У суаўтарстве з Барадуліным. Да 85-годдзя народнага паэта

Рыгору Барадуліну 24 лютага было б 85. Ужо амаль шэсць гадоў, як яго няма з намі, і ўсё часцей і сам дзядзька Рыгор, дасціпны вастраслоў і жартаўнік, і тыя забаўныя гісторыі, героем якіх ён быў, прыгадваюцца з добрай усмешкай…

Фота Сяргея Шапрана

На кані

Набліжаўся 70-гадовы юбілей Барадуліна. Я прыдумаў сфатаграфаваць яго на кані, каб пасля падпісаць фота: «Дзядзька Рыгор і ў 70 па-ранейшаму на кані». Але Барадулін працяглы час не згаджаўся, пакуль нарэшце ў адзін лютаўскі дзень не прыехаў у Лошыцкі парк, дзе тады месцілася невялічкая стайня.
Коніка яму падабралі самага ціхмянага. Дзядзьку Рыгору настолькі спадабалася ехаць вярхом, што нават у стайню ён пасля накіраваўся конна. І толькі тады прызнаўся, чаму не згаджаўся на ўгаворы:
— Баяўся, што конь мяне не вытрымае.

Фота Сяргея Шапрана

Фота Сяргея Шапрана

Рамонт

Разам з сябрам Андрэем Палудам адвезлі Барадуліна ва Ушачы, каб ён мог спакойна пажыць і паправіць здароўе і настрой. Прыязджаем праз два тыдні — дзядзька Рыгор пачуваецца зусім іначай, чым калі пакідалі яго.
Адрамантаваўшы плот (мясцовыя, водзячы каня на вадапой паўз барадулінскі панадворак, разбурылі плот, каб прасцей было хадзіць), ад’язджаем у Мінск.
— Дзякуй вам за рамонт! — кажа дзядзька Рыгор.
Думаючы, што размова ідзе пра рамонт плота, гаворым, што няма за што. Барадулін:
— Дзякуй за рамонт мяне!
Потым неаднойчы пачую яго любімае выслоўе пра самога сябе:
— Што зроблена ў СССР, рамонту не падлягае.

Міфатворчасць

Працуючы над раманам «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без», Уладзімір Някляеў патэлефанаваў Барадуліну:
— Ты ж не пісаў антысавецкія вершы ў 1960-я гады?
— Не, не пісаў.
— Дык напішы цяпер!
Не прайшло і паўдня, як Барадулін прачытаў па тэлефоне:

Рахманыя, няўпартыя,
Мы ўсе — адзін калгас.
Кіруе намі партыя
І думае за нас.
Дазвол ёсць жыць у лагеры
Сацыялізму ўсім.
Дарма буржуі звягаюць,
Мы не зайздросцім ім.
На волю нам не хочацца,
Мы рушым свет стары,
І вораг не праточыцца
У цвёрдыя муры.
Дакладна кожны ведае:
Быў камуніст — Ікар!
Для мар пра заўтра светлае
Хапае голых нар.

З гэтым вершам Някляеў і «паставіў» у сваім рамане ў 1962 годзе на прыступкі Тэатра юнага гледача студэнта філалагічнага факультэта БДУ Рыгора Барадуліна, які, прачытаўшы свой «крамольны» верш, хуценька ўцёк на філфак.
Зрэшты, «недакладнасць» была не толькі ў тым, што антысавецкія вершы пачатку 1960-х у бібліяграфіі Барадуліна наўпрост адсутнічаюць, — у гэты час ён і студэнтам ужо не быў, бо скончыў філфак за тры гады да таго.

Фота Сяргея Шапрана

Фота Сяргея Шапрана

У суаўтарстве

Выйшаў «Вушацкі словазбор» Рыгора Барадуліна. Пытаю:
— Ці правільна разумею: нельга назваць «Вушацкі словазбор» фальклорным зборнікам у чыстым выглядзе — лепш гаварыць пра ваша суаўтарства з землякамі?
— Калі нешта не так клалася, дык даводзілася падпраўляць, але, вядома, у межах, — кажа дзядзька Рыгор.
— Гэта значыць, стылізавалі?
— Крыху стылізаваў, але так, каб не было заўважна. Да таго ж, калі ў галаву прыходзілі нейкія прыказкі і прымаўкі, я часам не ведаў: ці гэта вушацкае, ці я сам сачыніў?
— І тады думалі: хай будзе вушацкае?
— Так, хай будзе вушацкае!

Падарунак

Калі я пачаў пісаць кнігу пра Васіля Быкава, дзядзька Рыгор падарыў мне беларуска-расійскі слоўнік з дарчым надпісам сваёй жонкі: «Табе ад мяне. Каб нікому не дарыў».


Бацькоўскі клопат

Праз тое, што Барадулін чакаў сына, а нарадзілася дачка (ён так упарта верыў у сына, што нават калі ўрачы паведамілі пра дачку, усё адно запярэчыў: «Не можа быць! У мяне будзе сын!»; ужо нават імя выбраў — Яраслаў), першым наведаў ягоную жонку Васіль Быкаў. Барадулін прыехаў у Гродна толькі праз тры дні, бо бурна адзначаў нараджэнне дачкі, а больш дакладна, развітваўся з марамі пра сына.
І ў выхаванні адзінага дзіцяці асаблівага ўдзелу не браў — Валянціна Міхайлаўна памятае толькі, як вадзіў двухгадовую Ілону на Камароўку. Дый пайшоў выключна таму, што сама жонка ў бальніцы ляжала, а на Камароўцы тады прадавалі малдаўскае віно ў бочках.

«Я пазваню табе з трамвая!»

Паэт Янка Сіпакоў прыгадваў, што Барадулін меў звычку спазняцца. Чакаючы на яго, пачыналі злавацца, але ён умеў куды хочаш і адкуль хочаш дазваніцца. І гэта ў той час, калі мабільных тэлефонаў не было.
— Я ўжо еду! — гаварыў Барадулін, тэлефануючы.
— А адкуль ты звоніш?
— З тралейбуса!
Гэтаксама і паэт Ганад Чарказян сведчыў, што не раз чуў ад Барадуліна:
— Я пазваню табе з трамвая!
Гэтая фраза, якая некалі вырвалася ў Барадуліна, стала звычайнай прымаўкай не толькі яго, але і ягонага сябра Уладзіміра Караткевіча. Сяргей Законнікаў з’іранізаваў з гэтай нагоды:

Быў дамабільнікавы час…
Рыгор сустрэцца забывае.
Тэлефануем, а ў адказ:
«Я еду… Вам званю з трамвая!»
Цяпер жа што — трамвай, аўто!
Званкі не дзівяць нават з лесу.
Але не ўсім вядома, хто
Стаў бацькам гэтага прагрэсу.

Барадулін і Колас

Якуба Коласа Барадулін бачыў толькі аднойчы — у 1955-м, падчас нарады маладых пісьменнікаў. Канстанцін Міхайлавіч, спазніўшыся, прыехаў не дужа здаровы і асцерагаўся скразнякоў. Пачатковец Барадулін, не разумеючы ўсеагульнай увагі да аўтара «Новай зямлі», абураўся: «Як гэта Якуб Колас позніцца? Мы ж чакаем усе аднаго! Мы не баімся ніякіх скразнякоў, а ён баіцца! Навошта каля яго, старога, так круцяцца?! Гэта ж мы прыйшлі!»
— Цяпер, дажыўшы да коласавых гадоў, разумееце? — пытаюся ў Барадуліна.
— Абсалютна разумею. Разумею нахабнасць сваіх думак.

Барадулін і Гілевіч

З нарады маладых літаратараў з удзелам Якуба Коласа захаваўся фотаздымак, пра які Барадулін потым напісаў: «На адным з групавых здымкаў тырчыць і мой нос недзе ў самым апошнім шэрагу. У каго ўжо тады хапала самаўпэўненай смеласці, стаў наперадзе». Гэты другі сказ, мусіць жа, адносіцца да Ніла Гілевіча, бо ён стаіць не дзе-небудзь, а паперадзе.


Зрэшты, узаемная нелюбоў двух паэтаў агульнавядомая. Едзем аднойчы з дзядзькам Рыгорам праз Лагойшчыну, ён кажа:
— І мясціны прыгожыя, а як падумаю, што родам адсюль Гілевіч, дык не падабаюцца!

Хоць у далёкім мінулым былі і рэкамендацыя, якую даў Гілевіч Барадуліну для ўступлення ў Саюз пісьменнікаў, і нават паэтычнае суаўтарства. Уладзімір Някляеў меркаваў, што, праз нешта некалі разышоўшыся, абодва за даўнасцю проста забыліся, праз што. Гэтаксама і Валянціна Міхайлаўна сведчыла:
— Гілевіча Рыгор цярпець не мог. Я неяк спыталася: «А чаму ў цябе так з Нілам?» Ён нічога не сказаў, толькі радаваўся, што Бураўкіна ад Ніла «адляпіў», і Быкава таксама, а то, кажа, такія ўжо сябрукі зрабіліся! Грыша быў своеасаблівы чалавек: мог ні за што палюбіць, а мог ні за што неўзлюбіць. І для гэтага не трэба было аніякай прычыны.

Зрэшты, дзеля справядлівасці трэба сказаць, што на тым даўнім групавым фотаздымку Гілевіч хоць і стаіць паперадзе, але з краю. А Барадулін бачны адразу за Коласам.

Зборны вобраз

У караткевічавай «Ладдзі Роспачы» ёсць прысвячэнне — Рыгору Барадуліну. Вось як апісаны там галоўны герой:
«Сабою быў дзівосна гожы і пяшчотны, а паводзін — самых заганных. Хобаль, залётнік, піяка, задзіра, біток, бабздыр несамавіты. Не было на ўсёй зямлі беларускай падобнага яму. Ляхі такіх завуць — “завалідрога”, а мы, людзі роду крывіцкага, “адарвірог”… […] І сябры ў яго былі адпаведныя. […] Набяруць гарэлкі, паедуць у лугі, дзіка заб’юць, ды на лаўцах пякуць дзічыну, ды песні гарлаюць — от і ўсё іхняе набажэнства пану богу за тое, што даў ім жыццё».

Пытаюся ў Барадуліна:
— Ці былі вы, дзядзька Рыгор, у маладосці падобны на Выліваху?
— Нешта, канечне, ёсць у гэтым, — Барадулін смяецца. — Але любы літаратурны герой — ён зборны.
— А чаму Караткевіч ахвяраваў вам менавіта «Ладдзю Роспачы»?
— Мы з ім весела жылі. Так што ўсё магло быць.
— Магло ці было?
— Думаю, што было, — усміхаецца Барадулін і дадае: — У Выліваху частка ад мяне, частка — ад Валодзі.

Фота Уладзіміра Крука

Фота Уладзіміра Крука

Прыгоды «Ладдзі Роспачы»

Напісаўшы «Ладдзю Роспачы», рукапіс Караткевіч падарыў Барадуліну. Аднак, паколькі, як казаў дзядзька Рыгор, «Ладдзя Роспачы» не мела намеру прычальваць да берага сацыялістычнага рэалізму, яе нідзе не друкавалі.

Перакласці аповесць на рускую мову ўзяўся Васіль Сёмуха. А калі ўсё ж з’явілася прывідная надзея надрукаваць «Ладдзю» ў арыгінале, высветлілася, што рукапіс згубіўся. І ў Караткевіча ўзнікла ідэя перакласці твор на беларускую мову з сёмухавага перастварэння. Але выратаваў выпадак: неяк пераглядаў Барадулін паперы ва Ушачах, а там — рукапіс «Ладдзі»! Прывёз у Мінск, з радасці адзначылі тую падзею разам з аўтарам. Назаўтра спахапіліся: а дзе ж рукапіс?! Зноў доўга шукалі, пакуль не знайшлі на кухні… за газавай плітой — так «надзейна» схавалі ўначы, каб не згубіць другім разам.


Прызнанне

Рыхтуючы білінгвічную кнігу «Перакуленае / Опрокинутое», я неяк не стрымаўся дый казаў аўтару:
— Чытаю вас па-беларуску і разумею: вялікі паэт. Чытаю па-руску і бачу: сярэдні паэт!
Дзядзька Рыгор нечакана, бо нават паэтам не любіў сябе называць, а толькі чаляднікам ці паслугачом беларускай мовы:
— Я ведаю. Па-руску я шэранькі паэт.

«Не фігуруйце, Грышачка!»

У працоўным кабінеце Барадуліна слоўнікі і кнігі ягоных сяброў — Быкава, Караткевіча, Стральцова, Някляева — былі ў кніжнай шафе злева ад пісьмовага стала — толькі працягні руку! Дастаўшы адно з караткевічавых выданняў, я прачытаў: «Дарагому Рыгору Барадуліну з любоўю да яго самога, добрага і шчырага чалавека, і яго светлай, сапраўды вялікай, нашай, беларускай паэзіі. Нічога, браце, зразумеюць, побач з кім жылі».
— Як думаеце, дзядзька Рыгор, зразумеюць? — пытаюся.
— Сам пра сябе... Караткевіч у такіх выпадках любіў гаварыць: «Не фігуруйце, Грышачка!»

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: