З Днём народзінаў! Літвіна — гэта вам не Лукашэнка

Яны нарадзіліся ў адзін дзень. Але ж якія розныя па характары, маралі і жыцці.



Не хачу і не буду засяроджвацца на біяграфіях гэтых асобаў. Толькі згадаю некаторыя моманты. 1994 год. Аляксандр Лукашэнка — дырэктар, мякка кажучы, вельмі пасярэдняга саўгаса “Гарадзец”, дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання. Жанна Літвіна — галоўны рэдактар самай папулярнай у краіне радыёстанцыі “Беларуская маладзёжная” на дзяржаўным радыё.

Лукашэнка дэманструе і прапануе сябе як дэмакрат і барацьбіт з наменклатурнай посткамуністычнай карупцыяй. Выстаўляецца на прэзідэнцкія выбары.

Літвіна ачольвае малады і перспектыўны калектыў з больш як 30 дэмакратычных журналістаў, якія не жадаюць жыць па старых лекалах. У рэдакцыі пануе дэмакратыя, і ў эфір выходзяць нават матэрыялы, супраць якіх выступала наша кіраўнічка (а аўтар гэтых радкоў меў шчасце і гонар працаваць у “БМ” у апошнія гады яе існавання).

Наменклатурнае кіраўніцтва Дзяржтэлерадыё не жадае бачыць у эфіры “маладога і амбіцыйнага” Лукашэнку. Каб яму трапіць у эфір, знаходзяцца толькі дзве магчымасці, дакладней, добрая воля рэдактараў “БМ” і яшчэ адной з рэдакцыяў Белдзяржрадыё. Незадоўга да прэзідэнцкіх выбараў на Дзяржтэлерадыё творыцца інфраструктурная пературбацыя, у выніку якой месца для “Беларускай маладзёжнай” ужо няма. Лукашэнка б’е сябе ў грудзі і абяцае, што калі стане кіраўніком дзяржавы, то найперш верне ў эфір “Беларускую маладзёжную”. Ён стаў прэзідэнтам, а “БМ” у эфіры так і не з’явілася. Гэта было першае невыкананне “абяцанак-цацанак” першым і пакуль бяззменным афіцыйным лідарам нашае краіны.

У 1995 годзе Жанна Літвіна сталася ініцыятарам стварэння Беларускай асацыяцыі журналістаў і была абраная яе прэзідэнтам. Пазней усе людзі, якія зваліся прэзідэнтамі арганізацыяў, кампаніяў ды іншых структураў, былі вымушаныя мяняць назовы сваіх пасадаў з тае прычыны, што Лукашэнка палічыў, што толькі ён мае права звацца прэзідэнтам. Як і назваў сябе “адзіным палітыкам” у краіне (але гэта ўжо іншая тэма). Пасля гэтага прэзідэнт БАЖ Жанна Літвіна перастала быць прэзідэнтам. Фармальна. Але дэ-факта заставалася менавіта такой. Жанна Літвіна сышла з гэтай пасады ў 2015-м.

Перад ганебным канстытуцыйным рэферэндумам лістапада 1996 году было зачыненае адзінае ў краіне незалежнае беларускамоўнае “Радыё 101,2 FM”, якое па закрыцці “БМ” стварыла і ачольвала таксама Жанна Літвіна. Прычым, факс з паведамленнем, што нашага радыё не будзе з 1 верасня 1996 года, мы атрымалі бліжэй да вечара… 30 жніўня 1996 года, калі збіраліся адзначыць Дзень нараджэння Жанны Мікалаеўны. Вось такі падарунак зрабілі чыноўнікі да народзінаў свайму патрону Лукашэнку і вось так саданулі па сэрцы Літвіной на дзень і яе народзінаў.

Потым Лукашэнка, адказваючы на прэс-канферэнцыі на пытанне журналісткі Вольгі Караткевіч, чаму ж было зачынена “Радыё 101,2”, адказаў гэтак жа проста, які ён сам: “Нікому ў Беларусі на дзяржаўных хвалях за дзяржаўныя грошы праводзіць антыдзяржаўную палітыку дазволена не будзе”. Вось такі просты прэзідэнт краіны, які нават не ведаў, што “Радыё 101,2” — гэта камерцыйнае радыё, што яно ад дзяржавы не атрымала ні капейкі і, мала таго, плаціла ўсе магчымыя падаткі. Пра абяцанні Лукашэнкі вярнуць у эфір “БМ” можна было ўжо нават не заікацца.                      

Але я вярнуся да той самай “БМ”. Пасля таго, як было вырашана зачыніць нашу моладзевую радыёстанцыю, нас па адным выклікалі да намесніка старшыні Белтэлерадыё Сяргея Булацкага, прапануючы месцы ў іншых рэдакцыях. Абсалютная большасць калектыву вырашыла звольніцца на салідарнасць з нашай рэдактаркай Жаннай Літвіной. Мне было даручана патэлефанаваць ёй і паведаміць пра рашэнне большасці калектыву. Мне падаецца, што тое тэлефанаванне было найлепшай падтрымкай нашай “радыёмамы”. І яна зразумела, што не можа пакінуць нас, пераважна ячшэ маладых і “зялёных”, сам-на-сам з жыццём. Таму і з’явілася “Радыё 101,2”, потым было першае “Радыё Рацыя”. І, натуральна, БАЖ…

Адзін прэзідэнт саджае ў турмы і сваіх палітычных апанентаў, і абражае і пагражае ўсім і ўся. Другі — стварае пазітыў, ініцыюе новыя праекты, рабіла ўсё, каб сябры БАЖ не пачуваліся кінутымі альбо адзінокімі.

Пра першага не буду казаць больш нічога, і так яго зашмат. А другому — Жанне Літвіной, хачу толькі сказаць “Дзякуй!” і за тое, што прывяла мяне ў прафесію, і за тое, што яна ёсць з намі. Ёсць і будзе.

Два прэзідэнты, народжаныя адначасова, а якія ж розныя людзі і якія розныя эмоцыі яны выклікаюць у іншых! Вось такія закавыкі лёсу.

"Новы Час" шчыра віншуе Жанну Літвіну з Днём народзінаў! Зычым шчасця, моцнага здароўя, аптымізму!

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!