«Трэба перастаць баяцца і паказаць, хто такія працоўныя»

Супрацоўніца Мінскага трактарнага завода распавяла «Новаму Часу», якія настроі цяпер у працоўных, чаму калегі не падтрымалі экс-лідара стачкама МТЗ Сяргея Дылеўскага і ці гатовыя завадчане далучыцца да ўльтыматуму Святланы Ціханоўскай ды распачаць страйк.

«Нягледзячы на словы Лукашэнкі, зарплата падае»

Ульяна Гарбачова прыйшла працаваць на МТЗ у 19 гадоў. Тады ёй тэрмінова патрэбная была праца, таму яна пагадзілася на першую ж прапанову, нават не ведаючы яе спецыфікі.

— Начальнік цэха прапанаваў пайсці на штампоўку, і я, яшчэ не заходзячы ў цэх, пагадзілася. Прыйшла на завод, убачыла сваё працоўнае месца — аказалася, што на штампоўцы працаваць вельмі цяжка, — узгадвае Ульяна.

Адпрацаваўшы год і сыходзячы ў адпачынак, Ульяна нават думала пра звальненне, хаця заробак па тагачасных мерках у яе быў добры. Але, калі вярнулася з адпачынку, убачыла абвестку пра набор на навучанне пры заводзе машыністаў крана. Прайшла навучанне — і вось ужо 10 з паловай гадоў з тых 12-ці, што працуе на МТЗ, Ульяна — машыніст крана.

— Калі я перайшла са штампоўкі, згубіла амаль палову заробку, — дзеліцца суразмоўца. — Хоць Лукашэнка і гаворыць, што ў нас на заводах высокія зарплаты, але, каб зарабіць тыя ж 500 долараў — гэта калі яшчэ долар не ўзляцеў, — трэба было раз на тыдзень заставацца ў падоўжанцы (працаваць з 7 раніцы да 7 вечара) і выходзіць па ўсіх суботах. А праз нашы крызісы зарплата пастаянна падае: калі я сыходзіла ў дэкрэтны адпачынак, яна была ў мяне 500 долараў, калі вярнулася — 350.

Ульяна Гарбачова, фота з асабістага архіва


«Бастуем — дык бастуем»

Па словах Ульяны, на супрацоўнікаў завода ціску перад выбарамі не было. За адным выключэннем.

— Ведаю, што людзей, якія жывуць у інтэрнатах ад МТЗ, добраахвотна-прымусова прасілі прыйсці і прагаласаваць датэрмінова, — распавядае Ульяна. — Ужо тады людзі былі запалоханыя, баяліся, што іх выкінуць з інтэрнатаў. Хаця я казала ім, што, нават калі б жыла ў інтэрнаце, усё роўна пайшла б галасаваць у дзень выбараў і за таго, за каго мне трэба.

Адразу пасля выбараў, зазначае суразмоўца, на МТЗ не было масавага абурэння тым, што ў працоўных скралі іх галасы. Калі такія ўспышкі і былі, то кропкава, і іх было мала. Але гвалту з боку сілавікоў супраць мірных пратэстоўцаў у першыя паслявыбарчыя дні завадчане стрываць не маглі.

У пятніцу, 14 жніўня, працоўныя сабраліся спачатку на ўнутранай тэрыторыі МТЗ, тады да іх прыехаў прэм’ер-міністр. Супрацоўнікам паабяцалі, што пусцяць да іх прэсу, але так і не пусцілі. Таму яны самі вырашылі выйсці да журналістаў.

— 13 жніўня напрыканцы змены ў нас быў сход, дзе людзі «на каленцы» напісалі свае патрабаванні дырэктару. Ён прапанаваў сабрацца 14 жніўня ў 3 гадзіны і ўсё абмеркаваць. Але мы падумалі: навошта чакаць — і сустрэліся ў 10 раніцы. Бастуем — дык бастуем. Выйшлі нечакана і паклікалі дырэктара, ён тады разгубіўся, — узгадвае Ульяна.

Людзей на наступны дзень, сапраўды, выйшла шмат. Абралі стачкам і яго старшыню — Сяргея Дылеўскага. Пасля гэтага завадчане пайшлі на плошчу.

— Людзей было вельмі шмат, і яны былі настроеныя на забастоўку, — гаворыць Ульяна Гарбачова.

Ульяна Гарбачова, фота з асабістага архіва


Прафсаюз адмовіўся ад людзей — людзі адмаўляюцца ад прафсаюза

У панядзелак, 17 жніўня, Ульяна прыйшла ў цэх, але не пераапраналася і да працы не прыступала. У той дзень працоўныя з МТЗ і электратэхнічнага завода пайшлі падтрымаць калег на МЗКЦ (тады да іх прыязджаў Лукашэнка, і яму крычалі «Сыходзь!»).

— Нам тады адкрылі турнікеты (на прахадной МТЗ. — НЧ.), некаторыя нават падумалі, што дырэктар нас падтрымлівае, хаця я так не думала. Мы пайшлі маршам на МЗКЦ, было як мінімум 4 тысячы чалавек ад завода, — кажа суразмоўца.

Але ўжо на наступны дзень, 18 жніўня, многія людзі пакрысе сталі прыступаць да працы. Калі сябры стачкама пайшлі да дырэктара, каб перадаць патрабаванні завадчан, ім далі зразумець, што забастоўку абвяшчаць нельга. Людзей пачалі запалохваць. Таму многія, па словах Ульяны, у душы падтрымліваюць страйк, але самі баставаць не гатовыя.

Паколькі афіцыйна страйк абвясціць было нельга, сябры стачкама дамовіліся сустрэцца ў абед і абмеркаваць далейшыя планы.

— Нас сабралася дастаткова шмат, мы паклікалі старшыню прафкама — чамусьці думалі, што прафсаюз нас абароніць. Але пачулі яго мармытанне — і зразумелі, што прафсаюз ад нас адмовіўся. Пасля гэтага мы сталі масава выходзіць з прафсаюза.

Ульяна зазначае, што да жніўня гэтага года ў афіцыйным прафсаюзе «БЕЛПРОФМАШ» не знаходзілася 15% супрацоўнікаў МТЗ. Цяпер гэтая лічба складае ўжо 30% і працягвае расці. Да таго ж з’явілася альтэрнатыва: на заводзе створана пярвічная арганізацыя незалежнага прафсаюза РЭП.

Ульяна Гарбачова, фота з асабістага архіва


«Ім усё роўна, а на прахадной ім крычаць: “Малайцы!”»

— Суслянкоў (намеснік генеральнага дырэктара МТЗ па ідэалагічнай працы, кадрах і сацразвіццю Андрэй Суслянкоў. — НЧ.) прапанаваў тым, хто хоча баставаць, напісаць заявы за свой кошт на тры дні — з серады па пятніцу. Людзі сталі пісаць, хаця на гэта пайшлі нямногія — каля 300 чалавек з усяго завода. А мы яшчэ стаялі і казалі, што не збіраемся сядзець дома, а заўтра прыедзем у 7 раніцы, як на працу, і будзем хадзіць па цэхах і агітаваць людзей.  

А яшчэ ў аўторак для мяне быў такі непрыемны момант, калі нас прыехалі падтрымаць людзі, яны прывезлі ваду, ежу. Мы ўжо тады ведалі, што забастоўкі не будзе, але яшчэ стаялі на прахадной, спрабавалі сабраць працоўных. Але яны праходзяць міма, ім увогуле ўсё роўна. Яны выходзяць за прахадную, і мы чуем, як ім там крычаць: «Малайцы!», апладзіруюць. А я стаю, і мне настолькі брыдка, у душы ўсё пераварочвалася. А тыя людзі бралі гэтую ежу, не разумеючы, для чаго яна, ішлі потым на «Крышталь» і ёй закусвалі. Калі я выйшла, я выцірала слёзы — і мне было сорамна нешта ўзяць, бо я ведала, што наш завод ужо даў задні ход.

А ў сераду, 19 жніўня, завадчан да галоўнай прахадной а 6.30 раніцы прыйшлі падтрымаць сотні мінчан. І тады на прахадную МТЗ нагналі АМАП, а тым, хто напісаў заявы за свой кошт, проста заблакавалі пропускі, і яны не змаглі прайсці на завод.

— Адміністрацыя выйграла час: яны паспелі данесці да людзей, што ніякая забастоўка нам не патрэбная, унушыць ім, што завод памрэ і больш не паднімецца.


З цэха Дылеўскага ніхто не прыйшоў яго падтрымаць

А ў панядзелак, 24 жніўня, арыштавалі Сяргея Дылеўскага.

— Тады я была проста ў шоку ад яго цэха — механічны цэх № 5, — прызнаецца Ульяна. — Я сама туды прыходзіла, мы вырашылі сабрацца ў абед і вырашыць, што рабіць далей: абвясціць забастоўку і запатрабаваць, каб Сяргея вызвалілі. Мы чакалі першых дзеянняў ад 5-га механічнага цэху, бо чалавек адпрацаваў там шмат гадоў. Я казала людзям, што ён на Акрэсціна, а яны не ведалі. І калі мы сустрэліся з тымі, хто хацеў падтрымаць Дылеўскага, прыйшло вельмі мала людзей, а з яго цэха не прыйшоў увогуле ніхто.

Пасля гэтага тыя, хто хацеў пратэставаць, вырашылі выходзіць на працу і працаваць у рэжыме італьянскай забастоўкі. Да цяперашняга дня ўсе завадскія актывісты так і працуюць.

Ульяна прызнаецца, што ў многіх людзях, з якімі працуе побач шмат гадоў, яна расчаравалася, бо страх у іх аказаўся мацнейшым за жаданне быць свабоднымі.

— Я магу параўнаць з сабой: у мяне таксама ёсць крэдыт, маленькае дзіця, я ў разводзе. Яшчэ і маме дапамагаю, таму што яна засталася без пенсіі дзякуючы рэформам, — распавядае суразмоўца. — Таму, калі людзі гавораць, што яны баяцца, гэта як апраўданне нейкае. Дзеці — як прыкрыццё. Часам у мяне складваецца ўражанне, што людзі прывыклі да нейкага мінімальнага камфорту і баяцца яго страціць. Я разумею, што пагрозы страціць працу і даход — цалкам рэальныя, але я веру ў Бога і ў справядлівасць і лічу, што кожны атрымае сваё. Атрымаюць усе: тыя, хто прымяняе фізічны і псіхалагічны гвалт у адносінах да людзей, і тыя, хто сядзіць адмоўчваецца.

Ульяна гаворыць, што гвалт над людзьмі падчас разгону маршаў стаў штуршком для новай актывізацыі працоўных на заводзе. Але яна да гэтага часу не разумее, як яны дапусцілі звальненне Сяргея Дылеўскага.

— Пасля вызвалення ён увесь час казаў, што не хоча сыходзіць з завода, ён хацеў займацца незалежным прафсаюзам, яму гэта было вельмі цікава, у яго гарэлі вочы. Але спачатку яго хацелі звольніць, бо не давалі дакументаў з Акрэсціна. Там сказалі, няхай адміністрацыя завода дае запыт. Адміністрацыя запыт не дала. Але начальнік аддзела, які налічвае нам заробкі, сказаў, што ведае, дзе ён быў, і закрыў яму гэтыя дні. Аднак наш Суслянкоў паставіў Сяргея перад фактам: альбо ты звальняешся сам, альбо звольнім тваіх бацькоў. Сяргей паразмаўляў з імі і вырашыў, што бацькі — гэта святое, і яму давядзецца звольніцца.

Па словах Ульяны, абвяржэнню, якое пасля звальнення Дылеўскага прагучала з вуснаў Андрэя Суслянкова, не верыць ніхто.

— Але сыход Дылеўскага яго калегі ўспрынялі спакойна. Ведаючы яго, калі б кагосьці звальнялі, ён стаў бы за гэтага чалавека і сказаў бы, што таксама будзе звальняцца. Але калегі яго не падтрымалі, і ў яго засталася крыўда.


Забіраюць з працы, не даючы пераапрануцца

Але рэпрэсіі на МТЗ зазнаў не толькі Сяргей Дылеўскі. У верасні супрацоўніка завода Вадзіма Пайвіна выклікала на размову кіраўніцтва, а калі ён прыйшоў — яго забралі супрацоўнікі МУС, завезлі ў міліцыю, а потым — на Акрэсціна на трое сутак. Яго абвінавачвалі ва ўдзеле ў пратэстах, але вызвалілі ў зале суда і справу адправілі на дапрацоўку. Тым не менш, Вадзіма Пайвіна звольнілі. Фармальна — за прагул. Вадзім баяўся выходзіць на працу пасля Акрэсціна, чакаў, што яго зноў могуць забраць. Прасіў дзень за свой кошт, але яму яго не далі. Звальненне за адзін прагул — нонсэнс, зазначае Ульяна. Бо, бывае, людзі не ходзяць на працу тыднямі, і нейкім чынам застаюцца працаваць.

Некалькі тыдняў таму такім жа чынам на размову да начальства выклікалі 23-гадовага Міраслава Сабчука. Яго забралі супрацоўнікі МУС наўпрост з працоўнага месца. Пазней хлопцу прысудзілі 15 сутак арышту. Міраслаў удзельнічаў у запісе відэазварота завадчан супраць гвалту.

— Той факт, што людзей забіраюць наўпрост з завода, усіх вельмі абурае, бо гэта стаўленне як да скаціны. Да таго ж гэтаму спрыяе наша вышэйшае кіраўніцтва — без яго санкцыі ніхто на завод не зойдзе. Таксама людзей абурае, што таму ж Міраславу не далі нават пераапрануцца ў яго адзенне, а забралі ў працоўным касцюме. Яго забралі ў чацвер, і 1,5 сутак ні адвакат, ні мама не ведалі, дзе ён, у РУУСах не давалі ніякай інфармацыі. Ён тыдзень быў на Акрэсціна ў гэтым халодным касцюме.

Ульяна распавядае, што многія завадчане проста не маюць доступу да гэтай інфармацыі, і калі ім яе даносіш, яны атрымліваюць шок.

Сама Ульяна таксама зведала затрыманне і суд. Яна трапіла ў аўтазак 6 верасня, калі сілавікі разагналі калону падчас нядзельнага шэсця на вуліцы Чабатарова ў Мінску.

— Мяне пратрымалі ў Заводскім РУУСе і бліжэй да 11 вечара адпусцілі, бо трапіла першы раз, і дома маленькае дзіця, — узгадвае Ульяна. — Мне прысудзілі 20 базавых штрафу. На судзе было вельмі смешна слухаць сведку па прозвішчы Цітоў. Ён не мог назваць вуліцу, на якой праходзіла затрыманне, і гаварыў, што гэта было падчас жаночага маршу.

Ульяну, якая з калегамі ўдзельнічала ў запісе відэазвароту супраць гвалту, таксама выклікала на размову кіраўніцтва. Ёй далі зразумець, што па-за межамі завода яна можа рабіць усё, што заўгодна, але на тэрыторыі прадпрыемства — не.

Фота Іры Арахоўскай з фотапраекта “Галоўныя людзі”


«Людзі выйдуць, бо іх даводзяць, і яны перастаюць баяцца»

Ульяна мяркуе, што працоўныя падтрымаюць ультыматум, які Святлана Ціханоўская абвясціла Аляксандру Лукашэнку з патрабаваннем яго адстаўкі. Суразмоўца цалкам дапускае пачатак забастоўкі пасля 25 кастрычніка.

— Калі працягнецца гвалт, за гэты час працягнуць забіраць з завода актывістаў, то людзі выйдуць, бо іх даводзяць, і яны перастаюць баяцца, — лічыць яна.

Звяртаючыся да калегаў, Ульяна Гарбачова зазначае:

— Ва ўсіх былі моманты, калі мы чагосьці хацелі, але не зрабілі, і потым шкадавалі пра гэта. Бо час назад не вернеш і нічога не зменіш. Я хачу звярнуцца да працоўных, каб яны задумаліся пра тое, што адбываецца ў краіне. Калі яны думаюць, што іх і іх родных гэта не закране, то яны памыляюцца. Гвалт і смерці ўжо былі, і каб гэтага не паўтарылася, трэба праявіць салідарнасць, перастаць баяцца і паказаць, хто такія працоўныя. Галоўныя — мы, усё залежыць ад нас. Гэта не мы павінны баяцца кіраўніцтва, а нашае кіраўніцтва павінна баяцца нас. Бо працоўныя — гэта аграмадная моц. Калі мы хочам свабодную незалежную краіну, то мы павінны аб’яднацца, агучыць свае патрабаванні і настаяць на тым, каб іх выканалі.

Мы ўсе даўно працуем на МТЗ і зычым яму толькі лепшага, а лепшае будзе тады, калі ў краіне адбудуцца змены. Не трэба баяцца рэпрэсій, бо фонды, створаныя для падтрымкі працоўных і рэпрэсаваных, насамрэч дапамагаюць.

Людзі, якія змагаліся за тое, каб зрабіць нашу краіну сапраўды незалежнай і палепшыць яе становішча, цяпер з’яўляюцца палітзняволенымі і знаходзяцца ў жахлівых умовах. Калі мы спынімся, то яны застануцца там. Мы ўдзячныя ім за тое, што яны рабілі, — і гэта яшчэ адна нагода давесці нашу справу да канца і дамагчыся таго, каб яны выйшлі на волю.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: