Віктар Івашкевіч: рамантык на барыкадах

Сёння журналісту і палітыку Віктару Івашкевічу споўнілася б 60 гадоў. Ён заўчасна пакінуў гэты свет пасля цяжкай хваробы ў кастрычніку 2013 года, шмат зрабіўшы і яшчэ так шмат не паспеўшы зрабіць. 
Будучы палітык і журналіст Віктар Івашкевіч нарадзіўся 21 верасня 1959 года ў Мінску. Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Тое, што яго лёс будзе звязаны з палітыкай, стала зразумела яшчэ падчас вучобы ў школе.

«Мы ў шостым класе ўтварылі Нацыянал-камуністычную партыю Беларусі. Статут я напісаў. Гэта 79-я школа, бульвар Шаўчэнкі.
 
Нас было чатыры чалавекі. Ну, а потым хлопцы, якія са мной гэтую партыю стварылі, паставіліся да гэтага несур’ёзна і сказалі: давай грошы нам на акцыю, мы пойдзем улёткі развешваць. Я кажу: грошай няма, трэба складкі плаціць. Яны кажуць: не, ты шэф, ты кіраўнік нашай партыі, вынь ды пакладзі нам грошы на ўлёткі. А насамрэч хацелі пайсьці піва піць. Тады я сказаў: раз так, я партыю распускаю», — узгадваў Віктар Івашкевіч.
 
У 1980-х гадах Віктар Івашкевіч браў удзел у моладзевых нацыянальных рухах «Талака», «Майстроўня». У 1988 годзе стаў сябрам Беларускага народнага фронту. У 1991 годзе стаў арганізатарам страйкаў на мінскіх прадпрыемствах. Быў галоўным рэдактарам газеты «Рабочы» (1997–2002). 

За свае погляды Віктар Івашкевіч зведаў шматлікія адміністрацыйныя пакаранні і арышты. Ад 1998 года ён больш за 10 разоў быў пакараны адміністрацыйнымі арыштамі, шмат разоў — штрафамі. Двойчы трымаў галадоўку.

У кастрычніку 2002 года Віктара Івашкевіча асудзілі на два гады абмежавання волі за нібыта паклёп на Лукашэнку. Падставай стаў артыкул «Злодзей павінен сядзець у турме», надрукаваны ў газеце «Рабочы» падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. Да чытачоў газета не дайшла: яе наклад канфіскавалі непасрэдна ў друкарні.

Віктар Івашкевіч быў намеснікам старшыні Партыі БНФ, адказным сакратаром Управы БНФ. Да лютага 2011-га быў кіраўніком мінскай гарадской арганізацыі БНФ. Але потым абвясціў пра выхад з партыі.

Таксама ён быў адным з арганізатараў незалежнага аналітычнага цэнтру «Беларуская перспектыва», сябрам аргкамітэта партыі «Беларускі рух».

«Справа ў тым, што ў Беларусі не настаў час палітыкі – чыстай прагматыкі. Ва ўмовах, калі свабоды няма, натхняць можа толькі пэўны рамантызм. Але я думаю, што калі беларускае грамадства зробіць чарговы крок, і свабода будзе атрыманая, прыйдзе час тых беларускіх палітыкаў, якія не паэты, а тэхнолагі. Але для таго, каб спрацоўвалі іхныя тэхналогіі, якія яны вывучаюць у Штатах, Англіі ці Нямеччыне, трэба, каб перадумовы свабоды былі такія, як яны ёсць у Штатах, Англіі ці Нямеччыне», — казаў Івашкевіч.

Не стала Віктара Івашкевіча 3 кастрычніка 2013 года пасля цяжкай і працяглай хваробы, ён так і не дачакаўся трансплантацыі пячонкі.

 Фота Юрыя Дзядзінкіна



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!