Куды ідуць людскія грошы? На рэпрэсіі

Бюджэт краіны трашчыць, бяда з выплатамі знешніх пазык і ўнутранага доўга. Куды ідуць народныя грошы? Каго і што фінансуюць шараговыя грамадзяне нашае краіны? Адказ, няхай і частковы, на гэтае пытанне — у назіранні таго, што адбываецца ў Беларусі апошнімі днямі.


Жудасны разгон акцыі 25 сакавіка, на Дзень Волі, у Мінску, падзеі ў беларускай сталіцы на наступны дзень, калі зноў затрыманы дзясяткі чалавек, яскрава прадэманстравалі, куды ўлада “ўкладае” бюджэтныя грошы, якія плаціць у дзяржаўную скарбонку кожны беларус. У тым ліку так званы, з падачы ўлады, “дармаед”, які набывае прадукты харчавання і паслугі (у кожным варыянце ён сплочвае падатак на даданую вартасць). А таксама падатак (дарожны) на карыстанне асабістымі транспартнымі срокамі, то бок, за праезд па айчынных дарогах. Але куды ідуць гэтыя грошы?    

Той, хто апынуўся ў цэнтры сталіцы Беларусі 25 сакавіка, змог пераканацца, каму гэтыя грошы прызначаюцца. Многія сотні, калі не тысячы ўзброеных сілавікоў бязлітасна лупілі мірных грамадзянаў, якія сабраліся, каб адзначыць угодкі абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, а таксама выказаць сваё стаўленне да прэзідэнцкага дэкрэта № 3, які ў народзе празвалі “антыдармаедскім”.

Дзясяткі аўтазакаў, вадамёты, спецыяльная тэхніка кшталту адмысловых БТР, а таксама незразумелыя канструкцыі ў выглядзе пазадарожнікаў у металічных экіпаваннях — гэта што, з неба да сілавікоў звалілася? Не, гэта ўсё фінансаваў кожны беларускі грамадзянін, незалежна ад палітычных поглядаў і ўласных перакананняў, ад стаўлення да кіроўнай улады ці да апазіцыі.



І што атрымалі? Жахлівую карціну, якая скалынула не толькі нашае грамадства, але і ўцямных людзей і некаторыя структуры па-за межамі Беларусі. Нават Еўрасаюз выказаў занепакоенасць “ціскам на свабоду слова і выказванне думак”. “Падаўленне свабоды выказвання меркаванняў і сходаў супярэчыць абвешчанай Беларуссю палітыцы дэмакратызацыі і яе міжнародным абавязальніцтвам”, адзначаецца ў апошняй заяве Еўрасаюза з нагоды апошніх падзеяў у нашай краіне. Ну, і так далей, дыпламатычнае бла-бла-бла. Такія заявы ЕС беларускаму кіраўніцтву бы нябожчыку прыпаркі, што афіцыйны Мінск і дэманстраваў ужо шматкроць.    

Але вернемся да грошай. Якую карысць народу нясуць шматлікія сілавыя структуры? Што яны вырабляюць, які ўнёсак яны робяць у бюджэт? Афіцыйная статыстыка адмаўляецца ці не можа назваць канкрэтную лічбу супрацоўнікаў праваахоўных органаў Беларусі, і нават адмыслоўцы не прыходзяць да адзінага меркавання наконт колькасці (!) спецслужбаў, што існуюць у Беларусі і харчуюцца з бюджэта.  



У сацыяльных сетках праводзяцца зборы сродкаў на лекаванне хворых дзетак, а тым часам здаравілы ў экіпіроўцы шпацыруюць па цэнтральных і не толькі вуліцах гарадоў краіны, з аўтаматамі і дручкамі (як у апошнія дні прынамсі ў Мінску), карыстаюцца шыкоўнымі службовымі аўтамабілямі, бясплатным праездам у грамадскім транспарце і выглядаюць цалкам задаволенымі жыццём. А па іх тварах падчас вулічных акцыяў апошнім часам было відаць, што ім проста карцела размяцца, каб не застойваць кулакі ды цягліцы ў казармах. Вось 25-га сакавіка і “адцягнуліся. І 26-га таксама.

Гэта колькі ж “мужнасці і гераізму” трэба было праявіцць, хапаючы 75-гадовага журналіста і грамадскага дзеяча, былога палітвязня Валерыя Шчукіна ці амаль 80-гадовага ветэрана беларускага адраджэння Яна Грыба, які без кульбы хадзіць не можа, і цягнуць яго ў аўтазак! А якую небяспеку для дзяржавы ўяўляюць жанчыны, у тым ліку і пажылыя, ды маладыя дзяўчаты, якіх трэба валіць на зямлю, збіваць і абражаць! А журналістаў увогуле сілавікі апошнім часам перасталі адрозніваць ад “бамбістаў”.

Магчыма, тыя, хто служыць цяперашняй уладзе, у экіпіроўцы альбо без яе, не ведаюць за чый кошт яны існуюць. Дык добра было б ім ведаць, што іх кормяць і забяспечваюць усім неабходням у тым ліку і тыя, каго яны з падачы начальства брутальна малоцяць дручкамі і цягаюць у аўтазакі, незалежна ад полу і ўзросту.

І патрэбы нам такія “абаронцы”, прычым за наш жа кошт?    


Абмеркаванне:

  • татьяна
  • 2017-03-26 16:44:00
Реальный фашизм процветает. Правоохранители! Опомнитесь!

Каментаваць