«Вядома ж, Домаш!»

2 студзеня споўнілася б 70 гадоў кандыдату ў прэзідэнты Беларусі, якога многія лічаць самым моцным супернікам Аляксандра Лукашэнкі з кола апазіцыі за ўсе выбарчыя кампаніі. І шкадуюць, што яго прозвішча ў выніку так і не аказалася ў бюлетэнях для галасавання, пасля чаго ён назусім сышоў з палітыкі. 


Гаворка пра 2001 год і Сямёна Домаша, які мінулай зімой пайшоў з жыцця.

У прыватнасці, самым моцным апазіцыйным кандыдатам у прэзідэнты Сямёна Домаша называе іншы кандыдат на прэзідэнцкую пасаду, Аляксандр Мілінкевіч, які кіраваў яго перадвыбарчым штабам. І кіраваў невыпадкова: іх палітычны тандэм утварыўся яшчэ у самым пачатку 1990-х, калі яны працавалі адпаведна старшынём і намеснікам старшыні Гродзенскага гарвыканкаму.

У Домаша сапраўды была рэдкая па саліднасці для лідараў апазіцыі біяграфія, якая магла зрабіць уражанне як на выбаршчыкаў, так і на наменклатуру. Ён меў досвед працы чыноўнікам-гаспадарнікам. Цікава, што ў 21 год Сямён Домаш ужо быў галоўным інжынерам аўтабазы ў Астраўцы, куды прыйшоў працаваць механікам, а ў 24 гады — яе дырэктарам. Затым было дырэктарства на аўтакамбінаце ў Гродне, старшыняванне ў Лідскім гарвыканкаме прыканцы існавання СССР, затым у Гродзенскім, а пасля гэтага — кіраванне Гродзенскай вобласцю, а таксама старшыняванне ў Гродзенскім абласным савеце дэпутатаў. Абіраўся Сямён Домаш і дэпутатам Вярхоўнага Савету 12 і 13 скліканняў. У лістападзе 1996 года быў сярод тых парламентарыяў, хто паставіў свой подпіс пад заявай аб імпічменце Лукашэнку.

Пра погляды Домаша можна меркаваць, напрыклад, паводле інтэрв’ю з ім, апублікаваным у газеце «Пагоня» ў 2001 годзе. Натуральна, зважаючы на перадвыбарчую атмасферу.

Пра распад СССР Домаш казаў: «Гаспадарнікі, накшталт мяне, хісткасць той сістэмы разумелі лепей за іншых. Ну не можа ўстаяць дзяржаўная канструкцыя, дзе немагчыма нават цэглу пакласці без дазволу з Масквы!»; «Тады супалі пікі некалькіх крызісаў: ідэалагічнага, палітычнага, эканамічнага...»; «Не з распаду ж СССР пачаўся эканамічны крызіс, а наадварот — падзел вялікай дзяржавы быў спробай «разруліць» сітуацыю, знайсці нейкае рашэнне».


Спрабуючы гуляць у тым ліку на электаральным полі Аляксандра Лукашэнкі, Сямён Домаш заяўляў, што выступае за эканамічную інтэграцыю з Расіяй, але без страты незалежнасці: «Не трэба думаць, што, апрача Лукашэнкі, ніхто не разумее, дзе нашы галоўныя дзелавыя партнёры, дзе перспектыўныя рынкі. Але я катэгарычна супраць адзінай дзяржавы. Гэта танны палітычны жэст, які закладае міну і пад Беларусь, і пад Расію. Так, народы-браты. Але паслухайце, колькі можна братам жыць у адным пакоі!? Яны выраслі, пасталелі, у кожнага свая сям’я, дзеці... Тут ужо сумеснае пражыванне аднойчы можа ўзарвацца такім скандалам — навекі пасварацца!»

Галоўнай праблемай у нашай краіне Домаш называў прыцярпеласць: «Людзі гавораць — ай, жывем жа, навошта нешта мяняць! Круцімся неяк, падпрацоўваем — усё нармальна».

Сістэму ў Беларусі ён параўноўваў з савецкай, толькі калі раней усё засяроджвалася на ЦК кампартыі, то цяпер на Лукашэнку. Па словах Сямёна Домаша, чыноўнікам дазвалялася красці, абы яны былі лаяльныя: «Крый Божа, нават самаму чэснаму чыноўніку хоць неяк абурыцца сітуацыяй у краіне. (А ўжо выявіць сімпатыі да апазіцыі — гэта наогул падпісаць сабе вырак!). Любы гаспадарнік аблытаны інструкцыямі, дэкрэтамі, забаронамі значна болей, чым у савецкія часы. Завесці на яго ў выпадку чаго крымінальную справу — пытанне хвіліны. Нармальных людзей з кіраўнікоў гэта страшна раздражняе. Крадуць жа не ўсе! А адчуваць сябе на вечным кручку — прыемнага мала».

Фота: Уладзімір Федарэнка

Фота: Уладзімір Федарэнка


У лозунгу перадвыбарчай кампаніі Домаша абгульвалася яго прозвішча — «Дом наш — Беларусь». Яшчэ адзін лозунг — «Вядома ж, Домаш!» Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў яго кандыдатам у прэзідэнты ў кампаніі з Аляксандрам Лукашэнкам, Сяргеем Гайдукевічам і Уладзімірам Ганчарыкам. Менавіта на карысць апошняга Домаш у выніку і зняўся паводле дамоўленасцяў унутры шырокай апазіцыйнай кааліцыі. Рэйтынгі ў іх былі прыкладна аднолькавыя, а вось подпісаў выбаршчыкаў за вылучэнне кандыдатам было сабрана больш за Домаша, у яго былі і больш моцныя штабы па ўсёй краіне — плён дзейнасці руху «Рэгіянальная Беларусь», які ён ачольваў. Але ўсё вырашыў разлік на тое, што Ганчарык — лідар Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, а значыць, сябры гэтай шматмільённай грамадскай арганізацыі аддадуць яму свае галасы. Хаця Федэрацыя была ўжо, па сутнасці, адзяржаўленая. Паўплывала на рашэнне абраць «адзіным» Ганчарыка, як тады казалі ў кулуарах, і пазіцыя знешніх рэсурсных гульцоў.

Сямён Домаш (злева) і Уладзімір Ганчарык. Фота з сайта naviny.by

Сямён Домаш (злева) і Уладзімір Ганчарык. Фота з сайта naviny.by



Уладзімір Ганчарык атрымаў афіцыйныя 15% галасоў і 25% — ад незалежных сацыёлагаў. А неўзабаве сышоў з лідараў апазіцыі. Пакінуў палітыку і Сямён Домаш. Кажуць, настаяла жонка. Дый стан здароўя вымагаў: адразу пасля выбараў Домашу нават спатрэбілася аперацыя на сэрцы (праз хваробу сэрца ўзімку мінулага года за стырном свайго аўто ён і памёр).

Затым нейкі час ён працаваў у камерцыйных фірмах, а ў 2006 годзе быў прызначаны генеральным дырэктарам Гродзенскага вытворчага гарбарнага аб’яднання. Яшчэ пазней была кіраўнічая праца на харчовым заводзе «ABC» у Гродне. Аўтар гэтых радкоў некалькі разоў тэлефанаваў да Сямёна Домаша з пытаннямі датычна выбарчых кампаній у Беларусі, але той катэгарычна адмаўляўся ад любых інтэрв’ю. Вырашыў не камунікаваць з журналістамі на палітычныя тэмы і трымаў слова. Як і тады, калі падчас выбараў-2001 выканаў дамоўленасці па працэдуры абрання адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў і зняўся на карысць іншага кандыдата.
Дарэчы, гэта быў пакуль першы і апошні раз, калі беларуская апазіцыя змагла дамовіцца наконт гэтага самага «адзінага». Дзеля справядлівасці адзначым, што і тады гэта было зроблена пазнавата — менш як за два месяцы да галасавання. Ну, а на сваіх памылках апаненты аўтарытарнага кіраўніка нашай краіны не надта вучацца.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: