Яны яшчэ вернуцца

Пасля трыумфальнага вяртання ў Беларусь феерычнага «Народнага альбома» хочацца верыць, што гэта толькі пачатак. І што гэтая файная музычная імпрэза паўторыцца яшчэ не раз, і не толькі ў Мінску.

Не буду ўдавацца ў падрабязнасці самога канцэрту, бо гэта ўжо добра і падрабязна зрабілі мае калегі Валярына Кустава і Павел Аксіновіч. Звярну ўвагу толькі на некаторыя моманты.

Аўтару гэтых радкоў давялося мець непасрэднае дачыненне да «НА» яшчэ падчас яго стварэння ў сярэдзіне 90-х (я меў шчасце быць супрацоўнікам «Радыё 101,2»), таму ведаю, колькі высілкаў і таленту ўклалі стваральнікі ды выканаўцы ў з’яўленне гэтага сапраўды шэдэўра нашай сучаснай культуры. Як і бачыць канцэрты «НА» дзесяць і больш гадоў таму. Сёння ж, пасля аднаўлення праекта, ствараецца ўражанне, што артысты, якія ўжо сталіся легендамі айчыннай (альтэрнатыўнай?) культуры, набылі другое дыханне. Якасць выканання і іх знешні выгляд проста ўражвае ў самым лепшым сэнсе гэтага слова!

Мне давялося быць у Падляшскай оперы (Беласток, Польшча) 4 верасня мінулага году, калі «Народны альбом» быў адроджаны дзякуючы «Белсату». Там таксама меў месца феерычны канцэрт у запоўненай напоўніцу шыкоўнай тэатральнай залі. І там атмасфера была файная, канцэрт атрымаўся, а гледачы, што прысутнічалі на месцы падзеі, былі проста ў захапленні, некаторыя нават плакалі.  

Мінскі канцэрт, на маю асабістую думку (і з гэтым пагадзіліся многія мае калегі і сябры, што былі ў Беластоку і змаглі патрапіць у мінскі «Прайм-Хол»), апынуўся яшчэ больш паспяховым і душэўным. Над выканаўцамі не было цяжару ціску замежнага рэжысёра, таму артысты, так бы мовіць, «адрываліся» напоўніцу. І гэтая разняволенасць адбівалася на іх эмоцыях і паводзінах на сцэне. Таму выглядала ўсё больш натуральна і раскавана, чымся ў Беластоку.

І яшчэ адна заўвага. Вельмі файна, што арганізатары мінскага канцэрта адмовіліся ад сядзенняў перад сцэнаю, а зрабілі танц-падлогу. Па-першае, гэта дало магчымасць патрапіць на імпрэзу значна большай колькасці людзей, па-другое, гледачы маглі адэкватна актыўна паводзіць сябе падчас канцэрта і адпаведна рэагаваць на кожную з кампазіцыяў, скочыць і танчыць, перасоўвацца з месца на месца, а не «тупа» грэць крэслы ўласнымі азадкамі.

Яшчэ адзін чыннік «мінскай феерыі». Як прызналася на наступны дзень (то бок у суботу) у размове з аўтарам гэтых радкоў адна са знакавых асобаў «Народнага альбома», шматразовая рок-князёўна Беларусі Кася Камоцкая, вялікую ролю адыграла тое, што канцэрт прайшоў менавіта ў Беларусі. «Гэта ж нарэшце адбылося на радзіме, таму і настрой быў зусім іншы», — сказала легенда айчыннай рокавай і бардаўскай музыкі.

Цяпер можна прагназаваць, што гэта быў не адзінкавы канцэрт «Народнага альбома» ў нашай краіне, дзеля якой ён, уласнга кажучы, і рабіўся. Тое, што цікавасць да яго менавіта тут вельмі высокая і засведчыў пятнічны канцэрт у «Прайм-холе». Самі музыкі ўжо казалі, што не былі б супраць турнэ па краіне, каб гэты калектыўны шэдэўр пабачылі і паслухалі як мага больш беларусаў. Цяпер справа толькі ў тым, наколькі гэтым памкненням не перашкодзяць местачковыя бюракраты, якія так любяць перастрахоўвацца на ўсялякія выпадкі жыцця.
Але хочацца верыць, што ўсё будзе добра, і «Народны альбом» скалыне яше не адну залу на прасторах нашае краіны. Яны, нашыя ўлюбёнцы, яшчэ вернуцца, упэўнены ў гэтым.   

Каментаваць