без ваганняў: вучылася на «выдатна», заўжды была актыўнай (гэтая якасць не пакідае яе на працягу ўсяго жыцця і ў многім стала вызначальнай), вось толькі з паводзінамі былі праблемы.

— Была камандзірам «зорачкі» ў акцябратах, мы ладзілі сацыялістычныя спаборніцтвы. Мая «зорачка» заўсёды была першай, гэта было так лёгка! Гэта дало не проста ўменне ставіць мэты, але і фарміравала паводзіны, — адзначае Таццяна Процька.


Далей быў камсамол, які, дарэчы, спадарыня Таццяна і дасюль лічыць карыснай з’явай. Таццяна была камсаргам школы і нават угаварыла аднакласніка (забягаючы наперад, ён потым стане яе мужам) уступіць у камсамол.

— Я заўжды прымала тую сістэму каштоўнасцей, якую задавала жыццё, і не ставіла яе пад сумнеў да пэўнага часу, — зазначае спадарыня Таццяна. — Наша дэмакратычнае грамадства адмаўляе камсамол і тых людзей, якія яго ўзначальвалі, тыя мэты, якія яны ставілі. Але на самой справе камсамол — гэта дастаткова цікавая рэч. Моладзь мае патрэбу гуртавацца, і, калі дзяржава яе не гуртуе, яна гуртуецца сама.

Суразмоўца ўзгадвае, што ўжо ў студэнцкія часы яна ўбачыла кіраўніцтва камсамола, і тады ёй адкрылася, што яно жыло зусім па іншых прынцыпах і правілах. Былі правілы для «плебсу» — шараговых людзей, і былі правілы для «іх». І гэта надзвычай уразіла Таццяну.

Яна паступіла на фізфак — і стала другой у гісторыі факультэта жанчынай-сакратаром камітэта камсамола. Больш за тое, яе абралі без узгаднення яе кандыдатуры ў ЦК ЛКСМБ. Але фармальна Таццяне трэба было прайсці ўзгадненне «наверсе».

— Тады жанчыны толькі пачыналі насіць штаны. Студэнткам хадзіць ва ўніверсітэт у штанах было забаронена. А я была стылёвая дзеўка, у атэлье пашыла бручны касцюм-двойку і пайшла ў ім на сумоўе. Трапляю да цёткі, і яна пачала выгаворваць мне, чаму я ў штанах. Ніхто не спытаў ні пра камсамол, ні пра ідэі, ні што я планую, ні пра праблемы, — распавядае Таццяна Сяргееўна.

Таццяна не стрывала і выказала жанчыне, што яна пра гэта ўсё думае. У выніку тая адмовілася з ёй размаўляць. Урэшце дзякуючы намаганням першага сакратара ЦК ЛКСМБ Уладзіміра Падрэза кандыдатура Таццяны Процька была зацверджаная.

— Адзінае, што мяне адрознівала ад іншых, — у мяне не было страху, — зазначае яна. — Ён быў унутры, і мне было сорамна паказаць яго людзям. Напэўна, мая актыўнасць і агрэсіўнасць — цяпер я гэта ўжо разумею — былі абумоўленыя тым, што я баялася паказаць, што баюся.

Ва ўніверсітэце ёй не раз даводзілася «ваяваць» з адміністрацыяй, вырашаць шматлікія студэнцкія праблемы.
Быў у студэнцкай біяграфіі Таццяны Процькі і складаны выпадак. Аднойчы студэнтаў збіралі на дэманстрацыю і камсамол быў адказны за калону са сцягамі.

— Быў хлопчык, які пачаў з гэтых дзяржаўных сцягоў здзекавацца. Я рабіла заўвагі, але як пачаў адзін — сітуацыя выйшла з-пад кантролю. Лукашэнка, дарэчы, як былы камсамольскі работнік гэтую сітуацыю паводзінаў ведае. Я разумею, што, калі гэтая сітуацыя не спыніцца, усё разваліцца. Мы ізалявалі гэтага хлопца, а пасля дэманстрацыі выклікалі яго на камітэт камсамола, дзе я паставіла пытанне пра яго выключэнне з арганізацыі. Мы яго выключылі, але тут яго выключаюць з універсітэта. І я ўстала на дыбы. Пайшла да дэкана і спытала, чаму — бо трэба глядзець, якія ў яго адзнакі. Для мяне гэта была складаная сітуацыя, у якой сутыкнуліся ідэя і лёс чалавека.

Хлопца ўсё ж адлічылі, але на наступны год аднавілі на вучобе.

Пра сыход з «рэек» і рэабілітацыю беларускай дарэвалюцыйнай навукі

Яшчэ падчас вучобы Таццяна Процька выйшла замуж за колішняга аднакласніка Дзмітрыя Козыра, з якім яны разам ужо 50 гадоў. Калі нарадзілася першая дачка, Таццяна працавала на кафедры фізікі паўправаднікоў, вывучала апраменьванне крэмнію. Яе запрашалі на канферэнцыі, і актыўную маладую жанчыну заўважылі выкладчыкі філасофіі. Ёй прапанавалі пісаць дыпломную працу па філасофскіх праблемах прыродазнаўства. Таццяна зацікавілася.

Таццяна і Дзмітрый разам ужо 50 гадоў. І ўсё гэтак жа кахаюць адно аднаго.

Таццяна і Дзмітрый разам ужо 50 гадоў. І ўсё гэтак жа кахаюць адно аднаго.

Ёй параілі звярнуцца да акадэміка Міхаіла Аляксандравіча Эльяшэвіча, які кіраваў аптычнымі назіраннямі за выпрабаваннямі вадароднай бомбы. Ніхто не верыў, што ён стане працаваць з Таццянай, але ён узяў яе да сябе на працу, дзе ў яе пачалася сапраўдная навуковая школа. У суаўтарстве з Міхаілам Аляксандравічам Таццяна публікавалася ў найлепшых навуковых выданнях. Ёй прарочылі вялікую навуковую кар’еру, яна ўжо мела пэўны аўтарытэт. Але з некаторымі рэчамі яна не магла і не хацела мірыцца.

— Савецкая сістэма заключалася ў тым, што табе з дзяцінства выбудоўваюць рэйкі, па якіх трэба моўчкі каціцца. З гэтых рэек ты не пойдзеш у поле пагуляць. Так савецкія людзі і жылі, і тое ж самае спрабуе зрабіць Лукашэнка.

Таццяна вырашыла сысці з «рэек» і стала займацца гісторыяй навукі — аналізам развіцця фізічных ведаў. Пасля абароны кандыдацкай дысертацыі яна, не маючы гістарычнай адукацыі, трапіла працаваць у аддзел па гісторыі навукі Інстытута гісторыі, які стварылі, фактычна, для яе — бо ў Інстытуце філасофіі не знайшлося месца.
Апроч іншага Таццяна Процька — стваральніца некалькіх дакументальных фільмаў

Апроч іншага Таццяна Процька — стваральніца некалькіх дакументальных фільмаў

У той час ЦК КПБ узяў курс на беларусізацыю, і Таццяна з калегамі стварыла рэспубліканскую праграму «Развіццё навукі ў Беларусі да 1917 года».

— Афіцыйная канцэпцыя была ў тым, што святло ведаў прыйшло на нашу тэрыторыю пасля 1917 года. А мы даказалі, што яму толькі царызм перашкаджаў, бо, колькі ні хацелі тут адкрыць вышэйшых навучальных устаноў, — усё забаранялася пасля Віленскага ўніверсітэта. Гэта было даказана па кожнай навуковай галіне. Па ўзроўні пісьменнасці ў складзе Расійскай імперыі мы былі на другім месцы пасля прыбалтыйскіх краін.
Канешне ж, такая праца не засталася па-за ўвагай савецкіх ідэолагаў, але Таццяне ўдалося адстаяць сябе і калег.

Пра «белыя плямы», што прывялі ў архіў КДБ

Пасля гэтага распачаўся новы этап у навуковым жыцці Таццяны Процька — дактарантура Інстытута гісторыі. У той час галоўным ворагам у краіне сталі лічыць бюракратызм, і Таццяна пачала вывучаць яго як навуковую праблему. Гэта вывела яе на даследаванне таталітарнай сістэмы.

На дварэ была «перабудова», пачалася хваля высвятлення «белых плям гісторыі». Рэдактару часопіса «Камуніст Беларусі» і дырэктару партыйнага архіва далі загад напісаць пра гэтыя «белыя плямы» і іх ліквідаваць. Сталі шукаць чалавека, які б мог гэтым заняцца, і прапанавалі Таццяне Процька, якая проста не змагла адмовіцца ад магчымасці паглядзець закрытыя матэрыялы партыйнага архіва і напісаць па іх публікацыю.

— І тут адбыўся сапраўдны пераварот, — узгадвае спадарыня Таццяна. — Павел Дзянісавіч Лапец, дырэктар архіва, даў мне 21-шы вопіс — даклады НКУС (АДПУ) у партыйныя органы. І памеры хлусні мяне ўразілі.
Пасля публікацыі дакументаў і каментарыяў да іх дырэктара архіва абвінавацілі ў «ачарненні партыі» і потым знялі, а Таццяне забаранілі доступ да архіўных матэрыялаў. Але тады яна задала пытанне, на якой падставе гісторыю партыі закрываюць ад шараговых камуністаў. Гэты аргумент спрацаваў, і ёй зноў далі дазвол працаваць з дакументамі. Праўда, не з самімі матэрыяламі, а з квіткамі фельд’егерскай пошты, якой іх дастаўлялі.

Плён працы Таццяны Процька — яе кнігі

Плён працы Таццяны Процька — яе кнігі

Сярод іншага, Таццяна Процька знайшла справаздачы аб размеркаванні сродкаў, якія ЦК КПБ прасіла ў Мінфіна. Акурат тады ішла дыскусія — ці жыла партыя на свае ўнёскі альбо брала грошы ў дзяржавы? І апублічванне гэтага дакумента стала прынцыпова важным, бо партыя карысталася грашыма дзяржавы, што забаронена.

А потым нечакана Таццяне далі дазвол на працу з дакументамі ў архіве КДБ. Канешне, не з усімі: некаторыя старонкі былі закрытыя, і побач з даследчыцай сядзеў капітан, які кантраляваў, каб яна глядзела толькі тое, што ёй дазволена.

— Мне далі дакументы па пажарах, працы з беспрытульнымі дзецьмі, эпідэміямі… Але вось даведка пра беспрытульнікаў — і ў ёй, сярод іншага, напісана: «Забяспечыць інфармаванне сярод персаналу, які займаецца беспрытульнікамі». І на колькі дзяцей павінен быць адзін паведамляльнік. Адзін радок — і ўся сістэма барацьбы з беспрытульнікамі мае зусім іншы выгляд, — заўважае даследчыца.

Аднойчы Таццяну Сяргееўну папрасілі паабяцаць, што яна не будзе глядзець па-за дазволенымі старонкамі — тады капітана-наглядчыка прыбяруць. Але яна сказала, што не можа гэтага абяцаць. Тады ёй дазволілі глядзець усё пры ўмове, што яна не будзе рабіць запісаў.

— Гэта адзіны раз, калі я пашкадавала, што дала слова і выканала яго, — дакарае сабе суразмоўца.
Даследчыцу цікавіла праца сістэмы, таму першы час яна глядзела цыркуляры. А потым ёй дазволілі глядзець асабістыя справы людзей. Калі Таццяна Сяргееўна распавядае пра гэта, яе голас мяняецца і пачынае крыху дрыжаць, а вочы становяцца вільготнымі.

— Гэта быў другі шок: як людзей ламалі — і яны ламаліся. І гэты шок застаўся…

Сярод іншага яна бачыла рэабілітацыйныя справы, да якіх прыкладалі паказанні арыштаваных у 1939–1940 гадах катаў, што ў 1937-м выбівалі паказанні з ахвяр. Там яны апісвалі, як здзекаваліся з людзей. Былі і звароты ў ЦК КПБ, дзе людзі апісвалі, як іх катавалі.

За час працы ў архіве КДБ Таццяна Процька страціла 6 кілаграмаў вагі.

— Але сістэма павінна ачысціцца. Як і лукашэнкаўская сістэма. Калі мяне ў жніўні паклікалі на сустрэчу ў парламенце (14 жніўня 2020 года прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці і праваабаронцы сустракаліся з прадстаўнікамі ўлады, каб знайсці выйсце з палітычнага крызісу. — НЧ), я адкрыта сказала: не думайце, што цяпер б’юць дэманстрантаў — потым возьмуцца за вас. Сістэма павінна ачысціцца, рэпрэсіі — яе бензін. І вы ўсе праз гэта пройдзеце. Але прызначаны, а не выбраны парламент аказаўся не здольны вырашыць гэты крызіс.

Пра кнігу, змаганне за сцяг і два расчараванні

Пасля яшчэ была праца ў архіве ФСБ у Маскве, і ў выніку назбіраўся матэрыял на цэлы фаліянт пра станаўленне савецкай таталітарнай сістэмы ў Беларусі ў 1917–1941 гадах. Паўстала праблема з выданнем: ніяк не ўдавалася знайсці фінансаванне на выпуск кнігі і тыпаграфію.

— Гэта было першае расчараванне. Трэба было сістэматызаваць матэрыялю Да таго ж, паспрабуй напішы 500 старонак ад рукі. А нікому гэта аказалася не патрэбна. Гэта была сярэдзіна 1995 года — і мне казалі, што я спазнілася і гэта ўжо нікому не цікава.

Але Таццяна Процька не губляла надзеі выдаць кнігу. Аднойчы Рыгор Барадулін прапанаваў ёй узначаліць аддзел гісторыі ў новым часопісе, які збіраліся стварыць. Калі праект займее поспех, ён паабяцаў знайсці грошы на выданне кнігі. Таццяна пагадзілася, і, хоць лёс таго часопіса так і застаўся цьмяным, яна пазнаёмілася з Карласам Шэрманам і іншымі беларускімі дзеячамі. Пачаўся новы этап жыцця — грамадскі.

Пасля ганебнага рэферэндуму 1995 года Таццяна Процька даведалася, што кіраўнік справамі прэзідэнта Іван Ціцянкоў залез на дах рэзідэнцыі прэзідэнта, зняў на той час яшчэ дзяржаўны бел-чырвона-белы сцяг, разарваў і на яго кавалках паставіў свой подпіс з датай. Усё было знята на камеру тэлебачання.

— Мне ўзгадалася гісторыя са сцягам і хлопчыкам, якога потым выключылі з універсітэта. Я прыйшла на сход беларусаў свету, які тады адбываўся, і сказала, што сцяг — гэта сімвал. І калі ён паламаны — няма нацыі. Гэта крымінальнае злачынства — і я прапанавала пайсці ўсім у Генеральную пракуратуру і падаць заявы.
У пракуратуру Таццяна пайшла ўдваіх з калегам. Заяву прынялі.

— Было палажэнне, дзе сказана, што, калі ў злачынстве ўдзельнічалі людзі з наменклатурнага складу, гэта робіць злачынства больш цяжкім. А тое было бясспрэчным злачынствам, бо яшчэ не прайшло 10 дзён з дня рэферэндуму, пастановы аб змене дзяржаўнай сімволікі не было, да таго ж, ён меў рэкамендацыйны характар. І ўся пракуратура падзялілася напалам: тыя, хто мяне падтрымліваў, і тыя, хто на мяне нападаў.

Тым часам Ціцянкоў надрукаваў у «Народнай Волі» нататку, што ён нічога не рабіў і паважае закон. Плёнку, на якой было зафіксавана злачынства, загадалі знішчыць. Але так выйшла, што запіс ацалеў. І яго выставілі на продаж.

— Мне прапанавалі яго купіць за 150 долараў. Але ў мяне не было тады такіх грошай, — узгадвае Таццяна Процька.

Але плёнку ўсё ж атрымаць удалося. З ёй Таццяна пайшла ў пракуратуру.

Праўда, дэманстрацыя не пераканала работнікаў пракуратуры. Неўзабаве ведамства даслала адказ, што знявагі дзяржаўнага сцяга не было, а была замена зношанай палатніны сцяга з парушэннем дзеючай інструкцыі. Асобнай фразай ішло, што «прэзідэнту пра гэта паведамілі». А саму Таццяну прыгразілі прыцягнуць да адказнасці за абразу.

Яна спрабавала працягваць змаганне, звярнулася да грамадскіх дзеячаў, у БНФ — каб людзі масава пісалі заявы ў пракуратуру. Але яе не падтрымалі. І гэта стала другім яе расчараваннем.

— Са знявагі сцяга пачалося, і цяпер, праз 25 гадоў, сцягам усё заканчваецца. З сімваламі нельга так абыходзіцца, — зазначае спадарыня Таццяна.
Медаль Францішка Багушэвіча — узнагарода беларускага ПЭН-цэнтра

Медаль Францішка Багушэвіча — узнагарода беларускага ПЭН-цэнтра

Пра БХК і цэтлік «здрадніцы»

Паралельна з апісанымі вышэй падзеямі суразмоўца трапіла на арганізаваную Польскім Хельсінкскім камітэтам канферэнцыю. Там выканаўчы дырэктар Міжнароднай Хельсінкскай федэрацыі прапанаваў ёй стварыць праваабарончую арганізацыю — Беларускі Хельсінкскі камітэт.

Каб зарэгістраваць яго, трэба было сабраць прынамсі 50 чалавек, якія б прадстаўлялі ўсе вобласці краіны. У БХК увайшоў цвет беларускага дэмакратычнага руху таго часу: Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Святлана Алексіевіч, Карлас Шэрман, Уладзімір Арлоў, Генадзь Бураўкін, Павел Шарамет… Цікавая і малавядомая дэталь: першы юрыдычны адрас БХК знаходзіўся ў Інстытуце гісторыі НАН — Таццяна звярнулася з такой просьбай да калег, і яны не адмовілі.

У архіве Таццяны Процька ёсць фота з Білам Клінтанам

У архіве Таццяны Процька ёсць фота з Білам Клінтанам

Першыя гады арганізацыя была вельмі ўплывовай. Яна займалася выпадкамі парушэння правоў чалавека, стварыла грамадскія прыёмныя. БХК пачаў супрацоўнічаць з прэсай, планавалася зрабіць 10 праваабарончых выпускаў «Народнай Волі». У выніку выйшла толькі 8 — і яны каштавалі Таццяне Процька праваабарончай кар’еры. Паплечнікі сталі прыпісваць ёй прэзідэнцкія амбіцыі, якіх насамрэч не было.

Касых позіркаў у яе бок дадало і тое, што яна лічыла глупствам тактыку нацыянальна арыентаванай інтэлігенцыі адмаўляцца ад дыялогу са «злачыннымі ўладамі».

— Гэта вялікая памылка. У таталітарнай і аўтарытарнай сістэмах ёсць адзіны механізм перабудовы грамадства і ўсяго жыцця — гэта ўлада. Таталітарная сістэма знішчае іншыя механізмы. І аддаць проста так самы дзейны механізм у рукі тых, каго ты лічыш ворагам, каб захаваць сваю «цноту», — я гэтага не разумею.

Так Таццяна Процька трапіла ў лік «здраднікаў». З’явіўся ліст аб яе выключэнні з пасады старшыні БХК, які падпісалі Быкаў, Барадулін і іншыя. Нацыянальная інтэлігенцыя ў асобе Быкава сказала ёй: «Выкручвайся сама». І гэтая фраза засталася з ёй на ўсё жыццё. Яна цяжка гэта перажывала, прызнаецца, што не хацелася жыць. Гатовая была ўсё кінуць. Але тады Генадзь Бураўкін ёй сказаў: «Хочаш кідаць — кідай. Але толькі тады, калі пераможаш». І яна паставіла задачу перамагчы.

Затое нечакана вырашылася справа з выданнем кнігі пра станаўленне таталітарнай сістэмы ў Беларусі. У 2002 годзе яна нарэшце пабачыла свет у выдавецтве «Цесей», якое цяпер не існуе. Чаму яно ўзялося за выданне, Таццяна Процька не ведае да гэтага часу.

Аднак неўзабаве Таццяну напаткаў яшчэ адзін удар: у 2004 годзе супраць яе распачалі крымінальную справу за нясплату падаткаў. Але яна так нічым і не скончылася, а Таццяна Процька неўзабаве пакінула БХК.

Пра перспектывы і нацыянальную ідэю

Сёння Таццяна Процька шкадуе аб тым, што беларускія дэмакратычныя дзеячы ўпусцілі час і магчымасці.

— Палітыка як рамяство мае базавыя складнікі. Першы — дакладны аналіз сітуацыі. Калі пачытаць Леніна, ён вельмі добра вучыць палітычнаму рамяству. Трэба знайсці, на каго з найбольш уплывовых асоб абаперціся, каб прадстаўляць іх інтарэсы, а яны табе за гэта будуць дапамагаць. Ленін надзвычай цынічны. Другі складнік — павінна быць дакладна вызначаная мэта і асноўныя моманты, якія яе канкрэтызуюць. А потым — тактыка: як дзейнічаць, каб гэтага дасягнуць.


Але з гледзішча гістарычнай перспектывы, у беларусаў вельмі добрая будучыня, перакананая спадарыня Таццяна.

— Я думаю, што Лукашэнка сыдзе з паста і ў нас будзе парламенцка-прэзідэнцкая форма кіравання.
Цяперашняе пакаленне беларусаў вырасла ў адкрытай інфармацыйнай прасторы, і прызначэння кіраўніка дзяржавы яно ўжо не вытрымлівае, упэўнена яна. Выйсце з палітычнага крызісу яна бачыць толькі праз сумленныя выбары. Але ёсць адна ўмова.

— У нас адна нацыянальная ідэя, як я лічу, — захаваць беларускую дзяржаву. Бо любая нацыя вяршыняй свайго развіцця мае стварэнне сваёй дзяржавы. А калі 80% насельніцтва ўсведамляюць сябе беларусамі — нягледзячы на тое, на якой мове яны размаўляюць, — дзяржава беларуская.

Пра шчасце, Бога і тое, як зрабіць немагчымае

Пасля ўсіх тых нервовых падзей Таццяна Процька проста захацела быць шчаслівай. І, як прызнаецца, — стала. Для гэтага спатрэбіўся свой дом, кветкі, карціны, цікавыя і блізкія па духу людзі, каханне (якое, на думку спадарыні Таццяны, адначасова — палітыка і мастацтва). Падмурак шчасця для яе — гэта любоў, свабода і дастатковая колькасць матэрыяльных рэчаў, якія забяспечваюць жыццё.

— Нічога ў жыцці нельга перакрэсліць і ніколі яго нельга пачаць спачатку. Але калі хочаш быць шчаслівым — будуй сваё шчасце, толькі не на касцях іншых людзей. Не здраджвай іншым і самому сабе і вер у Бога — бо Ён дапаможа, — дзеліцца сваім рэцэптам суразмоўца.

Бласлаўленне сужэнцам ад Папы Рымскага

Бласлаўленне сужэнцам ад Папы Рымскага

Адносіны з Богам у яе выбудоўваліся таксама паступова і даволі цікава. Таццяна ў дарослым узросце разам з дзвюма дачкамі хрысцілася ў праваслаўнай царкве, а пасля стала актыўнай каталічкай.

Калі сям’я з мінскай кватэры пераехала ў дом у вёсцы ў Смалявіцкім раёне, там не было касцёла. І ксёндз Уладзіслаў Завальнюк прапанаваў арганізаваць парафію. Так у Смалявічах узнікла парафія ў гонар Святога Валянціна.

— Сёлета будзе 25 гадоў, як яна зарэгістраваная. Але тады не маглі набраць 10 чалавек, каб гэта зрабіць — людзі не хацелі прызнавацца, што яны каталікі. Справа ў тым, што ў 1936 і ў 1939 гадах былі дзве аперацыі пад назвай «Польская арганізацыя вайсковая». Шукалі палякаў, а як вызначыць — беларус ты ці паляк? Калі каталік — значыць, паляк. Таму бралі ўсіх каталікоў, запісвалі ў гэтую «Польскую арганізацыю вайсковую» і расстрэльвалі, — распавядае Таццяна Процька.

Сакрэт утульнага дома Таццяны Процька: мяккі фатэль, котка і любімыя карціны.

Сакрэт утульнага дома Таццяны Процька: мяккі фатэль, котка і любімыя карціны.

Парафіі патрэбны касцёл. Аўтара праекта будучага храма знайшла Мая Тодараўна Кляшторная. Калі праект быў гатовы, для касцёла не хацелі даваць зямлю. Урэшце далі — на сметніку, парослым таўшчэзнымі старымі дрэвамі.

— А потым здарылася Божая з’ява. Прайшла навальніца і выбіла некалькі дзясяткаў гэтых дрэў, пакінуўшы толькі па баках і вызваліўшы месца для касцёла, — распавядае Таццяна Сяргееўна.

Хоць грошай на будаўніцтва храма не было, але абставіны складваліся так, што яны з’яўляліся з розных крыніц, і ўрэшце касцёл быў збудаваны.

Таццяна Процька перакананая, што ў Беларусі павінна быць свая незалежная царква. Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква — і тэма навуковых даследаванняў Таццяны Сяргееўны. Яна напісала кнігу пра праваслаўнага мітрапаліта Мелхіседэка, пры якім распачаўся шлях беларускай царквы да аўтакефаліі. Дзякуючы яе клопату ў Мінску з’явілася мемарыяльная дошка мітрапаліту на Архіерэйскім падворку, што каля Дома афіцэраў.


Сродкі на праект ахвяраваў Уладзімір Някляеў. І пакуль праект рыхтаваўся, былі атрыманыя неабходныя дазволы ад усіх ведамстваў. Таму, калі надышоў час вешаць дошку, чыноўнікі ўжо не маглі выставіць ніякіх перашкод.

— Я напісала Філарэту ліст, што мы не можам дазволіць сабе такую раскошу — забыць гэтага дзеяча. Акурат было 75 гадоў з дня смерці Мелхіседэка. І Філарэт даў дабро. На адкрыцці спявалі «Магутны Божа», прысутнічаў айцец Леанід Акаловіч з БАПЦ. Гэта быў радасны момант у маім жыцці, бо, калі я пачынала гэты праект, усе казалі, што гэтага не будзе. Але ў гэтай краіне можна зрабіць усё — проста трэба ведаць механізм. Пасля я падышла да Філарэта і сказала: «Уладыка, каб не вы — гэтага б не было. Вялікі вам дзякуй!». А ён кажа: «Не, гэтага не было б, каб не вы».


Фота — Яны Трусіла



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: