Ніл Гілевіч: Такім застаўся

За десяцігоддзі жыцця мне выпадала сустракацца, мець зносіны з многімі выдатнымі людзьмі з ліку літаратараў, пісьменнікаў і паэтаў. Самыя блізкія адносіны склаліся з Нілам Гілевічам, земляком па Лагойшчыне, якую ма́ю права называць сваёй другой радзімай.

Ніл Гілевіч, 2014 год

Пазнаёміўся з ім і блізка сышоўся з першых месяцаў вучобы ў БДУ. Добра помніцца, як ранняй восенню пяцьдзясят першага года выпраўляліся мы ў прыгарадны калгас – дапамагаць выбіраць бульбу. Працавалі добрага паўдня, пасля чаго вярталіся ў вёску, дзе чакаў падрыхтаваны дбайнымі гаспадынямі сытны абед. Вольнага часу хапала, значную частку яго праводзілі ў сельскім клубе, дзе рыхтавалі сваю мастацкую самадзей­насць. На канцэрце незадоўга да ад’езду Ніл прачытаў свой верш, прысвечаны вяскоўцам, асабліва шчырыя радкі адрасаваў жанкам, якія па-мацярынску дбалі пра нас, часовых пастаяльцаў. Там жа, «на бульбе», Ніл Сымонавіч даверліва прызнаўся мне, што да яго болей чым прыхільна ставіцца адна наша аднакурсніца, і спытаў, што я наконт гэтага думаю. Мне заставалася толькі парадавацца за пачутае, што я і выказаў перапоўненаму шчасцем сябру. Закаханай пары нашы аднакурснікі, асабліва дзяўчаты, употай зайздросцілі і верылі, што справа ідзе да шлюбу. Так яно пазней і сталася.

Летам пяцьдзясят сёмага года, знаходзячыся на радзіме ў горадзе Беразіно, я атрымаў ад Ніла пісьмо такога прыкладна зместу: бяры, маўляў, лыжку-кружку і прыязджай на наша з Нінай вяселле. Запрашэнне я прыняў з пачуццём радасці і ў вызначаны час выправіўся ў дарогу, трапіў без малейшага спазнення на вясельную бяседу.

Сядзець за сталом выпала побач з ганаровым госцем-пісьменнікам Іванам Навуменкам, нашым выкладчыкам літаратуры і куратарам групы, якога мы ўсе вельмі паважалі. Трымаўся Іван Якаўлевіч у застоллі па-простаму, прапаноўваў раз за разам дасціпныя тосты.

Назаўтра вяселле працягвалася ў Нілавай Слабадзе, у бацькоўскай хаце. Весяліў усіх Нілаў дзядзька Аляксандр, гарманіст-самародак, весялун і жартаўнік.

Калі надышоў час разыходзіцца і госці вызначыліся з начлегам, Ніл прапанаваў мне: «А мы з табой, браце, пераспім у прыдатнай пуньцы, на сене». Спалася нам у тую ноч не горш, чым на якіх ложках.

Праз год мне стала вядома, што ў Гілевічаў нарадзіўся сын, і я не мог не павіншаваць іх з такой шчаслівай падзеяй. Прыехаўшы ў Мінск, падаўся на вуліцу Кузьмы Чорнага, дзе Гілевічы на той час займелі кватэру. Ніл Сымонавіч прыняў маё шчырае віншаванне, запрасіў да стала. Праз колькі хвілін да нас далучылася шчаслівая Ніна Іванаўна, прыгубіла кілішак. Пасядзела крыху, падзялілася са мной сваімі ўражаннямі ад паездкі ў Балгарыю. І калі я сказаў, што мне пара выпраўляцца да сястры, на вуліцу Чкалава, Ніл сказаў: «Куды ты пойдзеш, начуй у нас, месца хопіць». І я, падзякаваўшы, прыняў ягоную прапанову. Іхняга сына, названага Сяргеем, я пабачыў, падрослага, падчас адпачынку на возеры Нарач, дзе Гілевічы праводзілі свой вольны час. Ніл Сымонавіч пахваліўся, што сын праяўляе вялікую цікавасць і любоў да акаляючай прыроды. А таму і невыпадкова, што ён пасля заканчэння школы і ўніверсітэта паступіў у аспірантуру, атрымаў званне кандыдата біялагічных навук, уладкаваўся на працу ў інстытут Нацыянальнай Акадэміі Навук. Пры чарговым наведванні Ніла Сымонавіча я застаў яго сына ў пярэднім пакоі, калі той рыхтаваўся да выхаду. Звярнуў увагу, што Сяргей увесь удаўся ў бацьку.

На малой Нілавай радзіме, у вёсцы Слабада, мне выпадала бываць шматразова, заходзіць да яго блізкай радні. Гасцінна сустракала мяне яго старэйшая сястра Ліна Сямёнаўна, якая з універсітэцкім дыпломам (а вучылася яна завочна на філфаку БДУ) многія гады настаўнічала ў Гайненскай школе. Там жа, у Слабадзе, займеў сваё дачнае месца малодшы брат Аляксандр, які доўгі час служыў у авіяцыі і выйшаў у адстаўку ў званні маёра. На бацькавай сядзібе асталяваўся як дачнік і другі Нілаў брат, Мікалай, беларускі пісьменнік, вядомы чытачам пад псеўданімам Мікола Гіль.

Аднойчы, калі я разам з напарніцай, займаючыся зборам экспанатаў для раённага музея, завітаў у Слабаду, на вясковай вуліцы сустрэў Мікалая Сымонавіча. Пасля прывітання ён мяне проста ашаламіў, сказаўшы: «А ў нас, браце мой, такая бяда». У мяне міжволі вырвалася: «З Нілам што здарылася?» Мікола вымучана прызнаўся: «Ніл, слава богу, жывы і здаровы, толькі Ніна цяжка хварэе, баюся, што невылечная яна». Зайшлі, запрошаныя, у хату, паслухалі сумную споведзь паніклага Мікалая Сымонавіча.

Праз нейкія месяцы два прачытаў у газеце «Літаратура і мастацтва» некралог-спачуванне, адрасаваны Нілу Гілевічу з выпадку напаткаўшага яго вялікага гора – заўчаснай смерці жонкі Ніны Іванаўны.

Боль страты самага дарагога чалавека Ніл Сымонавіч праз усе астатнія гады насіў у сваім сэрцы. Кожны раз пры наведванні яго звяртаў увагу на партрэт, на якім яна, Ніна Іванаўна, такая, якой была ў далёкія студэнцкія гады.

Ягоную адзіноту развейвалі шматлікія блізкія для яго людзі з ліку творчай інтэлігенцыі. Ледзь не штодня наведвалася малодшая сястра Святлана, якая жыве ў Мінску. Сам ён апошнія гады не выходзіў з дому: быў слабы на ногі.

Вечарам сакавіцкага дня я пачуў сумную вестку аб смерці Ніла Гілевіча. Назаўтра ж паехаў у Мінск, каб развітацца з адышоўшым у небыццё. У храме на Нямізе каля ягонай труны выказаў спачуванні Нілавым сваякам. Пра ўсенароднае прызнанне аднаго з класікаў айчыннай літаратуры сведчыў бясконцы паток людзей, якія ішлі з букетамі ў руках, каб аддаць даніну павагі славутаму сыну беларускай зямлі…


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: