Валерый Шчукін: «Я жыў па справядлівасці і нікога не баяўся»

Увечары 10 кастрычніка прыйшла сумная навіна — памёр Валерый Шчукін. Праваабаронца, дэпутат Вярхоўнага Савету 13 склікання, журналіст, былы марскі афіцэр. Гэта вялікая страта для ўсяго нашага грамадства.

Валерый Аляксеевіч Шчукін нарадзіўся 22 сакавіка 1942 года ва Уладзівастоку. А ў 1951-м яго сям’я вярнулася ў БССР, у Талачынскі раён, на радзіму маці. Тут ён скончыў беларускую пачатковую школу, пасля бацькі перавялі яго ў рускую школу ў Мінску.

З 15 гадоў Валерый Шчукін працаваў слесарам на мінскім заводзе буддэталяў. Служыў у войску, у 1966 скончыў Ленінградскую вышэйшую вайскова-марскую інжынерную вучэльню па вайсковай спецыяльнасці «карабельны інжынер-механік» і цывільнай — «эксплуатацыя парасілавых установак». Цягам 27 гадоў служыў афіцэрам ВМФ СССР, капітан другога рангу ў адстаўцы.
 
Валерый Шчукін быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савету 13 склікання. Выконваў функцыі сакратара камісіі нацыянальнай бяспекі, абароны і барацьбы са злачыннасцю. У 1996 годзе выступаў супраць прапанаваных Лукашэнкам зменаў, падтрымаў ягоны імпічмент, удзельнічаў у спробах вярнуць Віктара Ганчара ў кабінет старшыні ЦВК. У 1998 яго выключылі з кампартыі.

Першы раз трапіў за краты напрыканцы 1998 года. З усіх зняволенняў Шчукіну найбольш востра згадваўся адзін дзень у жодзінскай турме. Дзень, калі яму гвалтам пагалілі бараду. 

Валерый Шчукін узгадваў, што першы раз аказаўся на “сутках” пасля таго, як Лукашэнка фактычна разагнаў парламент XIII склікання. Бо ў сярэдзіне 90-х дзеючых дэпутатаў саджаць усё-ткі баяліся.

“Пазбавіўшыся дэпутацкай недатыкальнасці, я не кінуў актыўнай грамадзянскай дзейнасці, за што і трапіў у поле зроку нашых праваахоўных органаў, — успамінаў ён. — Спачатку мяне проста спрабавалі палохаць, але я, былы афіцэр, на пагрозы проста не звяртаў увагу. Потым мяне каралі штрафамі па адміністрацыйных артыкулах, “паехаў на суткі”…

Яго неаднаразова затрымлівалі, каралі штрафамі і суткамі — у свой час Валерый Аляксеевіч з'яўляўся рэкардсменам па колькасці прысуджаных "сутак". Раней ён нават вёў дзённік, дзе ўлічваў кожную ўласную “ходку”. Але перастаў, калі лічба стала трохзначнай.

Затрымлівалі Шчукіна звычайна жорстка, часта збівалі, неаднойчы ў выніку ён трапляў у бальніцу. Але нягледзячы ні на што Валерый Шчукін заўсёды трымаўся годна. Вось што, напрыклад, адбывалася пасля чарговага затрымання ў 2017-м, калі Валерыя Шчукіна шпіталізавалі з гіпертанічным крызам:

"Валер Шчукін адмовіўся ў РАУСе станавіцца тварам да сцяны, сказаўшы, што, як афіцэр, спіной да ворагаў не паварочваецца і гатовы прыняць кулю ў грудзі. Пасля няўдалых спробаў павярнуць яго, Шчукін сеў на асфальт. Сядзеў на халодным і мокрым асфальце больш за дзве гадзіны. Пасля, разам з іншымі затрыманымі спусціўся на ніжні паверх (30 прыступак уніз). Там у яго ці то ўзялі тлумачэнні, ці то склалі пратакол — не ведае, нічога не падпісваў. Калі падняўся ў двор, яго ўжо чакала "хуткая". Хто выклікаў, не ведае. Сам не выклікаў і не скардзіўся. Хоць быў крыз. Ціск збілі, адвезлі ў вайсковы шпіталь як старэйшага афіцэра на пенсіі".

Для шмат каго стала адкрыццём, што атэіст і камуніст Шчукін быў сярод тых, хто ў 1989 нёс Крыж Пакуты, усталяваны ў Курапатах.

— Калі я даведаўся пра тое, што робіцца ў Курапатах, мне стала ніякавата. Таму я нёс крыж. Да мяне потым было шмат прэтэнзій з боку партыі, але я ўсё жыццё раблю тое, што лічу патрэбным. Я ўпершыню прыйшоў у Курапаты з гэтым крыжом. Я быў шакаваны, і гэта паўплывала на мяне ў далейшым, — прызнаваўся Валер Шчукін.

А ў 2018-м Валерый Шчукін адправіўся ў паломніцкі тур і прайшоў 16 кіламетраў, каб падтрымаць "Матчын Рух 328"!

"Днямі і я вырашыў падтрымаць “Матчын Рух 328” і адправіўся разам з жанчынамі ў паломніцкі тур, — распавядаў Шчукін. — Ішлі з Мінска ад Храма Ражства Хрыстова да Мар’інай Горкі — у Храм Аляксандра Неўскага. Са сталіцы выйшлі 15 чалавек, але па дарозе да нас далучаліся іншыя, і ў Мар’іну Горку паломнікаў прыйшло ў два разы больш”.

Усе, хто ведаў Валерыя Аляксеевіча, могуць сказаць, што гэта быў вельмі інтэлігентны і разумны чалавек, які фізічна не мог трываць несправядлівасці, яго вялікае добрае сэрца балела за іншых. І за правы іншых ён не баяўся ісці пад дубінкі, на суткі, ахвяруючы сабой.

У жніўні 2020 года Валерый Шчукін чарговы раз трапіў у шпіталь — туды яго даставіла "хуткая" пасля рэзкага пагаршэння здароўя. Але нават у цяжкім стане ён працягваў сачыць за сітуацыяй у краіне.

«Думаю, мы пераможам: пратэсты не сціхаюць, іх сацыяльная база пашыраецца, вось толькі каб страляніны не было. Лукашэнка вунь з аўтаматам ужо бегае. Як кадравы афіцэр я ведаю, што гэта азначае: пагрозу людзям, спробу іх прыстрашыць. Так, з яго ўжо смяюцца, людзі ўсё менш яго баяцца, але ўсё ж паводле закону жанру на трэці раз зброя можа стрэліць. Гэтага нельга выключаць, трэба сцерагчыся», — казаў Валер Шчукін.

Ужо тады Валерый Аляксеевіч нібыта нешта адчуваў: «Адчуваю слабасць — чуеце ж, як размаўляю. Стары ўжо, відаць, прыходзіць час. Але спадзяюся, яшчэ працягну», — казаў ён у тэлефоннай размове з карэспандэнтам Свабоды. 

Усе мы спадзяваліся, што і гэтым разам Валерый Аляксеевіч выкараскаецца, бо нельга ж уявіць Беларусь без Шчукіна! На жаль, цуда не адбылося...

— Мне не сорамна за тыя гады, што я пражыў. Не сорамна глядзець людзям у вочы. Не сорамна ні перад калегамі, ні перад нашчадкамі, ні перад беларускім народам. Я жыў па справядлівасці і нікога не баяўся, — так казаў Валерый Шчукін.

Вечная памяць, Валерый Аляксеевіч! Шчырыя спачуванні родным і блізкім.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: