Вуліца мецэната Зісера

У інтэрнэце з’явілася прапанова назваць адну з вуліц у Мінску ў гонар заснавальніка партала Tut.by Юрыя Зісера, які 17 траўня пайшоў з жыцця. Ці не празмернае такое ўшанаванне сучасніка? Каб толькі за адзін партал, хай самы буйны і папулярны ў Беларусі, то хіба і занадта. Але Зісер заслугоўвае такога тапанімічнага ўшанавання за сукупнасць важных справаў-дзеяў.
Фота Вадзіма Заміроўскага, tut.by

Фота Вадзіма Заміроўскага, tut.by


Безумоўна, Юрый Зісер быў уплывовай персонай на нашым медыярынку. Ён яго фармаваў. Прынамсі, інтэрнэт-сегмент. Tut.by з агрэгатара навін і паштовага сэрвісу вырас у паўнавартасны і лідарскі мультымедыйны рэсурс, які чыталі самы розныя людзі — ад студэнцтва да ўрадоўцаў.

І нездарма ўлады спрабавалі ўзяць партал пад кантроль. Падчас штогадовага паслання народу і парламенту ў 2015 годзе Лукашэнка заявіў пра неабходнасць «нармалізаваць» Зісера. Такое даручэнне аднаму з чыноўнікаў прагучала наўздагон дыскусіі пра барацьбу дзяржавы з дармаедамі: на гэтую тэму і Tut.by шмат пісаў, і асабіста Зісер крытычна выказваўся. Дарэчы, выказваўся ён публічна на самыя розныя тэмы, за што даставалася яму часта ў тым ліку ад апанентаў Лукашэнкі. І за каментары па нейкіх падзеях, і паводле падазрэнняў, што партал дае доступ да паштовых скрыняў карыстальнікаў сілавым органам.

Пасля смерці Зісера выйшла інтэрв’ю, у якім ён распавядае, што на яго доўгі час ціснулі, каб прадаў Tut.by. У тым ліку пасля таго, калі захварэў на рак. Але ён не здаваўся ані ў барацьбе з анкалогіяй (як кажа яго жонка, цуд, што пражыў пасля дыягназу чатыры гады), ані «ім» — тым, хто хацеў падпарадкаваць партал.

Якраз чатыры гады таму я запрашаў Юрыя Зісера на інтэрв’ю ў адну перадачу на тэлеканале «Белсат». Ён прыйшоў яшчэ ў мажной паставе. Расказаў шмат цікавага. Пра Львоў, дзе трываў антысемітызм. Пра маці-піяністку — вось адкуль любоў да музыкі. Пра тое, што хацеў стаць лекарам-анкалогам, але пайшоў у праграмісты. Згадваў час, калі адзін камп’ютар уяўляў сабою некалькі апаратурных пакояў. Пра знаёмства-каханне з жонкай, культуролагам і літаратаркай Юліяй Чарняўскай — унучкай пісьменніка Васіля Віткі, за якой пераехаў у Мінск. Пра прыдумлянне ўнукам іншага пісьменніка Кузьмы Чорнага назвы Tut.by (варыянтамі былі яшчэ holub.by ды busel.by).

Жыў Зісер у шматпавярховіку на Нямізе, хоць мог бы мець шыкоўны загарадны дом — і не толькі ў Беларусі. Па яго прызнанні, самай багатай рэччу ў кватэры быў арган за некалькі тысяч еўра.

Зісер казаў, што ўвесь час жыве з разуменнем, што яго могуць пасадзіць, каб «адціснуць» бізнес, Tut.by. Але не баяўся. Сярод сваіх мараў назваў «стартап на мільярд», схудненне і паездку на мора. Ад вялікага да простага.
Ужо праз дастаткова кароткі час ён з’явіўся ў публічнай прасторы моцна схуднелым — на дзясяткі кілаграмаў. Як аказалася, у выніку аперацыі і хіміятэрапіі. І далей стараўся не знікаць з публічнай прасторы нягледзячы на стан свайго здароўя. Бо шмат што хацеў зрабіць. І зрабіў. Як стартап-інвестар і мецэнат. Зісер адрэстаўраваў некалькі старых арганаў — ад Пінска да Мінска, паўдзясятка іх падарыў дзіцячым музычным навучальным установам. Ён прадстаўляў пляцоўку Tut.by і дапамагаў грашыма многім культурніцка-грамадскім праектам. Часцяком не афішуючы гэтага.

Вось чаму цяпер ідзе падпісанне петыцыі да мінскіх гарадскіх уладаў, каб з’явілася вуліца імя Юрыя Зісера — як асобы, якая зрабіла «агромністы ўнёсак у захаванне і развіццё беларускай культуры, нацыянальнай ідэі і самаідэнтыфікацыі». Бо быў «не народжаны ў Беларусі, але — сапраўдны беларус».

Вось чаму каля пад’езда яго дома цяпер ляжаць кветкі. Беларусь стала яму домам і шмат дала. І ён шмат даў Беларусі.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: