У Віцебску памёр выбітны паэт і перакладчык, выкладчык ВДУ Уладзімір Папковіч

10 красавіка на 87-м годзе жыцця пайшоў у іншы свет Уладзімір Папковіч. Настаўнік, паэт, перакладчык — доўгія дзесяцігоддзі ён заставаўся адным з цэнтраў прыцягнення культурнага асяроддзя Віцебшчыны, увасабленнем інтэлігентнай разважлівасці і непадробнай цікаўнасці да жыцця і творчасці сяброў, калег і вучняў.
Уладзімір Папковіч

Уладзімір Папковіч

Уладзімір Антонавіч нарадзіўся 25 сакавіка 1935 года ў вёсцы Дварэц Вілейскага павета Віленскага ваяводства. Скончыў факультэт нямецкай мовы Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моў, працаваў выкладчыкам нямецкай мовы, інжынерам-перакладчыкам.

З 1966 года жыў у Віцебску. Працаваў настаўнікам нямецкай мовы ў СШ №20, Віцебскім індустрыяльным тэхнікуме. Ад 1982 года — старэйшы выкладчык, у 1998-2005 гадах — загадчык кафедры Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава. Неаднаразова ладзіў для сваіх студэнтаў навучальныя вандроўкі ў Германію, падтрымліваў цёплыя стасункі з многімі былымі навучэнцамі цягам некалькіх дзесяцігоддзяў.

Творы Уладзіміра Папковіча з’явіліся ў друку ў 1962 годзе. Першы зборнік вершаў — «На досвітку» — выйшаў у 1978 годзе. Аўтар больш як 10 кніг паэзіі, шматлікіх перакладаў вершаў і прозы з нямецкай мовы на беларускую. Пераклаў на нямецкую мову паэму «Тарас на Парнасе», вершы Давіда Сімановіча. Сябра Саюза пісьменнікаў СССР з 1981 года. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Лаўрэат прэміі «Сузор’е муз» імя Уладзіміра Караткевіча.

Выдатны знаўца літаратуры і выяўленчага мастацтва, Уладзімір Антонавіч быў жаданым госцем на выставах, прэзентацыях і творчых сустрэчахдля кожнага знаходзіў трапныя і добразычлівыя пажаданні. У апошнія гады, калі здароўе падводзіла, дасылаў сябрам і знаёмым цёплыя словы праз электронную пошту, з дапамогай блізкіх рэгулярна выкладаў старыя і новыя вершы і пераклады на фэйсбуку.

За доўгае і няпростае жыццё Уладзімір Папковіч шмат каго сагрэў увагай і спагадай. 

vitebsk.cc

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: