Віталь Сіліцкі: Індывідуальны супраціў — гэта самае галоўнае ў такіх абставінах

Сёння мы ўзгадваем Віталя Сіліцкага — палітолага, аналітыка, першага дырэктара Беларускага інстытута стратэгічных дасследаванняў, які пайшоў з жыцця дзевяць гадоў таму. Гэты тэкст быў апублікаваны на сайце НЧ амаль праз тыдзень пасля смерці Сіліцкага. 
Віталь Сіліцкі, фота Радыё Свабода

Віталь Сіліцкі, фота Радыё Свабода


Першыя дзве спробы напісаць гэты нарыс былі зроблены яшчэ паўгода таму. Па тэлефоне мы нават дамаўляліся з Віталем пра сустрэчы, але па зразумелых прычынах яны не адбыліся. На жаль, і не адбудуцца. Застаецца толькі прачытаць у фэйсбуку, што напісаў пра сябе сам Віталь Сіліцкі — «звычайная біяграфія ў незвычайны час».


Пачатак асобы


Віталь Сіліцкі нарадзіўся 25 снежня 1972 года ад Нараджэння Хрыстова. А пайшоў з жыцця 11 чэрвеня 2011 года — напярэдадні свята Святой Тройцы. Пагадзіцеся, не заўважыць гэтага супадзення немагчыма.

Раней Віталь Сіліцкі лічыў сябе агностыкам. Нагадаем, у адрозненне ад атэістаў, яны цалкам не адмаўляюць Боскае паходжанне свету, а проста лічаць, што мы гэтага дакладна ведаць не можам.

Але за некалькі тыдняў да смерці ён запрасіў да сябе беларускамоўнага праваслаўнага святара. Іх размова сам на сам не была кароткай. Яшчэ раз ён паклікаў святара літаральна за некалькі гадзін да адыходу ў іншы свет.

Шлях у актыўнае жыццё для кожнага пачынаецца з пытання выбару прафесіі. Віталь адказаў на яго, наколькі ведаю, без ваганняў — сацыялогія. Не буду лішні раз узгадваць адмоўныя «крылатыя фразы» пра сацыялогію, адзначу толькі, што даволі часта людзі на патрэбу пэўнай ідэалогіі трактуюць яе «як трэба», у чым самі лічбы абсалютна невінаватыя. Магчыма, Віталь Сіліцкі і вырашыў стаць сацыёлагам, каб супрацьстаяць гэтай тэндэнцыі.

На аддзяленне сацыялогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Віталь Сіліцкі паступіў у 1989 годзе, а паспяхова скончыў у 1994-м.

Гэты быў час, калі адбыліся падзеі, што і абумовілі потым «ператварэнне» сацыёлага ў палітолага.

Пачатак паліталогіі


Па вялікім ж рахунку, сам працэс «пераўтварэння» быў даволі ўмоўным, бо менавіта сацыялогію можна назваць «інструментам» паліталогіі.

Пасля атрымання дыплома БДУ Віталь Сіліцкі вырашыў не спыняцца і працягваць вучобу. Спачатку быў Цэнтральна-Еўрапейскі ўніверсітэт (Будапешт, Вугоршчына), потым Ратгерскі Універсітэт (Нью-Джэрсі, ЗША), у якім ён і атрымаў ступень доктара паліталогіі. Было гэта ў 1999 годзе.

Амаль адразу Сіліцкага прызначылі дацэнтам Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, які на той час яшчэ месціўся ў Мінску, а ўжо ў 2003 годзе зволілі. Як кажуць у такіх выпадках, «па палітычных прычынах». Дакладней, быў адпаведны ціск на кіраўніцтва ўніверсітэта з боку ўладаў. Прычына — публічная крытыка Сіліцкім палітыкі прэзідэнта краіны.

Тры гады Віталь Сіліцкі працаваў як незалежны эксперт. У 2006 годзе яго запрасілі на стажыроўку ў Міжнародны форум даследаванняў дэмакратыі (Нацыянальны фонд у падтрымку дэмакратыі, ЗША) і Стэнфардскі ўніверсітэт. Праз год стажыроўка скончылася, і ён вярнуўся на радзіму, каб прыняць удзел у стварэнні Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS).

Пачатак платформы


Каб было зразумела, пра якую платформу ідзе гаворка, працытую іх інтэрнэтаўскую старонку: «Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (BISS) гэта платформа для дыялогу ўнутры беларускай аналітычнай супольнасці і мост паміж экспертамі, беларускім грамадствам і міжнароднай супольнасцю. Шляхам даследаванняў, публікацыяў і развіцця беларускай экспертнай супольнасці BISS ставіць на мэце сфармаваць новае бачанне Беларусі. Інстытут распрацоўвае і прапануе пазітыўныя альтэрнатыўныя сцэнары палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай трансфармацыі краіны, а таксама шукае шляхі падвышэння канкурэнтаздольнасці Беларусі і дабрабыту яе грамадзян».

Хаця і стварылі яго ў 2007 годзе ў Мінску, зарэгістравалі ў Вільнюсе. Чаму? Апошнія гады ў Беларусі атрымліваюць афіцыйнае «дабро» ў пераважнай большасці толькі «чэсныя» структуры, у разуменні ўладаў, гэта арганізацыі, якія адстойваць менавіта іх пазіцыю. Нават калі яна відавочна нелагічная.

Сярод заснавальнікаў інстытута — сем выдатных прадстаўнікоў розных галінаў нашай жыццёвай дзейнасці. Пералічваць іх не буду. Скажу толькі, што кожны — Асоба.

Адзін з сяброў напісаў мне, што абрэвіятура BISS супадае з назвай галоўнай чэшскай спецслужбы. Жарт, канешне, але, калі задумацца, то ёсць тут і нешта агульнае — глыбока капаюць.

Не буду пералічваць усе паліталагічныя артыкулы або выступы Віталя Сіліцкага, бо гэта з-за вельмі вялікай колькасці немагчыма фізічна. Адзначу толькі, што гэта быў Палітолаг з вялікай літары, слову якога давяралі, высновам якога — верылі.

Сярод галоўных напрамкаў дзейнасці BISS можна выдзеліць правядзенне эканамічных, палітычных і сацыялагічных даследаванняў; публікацыю перыядычных маніторынгаў эканамічнай лібералізацыі, прыватызацыі і інвестыцый, дыялогу Беларусі і ЕС; правядзенне экспертных круглых сталоў і канферэнцыяў; адміністраванне Беларускага фонду публічнай палітыкі (БФПП); публікацыя Беларускага Штогадовіка; публікацыя «BISS Trends»; адміністраванне стыпендый BISS.

Як вы разумееце, гэты пералік я ўзяў з сайта Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў. Да мінулага года яго ўзначальваў Віталь Сіліцкі, а потым саступіў пасаду выканаўчага дырэктара Таццяне Кузінай, пакінуўшы за сабой навуковае кіраўніцтва.

Пачатак выпрабаванняў


У ліпені 2010 года для Віталя Сіліцкага ўпершыню прагучаў страшны дыягназ — рак правай ныркі. Дактары паспяхова яе выдалілі, што пацвердзілі ўсе аналізы, якія былі зроблены праз тры месяца. Але…

У студзені хвароба вярнулася метастазамі. Шмат людзей шчыра імкнуліся дапамагчы Віталю Сіліцкаму. Найперш паплечнікі па рабоце і шматлікія сябры самых розных асяродкаў дэмакратычнай беларускай супольнасці. Гэтак сама арганізацыя «Pact», офіс «За дэмакратычную Беларусь», якія для яго лячэння адкрылі банкаўскія рахункі ў Бельгія і ў Украіне. Менавіта ахвяраванні ад шматлікіх сяброў і калег і сталіся фінансавым падмуркам для лячэння Віталя.

Пра офіс «За дэмакратычную Беларусь» хачу сказаць асобна. Час ад часу даводзілася чуць, як некаторыя «тытульныя» палітыкі даволі настойліва крытыкуюць яго за адыход ад дэмакратычных каштоўнасцяў. Маўляў, у сваёй дзейнасці замежны офіс робіць акцэнт не на тое, што сёння перш за ўсё хвалюе Беларусь. Асабіста мне такая пазіцыя абсалютна не зразумелая. Перакананы, ад канкрэтнай дапамогі плёну больш, чым ад некаторых пікетаў і семінараў.

Выпадак з Віталем Сіліцкім — красамоўнае таму пацверджанне. Гэта была канкрэтная дапамога, што запамінаецца лепш, чым бясконцыя абстрактныя размовы пра нейкія каштоўнасці. Знакавае супадзенне па часе і форме праяўленне салідарнасці (праз збор сродкаў): канкрэтная дапамога аднаму з лідараў дэмакратычнай супольнасці — ахвяры смяротнай хваробы і такая ж дапамога — арыштаваным і асуджаным удзельнікам падзей 19 снежня, ахвярам рэжыму.

Сабраныя сродкі дазволілі Віталю Сіліцкаму правесці ў Брусэлі, у адной з найлепшых клінік па анкалогіі ў Еўропе, неабходную дыягностыку, зрабіць там аналізы, якіх няма ў арсенале беларускіх медыкаў.

На жаль, не дапамагло…

Пачатак пачатку


Разам з Віталем Сіліцкім у замежнай паездцы мы былі толькі адзін раз, калі ў славацкай амбасадзе ў Брусэлі сярод іншага прэзентавалі мае кнігі. Уразіла, што падчас чакання самалёту (у Варшаве была перасадка) ён адразу ж шукаў не «Дзьюці фры», а разетку, каб падключыць свой ноўтбук. І над чымсьці з захапленнем працаваў. Мабыць, пачынаў пісаць новы артыкул, бо Віталь Сіліцкі быў чалавек, які заўсёды нешта пачынае.

Некаторы час таму праект TUT.BY/ Budzma.org у цыкле «Быць беларусам: што гэта значыць?» праводзіў масавае анкетаванне. Была сярод іх і анкета палітолага Віталя Сіліцкага, які на гэта пытанне адказаў так: жыць у Беларусі, размаўляць па-беларуску, дбаць пра Беларусь, любіць Беларусь.

Завяршыць жа нарыс хацелася б словамі, якія былі сказаны Віталем тры з паловай гады таму. Гэта з тых выпадках, калі кажуць — як у ваду глядзеў:

«Дэмакратычная апазіцыя і незалежнае грамадства пакуль застаюцца закладнікамі руцінізаванай безнадзейнасці. Варыянту таго, што дэмакратычны супраціў у бліжэйшы час будзе магчымы выключна ў дысідэнцкіх формах, унікнуць нельга. Фактарам падтрымання надзеі ў такіх варунках можа стаць толькі нашая перакананасць у тым, што індывідуальны супраціў — гэта самае галоўнае ў такіх абставінах, што ён непазбежна прынясе плён, што канструкцыя карпаратыўнай дзяржавы нявечная. Дысідэнт усё ж такі мае адну перавагу, якую не здольныя адняць ніякія рэпрэсіі, — ён бачыў і ведае, як руйнуюцца дыктатуры».

Упэўнены, Віталь Сіліцкі гэта таксама абавязкова ўбачыць, бо я перакананы, што чалавечае жыццё не заканчваецца на гэтым свеце…


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: